Гераічная, таямнічая

- 15:07Родная земля

Што за хоў? Дзе ён знаходзіўся? Хто і чаму там хаваўся? Прыкладна такія пытанні ўзнікаюць, калі ўпершыню чуеш, што назва Быхаў пайшла ад спалучэння “быў хоў”. Ёсць іншая версія, куды больш гераічная. Маўляў, калісьці ў гэтым краі жыў волат Быхавец. Мужна абараняў ён землякоў ад ворагаў. Але няроўнымі былі сілы, загінуў герой. На яго магіле насыпалі курган, а пазней на месцы кургана ўзнік горад.

Велічныя і самотныя

Яшчэ адна версія звязана з быхавіцамі — так у сярэднявеччы называліся гарматы, якія адлівалі мясцовыя майстры. Якая б з трох версій ні была праўдзівай, кожная мае права на існаванне. Чым больш легенд і паданняў, тым больш прыцягальны край для турыстаў. Быхаўшчына славіцца яшчэ і гераічным мінулым. На ім і зробім акцэнт падчас нашага зімовага падарожжа.

Шмат таямніц захоўвае старадаўні быхаўскі замак.

Выява дзвюх чорных гармат (відаць, тых самых быхавіц) на чырвоным фоне невыпадкова размешчана на гербе Быхава. Не шмат на Беларусі гарадоў, якія за сваю гісторыю вытрымалі б такую вялікую колькасць варожых аблог. У другой палове XVII стагоддзя Быхаў ганарыўся аднымі з лепшых у Еўропе фартыфікацыйнымі збудаваннямі. Магутныя валы, якія мы можам бачыць на старадаўніх гравюрах, захаваліся і да нашага часу. Дайшлі праз віхуры стагоддзяў і будынкі абарончага тыпу: былы замак Хадкевічаў і Сапегаў, а таксама ўнікальная сінагога. На жаль, стан гэтых будынкаў пакуль далёкі ад ідэальнага. Але той факт, што дзве вежы замка ўсё ж набылі прывабны выгляд, дае права спа­дзявацца на паўнавартасную рэстаўрацыю будынкаў.

Вучаніцы сярэдняй школы № 1 Быхава каля арыгінальнага мурала на вуліцы Леніна.

Вераць у гэта і педагогі гімназіі Быхава. “Унікальныя помнікі Быхаўшчыны”, “Скарбы Быхаўскага краю” — так называюцца даследчыя работы, у якіх не толькі расказваецца пра гісторыю гэтага куточка Магілёўшчыны, але і выказваюцца думкі пра будучыню велічных і адначасова самотных помнікаў архітэктуры.

Памяць сэрца

Даследчых работ, прысвечаных края­знаўчым адметнасцям Быхаўшчыны, толькі ў кабінеце дырэктара гімназіі Людмілы Якаўлеўны Яршовай захоўваецца каля двух дзясяткаў. Створаны гэтыя работы настаўнікамі і вучнямі ў рамках абласнога праекта “#Мая_Зямля_Прыдняпроўе”. Тут і мясцовыя рамёствы, і прыродныя асаблівасці, і гісторыя, і культура краю. Міні-выставу, якую вы бачыце на фотаздымку, можна назваць своеасаблівым краязнаўчым даведнікам Быхаўшчыны.

Дырэктар гімназіі Быхава Л.Я.Яршова.

“У рамках абласнога праекта мы вывучаем усё тое, чым ганарыцца Быхаўшчына, тым самым закладваем падмурак яе будучыні. Тут на стэндзе толькі невялікая частка работ. Прадстаўленыя ў іх матэрыялы выкарыстоўваюцца педагогамі ў рабоце. Нядаўна была праведзена квест-экскурсія па ўнікальных прыродных мясцінах. У нас, напрыклад, расце дуб-волат, з узростам якога можа параўнацца толькі Белавежская пушча. Каб ахапіць гэтае дрэва, патрэбны як мінімум чатыры чалавекі! Каля вёскі Гамарня ёсць каскад крыніц. Крыўдна, што не ўсе помнікі прыроды і гісторыі знаходзяцца ў належным стане”, — падзялілася Л.Я.Яршова.

