Глыбокае: яны гэта зрабілі

- 7:50Сацыяльны ракурс

Cышоўшы з аўтобуса ў Глыбокім, як карэспандэнт “Настаўніцкай” я, натуральна, першым чынам завітаў у раённы аддзел адукацыі. Некалькі ўзаемных слоў знаёмства — і маё падарожжа па адукацыйнай Глыбоччыне рэальна пачалося.

Па словах начальніка аддзела адукацыі Глыбоцкага раёна Казіміра Эдуар­давіча Хайноўскага, Год кнігі і правя­дзенне Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім наклалі свой адбітак літаральна на ўсе сферы адукацыйнага жыцця ў раёне — ад выхаваўчай работы да рамонту кніг і добраўпарадкавання тэрыторый, што прылягаюць да навучальных устаноў.  І гэта не кажучы пра мера­прыемствы чыста культурнай скіраванасці, кшталту літаратурных і краязнаўчых конкурсаў, віктарын, сустрэч з паэтамі і пісьменнікамі, афармлення тэматычных выстаў і экспазіцый, збору матэрыялаў для стварэння летапісаў школы і інш.

У раённым аддзеле адукацыі я ўпершыню адчуў, што сёлетні Дзень беларускага пісьменства — гэта свята не толькі аднаго горада Глыбокае, але і ўсіх мястэчак, вёсак і вёсачак Глыбоччыны і, адпаведна, усіх адукацыйных устаноў, якія там ёсць. Таму даруй, шаноўны чытач, але я не магу абысціся без дастаткова доўгага (але ўсё адно далёка-далёка няпоўнага) пераліку акцый удзелу ў падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства ў розных установах адукацыі Глыбоцкага раёна. Калі табе гэта нецікава, можаш ужо цяпер перагарнуць старонку, а глыбачанам хай будзе прыемна. Бо гэта іх агульнае свята, бо яны гэта зрабілі. Такім чынам…

У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў раённага аддзела адукацыі ўсе ўстановы адукацыі Глыбоччыны склалі індывідуальныя планы па падрыхтоўцы да святкавання Дня беларускага пісьменства.

Раённым вучэбна-метадычным кабінетам распрацаваны праграмы краязнаўчага курса “Мой родны край — Глыбоччына” для дзіцячых садоў, 1—7 класаў, 8—9 класаў, створаны вучэбныя дапаможнікі для рэалізацыі гэтых праграм.

Педагогамі раёна сабраны, сістэматызаваны і перададзены ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны матэрыял па мясцовым фальклоры для стварэння кнігі “Фальклор Глыбоччыны”.

Распрацаваны экскурсійныя маршруты і падрыхтаваны навучэнцы для правядзення экскурсій па музеі П.В.Сухога ў глыбоцкай сярэдняй школе № 1, музеі Падсвільскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна, музеі Ігната Буйніцкага ў Празароцкай дзіцячым садзе — сярэдняй школе Глыбоцкага раёна.

Педагогамі сярэдняй школы № 1 створаны буклет аб касцёле Святой Тройцы, Склінскай дзіцячага сада — сярэдняй школы — “Задарожскі касцёл”, Удзялаўскай дзіцячага сада — сярэдняй школы — “Касцёл Нявіннага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі”, сярэдняй школы № 2 Глыбокага — набор паштовак з гісторыка-архітэктурнымі помнікамі.

Раённым вучэбна-метадычным кабінетам распрацаваны палажэнні аб конкурсе на лепшую ландшафтную кампазіцыю, прысвечаную Дню беларускага пісьменства, конкурсе дзіцячых малюнкаў “Мой край”, творчым конкурсе “Акулы пяра” і іншых з далейшым іх правядзеннем і вызначэннем пераможцаў.

У Глыбоцкай раённай гімназіі прайшоў паказ спектакля па п’есе Людмілы Рублеў­скай “Янук — рыцар Мятушкі” ў пастаноўцы школьнага тэатра “Несцерка”, у Празароцкай дзіцячым садзе — сярэдняй школе — тэатральныя мініяцюры паводле твораў беларускіх аўтараў.

У Чарневіцкай сярэдняй школе дэ­манст­равалася выстава з асабістай калекцыі настаўніка геаграфіі В.М.Норкі “Глядзім на старыя старонкі друку”.

У дзіцячых садках раёна праходзілі літаратурныя святы, ладзіліся экскурсіі для дзяцей у раённую бібліятэку. Сярод устаноў дашкольнай адукацыі быў праведзены конкурс на лепшы этнаграфічны куток.

Педагогі і навучэнцы Прошкаўскай дзіцячага сада — сярэдняй школы наведалі з экскурсіяй горад Полацк, а глыбоцкай сярэдняй школы № 3 — Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

У глыбоцкай сярэдняй школе № 1 адбылася сустрэча настаўнікаў і навучэнцаў з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатолем Зэкавым і Змітраком Марозавым.

Раённым аддзелам адукацыі набыта сацыяльна значная літаратура для бібліятэк устаноў адукацыі на суму 2 240 000 у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Ва ўсіх (31) установах адукацыі прайшлі дабрачынныя акцыі “Кнізе — другое жыццё”, “Падары кнігу бібліятэцы”, “Запісаўся сам — прывядзі сяброў!”.

У Падсвільскай сярэдняй школе ла­дзілася выстава “Самая старая кніга ў маёй сям’і”.

