Фарміруем лексіка-граматычную будову маўлення вучняў з кахлеарным імплантатам

- 11:43Якасць адукацыі

З 2013 года ў сярэдняй школе № 15 Баранавіч дзейнічаюць інтэграваныя класы поўнай і няпоўнай напаўняльнасці для дзяцей з парушэннем слыху, кампенсаваным кахлеарнымі імплантатамі і слыхавымі апаратамі. Колькасць такіх вучняў з году ў год павялічваецца. Вучэбныя планы для інтэграваных класаў складаюцца ў адпаведнасці з індывідуальнымі асаблівасцямі і адукацыйнымі запытамі дзяцей з парушэннем слыху. Паспяховасць інтэграванага навучання і выхавання залежыць ад падрыхтоўкі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Да пачатку школьнага навучання дзеці з кахлеарным імплантатам знаходзяцца на розным узроўні слыхамаўленчага і пазнавальнага развіцця. Сярод найбольш частых праблем — недастаткова дакладная, асабліва на адлегласці, дыферэнцыяцыя гукаў [п], [т], [к], [ф], [ц], [х] і [в]; аднабаковае ўспрыманне (кахлеарная імплантацыя выконваецца бясплатна толькі на адно вуха, што выклікае цяжкасці ў лакалізацыі гуку і арыентацыі ў прасторы); парушэнне хуткасці апрацоўкі маўлення (маўленне чуецца з затрымкай да 45 секунд, з-за чаго ўзнікаюць цяжкасці ва ўспрыманні і разуменні сказаў у маўленчым патоку); цяжкасці пры ўспрыманні маўлення, калі суразмоўца знаходзіцца ззаду ці з супрацьлеглага боку ад прааперыраванага вуха; асаблівасці даўгачаснай памяці (дзіця хутка запамінае слова і праз кароткі прамежак часу можа паўтарыць яго, імітуючы дарослага, але не суадносіць з пэўным аб’ектам); цяжкасці адвольнай і неадвольнай увагі, хуткая стамляльнасць пры слыхавой нагрузцы; даволі хуткае спантаннае развіццё слыхавой чуллівасці дзіцяці (пры гэтым здольнасць усталёўваць трывалыя сувязі паміж гукавым вобразам слова і прадметам/з’явай, якія яно абазначае, фарміруецца марудна; у выніку дзіця можа фізічна ўспрыняць пэўную маўленчую адзінку (слова, фразу) і нават паўтарыць яе на аснове пераймання, але сэнсу не разумее). Такім чынам, пачынаючы работу з дзецьмі з парушэннем слыху, педагог павінен ведаць асаблівасці іх слыхамаўленчага ўспрымання. Гэта дазволіць правільна падысці да стварэння слыхамаўленчага асяроддзя і адбору зместу навучання.

Традыцыйныя, навукова абгрунтаваныя методыкі навучання глухіх дзяцей і тых, хто слаба чуе, нельга аўтаматычна выкарыстоўваць і ў рабоце з дзецьмі пасля кахлеарнай імплантацыі. Вядучай ідэяй майго вопыту з’яўляецца мадыфікацыя сістэмы практыкаванняў для фарміравання лексіка-граматычнай будовы маўлення вучняў з кахлеарным імплантатам.

У арганізацыі інтэграванага навучання важна ведаць і ўлічваць характэрныя асаблівасці развіцця дзяцей з парушэннем слыху, абапіраючыся на іх захаваныя магчымасці (карэкцыйна-кампенсуючая дзейнасць): абмежаваны слоўнікавы запас, цяжкасці ў авалоданні лексічным бокам маўлення, словаўтварэннем і граматычным афармленнем маўлення. Дэфіцыт і дазіраванасць інфармацыі, неразуменне сэнсу пачутага можа выклікаць у дзяцей хранічнае псіхічнае напружанне, узмацніць трывожнасць і эмацыянальны дыскамфорт, павысіць няўпэўненасць і пасіўнасць, прымусіць адмовіцца ад дзейнасці і прывесці да праблем з сацыяльным узаемадзеяннем. Відавочна, што дзеці не могуць справіцца з гэтымі цяжкасцямі самастойна. На гэта накіраваны спецыяльныя карэкцыйна-педагагічныя мерапрыемствы.