У Год гістарычнай памяці мы не маглі абмінуць тэму патрыятычнага выхавання. Як прызналася педагог, важным у гэтай справе з’яўляецца памяць сэрца. Дачка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які атрымаў цяжкае раненне на Курскай дузе, Людміла Якаўлеўна вырасла на аповедах пра вайну. Гэта і ёсць яе памяць сэрца, якую дырэктар гімназіі перадае маладым калегам, вучням. І Людміла Якаўлеўна, і ўсе настаўнікі Быхаўшчыны, з якімі мне пашчасціла сустрэцца падчас камандзіроўкі, імкнуцца напоўніць слова “патрыятызм” канкрэтным зместам.

Марская ракетаносная

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Быхава К.В.Ніканава ў музеі 57-й дывізіі.

Гімназія Быхава ў савецкія часы была “гарнізонаўскай школай”, дзе вучыліся пераважна дзеці ваенных. Таму і традыцыі ваенна-патрыятычнага выхавання тут склаліся багатыя. Невыпадкова ў гімназіі дзейнічае гістарычны музей 57-й Чырванасцяжнай Смаленскай марской ракетаноснай авіяцыйнай дывізіі — аднаго з самых грозных баявых злучэнняў СССР, на ўзбраенні якога была атамная і нейтронная зброя. У другой палове мінулага стагоддзя дывізія базіравалася ў Быхаве.

“Яна была сфарміравана ў першы месяц Вялікай Айчыннай вайны, хаця палкі, якія ўваходзілі ў яе склад, створаны яшчэ ў 1938 годзе. Так байцы 21-га авіяцыйнага палка атрымалі 27 чэрвеня 1941 года заданне затрымаць калону фашысцкіх танкаў і аўтамашын. У першай пяцёрцы ішла машына лейтэнанта Дзмітрыя Тарасава. У час выканання баявога задання самалёт быў падбіты. Камандзір загадаў экіпажу пакінуць машыну. Паспелі гэта зрабіць Барыс Яромін і Сяргей Кавальскі. Самалёт з бомбамі ўрэзаўся ў самую гушчу варожай калоны. Тарасаў і Капусцін загінулі.

Падчас спуску на парашуце лейтэнант Яромін быў заўважаны гітлераўцамі і забіты. Кавальскаму ўдалося схавацца. Паранены, ён дабраўся да найбліжэйшай вёскі. Жыхары схавалі яго, дапамаглі за­гаіць раны. Лейтэнантам Тарасаву і Яроміну было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а старшых сяржантаў Капусціна і Кавальскага ўзнагародзілі ордэнамі Чырвонага Сцяга. Кавальскі неаднаразова наведваў наш гарнізон. У фондах музея захоўваюцца адпаведныя фотаздымкі”, — паведаміла кіраўнік музея Валянціна Міхайлаўна Маржэрына.

Кіраўнік музея 57-й дывізіі В.М.Маржэрына.

У гарнізон пасля вайны на сустрэчы з аднапалчанамі часта прыязджалі Героі Савецкага Саюза Сцяпан Крэтаў, Барыс Ціхамолаў, Серафім Бірукоў. У 1969 годзе ў гарнізоне была адкрыта плошча Герояў, на якой устаноўлены бюсты 30 Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі гэтае высокае званне падчас службы ў дывізіі. Фотаздымкі ўсіх іх можна ўбачыць на стэндзе. Восенню 2005 года члены савета музея пазнаёміліся з сынам Героя Савецкага Саюза Барыса Гушчына Георгіем Барысавічам. Ён перадаў музею больш за 50 прадметаў, дакументаў, фатаграфій таты.

У экспазіцыі захоўваюцца фотаздымкі людзей, якія служылі ў гарнізоне з 1946 года. Напрыклад, Іван Рыгоравіч Мацвееў стаяў ля вытокаў стварэння музея, аказаў вялізную дапамогу ў папаўненні фондаў. У экспазіцыі можна ўба­чыць “чорную скрыню” (на самай справе яна аранжавая), аэрадромны ліхтар, астракомпас, аптычныя прыборы, тармазны парашут, парадную форму афіцэра і шмат іншага цікавага, што сустрэнеш далёка не ў кожным школьным музеі. Цэнтральнае месца ў музейнай зале займае макет гарнізона з раней сакрэтнымі ваеннымі аб’ектамі.