Створаны электронныя зборнікі даследчых работ навучэнцаў краязнаўчай скіраванасці, творчых работ (паэзія, проза, публіцыстыка) — “Памножыць славу прод­каў-землякоў”. Супрацоўнікамі Падсвільскага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства сабраны зборнік тэкстаў экскурсій па Глыбоцкім раёне…

…Тым часам я ўжо ішоў з раённага аддзела адукацыі ў глыбоцкую сярэднюю школу № 1 (першы пункт у маім маршруце). Праходзячы міма дзіцячага гарадка “Брыганціна”, шчыра парадаваўся за глыбачан, бо год назад у іх з’явіўся гэты сімпатычны і карысны рознакаляровы аб’ект. На якую хвіліну прыпыніўся, хуценька выхапіў з наваколля некалькі кадраў: пацешнага даішніка на ўваходзе, шчаслівую маладую маму з дзіцем на гушкалцы, кавалак мураванай сцяны-агароджы ААТ “Купцоў”, якую адзін мясцовы мастак графіці з дос­ціпам размаляваў сюжэтамі з добрых савецкіх мульцікаў… Вельмі міла, між іншым, атрымалася.

А ў школе мяне ўжо чакалі.

Самая старая і самая новая

Ужо зусім блізка на падыходзе да 1-й глыбоцкай сярэдняй школы я зноў быў вымушаны спыніцца, зачараваны прыгажосцю наваколля, і дастаць фотаапарат. Нейкае райскае хараство адкрылася вачам! Не школа, а нібы казачны палац высіўся на пагорку. На схіле — дзве велізарныя рознакаляровыя клумбы. Адна ў выглядзе разгорнутай кнігі. Другая — квяцісты гадзіннік са стрэлкай, якая паказвае восем раніцы. Тут жа, за некалькі дзясяткаў метраў, радуе вока возера Кагальнае. Так, так, атрымліваецца, што школа размясцілася літаральна на беразе возера ды яшчэ ў цэнтры горада. Такога мне не даводзілася бачыць яшчэ нідзе і ніколі. Усё не верачы сваім вачам, я рушыў у школу.

Наогул, глыбоцкая сярэдняя школа № 1 адначасова самая старая і самая новая ў горадзе. Самая старая, бо свой радавод школа вядзе з 1931 года, калі адбылося ўрачыстае асвячэнне яе вуглавога каменя, дакладней кажучы, вуглавога каменя польскай гімназіі, у якой, між іншым, выкладаў знакаміты Язэп Драздовіч. А самая новая, бо ў 2007 го­дзе тут быў пабудаваны новы будынак школы (ад старога школьнага комплексу застаўся толькі адзін корпус), несумненна, адзін з самых прыгожых сучасных будынкаў ва ўсім Глыбокім.

Дырэктар установы Іна Леанідаўна Савуліч з задавальненнем расказвае пра тыя шматлікія выгоды (выдатныя актавая і спартыўная залы, прасторная сталовая, спецыя­лізаваныя кабінеты фізікі, хіміі і інфарматыкі, шыкоўная бібліятэка і інш.), якія атрымала школа ў выніку засялення ў новы будынак. Згадвае і пра клумбы. “Гадзіннік” з’явіўся летась як сімвал непарушнасці повязі розных пакаленняў вучняў школы: і тых, якія вучыліся ў старым будынку, і тых, хто пайшоў ужо ў першы клас у новы. Стрэлка на васьмі гадзінах раніцы таксама сімвал: як і дваццаць, і пяцьдзясят гадоў назад, так і сёння дзеці спяшаюць на першы ўрок, які пачынаецца а восьмай… Клумба “Кніга” з’явілася сёлета як прысвячэнне Году кнігі і Дню беларускага пісьменства… І чым бліжэй мы падыходзілі ў гутарцы з Інай Леанідаўнай да тэмы сёлетняга свята ў Глыбокім, тым больш выразна я адчуваў, з якім нецярпеннем тут яго чакалі, з якой любоўю да яго рыхтаваліся. Экскурсія па школе толькі пацвердзіла гэтыя мае адчуванні: у фае — выстава навукова-даследчых работ вучняў і настаўнікаў, буклетаў пра глыбоцкія святыні; у бібліятэцы — шэраг кніжных экспазіцый, наўпрост звязаных з Днём беларускага пісьменства; усюды — адпаведныя плакаты, афішы, малюнкі… Дарэчы, 2 верасня свята для глыбоцкай сярэдняй школы № 1 не закончыцца, а, напэўна, толькі пачнецца, бо галоўная святочная падзея менавіта для гэтай навучальнай установы адбудзецца 3 верасня, калі тут прой­дзе ўрачыстае мерапрыемства з удзелам ганаровых і чаканых гасцей, у прыватнасці прадстаўнікоў маскоў­скага холдынга “Сухі” і ўнучкі легендарнага авіяканст­руктара Паўла Восіпавіча Сухога Марыі Георгіеўны Васкрасенскай. У школе дзейнічае ўнікальны музей П.В.Сухога, а нядаўна школе прысвоілі яго імя…

“Мы дзелім яго з Гомелем…”

Для таго каб сёння кожны адукаваны глыбачанін і не толькі глыбачанін ведаў, што геніяльны стваральнік маркі “Су” быў ураджэнцам не Гомеля (куды ён пераехаў у маленькім узросце і дзе вучыўся ў гімназіі), а Глыбокага, па­трэбна было нарадзіцца, прынамсі, двум людзям: старшаму навуковаму супрацоўніку Гомельскага абласнога краязнаўчага музея Мікалаю Сямёнавічу Царкову і настаўніцы гісторыі глыбоцкай сярэдняй школы № 1 Тэрэзе Эдуардаўне Рабіза. Першы ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя адкрыў той факт, што Павел Восіпавіч Сухі нарадзіўся ў Глыбокім (да гэтага ўсе энцыклапедыі называлі яго месцам нараджэння Гомель). Другая ў пачатку 80-х гадоў, яшчэ будучы маладой спецыялісткай, прыйшла працаваць настаўніцай гісторыі ў 1-ю школу, не на жарт захапілася тэмай “Павел Сухі з Глыбокага”, у 1984 годзе арганізавала ў школе гурток “Пошук” і стала ініцыятарам стварэння ва ўстанове музея П.В.Сухога, які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1985 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння авіяканструктара. І вось ужо амаль трыццаць гадоў Тэрэза Эдуардаўна апантана займаецца папулярызацыяй імя П.В.Сухога сярод глыбачан. “Мы дзелім яго з Гомелем…” — з годнасцю гаворыць яна. Давайце паслухаем, як усё было, уявім, што мы ў музеі 1-й глыбоцкай сярэдняй школы.

