Гаспадыня квітнеючага сада

- 11:01Людзі адукацыі

Лукаўскі дзіцячы сад — адна з лепшых сельскіх дашкольных устаноў Маларытчыны. У гэтым вялікая заслуга яе загадчыцы Любові Рыгораўны Алесік, якая ўжо 43 гады шчыруе на ніве адукацыі раёна. Любоў Рыгораўна лічыць, што, ідучы па жыцці, неабходна пастаянна азірацца на пройдзены шлях, каб дэталёва аналізаваць дапушчаныя памылкі і недахопы, выпраўляць іх і старацца больш не паўтараць.

Любоў Рыгораўна вырасла ў вясковай сям’і. Бацькі з маленства прывучалі да працы, павагі да людзей, любові да роднага краю. У дзіцячыя гады бавілася тым, што гуляла ў школу. Ужо тады ўзнікла моцнае жаданне стаць настаўніцай пачатковых класаў, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. Маларытчына стала першым і адзіным месцам работы Л.Р.Алесік.

— Спачатку два летнія месяцы працавала важатай у міжкалгасным аздараўленчым лагеры “Бярозка”, — успамінае педагог. — Вакансіі настаўніцы пачатковых класаў у раёне не было, таму прапанавалі папрацаваць выхавальніцай у Ланскім дзіцячым садзе. Шчыра кажучы, гэта мяне не вельмі задавальняла, бо я бачыла сябе толькі ля дошкі з крэйдай і ўказкай. Так хацелася вучыць першакласнікаў! Да непрывычнай работы паставілася сур’ёзна і адказна. І неўзабаве без сваіх 18 хлопчыкаў і дзяўчынак ужо не ўяўляла жыцця. Ды і з бацькамі выхаванцаў адразу знайшла кантакт. Работа стала падабацца.

Праз паўгода ў Ланской базавай школе з’явілася вакансія піянерважатай. Тагачасны дырэктар установы Л.І.Русак прапанавала работу маладому спецыялісту. Узважыўшы ўсе за і супраць, Любоў Рыгораўна згадзілася. У жыццё ўвайшлі паходы, экскурсіі, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы. 6 гадоў работы ў школе далі каштоўны педагагічны вопыт, неабходныя навыкі і веды, упэўненасць у сваіх сілах, навучылі ладзіць з людзьмі, знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Працуючы ў школе, Л.Р.Алесік атрымала вышэйшую адукацыю ў тагачасным Брэсцкім дзяржаўным інстытуце імя А.С.Пушкіна.

Неўзабаве лёс зноў закінуў Любоў Рыгораўну ў Лукава. Пачаўся новы этап педагагічнага жыцця, насычанага рознымі па­дзеямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. У вёсцы якраз адкрываўся дзіцячы сад, куды патрабаваліся выхавальнікі. Л.Р.Алесік прапанавалі пасаду загадчыцы. За гады работы яна зрабіла яго прыгожым, цёплым і ўтульным домам для кожнага выхаванца.

Сёння дзіцячы сад наведваюць 44 хлопчыкі і дзяўчынкі. Для іх створаны 3 групы. Ва ўстанове працуюць 18 чалавек, у тым ліку 8 педагогаў. Калектыў энергічны, крэатыўны, ініцыятыўны, дружны, зладжаны, творчы. Кожны ўкладвае ў работу частку душы, каб стварыць выхаванцам камфортныя ўмовы, падарыць цяпло сваіх сэрцаў і ласку. У гэтым супрацоўнікі бачаць сваё прызванне і прызначэнне. На тэрыторыі сада з ранняй вясны да позняй восені цвітуць розныя кветкі. Прыгожа і ў будынку ўстановы. Усё гэта створана дбайнымі рукамі педагогаў.

— Асаблівую ўвагу ўдзяляем фарміраванню ў дзяцей навыкаў бяспечнай жыццядзейнасці, пытанням здаровага ладу жыцця, актыўна далучаем малышоў да нацыянальна-культурных традыцый беларускага народа, выхоўваем любоў і павагу да роднага краю, — расказвае Л.Р.Алесік. — Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для паўнавартаснага фізічнага і эмацыянальнага развіцця дзяцей. У сваёй дзейнасці кіруемся прынцыпамі, метадамі і прыёмамі, якія дазваляюць рознабакова развіваць асобу кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго індывідуальнымі магчымасцямі і здольнасцямі. Укараняючы новыя методыкі выхаваўчага працэсу, імкнёмся працаваць на станоўчы вынік.

Любоў Рыгораўна прызнаецца, што для яе ўсе работнікі дашкольнай установы найперш калегі, а пасля падначаленыя. Загадчыца любіць дысцыпліну і парадак, але без перабору. Яе ўважлівае вока бачыць усё — ад адукацыйнага працэсу да спраў на кухні.

— Калі стаўлю перад сабой нейкую мэту, стараюся заўсёды дасягнуць яе, — гаворыць педагог. — Не прывыкла збочваць з дарогі, калі на ёй сустракаюцца перашкоды. Сябе адношу да тых шчаслівых людзей, якія прачынаюцца і ідуць на работу з радасцю і задавальненнем.

Калегі характарызуюць Любоў Рыгораўну як высокакультурнага, шчырага, неабыякавага, інтэлігентнага і прынцыповага чалавека.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.