Ён, яна і дзеці

- 11:49Сацыяльны ракурс

…Мы сядзім ва ўтульнай кухні дзіцячага дома сямейнага тыпу Трыфанавых, што ў мінскім мікрараёне Уручча, п’ём каву з прысмакамі, якія прыгатаваў адзін з выхаванцаў Наталлі Пятроўны і Дзмітрыя Мікалаевіча, і размаўляем пра ўсё адразу. Пра тое, чаму пераважная большасць іх выхаванцаў хлопчыкі-падлеткі, якіх, шчыра кажучы, забіраюць у сем’і вельмі неахвотна, пра гістарычныя мясціны Беларусі, у якіх паспела пабываць сям’я і якія яшчэ спадзяецца ўбачыць, і шмат пра што яшчэ.

Успамінаем і бацькоў Наталлі. І тут я разумею, што гады тры назад пісала пра яе бацьку Пятра Пятровіча Карповіча, інжынера лабараторыі “Радыёэлектроніка” аддзела тэхнічнай творчасці і спорту Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, педагога дадатковай адукацыі. Што ж, свет цесны…

Наталля Пятроўна Трыфанава — жанчына рашучая і мэтанакіраваная. Мэту свайго мужа — стварыць дзіцячы дом сямейнага тыпу прыняла без сумненняў. Спачатку яны былі прыёмнымі бацькамі, прычым першымі ў Цэнтральным раёне сталіцы, дзе тады жылі, потым стварылі дзіцячы дом. (“Настаўніцкая газета” некалькі разоў пісала аб прыёмных бацьках Трыфанавых.) Колькі дзяцей выхавалі і выхоўваюць за гэты час? Ледзь не 30, уключаючы сына Наталлі Сашу і агульнага сына Уладзіслава.

Хлопчыкаў складанага ўзросту Трыфанавы бралі асэнсавана, хацелі дапамагчы менавіта ім, бо ведалі, што дзяўчынкам або маленькім дзецям адшукаць сям’ю не так складана. А вось з хлопчыкамі-падлеткамі няпроста, на іх апеку або ўсынаўленне адважваюцца нямногія.

— Мая прафесія называецца маці-выхавальніца, — падкрэслівае ў нейкі момант нашай гаворкі Наталля Пятроўна. — Спачатку менавіта маці, а потым ужо — выхавальніца.

Каментарыяў, думаю, гэтыя словы не патрабуюць. За той час, што існуе дзіцячы дом сямейнага тыпу Трыфанавых, у ім выхоўваліся тры Сашы (акрамя роднага сына Наталлі), два Сярожы, Віця, Карына, Антон… І яшчэ, і яшчэ дзеці. Зараз з бацькамі жывуць два родныя сыны, усыноўленыя (а значыць, таксама родныя) брат і сястра Андрэй і Вікторыя, Павел, які заканчвае Мінскі каледж прадпрымальніцтва, Максім, Мікіта, браты Лёша і Ваня, Руслан, Жэня і дарослы ўжо Коля.

Цікава, што Вікторыю раней звалі Зіна, але дзяўчынка вельмі хацела змяніць гэтае імя, і бацькі паспрыялі ёй у гэтым.

Частым госцем у гэтай вялікай сям’і бывае цётка Ніна — жанчына, якая па стане здароўя не змагла ўзяць пляменніка, але так здружылася з Наталляй, Дзмітрыем, якія прытулілі яе Антона, іншымі іх выхаванцамі, што, можна сказаць, стала яшчэ адным паўнапраўным членам гэтай вялікай сям’і. А яшчэ Трыфанавы далучыліся да патранатнай формы выхавання дзяцей, калі малых з інтэрнатных устаноў бяруць на выхадныя, святы да сябе.

