Для правядзення ЦТ вызначаны 6 устаноў адукацыі

- 15:51Нам пішуць

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці адбылося пасяджанне Гомельскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у 2018 годзе. У ім удзельнічалі прадстаўнікі камісій па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах адукацыі і арганізацыйных камісій пунктаў тэсціравання ў рэгіёне. На пасяджэнні разгледжаны пытанні арганізацыі кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення першага этапу ўступнай кампаніі — цэнтралізаванага тэсціравання.

У гэтым годзе пунктамі правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў Гомельскай вобласці вызначаны 6 устаноў адукацыі: Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна і Светлагорскі дзяржаўны індустрыяльны каледж.

У кожнай установе адукацыі будуць працаваць камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў. Старшынямі такіх камісій з’яўляюцца члены дзяржаўнай камісіі, намеснікамі — работнікі Камітэта дзяржкантролю.

Склад і паўнамоцтвы камісій зацверджаны Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, якая створана ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2018 № 121.

Усяго для ўдзелу ў тэсціраванні зарэгістравана 38,5 тысячы абітурыентаў, што на 5 тыс. чалавек менш, чым у мінулым годзе.

Цэнтралізаванае тэсціраванне будзе праводзіцца з 12 чэрвеня па 2 ліпеня (рэзервовыя дні — 6, 8, 10 ліпеня) па наступных вучэбных прадметах: матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, грамадазнаўства, замежная мова (англійская, нямецкая, іспанская, французская, кітайская), беларуская мова, руская мова і геаграфія.

Як і летась, абітурыенты будуць мець магчымасць здачы цэнтралізаванага тэсціравання па чатырох вучэбных прадметах.

Акрамя таго, у гэтым годзе можна скарыстацца сертыфікатамі цэнтралізаванага тэсціравання за 2017 год. Маючы на руках сертыфікат за 2017 год і здаўшы ЦТ у бягучым годзе, можна будзе выбраць лепшы вынік.

У сёлетняй уступнай кампаніі працуе “гарачая лінія” Гомельскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у навучальных установах вобласці ў 2018 годзе па тэлефоне ў Гомелі — 23-83-85.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.