Прыярытэтным напрамкам работы з малодшымі школьнікамі з’яўляюцца наглядныя метады навучання ў спалучэнні са слоўнымі і прадметнымі. Асаблівую ролю надаю фарміраванню ў дзяцей спецыяльных уменняў кампенсаторнага характару, стварэнню спецыяльных умоў для аблягчэння ўспрымання навакольных аб’ектаў і прадукцыйнага ўзаемадзеяння з імі, а таксама спецыяльнай адаптацыі саміх аб’ектаў. Пры выкарыстанні такіх агульнадыдактычных метадаў, як тлумачэнне, гутарка, назіранне і работа з кнігай, шырока выкарыстоўваю наглядныя дапаможнікі і даступны маўленчы матэрыял.

На ўроках рускай мовы дзеці складаюць тэксты-апавяданні і тэксты-апісанні, падрабязна пераказваюць тэксты, складаюць і правільна афармляюць на пісьме сказы з аднароднымі членамі, вучацца адрозніваць часціны мовы, правільна ўжываць склонавыя формы займеннікаў 1, 2 і 3 асобы адзіночнага і множнага ліку ў сказах і тэкстах, змяняць дзеясловы па асобах і ліках у цяперашнім і будучым часе, ужываць найбольш распаўсюджаныя прыслоўі ў маўленні.

Вялікую ўвагу ўдзяляю назапашванню і абагачэнню актыўнага слоўніка вучняў на аснове іх ведаў і ўяўленняў пра навакольны свет. Станаўленне лексічнай сістэмы адбываецца паступова ад нулявой (канкрэтны адзінкавы прадмет) да першай (аб’яднанне ўсіх прадметаў па агульнай істотнай прыкмеце) ступені абагульнення. У рабоце над лексіка-граматычнай будовай маўлення малодшых школьнікаў з кахлеарным імплантатам вылучаю некалькі этапаў. Першы з іх — лексіка-сэнсавы. Яго задача — інтэнсіўнае абагачэнне слоўнікавага запасу вучняў і дапамога ў разуменні лексічнага значэння слоў. Для гэтага тлумачу розныя словы-дзеянні і словы-прыкметы. Вялікую ролю адводжу нагляднаму матэрыялу. Так, прапаноўваю дзецям прачытаць назвы прадметных карцінак, суаднесці карцінкі і словы, падпісаць карцінкі. Штодзённыя даручэнні кшталту “пакладзі на парту”, “вазьмі з партфеля”, “дастань з пенала”, “пакладзі ў кішэню”, “пастаў пад стол” і “напішы на дошцы” дазваляюць фарміраваць у вучняў спантанныя маўленчыя ўяўленні пра дзеясловы і прыназоўнікі і іх ужыванне. З гэтай мэтай выкарыстоўваю таксама спецыяльныя практыкаванні з навакольнымі прадметамі.

На кожных занятках прапаноўваю выканаць даручэнне на дзеянне з прадметамі навакольнага асяроддзя. Так, на ўроку матэматыкі даручаю палічыць колькасць крэслаў, сталоў і шаф у класе (замацоўваецца разуменне абагульняльнага паняцця “мэбля”), на ўроку рускай мовы — назваць і запісаць прадметы мэблі, школьныя прылады, абутак і адзенне. Трэба адзначыць, што абагачэнне лексічнага запасу і фарміраванне граматычнай будовы маўлення цесна ўзаемазвязаны.

Асаблівую ролю адводжу фарміраванню навыкаў чытання і пісьмовага маўлення. На карэкцыйных занятках па слыхавым успрыманні і развіцці маўлення выкарыстоўваю дадатковы маўленчы матэрыял, звязаны з работай над тэрміналогіяй, якая будзе вывучацца на занятках. Так, на ўроках матэматыкі першакласнікі пры вывучэнні знакаў “+”, “-”, “=” і “< >” павінны добра вымаўляць і суадносіць іх, таму работу пачынаю загадзя. Усю тэрміналогію па матэматыцы (задача, умова, пытанне, рашэнне, адказ, прыклад, складанне, вылічэнне, сума) і рускай мове (склад, слова, сказ, галосны, зычны, глухі, цвёрды, мяккі, націск), якой павінны авалодаць дзеці, запісваю ў сшыткі-слоўнікі. Акрамя таго, вяду апорныя канспекты, якія дапамагаюць вучням правільна адпрацоўваць вымаўленне і разумець лексічнае значэнне. Выкарыстанне ілюстрацый дазваляе ўзбагачаць лексічны запас дзеясловамі на ўзроўні разумення і ўяўлення дзеянняў.

На лексіка-граматычным этапе работы адпрацоўваем з вучнямі ўменні ўзгадняць часціны мовы паміж сабой у родзе, ліку і склоне, правільна ўжываць канчаткі. Характэрным паказчыкам развіцця вуснага маўлення дзяцей на гэтым этапе з’яўляецца паступовае фарміраванне граматычных катэгорый.