Экскурсавод: “Добры дзень. Я запрашаю вас прасачыць за лёсам нашага знакамітага земляка, генеральнага авіяканструктара Паўла Восіпавіча Сухога, за тым, як ён прыйшоў у авіяцыю, як пачаў свой разбег па жыццёвай “узлётнай паласе”, як захапіўся небам і доўгія гады працягваў свой імк­лівы разбег у неба, які не быў роўным і бязвоблачным. Былі і няўдачы, і выбітныя поспехі, і бліскучыя рэкорды. (Падыходзіць да стэнда “П.В.Сухі — ура­джэнец горада Глыбокае Віцебскай вобласці”.) Месца, адкуль бярэ пачатак род Сухіх, — Вілейшчына. Дзед знакамітага на ўвесь свет авіяканструктара П.В.Сухога, Андрэй Аляксеевіч Сухі, — з вёскі Пахомава Вілейскага павета Віленскай губерні. Ён быў прыгонным селянінам у памешчыка Гіцэвіча памесця Вязынь. Андрэй Сухі быў пісьменным, закончыў Чарнігаўскую школу пчалярства ў 1837 годзе.

І былі ў яго два сыны: Мікалай і Восіп. Восіп Андрэевіч нарадзіўся ў Вязыні 23 снежня 1867 года. У 1887 годзе закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі ён працуе настаўнікам у народных вучылішчах Віленскай губерні з 5 верасня 1887 года па 15 жніўня 1899 года. Першым месцам яго работы было Гануцкае народнае вучылішча (1887—1889 гады). У нашым музеі захоўваецца падзяка настаўніку Гануцкага народнага вучылішча В.А.Сухому. Тут, у Гануце, ён сустрэў сваю будучую жонку Лізавету Гісіч, яна была з сялян. Лізавета назаўсёды паланіла маладога настаўніка сваёй прыгажосцю і гаспадарскай кемлівасцю. Лізавета Якаўлеўна нарадзілася ў 1872 годзе. У 1888 годзе закончыла Гануцкае народнае вучылішча…

У 1889 годзе Восіп Андрэевіч працаваў нас­таўнікам Чарневіцкага народнага вучылічша. З 1892 па 1897 год разам з жонкай жыў у мястэчку Глыбокае Віленскай губерні Дзісненскага павета. Ён працаваў настаўнікам у Глыбоцкім народным вучылішчы, якое было пабудавана ў 1885 годзе і займала зямлю па актах Люстрацыйнай камісіі пры царкве Нараджэння Багародзіцы. У Глыбокім 10 (23) ліпеня 1895 года нарадзіўся ў сям’і В.А.Сухога сын Павел. У метрычнай кнізе глыбоцкай царк­вы Нараджэння Багародзіцы за 1895 год ёсць наступны запіс: “Тысяча восемсот дзевяноста пятага года дзясятага ліпеня наро­джаны і хрышчаны Павел. Бацькі яго: настаўнік Глыбоцкага народнага вучылішча Восіп Андрэевіч Сухі і яго законная жонка Лізавета Якаўлеўна Гісіч. Таінства хрышчэння здзейс­ніў свяшчэннік Іларыён Віляноўскі і дыякан Беня­дзікт Нарановіч. Належны гербавы збор аплочаны ў горадзе Вільня лютага 12 дня 1903 года”. За час работы ў Глыбоцкім народным вучылішчы Восіп Андрэевіч і яго жонка неаднаразова атрымлівалі пісьмовыя падзякі і грашовыя ўзнагаро­джанні. Ён — за работу з вучнямі, арганізацыю хору. Яна — за паспяховае навучанне дзяўчынак шыццю і рукадзеллю.

А цяпер, паважаныя госці, пяройдзем, калі ласка, да нас­тупнага стэнда, прысвечанага гомельскаму перыяду жыцця Сухіх”.

Два браты. Адзін — Сухі, другі — Мокры…

Экспазіцыя музея П.В.Сухога складаецца з чатырох раздзелаў, прысвечаных, адпаведна, глыбоцкаму перыяду сям’і Сухіх, гомельскаму перыяду, канструктарскай дзейнасці П.В.Сухога і яго ўкладу ў перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Можна толькі здзіўляцца той неверагодна вялікай колькасці копій дакументаў, якія ёсць у музеі, памятаючы пры гэтым, што большасць з іх здабывалася Тэрэзай Эдуар­даўнай у той час, калі яшчэ не было сучаснай лічбавай капіравальнай тэхнікі.

Малых жа, вядома, тут проста не адарваць ад рэальнага пульта кіравання першага ў СССР знішчальніка са зменнай геаметрыяй крыла “Су-17”, капатультнага крэсла (гэта ўсё падарункі музею ад Баранавіцкага авіярамонтнага завода), шматлікіх мадэляў самалётаў. Ёсць ва ўласнасці музея і багатая відэатэка з навукова-папулярнымі фільмамі пра ўсе мадыфікацыі самалётаў маркі “Су”.