Юныя экскурсаводы гімназіі Быхава знаёмяць з прыборам камандным пілатажным для рэгуляцыі лініі гарызонту.

“У гарнізоне кіпела культурнае жыццё, быў свой аркестр, ВІА, нават працаваў тэлецэнтр. Насычаным было і спартыўнае жыццё, праводзіліся “Зарніцы”. Я раней працавала ў Доме піянераў кіраўніком палітклуба. Мы ладзілі сумесныя інтэлектуальныя гульні з ваеннаслужачымі, арганізоўвалі працоўныя дэсанты. Музей — адзінае месца, што засталося ад дывізіі, нагадвае пра былыя часы. Гэта памяць майго сэрца, захоўваюць у сэрцы гэтую па­мяць і былыя ваеннаслужачыя 57-й дывізіі”, — падзялілася Валянціна Міхай­лаўна.

Лудчыцкая цішыня

На мемарыяльных комплексах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны, пануе асаблівая атмасфера. Тут забываеш і пра штодзённыя клопаты, і пра тое, што жывеш у мітуслівым ХХІ стагоддзі. Тут наогул губляецца адчуванне часу. Гэта месца, дзе ўзрушваюцца сэрцы. Велічныя скульптуры, інфармацыя, якую даносіць экскурсавод, прымушаюць задумацца над тэмай вайны і міру, любові да Радзімы. Такія мясціны важна наведваць з адпаведным настроем, загадзя падрыхтаваўшыся да экскурсіі.

Велічная скульптура гусляра на мемарыяльным комплексе “Лудчыцкая вышыня”.

Асаблівы настрой стварае і надвор’е… Мемарыяльны комплекс “Лудчыцкая вышыня” я ўпершыню наведаў разам з дырэктарам Лудчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ігарам Мікалаевічам Броўкам зімой, у мяцеліцу. Па-асабліваму выглядалі гарэльефы шасці Герояў Савецкага Саюза, якія здзейснілі на гэтай зямлі подзвіг падчас аперацыі “Баграціён”. Не менш велічнай, таямнічай была і скульптура гусляра, які быццам бы ўсхваляе муж­насць герояў-чырвонаармейцаў.

Дырэктар Лудчыцкага ВПК Ігар Мікалаевіч Броўка.

Тое, што адбывалася ў ваколіцах Луд­чыц у апошнія дні чэрвеня 1944 года, раска­жуць у музеі баявой славы Лудчыцкага ВПК. Для пачатку некалькі слоў пра музей. Ён быў адкрыты ў 1988 годзе. Гэтай падзеі папярэднічала вялікая пошукавая работа, якая вялася пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы Івана Іванавіча Мандрыка і яго жонкі настаўніцы гісторыі Лі­дзіі Іванаўны.

Па словах кіраўніка музея настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Таццяны Ге­надзьеўны Сяровай, Лудчыцкая вышыня на ваенных штабных картах адзначалася пад нумарам 150,9. Немцы стварылі тут добра ўмацаваны пункт. Было некалькі ліній абароны. Штурмам вышыні 150,9 камандаванне 1-га Беларускага фронту планавала адцягнуць асноўныя сілы ворага ад галоўнага напрамку ўдару, які рыхтаваўся з Рагачова ў напрамку Бабруйск — Мінск.

Т.Г.Сярова расказвае пра подзвіг герояў Лудчыцкай вышыні.

20 чэрвеня 1944 года генералам Кузняцовым была пастаўлена задача стварыць штурмавы атрад, які павінен быў правесці разведку боем у напрамку Лудчыцы — Быхаў. У склад атрада павінен быў увайсці першы батальён маёра Салаўёва. Яму падпарадкоўвалася праслаўленая ў баях пятая рота старшага лейтэнанта Мартынава, палкавая рота аўтаматчыкаў на чале з капітанам Якубавым, рота супрацьтанкавай зброі палка старшага лейтэнанта Макарава. Для падрыхтоўкі прарыву была выдзелена сапёрная рота.

