Гістарычнае асяроддзе і педагагічная генетыка

- 10:39Якасць адукацыі

Кацярына Васільеўна Драздова родам з Полацка.

Па прызнанні настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 6 Полацка, родны горад з яго намоленай моцнай энергетыкай з маленства спрыяў таму, каб прысвяціць жыццё вывучэнню гісторыі. Але на той час педагогіка ў планах сёлетняй паспяховай настаўніцы зусім не значылася. Яна марыла пра іншыя гарызонты — вывучаць музейную справу, працаваць у Сафійскім саборы.

“Дзякуючы старэйшай сястры, разам з якой я часта наведвала канцэрты арганнай музыкі ў Сафійскім саборы, мясцовыя музеі, я зачаравалася светам духоўнасці, культуры і гісторыі. Музейная дзейнасць заўсёды вабіла да сябе. Таму вырашана было паступаць на гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, — расказвае Кацярына Васільеўна. — Але на той момант, калі я шукала першае працоўнае месца, вакансіі не было ні ў адным з музеяў горада. А школа, дзе аказалася свабоднай стаўка настаўніка гісторыі і грамадазнаўства, была літаральна ў суседнім двары. Доўга я не разважала, але прызнаюся шчыра, вельмі сумнявалася, ці атрымаецца ў мяне, настроенай на зусім іншую дзейнасць, стаць педагогам”.

Але потым, адчуўшы, што адкрываць дзецям новыя бакі гістарычнага мінулага і вучыць іх арыентавацца ў праблемах сучаснага грамадства ў яе атрымліваецца выдатна, Кацярына прыгадае родную цётку, якая ў савецкія часы, знаходзячыся ў Алжыры, на французскай мове выкладала школьнікам фізіку. Калі любоў да прадмета была выпеставана асяроддзем, то педагагічныя схільнасці, як аказалася, былі закладзены генетычна.

Расслабіцца з першых дзён работы маладому спецыялісту не было калі: выкладанне прадметаў у 8, 9 і 11 класах, падрыхтоўка да шматлікіх мерапрыемстваў і конкурсаў, прысвечаных юбілейнаму году перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, інавацыйная дзейнасць.

“Шчыра скажу, калі б спачатку, амаль 9 гадоў назад, аднесліся лаяльна, далі час на адаптацыю, напэўна, я зразумела б, што так і трэба развівацца настаўніку — паступова, павольна, не спяшаючыся, шкадуючы сябе. Мяне ж настроілі на сітуацыю бесперапыннага руху наперад, і што немалаважна, не пакінулі сам-насам — падтрымку калег і адміністрацыі школы адчувала ўвесь час. Пастаянная змена відаў дзейнасці, пошук новых форм навучання, музейныя заняткі, цікавыя гістарычныя квесты, конкурсы, іншыя спаборніцтвы, у якіх мы з калегамі і вучнямі бралі ўдзел, і пакінулі мяне ў прафесіі”.

Як выглядае Лінкальн?

Сярэдняя школа № 6 Полацка, у якой працуе настаўніца, ужо некалькі гадоў удзельнічае ў рэспубліканскім інавацыйным праекце па ўкараненні медыяадукацыйных элементаў у вучэбны працэс. Менавіта на іх прымяненне і скіроўвае сваю ўвагу педагог.

“Тыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, якія былі папулярнымі і цікавымі яшчэ некалькі гадоў назад, саступаюць сучасным урокам, заснаваным на прымяненні інфармацыйных тэхналогій і медыяпрадуктаў. Таму пры падрыхтоўцы да ўрокаў стараюся арыентавацца на захапленні дзяцей, шукаю новыя для іх і сябе формы заняткаў. Дзеці яшчэ не ўмеюць хаваць свае эмоцыі, таму калі ім падабаецца, для педагога гэта заўсёды відавочна, — дзеліцца настаўніца. — Больш за ўсё вучні, асабліва сярэдніх класаў, любяць творчыя ўрокі — крыжаванкі, рэбусы, віктарыны. Часцей за ўсё выкарыстоўваю гэтыя формы падчас тэматычных дэкад, мэта якіх — захапіць дзяцей вывучэннем гісторыі і грамадазнаўства, пашырыць іх веды пра гістарычныя працэсы і зрабіць усё гэта ў прыязнай гульнявой форме. У старшых класах на ўра праходзяць урокі-дыскусіі, круглыя сталы па грамадазнаўстве. Апошні раз выдатна дыскутавалі мае адзінаццацікласнікі, разважаючы над глабальнымі праблемамі сучаснасці. Практыкую ўрокі-суды (асабліва ў захапленне прыходзяць 5—7 класы), метад “мазгавога штурму” падчас заняткаў. Па такім прадмеце, як грамадазнаўства, асабліва выдзяляю напісанне эсэ. Такая творчая работа ўдалая тым, што дзеці вучацца арыентавацца ў праблеме, прымяняючы паняцці, атрыманыя на ўроку, выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, прыводзяць прыклады і, нарэшце, праз напісанне прыходзяць да разумення пастаўленай праблемы”.