А спецыяльна да Дня беларускага пісьменства Тэрэза Эдуардаўна разам з калегамі і вучнямі падрыхтавала надзвы­чай цікавы стэнд “Род Сухіх і Беларусь”. Як ні дзіўна, у родзе Сухіх знайшлася нітачка, якая наўпрост вядзе да беларускай літаратуры. А з’яўляецца гэтай нітачкай стрыечны брат Паўла Восіпавіча Сухога Андрэй Мікалаевіч Сухі. Апошні, які быў, дарэчы, добрым сябрам класіка айчыннай літаратуры Максіма Гарэцкага (яны разам вучыліся ў Гора-Горацкім земляробчым вучылішчы), арганізаваў у навучальнай установе літаратурны гурток, разам з сябрамі-навучэнцамі распаўсюджваў газету “Наша ніва”, беларускія календары. А цяпер усміхніся, дарагі чытач! Свае творы ў газеце “Наша ніва” Андрэй Мікалаевіч Сухі падпісваў псеўданімам… Мікола Мокры. “Выходзіць, былі два стрыечныя браты. Адзін — Сухі, другі — Мокры…” — усміхнулася, расказваючы гэтую гісторыю, і Тэрэза Рабіза.

Сапраўды, усё, што робіць гэтая настаўніца на асветніцкай музейнай ніве, не можа не выклікаць захаплення. Вось і сёння на навукова-практычнай канферэнцыі “Глыбоцкія чытанні”, несумненна, яна зацікавіць слухачоў сваім дакладам, прысвечаным яшчэ аднаму яркаму ўраджэнцу Глыбокага — пісьменніку Лявонцію Ракоўскаму. Удзельнікі чытанняў, у прыватнасці, даведаюцца пра тое, што ў адным са сваіх самых ранніх зборнікаў апавяданняў “Зялёная Амерыка” пісьмен­нік сабраў, па сутнасці, аўтабіяграфічныя творы, а большасць іх герояў літаральна спісана з жыхароў Глыбокага пачатку стагоддзя, тых, якіх бачыў і ведаў маленькі Лявон асабіста. І што гэта за зялёная Амерыка такая? Гэта… могілкі. Старадаўнія яўрэйскія могілкі, якія, па словах Тэрэзы Эдуардаўны, знаходзіліся некалі ў Глыбокім недалёка ад таго месца, дзе сёння знаходзіцца рынак, і якія былі спалены ў 1941 годзе немцамі. Пра што маглі марыць у пачатку мінулага стагоддзя глыбоцкія яўрэі, якія складалі тады пераважную большасць насельніцтва мястэчка? Яны марылі пра лепшае жыццё, якое асацыіравалася ў іх з Амерыкай. Многія і з’язджалі. А тыя, хто не паспеў ці не змог… Аднойчы стары аптэкар Мота, які жыў побач з Ракоўскімі, некуды знік. Малому Лявону бацька сказаў, што ён з’ехаў у зялёную Амерыку.

 Стыў Джобс з раённай гімназіі

Глыбоцкая раённая гімназія і глыбоцкая сярэдняя школа № 3, у якой гімназія, уласна кажучы, і арандуе памяшканне, — гэта яшчэ адзін астравок настаўніцка-вучнёўскай актыўнасці і беспрэцэдэнтнай ініцыятывы. Напачатку толькі некалькі фактаў з шэрагу дасягненняў. Настаўніца музыкі гімназіі Ганна Шакола, якая пастаянна піша песні на словы былога дырэктара 3-й школы, паэта Віталя Гарановіча (на жаль, ён не так даўно пайшоў з жыцця), прызнана чалавекам года Віцебшчыны. Або вось такое. Каманда дзевяцікласнікаў з раённай гімназіі ў скла­дзе Юлі Баран, Святланы Цяліцы і Андрэя Анісковіча сёлета прадстаўляла сваю даследчую работу “Восеньскі ліст як крыніца цеп­лавой энергіі” на з’ездзе БРСМ як адну з лепшых у рамках праекта “100 ідэй для Беларусі”. Прыемна было даведацца і пра тое, што ў гімназіі ўжо восьмы год запар праводзіцца гімназічная канферэнцыя, на якой вучні прэзен­туюць свае навукова-даследчыя работы, і ў гэтым годзе гімназісты “прайшліся” па творчасці літаральна ўсіх глыбоцкіх паэтаў. Хто ведае, можа быць, для апошніх гэта і ёсць найлепшы падарунак да Дня беларускага пісьменства? Каб іх ведалі ў першую чаргу на малой радзіме, каб іх ведалі тыя дзеці, якія побач. Такая надзейная сініца ў сваёй руцэ, а не прывідны жораў у мінскім небе…

Зрэшты, не буду ўтойваць: напрасіўся наведаць Глыбоцкую раённую гімназію найперш дзеля таго, каб пазнаёміцца з тутэйшым вучнем Уладзіславам Лаўцэвічам і настаўніцай інфарматыкі Лідзіяй Анатольеўнай Раманчук. Гэта ж сенсацыя! Шасцікласнік (ну цяпер ужо сямікласнік) Улад Лаўцэвіч стварыў пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы тое, чаго да гэтага па нейкіх незразумелых прычынах не было, але што па логіцы ХХІ стагоддзя даўно павінна было ўжо з’явіцца, — інтэрнэт-сайт, прысвечаны Дню беларускага пісьменства. Яшчэ раз падкрэслю: хлопчык і настаўніца ўзяліся дый прапісалі Дзень беларускага пісьменства ў сеціве. Вось па гэтым адрасе: www.belpismennost12.ucoz.ru.