У 3 гадзіны 30 мінут аўтаматчыкі Якубава, стралкі і кулямётчыкі Мартынава, а таксама байцы з супрацьтанкавай зброяй уварваліся на агнявыя пазіцыі ворага. Першы батальён заняў стратэгічную вышыню. На працягу некалькіх гадзін полк адбіў 20 атак танкаў і пяхоты фашыстаў. Апынуўшыся адрэзанымі ад іншых падраздзяленняў палка, камандзіры арганізавалі абарону. За 19 гадзін бою чырвонаармейцы адбілі шмат контратак. Дзве ўдарныя роты  556-га палка 169-й стралковай дывізіі ў ноч на 24 чэрвеня 1944 года, прарваўшы абарону праціўніка, захапілі вышыню 150,9 каля вёскі Лудчыцы Быхаўскага раёна. Загінула большасць байцоў штурмавых рот, у тым ліку і камандзіры — старшы лейтэнант Ула­дзімір Мартынаў і капітан Гулям Якубаў. Вялікай цаной было аплачана ўтрыманне вышыні: у баях каля вёскі Лудчыцы 165 воінаў загінулі і 173 былі паранены. Нягледзячы на выключна цяжкія ўмовы бою, полк выканаў пастаўленую задачу, забяспечыўшы паспяховае наступленне на іншых кірунках.

Лісты з фронту, што захоўваюцца ў музеі лудчыцкай школы.

…Вялізны шэры барэльеф і скульптура гусляра, белы снег на зямлі і ў паветры, а таксама бярозы, якія ледзь чутна шапацелі галінамі, нібыта падпяваючы гусляру. На Лудчыцкай вышыні цішыня і спакой. Добра, што гэтае месца я ўпершыню наведаў зімой.

Запамінальныя экскурсіі

Пра Лудчыцкую вы­шыню даведаўся дзякуючы Алене Уладзіміраўне Цывілька. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы даслала ў “Настаўніцкую газету” ліст, у якім паведаміла пра тое, як разам з вучнямі наведала на канікулах мемарыяльны комплекс. Веліч комплексу настолькі ўразіла, што абавязкова захацелася пабываць на гэтым месцы.

Экскурсію для педагогаў Макранскага ВПК праводзіць А.У.Цывілька.

Наогул, макранская школа ў плане правядзення экскурсій — лідар сярод устаноў адукацыі Быхаўшчыны. У гэтым можна пераканацца хаця б на аснове той колькасці матэрыялаў, якія кожны год прыходзяць на нашу рэдакцыйную пошту. Таму адным з пунктаў майго камандзіровачнага маршруту, акрамя Быхава і Лудчыц, стала вёска Мокрае, а дакладней, макранская школа, гісторыя якой налічвае ўжо 170 гадоў. Будынак школы — гэта месца, дзе вучні не толькі атрымліваюць веды, але і вучацца любіць родны край, нашу Беларусь. А гэта, пагадзіцеся, вельмі важная навука.

Па словах дырэктара Сяргея Анатольевіча Лазарава, гісторыя школы пачалася ў 1851 годзе. Захаваўся нават адзін з першых будынкаў, дзе вучыліся макранскія дзеці. Узведзены ён у 1898 годзе. Цікавая яго гісторыя. Знаходзіцца будынак побач з царквой і першапачаткова ў ім размяшчалася піцейная ўстанова. Гэта не спадабалася мясцоваму бацюшку і ён прапанаваў у будынку адкрыць 3-класнае народнае вучылішча. У хуткім часе тут плануецца стварыць музей народнай адукацыі. А вось сённяшні будынак школы быў узведзены ў 1939 годзе. Нягледзячы на тое, што будынку больш за 80 гадоў, клопатам настаўнікаў тут створаны належныя ўмовы для якаснага і сучаснага навучання дзяцей. Адметнасцю школы з’яўляецца краязнаўчая работа, якая праводзіцца пад кіраўніцтвам Алены Уладзіміраўны Цывілька і настаўніка гісторыі Сяргея Пятровіча Кулаева.

Пра гісторыю роднага краю расказваюць макранскія вучні.