Час ад часу педагог праводзіць музейныя заняткі. Дзякуючы ім, навучэнцы акунаюцца ў свет гісторыі і могуць адчуць сябе ўдзельнікамі падзей, бо заняткі праходзяць на базе Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Настаўніца часта прымяняе і метад праектаў, які закладвае асновы напісання будучых навуковых, курсавых работ.Так, нядаўна яе вучні рыхтавалі праекты па Вялікай Айчыннай вайне. Кожны выбіраў сабе вузкую тэму, рыхтаваў работу, рабіў прэзентацыю, падбіраў да яе праблемнае відэа. Па відэафрагментах выступоўцы складалі спіс пытанняў, якімі правяралі ўважлівасць і добрае засваенне матэрыялу аднакласнікамі.

“Выкарыстанне разнастайных крыніц інфармацыі на ўроках гісторыі і грамадазнаўства развівае ў дзяцей крытычнае мысленне. Напрыклад, падчас вывучэння асобы Аўраама Лінкальна мы звярталіся да тэксту падручніка, вучні рыхтавалі прэзентацыю і падбіралі відэафрагменты з выявай гэтай палітычнай асобы. У выніку ў розных крыніцах, падрыхтаваных школьнікамі, Лінкальн падаваўся і выглядаў абсалютна па-рознаму. Дзецям прыйшлося аналізаваць прачытанае і ўбачанае і крытычна ацэньваць інфармацыю. Для іх гэта быў бясцэнны вопыт, які навучыў іх не давяраць, а правяраць і даходзіць да праўды”, — расказвае Кацярына Васільеўна.

Медыябаза для выпускнікоў

“Наглядна паказаць гістарычную падзею, картаграфічны матэрыял, сцэны з дакументальных хронік, рэпрадукцыі карцін вялікіх мастакоў і многае іншае — усё гэта з прымяненнем медыя- і інфармацыйных тэхналогій на занятках. Сучасным дзецям наогул цікава, калі ім не расказваюць, а нешта дэманструюць. Калі гаварыць пра гісторыю Беларусі, асабліва пра падрыхтоўку да выпускнога экзамену, думаю, многія калегі са мной пагодзяцца, што адно з самых набалелых пытанняў — заняпад у школьнікаў культурных тэм. Прычын гэтага некалькі: па-першае, вучням цяжка расказваць пра тое, чаго яны не бачаць і не ўяўляюць; па-другое, аб’ём інфармацыі культурнага блока ў гісторыі занадта вялікі; і, нарэшце, па-трэцяе, школьныя праграмы па гісторыі Беларусі і той жа літаратуры, якія раней былі падмогай адна для адной, зараз месцамі крытычна не супадаюць. Напрыклад, праходзім па гісторыі Беларусі знакамітых літаратурных дзеячаў пэўнай эпохі, я задаю дадатковыя пытанні адносна гэтых персанажаў, і аказваецца, што дзеці першы раз чуюць такія прозвішчы і не чыталі іх твораў. Таму падчас вывучэння тэм культуры прэзентацыі, відэафрагменты, на мой погляд, складаюць аснову ўрока, — пераканана настаўніца. — Я распрацавала своеасаблівы “музей” дыдактычных матэрыялаў па гэтай тэматыцы, а таксама поўную медыятэку для падрыхтоўкі да выпускных экзаменаў па гісторыі Беларусі. Для падрыхтоўкі да іспыту па гісторыі Беларусі ў 11 класе відэападборка неабходна, калі вывучаем гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, бо захавалася шмат дакументальных відэа, па фрагментах якіх навучэнцы могуць больш даведацца, а галоўнае ўбачыць, як савецкія салдаты здзяйснялі свой неўміручы подзвіг”.

На базе метадычнага кабінета Полацка была складзена творчая група па ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбны працэс. Спецыялісты, сярод якіх была і Кацярына Васільеўна Драздова, працавалі і над стварэннем медыябазы для ўрочнай дзейнасці. Педагог падрыхтавала комплекс прэзентацый па культуры (прадмет “Гісторыя Беларусі”) для 10-х класаў. Зараз такім “банкам” прэзентацый мае магчымасць карыстацца любы настаўнік горада і раёна.

Гістарычная журналістыка

У рамках работы па інавацыйным праекце па медыяпісьменнасці ўжо некалькі гадоў дзевяцікласнікі, у якіх выкладае Кацярына Васільеўна, выдаюць школьную газету “Гістарычны веснік”. У пазамінулым навучальным годзе над выпускам газеты працавала творчая група 9 “В” класа, у мінулым — 9 “А” класа. Пры выбары тэм вучні кіруюцца школьнай праграмай па гісторыі.