Зайдзіце, калі не верыце. Там вы знойдзеце поўную інфар­мацыю пра гісторыю развіцця пісьменства ў Беларусі, гісторыка-культурную спадчыну і знакамітых людзей, гісторыю самога Дня беларускага пісьменства (віртуальна зможаце пабываць ва ўсіх папярэдніх сталіцах свята), пазнаёміцца з асаблівасцямі святкавання ў Глыбокім і канк­рэтна ў Глыбоцкай раённай гімназіі, пагартаць фота­альбом, пачуць водгукі пра сайт, даведацца пра змест створаных кніг аб гарадах-сталіцах Дня беларускага пісьменства (на беларускай, рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах) і яшчэ пра многае-многае іншае. Там жа можаце ўважліва разгледзець лагатып Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім, які таксама распрацаваў Уладзіслаў Лаўцэвіч, стаўшы пераможцам раённага конкурсу на лепшы эскіз лагатыпа свята. Дарэчы, і сам сайт ствараўся як даследчая работа Уладзіслава (з ёй спачатку ён стаў лаўрэатам IV раённай канферэнцыі вучнёўскіх даследчых работ “Крок у будучыню”, а потым перамог на абласным дыстанцыйным конкурсе праектаў “Я пазнаю свет”). Менавіта ў сувязі з тым, што гэта была даследчая работа, быў выбраны бясплатны хостынг на Ucoz, дзе праграма-канструктар сайта не дазваляе ствараць беларускамоўны варыянт. Затое сёння ўжо распрацаваны спасылкі ўсёй інфармацыі сайта на беларускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах…

Так, магчыма, усё гэта — сенсацыя. А па вялікім рахунку, ніякай сенсацыі і няма. Проста ёсць вельмі цікаўны хлопчык, які з камп’ютарам сябруе з чатырох гадоў, з васьмі гадоў — з інтэрнэтам, з 4 класа наведвае міжшкольны факультатыў па інфарматыцы, удзельнічае і перамагае ў розных конкурсах і алімпіядах па інфарматыцы, сваім кумірам лічыць Стыва Джобса і ўжо сёння марыць пра тое, каб працаваць у Парку высокіх тэхналогій. І ёсць уважлівая, адказная настаўніца, якая займаецца з гэтым хлопчыкам якраз на гэтым сваім міжшкольным факультатыве па інфарматыцы і бачыць у хлопчыку вялікія здольнасці і вялікую прагу да ўзба­гачэння ведаў.

Аднойчы хлопчык прызнаўся сваёй настаўніцы, што хацеў бы стварыць сайт у якасці даследчай работы, але не можа вызначыцца з тэмай. І нас­таўніца падказала тэму, вельмі актуаль­ную для Глыбокага ў 2012 годзе. І пачалася сумесная работа не на ­адзін месяц: вывучэнне матэрыялаў з іншых сайтаў па гэтай тэме (на запыт “Дзень беларускага пісьменства” пошукавая сістэма “Яндэкс” выдае 545 тысяч адказаў!), кансультацыі з супрацоўнікамі гісторыка-этнаграфічнага музея і інш.

— Улад, а што табе больш за ўсё спадабалася непасрэдна ў працэсе работы над сайтам?

— Загружаць матэрыялы… Гэта было класна. І вельмі лёгка.

— А што ў такім разе падалося табе самым складаным?

— Настройкі дызайну: дзе і як заставіць… Адно паставіш, другое тут жа выпадае. Без дапамогі Лідзіі Анатольеўны я, вядома ж, не абышоўся б.

— Паслухай, Улад, а вось само свята — Дзень беларускага пісьменства — цябе чым найбольш зацікавіла? Як бы ты, напрыклад, па­тлумачыў якому-небудзь замежнаму госцю, што гэта за свята такое адзначаюць беларусы кожную першую нядзелю верасня?

(І тут я пачуў з вуснаў дванаццацігадовага хлопчыка тое, што зусім не чакаў пачуць ад яго, тым больш у гэтым кантэксце і ў гэтай сітуацыі. Тое, ад чаго я нават крыху здрыгануўся. Так нечакана мудра і нетрывіяльна гэта было, так шчыра… Перадаю адказ Уладзіслава без прыхарошвання, з усёй яго стылістыкай.)

— Ну, людзі не хацелі, каб забывалі іх паэ­таў, культурных, розных там іншых дзеячаў. Вось і стварылі свята. Ну, гэта свята памяці, я так разумею…

Люблю тое, у што веру, а веру ў тое, што люблю

Калі ў глыбоцкай сярэдняй школе № 1 ёсць свая Тэрэза Эдуардаўна Рабіза, то ў Залескай дзіцячым садзе — сярэдняй школе ёсць свой Рыгор Леанідавіч Шарыпкін. Аналогія празрыстая. Як без Тэрэзы Эдуардаўны ў глыбоцкай школе наўрад ці калі-небудзь з’явіўся б музей П.В.Сухога, так і без Рыгора Шарыпкіна ў Залескай школе ніколі б не было гісторыка-краязнаўчага музея “Мінулае Залешчыны”, тым больш ТАКОГА музея. У кожнага “дзіцяці” — свой анёл-ахоўнік.

Наогул, кіраўнік музея, настаўнік рускай мовы і літаратуры Рыгор Шарыпкін — асоба вядомая ў краязнаўчым асяроддзі ў маштабах усёй краіны. У краязнаўстве ён з 1994 года. Аўтар краязнаўча-даследчых кніг “Гісторыя Залескага маёнтка” (2000 г.), “Гісторыя залескага краю” (2002 г.), “Гісторыя Залескай школы” (2007 г.). Удзельнік археалагічных раскопак старажытнагрэчаскай калоніі-поліса Ольвіі (Ленінградскі інстытут археалогіі, 1988 г.), гарадзішчаў ранняга жалезнага веку каля вёскі Зубкі (1995 г.) і каля вёскі Запруддзе (1998 г.) пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь археолага А.М.Мядзведзева (Мінск). Аўтар больш як 50-ці краязнаўчых нарысаў, змешчаных у раённым, абласным і рэспубліканскім друку. Апошняя кніга краязнаўча-публіцыстычных нарысаў па гісторыі родных мясцін “Залескі край. Мінулае ў люстэрку часу” ўбачыла свет напярэдадні сёлетняга Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім (сігнальны экзэмпляр надрукаваны раённым аддзелам адукацыі). Большая частка новай кнігі — літаратурна апрацаваныя даследчыя матэрыялы па гісторыі Залешчыны, падагульненне пошукава-даследчай дзейнасці краязнаўчага гуртка “Наша спадчына” за перыяд з 2007 па 2012 год. Калі з’явіцца магчымасць і падтрымка ў друкаванні большай колькасці экзэмпляраў выдання, можна гаварыць аб тым, што гэтая кніга будзе служыць падручнікам або вучэбным дапаможнікам для дзяцей па краязнаўстве ці па факультатыўным курсе “Мой родны край — Глыбоччына”, які выкладаецца ў школах Глыбоччыны з 2010 года.

