Гімназісты з шахматамі на “ты”

- 13:19Сацыяльны ракурс

У гродзенскай гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага фігуры на шахматнай дошцы ўмеюць расстаўляць нават першакласнікі, а разрады па шахматах маюць васьмігодкі.

Удастоеная ў мінулым годзе прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці, названая навучальная ўстанова славіцца шматлікімі поспехамі. Сярод іх і перамогі юных шахматыстаў у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, на міжнародных турнірах.

Абавязковы для вучняў 2—4 класаў факультатыў па шахматах вядзе Віктар Аўсяннікаў. Тут малодшыя школьнікі спасціга­юць азы няпростай, але вельмі займальнай гульні. Для адных гэта дадатковыя веды, для другіх — захапленне на ўсё жыццё. І калі шахматы па-сапраўднаму захапілі, прадоўжыць займацца любімай справай і атрымаць магчы­масць дасягнуць у ёй пэўных вышынь таксама можна ў сценах роднай гімназіі.

Пасля ўрокаў на дадатковыя заняткі ў спецыяльна абсталяваны клас спяшаюцца тыя вучні, для каго шахматы ўжо даўно выйшлі за рамкі школьнага ўрока. Сканцэнтраваныя, не па гадах сур’ёзныя хлопчыкі і дзяўчынкі з веданнем справы хутка расстаўляюць фігуры на дошцы. Не паспелі пачаць гульню, а ўжо разбіраюць нейкія, здаецца, толькі ім знаёмыя камбінацыі. Калі нешта не зразумела, тут жа дапамагае трэнер — педагог вышэйшай катэгорыі Таццяна Дабкене. Дапамагае ёй на гэтай ніве сын Раман Дабкус.

Мінула 30 гадоў з таго часу, як Таццяна Дабкене прапанавала выкладаць шахматы ў школе. Неяк прачытала ў газеце матэрыял “Разумная гульня — разумныя дзеці” пра тое, што ў Расіі ў школах уво­дзяць курс шахмат, і загарэлася гэтай ідэяй. Маладога педагога падтрымала дырэктар установы адукацыі Рэгіна Можджэр. Сёння Таццяна Мікалаеўна ўжо не працуе настаўнікам, але, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, працягвае займацца з юнымі шахматы­стамі ў якасці трэнера.

— Шахматы развіваюць у школьніка памяць, логіку, дапамагаюць мысліць арыгінальна, крэатыўна, — падкрэслівае Таццяна Дабкене. — Прычым гэта індывідуальны від спорту. Кожны сама­стойна складае план партыі, рэалізуе яго і атрымлівае вынік, за які сам і адказвае. Гэта не толькі фарміруе ў школьнікаў навыкі самастойна мысліць, але і вучыць браць на сябе адказнасць. Вельмі важна і тое, што падчас гульні неабходна сачыць за сапернікам і ў залежнасці ад яго хадоў карэкціраваць свой план. А гэта не што іншае, як гібкасць розуму.

Цікаўлюся, як захапленне шахматамі ўплывае на вывучэнне звычайных школьных дысцыплін. Раз прыходзіцца праяўляць гібкасць розуму ў час гульні ў шахматы, то павінны і матэматычныя задачкі рашацца з лёгкасцю.

Таццяна Мікалаеўна пацвер­дзіла гэта: калі не проста навучыцца гуляць у шахматы, а займацца гэтым сур’ёзна, то школьныя дысцыпліны будуць давацца лягчэй.

— Юныя шахматысты дабіваюцца выдатных вынікаў у вучобе, бо яны ўмеюць добра апрацоў­ваць інфармацыю, бачаць  прычынна-выніковыя сувязі. Яны хутка мысляць, пралічваюць у галаве шмат варыянтаў рашэння той ці іншай задачы. Безумоўна, гэта тычыцца тых, хто не адзін год прафесійна займаецца шахматамі. А яшчэ гэты від спорту спрыяе станаўленню характара, загартоўвае яго,  — лічыць трэнер.

За 30 гадоў правядзення ў гімназіі ўрокаў шахмат было шмат перамог на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, міжнародных турнірах. Гродзен­скія школьнікі пабывалі ў 10 краінах свету, прымалі ўдзел у шахматных турнірах у Расіі, Літве, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Іспаніі, Швецыі і іншых краінах. Нават давялося весці гульню ў гарадской Ратушы ў Стакгольме, дзе ўручаюцца прэміі нобелеўскім лаўрэатам. Да таго ж, і перамагчы там.

На жаль, пандэмія наклала пэўны адбітак на правядзенне спаборніцтваў: ужо каторы месяц шахматысты не прымаюць у іх удзел. Надзеі ўскладалі на спаборніцтвы “Белая ладдзя”, але іх таксама адмянілі. Аднак гэта не перашкодзіла гімназістам інтэнсіўна трэніравацца і рыхтавацца да новых перамог.

Як расказаў Уладзімір Мрышчук, шахматамі ён захапіўся ў дзяцінстве. І хоць першыя  ўрокі атрымаў ад бацькі, цяпер васьмігадовы хлопчык лёгка яго абы­грывае. Юны шахматыст ужо мае трэці разрад па шахматах, ма­рыць стаць чэмпіёнам свету і ўпэўнена ідзе да сваёй мары. Нядаўна Уладзімір Мрышчук перамог у першынстве Гродзен­скай вобласці па шахматах сярод хлопчыкаў да 8 гадоў.

Пяцікласнік Іван Марцыняк займаецца шахматамі з першага класа і ўжо мае другі разрад. Хлопчык прызнаўся, што яму падабаецца думаць над шахматнай дошкай.

Ганарацца педагогі гімназіі і сваімі выпускнікамі. У гэтым го­дзе кандыдат у майстры спорту па шахматах Данііл Халупка стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. На мехмаце БДУ вучыцца Даніла Ліцкевіч. Гэты спіс можна прадоўжыць. Прафесійна авалодаўшы шахматамі, маладыя людзі становяцца паспяховымі ў розных галінах дзейнасці.

Шахматы — гэта цяжкая праца. Таццяна Дабкене ўпэўнена, што поспех абавязкова чакае працавітых, мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат, тых, хто ўсёй душой палюбіў гэты від спорту.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.