Пры фарміраванні ў дзяцей граматычных паняццяў спалучаю слоўныя і наглядныя метады навучання з практычнымі практыкаваннямі ў пэўнай паслядоўнасці: аналіз гатовага моўнага матэрыялу, яго рэканструкцыя і самастойнае канструяванне. Уменне вызначаць род назоўнікаў — аснова для вызначэння тыпу скланення і правільнага ўжывання канчаткаў назоўнікаў пры змене па склонах. Замацоўваем набытыя навыкі з дапамогай практыкаванняў і ўзораў.

Наяўнасць у вучняў пэўнага слоўнікавага запасу і некаторых ведаў у галіне граматыкі дазваляе пачаць работу над развіццём звязнага маўлення. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца на ўсіх уроках і карэкцыйных занятках, а таксама ў спантанных сітуацыях. Спачатку вучу дзяцей складаць словазлучэнні і сказы па ўзорах і з выкарыстаннем апор. Добра дапамагае прыём “нарошчванне” з пытаннямі “хто?”, “што?”, “які?”, “што робіць?”, “дзе?” і “калі?”: кот чорны/шэры/рыжы/белы; чорны кот сядзіць/спіць/ ляжыць/бяжыць/ловіць/есць/жыве; чорны кот сядзіць на падлозе; чорны кот ловіць мыш.

Адна з задач пры вывучэнні матэматыкі — фарміраванне вусных вылічальных навыкаў, таму абавязковым элементам урока з’яўляецца вусны лік. Гэта прадугледжвае ўспрыманне на слых і разуменне заданняў. Такі від работы для дзяцей з парушэннем слыху спачатку даволі цяжкі, а часам і немагчымы без спецыяльнай падрыхтоўкі. Таму для засваення матэматычнай тэрміналогіі адводжу на кожным уроку час для маўленчай размінкі, куды ўключаю паўтор матэматычных слоў-тэрмінаў. Пры гэтым паказваю матэрыял у нагляднай і слыхамаўленчай форме, выкарыстоўваючы розныя назвы: плюс, складанне, сума, дадаць, павялічыць на; мінус, вылічэнне, адняць, рознасць, зменшыць на; множанне, здабытак, памножыць, павялічыць у; дзяленне, падзяліць, дзель, зменшыць у. Даю заданні на суадносіны назвы і матэматычных знакаў: сума (+), рознасць (-), дзель (:), здабытак (•). Уключаю ў маўленчую размінку заданні на чытанне лікавых выразаў з дапамогай назваў кампанентаў і запіс лікавых выразаў, якія прад’яўляюцца на слых і ў пісьмовай форме на картках. Напрыклад: запішыце суму, рознасць, здабытак і дзель лікаў, павялічце лік на… , зменшыце лік на… Даволі часта выкарыстоўваю заданні ў табліцах.

Трэба адзначыць, што дзеці добра засвойваюць прыёмы вылічэнняў, хутка запамінаюць састаў лікаў і табліцу множання. Цяжкасці ўзнікаюць у разуменні паняццяў “больш на/у” і “менш на/у”, пры ўспрыманні і засваенні сувязей паміж кампанентамі і вынікамі арыфметычных дзеянняў. У такім выпадку выкарыстоўваю прыёмы прадметна-практычнай дзейнасці, зрокавыя апоры і элементы мадэлявання.

Вялікую ўвагу ўдзяляю абагачэнню сенсорнага вопыту вучняў у пазнанні навакольнага свету. З дапамогай наглядных сродкаў імкнуся не проста ілюстраваць вучэбны матэрыял, але і раскрыць яго змест. Добра фарміруюць пэўныя паняцці пра рэчаіснасць інсцэніроўкі.

На ўроках рускай мовы акцэнтую ўвагу на граматычнай правільнасці маўлення вучняў. Для гэтага адаптую змест практыкаванняў у падручніку, змяняю фармулёўкі заданняў і пытанняў такім чынам, каб у дзяцей склаліся трывалыя маўленчыя стэрэатыпы. Пры змене формы слова і канчаткаў, пропуску літар і ўключэнні лішніх гукаў звяртаюся да дактылявання.