“У гэтым годзе мінулагоднія журналісты-дзевяцікласнікі перайшлі ў 10 клас і па рэгламенце інавацыйнага праекта не могуць удзельнічаць у падрыхтоўцы медыяпрадукту, таму работу над “Гістарычным веснікам” мы працягваем з творчай групай шасцікласнікаў. Зразумела, ім трэба больш дапамагаць, падштурхоўваць, вучыць гістарычнай журналістыцы. Калі дзевяцікласнікі пры рабоце з інфармацыяй самастойна праводзілі параўнальны аналіз гістарычных працэсаў, крытычна ацэньвалі розныя крыніцы інфармацыі з наступным напісаннем артыкула, то газеты сёлетніх шасцікласнікаў адрозніваюцца меншай інфарматыўнасцю, але большай насычанасцю ілюстрацыямі. Паступова з іх вырастуць добрыя журналісты-гісторыкі”.

У пошуку псіхалагічнай раўнавагі

Асаблівую ўвагу Кацярына Васільеўна ўдзяляе пазакласнай рабоце з вучнямі: яе выхаванцы неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі канферэнцый, краязнаўчых чытанняў, віртуальных экскурсій, дыстанцыйных конкурсаў “Брама гісторыі” і “Полацкія лабірынты”, бралі ўдзел у Скарынаўскіх днях, якія праходзяць у Полацку, і станавіліся пераможцамі Скарынаўскай алімпіяды.“Менавіта з захаплення пазакласнай прадметнай дзейнасцю і пачынаецца шлях будучых алімпіяднікаў”, — пераканана настаўніца.

Апошнім часам увага і час настаўніцы скіраваны яшчэ і на падрыхтоўку вучняў да алімпіяднага руху, работу з адоранымі дзецьмі. Работу з такімі дзецьмі Кацярына Васільеўна пачынае з урокаў: у яе распрацавана сістэма заданняў павышанай складанасці для дзяцей, якія на занятках працуюць хутчэй за аднакласнікаў. Сярод заданняў “з зорачкай” — аналіз дакументаў, артыкулаў, складанне параўнальных табліц і г.д.

“Дзяцей, зацікаўленых прадметам, бачна адразу: звяртаю ўвагу на актыўнасць, творчасць, цікавасць да прадмета, правільна пастаўленую гаворку, уменне аналізаваць, рабіць вывады, прыводзіць нестандартныя прыклады, — расказвае настаўніца. — Запрашаю такіх вучняў на стымулюючыя і факультатыўныя заняткі, на якіх з імі можна больш глыбока разгледзець пытанні, якія выклікаюць цяжкасці, і з дапамогай тэставых трэнажораў прымяніць атрыманыя веды на практыцы. З адоранымі, высокаматываванымі навучэнцамі працую па індывідуальным плане. Але практыкую і арганізацыю часовых груп: збіраю, напрыклад, 7 і 8 класы — дзве паралелі — разам. Пачынаю заняткі з паўтарэння матэрыялаў за 7 клас, пасля сямікласнікаў адпускаю, а працую ўжо толькі са старэйшымі вучнямі. Таксама далучаю высокаматываваных дзяцей у якасці памочнікаў і актыўных удзельнікаў падрыхтоўкі і правядзення прадметнай дэкады”.

За кожным з удзельнікаў конкурсаў і алімпіяд стаіць штодзённая крапатлівая работа. Але Кацярына Васільеўна пераканана, што сярод гэтага націску варта не згубіць псіхалагічную раўнавагу дзіцяці. “Алімпіяднік асабліва ўразлівы псіхалагічна, таму як ніхто іншы ён павінен адчуваць трывалую сцяну за сабой — падтрымку бацькоў, настаўніка, сяброў. Заўсёды тлумачу вучням, з якімі рыхтуемся да алімпіяд, што калі на якімсьці этапе не атрымаецца, на цябе не будуць сварыцца, а падтрымаюць, разбяруць цяжкія заданні, прапрацуюць незразумелыя тэмы. За дзень да алімпіяды прашу нічога не рабіць, а прагуляцца па вуліцы, насыціць мозг кіслародам, адпачыць. Для тых апантаных дзяцей, якія любяць займацца кругласутачна (а такія ёсць!), мая ўстаноўка перад спаборніцтвам жорсткая — спаць! — расказвае настаўніца. — Хвалююся я заўсёды не столькі за вынік, колькі за саміх дзяцей. У мінулым годзе нам з вучаніцай Ганнай Цішкевіч упершыню ўдалося выйсці на рэспубліканскі этап алімпіяды па грамадазнаўстве, дзе яна стала першай. Леташняя перамога, з аднаго боку, акрыляла, з другога — аказвала на занадта адказную дзяўчыну вялікі ціск, — трэба ж утрымаць планку, пацвердзіць мінулагодні вынік! Таму працуем яшчэ і над тым, каб перавесці гэтую залішнюю адказнасць у крыху іншае, больш прадукцыйнае рэчышча. Гэтае ўменне абавязкова спатрэбіцца дзяўчынцы ў будучыні”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва К.В.Драздовай.