Пра сваіх дзяцей Наталля гатова расказваць доўга, гісторый цікавых у яе шмат. Напрыклад, як цётка Ніна заахвоціла хлопцаў паступаць ва ўніверсітэт культуры, як многія выхаванцы любяць кулінарыць, а ад зін з іх нават стаў пекарам, другі пачаставаў сям’ю пірагом з гарбушай і брокалі, які сам прыдумаў, пра тое, як адзін з Сашаў з 3 па 8 клас чакаў, калі ў таты Дзімы з’явіцца магчымасць забраць яго ў сям’ю (а пазнаёміліся яны ў дзіцячым лагеры), як дарослыя дзеці прыязджаюць дадому на святы ўжо са сваімі малымі. А яшчэ пра шматлікія сямейныя вандроўкі па Беларусі. Але гэта ўжо асобная гісторыя.

Спадзяюся, мне больш-менш удалося перадаць асаблівы актыўны дух гэтай сям’і і яе вечнага рухавіка — Наталлі. Так, яе чарговая мара — навучыцца вадзіць матацыкл. Мяркуючы па агеньчыку ў вачах, гэта ў яе абавязкова атрымаецца. А пакуль Наталля разам з мужам і дзецьмі перамяшчаецца на вялікім аўтамабілі, вандруючы па Беларусі.

Яна наогул гаворыць, што калі б у заканадаўстве існавала паняцце “Дзіцячы дом сямейнага тыпу па вывучэнні гістарычных помнікаў Беларусі”, іх дом называўся б менавіта так. І ўсё ж няхай і не афіцыйна, але першы ў краіне профільны дзіцячы дом сямейнага тыпу Трыфанавы стварылі.

— Мы аб’ехалі ўсе беларускія помнікі, знакавыя мясціны, да якіх толькі змаглі дабрацца, — гаворыць гаспадыня.

Быў час, калі Трыфанавы спынілі свае вандроўкі, бо вельмі шмат дзе ўжо былі, але пазней, калі ў сям’і з’явіліся новыя дзеці, калі захацелася праехаць і па вядомых мясцінах, вярнуліся да свайго захаплення. Напрыклад, нядаўна зноў пабывалі ў рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, дзе былі 10 гадоў назад, другі раз наведалі Нясвіжскі палац, з’ездзілі ў сядзібна-паркавы комплекс “Панскі маёнтак Сула”, што ў Дзяржынскім раёне.

А яшчэ іх захапіла дача, якая таксама размяшчаецца ў надзвычай маляўнічым кутку Беларусі — на Мядзельшчыне, у аграгарадку Княгінін, дзе знаходзіцца самая старая ў Беларусі дзеючая драўляная царква. Больш за тое, Княгінін размяшчаецца недалёка ад Будслава, дзе калісьці нарадзілася і пэўны час жыла бабуля Наталлі, шляхцянка Соф’я Смігельская (або на польскі лад Шмігельская), якая калісьці выкладала нямецкую мову і танцы. Цікава, што кіраўнік мясцовай гаспадаркі, краязнаўца, падарыў сям’і шыльду на польскай мове з дома прадзеда Наталлі Трыфанавай: “Вуліца Пілсудскага, 27. Даніэль Шмігельскі”.

Нядаўна сям’я адкрыла для сябе яшчэ адно цікавае месца недалёка ад дачы — этнакультурны комплекс “Наносы-Наваселле”, вялікі музей самавараў у ім з больш чым пяццюстамі экспанатамі. Супрацоўнік музея падарыў Трыфанавым і іх выхаванцам абраз Казанскай Божай Маці, створаны напрыканцы ХІХ стагоддзя, у дадатак да абраза святой Варвары, надрукаванага яшчэ да 1917 года ў знакамітай друкарні Сыціна. Апошні Трыфанавы адшукалі на дачы.

Вось так працягваецца падарожжа вялікай сям’і па Беларусі і па жыцці, і няма сумненняў, што яно будзе не менш цікавым, чым дагэтуль.

Марына ЛАЗУКА.