Гомельскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства “Веды” — 15 гадоў

- 16:49Рознае, Якасць адукацыі

Беларускае таварыства “Веды” за 65 гадоў існавання мае ў сваёй скарбонцы незлічонае мноства лекцый, сустрэч і трэнінгаў. Пасля распаду СССР таварыства перажыло не лепшыя часы. Тым не менш уменне зразумець патрэбы грамадства і пачаць задавальняць іх дазволіла “Ведам” не толькі не страціць папулярнасці, а яшчэ і выйсці на новы ўзровень. Гэтаму паспрыяў і выдадзены ў кастрычніку 2007 года Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі “Аб стварэнні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды”. Так было выразна акрэслена кола дзяржаўна значных задач, у аснове якіх — інфармаванне і адукацыя, накіраваныя на фарміраванне грамадзянскай і патрыятычнай пазіцыі, на удасканаленне прававой, эканамічнай, кіраўніцкай дзейнасці. Важнымі прыярытэтамі ў дзейнасці таварыства застаюцца таксама прапаганда высокай духоўнасці, маральнасці і культуры чалавека.

— Іншы раз можна пачуць, што ў апошні час цяга да ведаў аслабла, — разважае нязменны старшыня праўлення Гомельскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства “Веды” М.І.Рыбак. — Сапраўды, такая тэндэнцыя праглядваецца. Але я асабіста адношу гэта да недальнабачных рашэнняў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, бо разумны кіраўнік заўсёды гатовы ўкладваць інвестыцыі ў веды сваіх падначаленых, тым больш у сучасных умовах, калі свет нястрымна імчыць, патрабуючы ад нас пастаянна займацца адукацыяй.
Многія гомельскія прадпрыемствы, як запэўнівае Мікалай Іванавіч, даволі актыўна супрацоўнічаюць з гарадскім таварыствам. ААТ “Гомельтранснафта Дружба”, Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі, РУП “Гомельэнерга”, РУП “Гомсельмаш”, ААТ “Гомельшкло” і іншыя стараюцца арганізаваць для сваіх спецыялістаў розныя лекцыі і сустрэчы. І самі спецыялісты з гатоўнасцю ўспрымаюць інфармацыю, задаюць пытанні лектарам. Здаецца, сёння ўсё спрашчаецца — любыя веды можна “дастаць” у інтэрнэце. Але ж сапраўдны і адказны прафесіянал добра разумее, што вялізны запас інфармацыі, выкінуты ў сусветную павуціну, нярэдка скажае сутнасць праблемы, а яму патрэбны дасканалыя веды. У аўдыторыі з лектарам, напрыклад, можна адразу ўдакладніць незразумелае, задаць пытанні і атрымаць кампетэнтны адказ.
У навукоўцаў-лектараў, якія супрацоўнічаюць з гомельскім таварыствам, велізарны патэнцыял. Сярод іх — амаль семдзесят дактароў навук, членаў-карэспандэнтаў Акадэміі навук, акадэмікаў. Безумоўна, яны даюць слухачам вельмі высокі ўзровень ведаў, якія рана ці позна абавязкова спатрэбяцца.
— Быць высокаадукаваным чалавекам — гэта не значыць мець некалькі дыпломаў ці вучонае званне, гэта значыць мець веды, валодаць інфармацыяй, — упэўнены М.І.Рыбак. — Адзін з вядомых лектараў нашага таварыства, рэктар Беларускага ўніверсітэта транспарту прафесар В.І.Сянько, заўсёды гаворыць пра тры віды невуцтва: не ведаць нічога, ведаць дрэнна тое, што ведаюць іншыя, і не ведаць тое, што ведаюць іншыя. Пагадзіцеся, так і ёсць.
Што датычыцца непасрэдна напрамкаў дзейнасці ўвогуле таварыства, то яны накіраваны на асвятленне пытанняў энергазберажэння, імпартазамяшчэння, аховы навакольнага асяроддзя, пытанняў працоўнага заканадаўства, здароўя нацыі. Адным словам, тэмы сённяшняга дня. А калі разглядаць на мясцовым узроўні, то вылучаюцца тры галоўныя напрамкі. Першы звязаны з чарнобыльскай катастрофай, з уплывам на арганізм чалавека малых доз радыяцыі. Па гэтай тэме гомельская арганізацыя правяла нават міжнародную навуковую канферэнцыю з удзелам больш як васьмідзесяці навукоўцаў са Швецыі, Германіі і Японіі. Другі напрамак тычыцца актывізацыі работы з моладдзю. Трэці напрамак можна назваць духоўным, ён рэалізуецца з удзелам царквы, а галоўным лектарам па гэтай тэме выступае Уладыка Стэфан.
Сёння Гомельская гарадская арганізацыя Беларускага таварыства “Веды” мае намер сур’ёзна развівацца далей. Плануецца стварыць лекторыі, якія б дапаўнялі ўніверсітэцкія і школьныя праграмы, заснаваць народныя ўніверсітэты, адкрыць кіналекторый і гарадскі дыскусійны клуб, аднавіць дзейнасць клуба маладога палітыка, а ад чытання разавых лекцый перайсці да цыклаў. Задача ж арганізацыі застаецца нязменнай: вучоба не дзеля вучобы, а як спосаб павышэння сацыяльнай і эканамічнай аддачы на кожным працоўным месцы.

Наталля ЛУТЧАНКА.