На ўроках чытання выкарыстоўваю дыферэнцыраваны падыход. Складаю кароткі змест твораў са спрошчанымі маўленчымі канструкцыямі, замяняю складаныя для разумення словы і фразы, узмацняю зрокавую апору ва ўспрыманні тэкстаў, падбіраю дакладныя пытанні да прачытанага. Пры магчымасці прымяняю чытанне па ролях і пераказ у асобах з дапамогай у размеркаванні роляў. Шмат увагі ўдзяляю фарміраванню тэхнікі чытання рознымі спосабамі, уменню чытаць плаўна, з расстаноўкай паўз і лагічных націскаў, эмацыянальнай падачы тэкстаў па праслуханым узоры.

Для павышэння вучэбнай матывацыі на ўроках матэматыкі выкарыстоўваю дыдактычныя гульні і займальныя матэрыялы. Наглядныя дапаможнікі вырабляю ў адпаведнасці з пэўнымі памерамі і колерамі для адаптыўнага зрокавага ўспрымання. Умовы задач тлумачу з дапамогай жыццёвых сітуацый з апорай на кароткія запісы, мадэляванне, схематычныя малюнкі і чарцяжы. Вялікую ролю ў выбары дзеяння задачы мае паўтор слоў і выразаў з матэматычнай нагрузкай (“больш на”, “менш на”, “столькі ж”). Удзяляю ўвагу правільнай фармулёўцы адказаў задач пры запісе. Патрабую ад дзяцей правільнага вымаўлення парадкавых і колькасных лічэбнікаў. Практыкую матэматычныя дыктоўкі, самакантроль і ўзаемаправерку. Для фарміравання вылічальных навыкаў выкарыстоўваю як друкаваныя, так і электронныя матэматычныя трэнажоры.

На ўроках курса “Чалавек і свет”, акрамя слыхамаўленчай дзейнасці, у вучняў фарміруюцца паняцці пра навакольны свет. Дзеці знаёмяцца са спецыяльнымі тэрмінамі. Работа над імі будуецца з дапамогай наглядных і практычных метадаў, назіранняў, экскурсій, прагляду ілюстрацый. Шырока выкарыстоўваю апоры ў выглядзе схем для запамінання і аднаўлення матэрыялу. Акцэнтую ўвагу на развіцці наглядных форм мыслення, фарміраванні лагічнага мыслення і часавых уяўленняў, вызначэнні прычынна-выніковых сувязей, групоўцы аб’ектаў па зададзеных прыкметах (дрэвы — кусты, культурныя — дзікарослыя расліны, лекавыя — ядавітыя расліны) і суадносінах аб’ектаў са слоўным абазначэннем.

Інтэграванае навучанне — гэта не толькі атрыманне пэўных ведаў, але і спосаб сацыялізацыі дзяцей з парушэннем слыху. На ўроках працоўнага навучання, выяўленчага мастацтва і АБЖ, класных гадзінах і інфармацыйных хвілінках вучні актыўна ўзаемадзейнічаюць з класам. Для гэтага арганізоўваю групавыя і парныя формы работы.

Даволі эфектыўнай у рабоце з дзецьмі з парушэннем слыху з’яўляецца LEGO-тэхналогія, якая дапамагае на ўроках матэматыкі паказаць, як утвараюцца лікі, параўноўваць іх, пазнаёміць з арыфметычнымі дзеяннямі, геаметрычным матэрыялам і саставам ліку, сфарміраваць вылічальныя навыкі і інш. Пры рашэнні задач LEGO-цаглінкі дапамагаюць зразумець іх умову і выбраць правільнае арыфметычнае дзеянне.

Дзякуючы LEGO-падтрымцы на ўроках рускай мовы і чытання, дзеці лепш запамінаюць графічны вобраз літары і ўяўляюць прадметы ў аб’ёме. У вучняў развіваюцца ўяўленне і лагічнае мысленне, дробная маторыка, навыкі ўзаемадзеяння ў групе і пары, уменне аналізаваць сітуацыю і самастойна знаходзіць адказы на пытанні шляхам лагічных разважанняў.

Пры арганізацыі індывідуальнай работы з дзецьмі звяртаюся да лэпбукаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляю пазаўрочнай дзейнасці. Дзеці з парушэннем слыху наведваюць гурткі і факультатывы, музеі і выставы, ходзяць у кіно, удзельнічаюць у масавых мерапрыемствах. Усё гэта станоўча ўплывае на сацыялізацыю вучняў.

Вынікі работы даволі паспяховыя. Малодшыя школьнікі з парушэннем слыху, перайшоўшы на ІІ ступень навучання, пацвярджаюць дастатковы ўзровень ведаў, уменняў і навыкаў, атрыманых у пачатковай школе. Дзеці не адчуваюць цяжкасцей у зносінах з равеснікамі і педагогамі.

Людміла ЮРЭНЯ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 15 Баранавіч.