І музей, якім кіруе Рыгор Леанідавіч, таксама вядомы на ўсю краіну. Пра яго пісалі шматлікія выданні, у тым ліку і “Настаўніцкая газета”, здымаліся кінапраграмы. Даследчыя і метадычныя матэрыялы музея друкаваліся ў зборніках “Да 80-годдзя Полацкага краязнаўчага музея” (Полацк, 2006 г.), “Дзісненшчына — мая радзіма” (вёска Германавічы, 2009 г.), “Мой родны кут! Як ты мне мілы…” (вёска Германавічы, 2011 г.), часопісах “Беларускі гістарычны часопіс” (2011 г.), “Народная асвета” (2011 г.). Матэрыялы аб дзейнасці залескіх апантаных даследчыкаў змешчаны ў кнігах “Глыбоччына: ад старажытнасці да сучаснасці”, “Пралеска сіняй Беларусі”, “Краязнаўцы Віцебшчыны”. Абагульненне вопыту работы школьнага музея і дзейнасці краязнаўчага гуртка “Наша спадчына” прадстаўлялася на абласных конкурсах метадычных распрацовак у 2007, 2009, 2010, 2011, 2012 гадах. А ўсяго за перыяд з 2006 па 2012 год за плённую творчую дзейнасць на краязнаўчай ніве, распрацаваныя конкурсныя даследчыя і метадычныя матэрыялы краязнаўчы гурток “Наша спадчына” Залескай школы атрымаў 27 грамат і дыпломаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. 5 разоў школа выходзіла на рэспубліку, 8 разоў — на вобласць (атрымлівала званні лаўрэатаў, дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені).

Звернем увагу на гэты перыяд — з 2006 па 2012 год. Музей жа яшчэ зусім малады! А ён паспеў ужо зазнаць нават пашырэнне: у 2010 годзе ў дадатак да першапачатковай экспазіцыі, дзе распавядаецца наогул пра мінулае Залешчыны, адкрыліся яшчэ, па сутнасці, два новыя музеі — музей гісторыі Залескай школы і этнаграфічны музей залескага краю. На сённяшні дзень колькасць наведвальнікаў усяго музейнага комплексу Залескай школы склала больш за 1340 чалавек. За гэты ж перыяд у музеі і на яго базе (перасоўныя экспазіцыйныя выставы, тэматычныя калекцыі, прадметныя заняткі, творчыя мерапрыемствы, класныя гадзіны, пасяджэнні метадычных аб’яднанняў настаўнікаў) праведзены 102 экскурсіі.

“Уся каштоўнасць краязнаўчай работы ў школе, — падкрэслівае Рыгор Леанідавіч, — і заключаецца ў тым, што магчымасці гэтага кірунку выхавання для дзяцей і падлеткаў неабмежаваныя — настолькі шырокі дыяпазон і межы творчых спраў для арганізацыі культурнага адпачынку школьнікаў сродкамі краязнаўства. Магчымасць існавання ў школе свайго  музея дае дзецям выдатны шанс адчуваць сябе самастойнымі і адказнымі ў справе, напрыклад, правядзення экскурсій у музеі — працаваць экскурсаводамі падчас прыёму гасцей. Дзецям заўсёды падабаецца нешта незвычайнае, цікавае: гэтую цікавасць выклікаюць экспанаты нашага музея, з якімі вучні працуюць і якія даследуюць. Як дапаўненне да школьнага краязнаўчага музея работа і дзейнасць краязнаўчага гуртка “Наша спадчына”. Кожны год праграма яго заняткаў мяняецца. Мяняецца і склад удзельнікаў, бо заўважана, што самая непадробная цікавасць і захапленне дзяцей краязнаўствам доўжыцца на працягу вучобы ў 5—9 класах. Таму можна лічыць, што кожны вучань у школе абавязкова пройдзе гэтую школу, назва якой “Краіна Краязнаўства”.

Заняткі краязнаўчага гуртка прадугледжваюць знаёмства з гісторыяй залескага краю па гістарычных вехах: археалогія, Залессе ў XVI—XX стагоддзях, залескі край у складзе Польшчы (1921—1939 гады), трагічныя старонкі фашысцкай акупацыі (1941—1944 гады), славутыя асобы, паэты, пісьменнікі і таленты залескага краю, этнаграфія Залешчыны, гісторыя Залескай школы (з 1870 года і да нашых дзён ). Вывучэнню гэтых тэм адпавядае экспазіцыйная структура музея. Акрамя гэтага, краязнаўчая работа дазваляе праводзіць археалагічныя даследаванні, займацца пошукавай і даследчай дзейнасцю, збіраць, вывучаць і экспанаваць прадметы даўніны. Выніковасць пошукавай і даследчай дзейнасці дае магчымасць творча прадставіць для грамадскасці свае конкурсныя праекты і распрацоўкі.