“Аб’яднанні па інтарэсах краязнаўчага кірунку дапамагаюць сфарміраваць у маладога пакалення грама­дзянска-патрыятычныя пачуцці, духоўную культуру, выхоўваць павагу да свайго народа, яго багатай гісторыі і культуры, актыўную жыццёвую пазіцыю, грама­дзянскую адказнасць, ініцыятыўнасць. На працягу многіх гадоў я працую настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, сумяшчаючы гэтую работу з дзейнасцю педагога дадатковай адукацыі. Мая задача — спрыяць набыццю вучнямі паглыбленых ведаў па гісторыі, геаграфіі, сучасным стане і перспектывах развіцця Быхава і Быхаўскага раёна.

Краязнаўства дапамагае рознабакова падысці да вывучэння роднага краю. У выхаванні сучаснага маладога пакалення трэба сумяшчаць традыцыйныя метады з новымі, улічваючы тое, што дзеці знахо­дзяцца пад уплывам інтэрнэту. Важнае месца адводзіцца экскурсіям. Запамінальнымі сталі наведванне каскада крыніц, Лудчыцкай вышыні, музея Лудчыцкага ВПК, экскурсія ў бібліятэку быхаўскага мікрараёна Колас, у Быхаўскі раённы гісторыка-края­знаўчы музей і інш.

Наш раён мае настолькі багатую гісторыю, што яму пазайздросціць любы раскручаны ў турыстычным плане раён Беларусі. Тут шмат цудоўных мясцін, тут прыгожая прырода, пражываюць душэўныя таленавітыя людзі. Ні адна іншая краіна не зможа падарыць нам, беларусам, столькі радасці і духоўнага багацця, як родны край, у якім беражліва захоўваюцца традыцыі і спадчына продкаў. Такая наша Беларусь — таямнічая, гасцінная, добрая. Гэта я і хачу данесці да дзяцей”, — падзялілася Алена Уладзіміраўна.

І даносіцца гэта ў тым ліку праз удзел вучняў у папаўненні экспазіцыі школьнага краязнаўчага музея. Музей быў створаны яшчэ ў 70-я гады. У 2011 годзе на базе старога музея быў адкрыты музейны пакой, які з 2016 года стаў музеем. Вялікі ўклад у яго адкрыццё зрабіў Сяргей Анатольевіч Лазараў. Пад памяшканне музея быў выдзелены былы кабінет геаграфіі. У ім сіламі навучэнцаў пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Пятра Парфенавіча Міранцова быў зроблены рамонт. На цяперашні момант у экспазіцыі прадстаўлены 183 экспанаты, якія расказваюць пра гісторыю Быхаўшчыны, аграгарадка Мокрае і вёсак Халстоўскага сельсавета. У адносна невялікай па плошчы музейнай зале сабраны багаты матэрыял па гісторыі краю ад старажытнасці да нашых дзён. Гісторыя багатая, насычаная. Такім жа насычаным і цікавым з’яўляецца і аповед экскурсаводаў. Завітайце ў Мокрае, пераканайцеся!

Калі завітаеце на Быхаўшчыну:
— прагуляйцеся ўздоўж сцен старадаўняга быхаўскага замка;
— наведайце мемарыяльны комплекс “Лудчыцкая вышыня”;
— памаліцеся каля цудатворнай Баркалабаўскай іконы Божай Маці;
— паслухайце журчанне крыніц каля вёскі Гамарня;
— прытуліцеся да дуба-волата, які расце каля вёскі Хамічы;
— даведайцеся гісторыю Грудзінаўскага палацава-паркавага ансамбля;
— азнаёмцеся з экспазіцыяй школьных музеяў.

Душэўнае падарожжа

Завітайце не толькі ў Мокрае, Лудчыцы і Быхаў. Абавязкова наведайце і знакамітае Баркалабава, і каскад крыніц, і дуб-волат. Камандзіровачнае падарожжа па Быхаўшчыне пераканала, што тут сапраўды шмат цудоўных мясцін, пражываюць душэўныя таленавітыя людзі. Ключавое слова — душэўныя. У якую б пару года вы ні прыехалі на Быхаўшчыну, ваша падарожжа па гэтым гераічным і таямнічым куточку Прыдняпроўя абавязкова будзе запамінальным, душэўным.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.