У школьным краязнаўчым музеі назапашаны багаты метадычны і дыдактычны матэрыял, фактычна, на любую краязнаўчую тэматыку. І гэта скарбонка нашых даследаванняў і пошукаў з’яўляецца добрай падтрымкай для саміх вучняў, для настаўнікаў школы пры правядзенні заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў, акцый, гульняў, віктарын, для напісання сачыненняў і артыкулаў у газету…

З моманту адкрыцця ў школе краязнаўчага музея менавіта на яго базе з удзелам вучняў і прыцягненнем для выставачнай і даследчай работы фондаў музея за 2007—2012 гады ў Залескай сярэдняй школе праведзены пасяджэнні метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў, гісторыі, сусветнай мастацкай культуры, геаграфіі, беларускай мовы і літаратуры, замежнай мовы, класных кіраўнікоў, намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, кіраўнікоў школьных краязнаўчых музеяў і турыстычна-краязнаўчых гурткоў Глыбоцкага раёна. Для работы кожнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў выбіралася свая форма работы, заўсёды ў гэтым удзельнічалі дзеці, а тэматыка паказу краязнаўчых вынікаў, дасягненняў, адкрыццяў ніколі не паўтаралася…

Метадычная база школьнага музея налічвае больш за 20 краязнаўчых распрацовак на самую розную тэматыку: даследаванні па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, этнаграфіі, нумізматыцы, геральдыцы, тапаніміцы, вучнёўскія радаводы, царкоўнае краязнаўства. Сярод створаных за гэты перыяд краязнаўча-даследчых работ асаблівую ўвагу прыцягваюць вучнёўскія конкурсныя праекты, якія з поспехам прынялі ўдзел у  рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” . Найбольш значныя наступныя работы: праект краязнаўчага маршруту “Залешчына”, праект турыстычна-краязнаўчага маршруту “Блакіт Залешчыны”, даследаванні “Летапіс Залескай школы (1870—2010 гады) — 3-е месца ў рэспубліцы; “Этнаграфія Залескага краю” — званне лаўрэата ў рэспубліцы; “Летапіс вёскі Залессе” — 1-е месца ў рэспубліцы. Паспяхова краязнаўчы гурток удзельнічаў у ІІІ Абласным конкурсе юных экскурсаводаў, які праходзіў сёлета ў Полацку. Прадстаўніца школы, экскурсавод школьнага музея Марына Рагацень заваявала 2-е месца ў вобласці. Яна, дарэчы, з’яўляецца адным з самых творчых і таленавітых юных краязнаўцаў Залешчыны, піша вершы, апавяданні, нарысы…

…Калі Рыгор Леанідавіч узяўся кароценька прадставіць мне экспазіцыю музея, я, далібог, не мог адвесці ад яго вачэй, не мог уставіць ні слова. Стаяў як укопаны, глядзеў, слухаў. Вось ён бярэ, здавалася б, звычайны каменьчык, а там, усярэдзіне, акамянелы папаратнік (“а я нават на каменьчыках вучу дзяцей разумець гісторыю”). Вось ён падыходзіць да стэнда і распавядае пра колішнія навакольныя храмы, а тут быў і касцёл, і праваслаўная царква, і  страверская. Нібыта між іншым дадае: “Мы з вучнямі гісторыю ўсіх гэтых храмаў даследавалі”. Вось ён паказвае на партрэт нейкага чалавека і гаворыць, што ў свой час гэта быў лепшы сябар Язэпа Драздовіча, які часта ў яго спыняўся. Гаворка ідзе пра Янку Пачопку, па адукацыі агранома, а па прызванні паэта, апантанага збіральніка і абаронцу фальклору… Вочы Рыгора Леанідавіча раптам загараюцца: “А гэтай вясной мы знайшлі два арыгіналы вершаў з яго рукапіснага зборніка! Выпадкова. У адной хаце… Побач, у вёсцы Загор’е, яго дачка жыве”.

Як можна так любіць усё гэта старасвецкае? Як можна так радавацца любой, нават самай малюсенькай знаходцы? Якім быць павінна крэда ў такога чалавека?

“Я жыву па запавеце Язэпа Драздовіча, — адказвае Рыгор Шарыпкін. — Люблю тое, у што веру, а веру ў тое, што люблю”.

“Размова мужыка з панам”

А для сённяшніх “Глыбоцкіх чытанняў” у Рыгора Шарыпкіна ёсць свой сюрпрыз. Гісторыя такая. Хадзіў у свой час у народзе адзін ананімны верш, напісаны хутчэй за ўсё ў часы паўстання Кастуся Каліноўскага. Называўся “Размова мужыка з панам” і ўяўляў сабой гэтакую спрэчку паміж панам і беларускім селянінам. У друку (на старонках зборніка “Беларусь”) з’явіўся ён толькі ў 1924 годзе дзякуючы намаганням паэта Анатоля Дзяркача, які запісаў гэты верш, збіраючы фальклор у ваколіцах Навагрудка. Гісторыя гэтая амаль нічога б не значыла, калі б аднойчы Рыгор Шарыпкін падчас адной з краязнаўча-пошукавых вандровак не знайшоў рукапісны летапіс залескай Свята-Пакроўскай царквы (падзеі грамадскага жыцця залескага краю з 1880 па 1914), а ў гэтым летапісе не наткнуўся на… гэты самы верш. Ананімны народны твор быў адшуканы на старонцы 227-й летапісу. Напісаны хімічным алоўкам, а зверху перакрэслены крыж-накрыж некалькі разоў ужо другім алоўкам, фіялетавага колеру, і тут жа паверх радкоў нанесены другі запіс-“рэзалюцыя” на рускай мове: “Глупо и невежественно”.

Вось ён той верш у сучаснай літаратурнай апрацоўцы Рыгора Шарыпкіна:

 Як жывеш, Стэфане?
А жыву сабе, пане!
Як ёсць здарова жонка твая?
Няхай прыходзіць да мяне на работу,
Касіць і жаць толькі трэба.
Дам грошай, дам і хлеба.
Досыць нам панскага хлеба!
Панскі хлеб нам надакучыў!
Досыць тады нас пан намучыў!
Праз дзень нам нада было рабіці,
А вечарам прыйдзеш — будуць біці.
Рыгор Шарыпкін разважае: “Калі, пры якіх абставінах, чаму мог з’явіцца гэты ананімны верш даволі “небяспечнага” зместу, тым больш на старонках (!) царкоўнага летапісу. Напісаў яго той чалавек, які меў досыць свабодны доступ да штатнай кнігі залескай царквы. Гэта быў не святар адназначна, бо царкоўны служыцель як чалавек, дасканала валодаючы граматным пісьмом, не дапусціў бы памылак у арфаграфіі і не ўжываў бы змешанай лексікі. Дастаткова прабегчыся па папярэдніх старонках летапісу, дзе залескія святары акуратна ліст за лістом запаўнялі агляд і асэнсаванне мінулых падзей на Залешчыне год за годам: усё запісана на чыстай рускай мове, без адзінай арфаграфічнай памылкі. Перакрэслены верш і запіс “Глупо и невежественно” сведчаць аб тым, што рэзалюцыя нанесена менавіта святаром, які, пераглядваючы старонкі летапісу, і наткнуўся на нечаканы запіс.

Пытанне наступнае: добра разумеючы, што гэты верш — твор даволі небяспечны ў ідэалагічным і нават палітычным сэнсе, чаму святар не вырваў старонку з гэтай “крамолай”, пакінуў верш проста перакрэсленым са сваім кароткім рэзюмэ? Магчыма, верш быў запісаны псаломшчыкам або старастам царквы, чалавекам з вясковага, сялянскага асяродка. Невядомы нам чалавек даволі добра валодаў граматай, а дапушчаныя памылкі — звычайны паказчык любога вясковага “грамацея”, які скончыў звычайную вясковую школу граматы або царкоўнапрыхадскую школу таго часу. Прыкмета таго, што невядомы аўтар — з нашых вёсак: лексічныя асаблівасці мовы, так званая “трасянка”, на якой, дарэчы, і зараз размаўляюць нашы вяскоўцы: “нада”, “работа”, “тагды”. Шмат паланізмаў, якія не проста перадаюць вобраз пана, але і сведчаць аб ужыванні польскамоўных слоў у мясцовай гаворцы. Наяўнасць знакаў дарэвалюцыйнага алфавіта — сведчанне жывучасці традыцый дарэформеннага пісьма (да 1918 г.). Шмат у якіх дакументах перыяду 1919—1939 гадоў, нават акупацыйнага перыяду 1941—1944 гадоў, знойдзеных на Залешчыне, запісы, зробленыя нашымі вяскоўцамі, даказваюць гэта.

Час напісання? Магчыма, перыяд пасля 1917 года, магчыма, перыяд, калі мы былі ў складзе Польшчы з 1921 па 1939.

Што штурхнула невядомага аўтара на гэты запіс? Момант эмацыянальнага ўзрушэння, душэўныя перажыванні ў хвіліны адчаю, пачуты верш, які лёгка ложыцца на памяць і просты, і даступны для ўсведамлення нашага земляка,  змест, які адпавядаў на той момант цяжкай рэчаіснасці? Тут можа быць што заўгодна… Важна тое, што верш быў добра вядомы на Залешчыне людзям, яго насілі ў памяці, яго ведалі… І, думаецца, яны добра разумелі глыбінны сэнс гэтага твора.

У залескім летапісе за 1880 год святар Максімільян Памяранцаў зрабіў наступны запіс, характарызуючы грамадскія пазіцыі мясцовага сялянства: “К событиям 1812, 1830 и 1863 года местные крестьяне, насколько можно судить по рассказам стариков, относились совершенно пассивно и старались только оберегать свои пожитки”.

Верш, знойдзены ў летапісе залескай царквы, напрамую звязаны з падзеямі паўстання 1863—1864 гадоў, з дзейнасцю Кастуся Каліноўскага, створаны ў тыя часы, яскрава сведчыць аб адваротным… Памяць аб тых падзеях захоўвалася ў нашых людзей, ананімны верш на старонках царкоўнага летапісу гаворыць аб спачуванні вяскоўцаў героям паўстання.

Чаму верш не быў знішчаны святаром, а прызнаны толькі “глупым и невежественным” на словах? Можа, святар таксама зразумеў, што гэта ўсё ж такі народны літаратурна-гістарычны твор, і, нягледзячы на ідэалагічную небяспечнасць вершаваных радкоў, ён проста пашкадаваў знішчаць яго, у глыбіні душы разумеючы каштоўнасць народнага слова, крык душы простага селяніна, адчай, які выгукнуў калісьці ў часы паўстання невядомы нам самадзейны паэт? Безумоўна, гэта знаходка для нашых мясцін — неацэнны момант летапісу Залешчыны, яшчэ адна таямніца гісторыі”.

Шляхам любові…

Я ўжо спяшаў на апошні аўтобус на Мінск, і мы літаральна на некалькі хвілін паспелі заехаць у вёску Мярэцкія, дзе я меў зусім кароткую размову з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры тамтэйшай школы, кіраўніком літаратурнага гуртка Ганнай Зінкевіч. Па сутнасці, і паспелі толькі  пазнаёміцца. Яшчэ Ганна Браніславаўна падпісала мне свой апошні зборнік вершаў “Шляхам любові”.

Чытаў па дарозе.

Шляхам любові завецца дарога да Бога.
Шляхам любові сэрца імкнецца да сэрца.
Не пакідай мяне, вернасць, любоў і трывога…

З кожным вершам Глыбокае заставалася ўсё далей і далей. Убачанае, пачутае і адчутае ў Глыбокім правярала маё сэрца на глыбіню… Абмацвала, казытала дно.

Мікола ЧЭМЕР.