Гучыць беларускае слова

- 15:21Нам пішуць

Арганізацыя пазакласнай работы па прадмеце — адзін з эфектыўных спосабаў павысіць цікавасць вучняў да працэсу пазнання. Гэта магчымасць паглыбіць веды, развіць здольнасці, пашырыць кругагляд. Існуе мноства форм пазакласнай работы: алімпіяды, гурткі, эстафеты, марафоны і г.д. Але звычайна ў такіх мерапрыемствах бяруць удзел высокаматываваныя вучні, у якіх ёсць здольнасці ў вывучэнні прадмета. Для таго каб зацікавіць большую колькасць дзяцей, патрэбна арганізоўваць такія мерапрыемствы, якія даюць не толькі інфармацыю, але і эмацыянальныя перажыванні, выхоўваюць густ і пачуццё калыктывізму. Прадметны тыдзень — комплексная форма работы, парад дзіцячай фантазіі і творчасці, калі ёсць магчымасць праявіць сябе ў той ці іншай ступені асабіста кожнаму вучню.

Штогод традыцыйна ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе ладзіцца тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Сёлета яго дэвіз — “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску”. Свой дэвіз і план правядзення меў кожны дзень тыдня. Былі прадугледжаны цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы для вучняў розных узроставых катэгорый з выкарыстаннем новых інфармацыйных педагагічных тэхналогій. Літаратурная кампазіцыя “Роднаму слову прызнанне ў каханні” распачала тыдзень. З вуснаў вучняў гучалі вершы і песні класікаў беларускай літаратуры і сучасных паэтаў.

Кожны дзень праходзілі акцыі: “Жыві, мова!”, “Далучы сваю далонь”, “Ветлівыя словы”, “Мастацтва не мае межаў”, “Зямля бацькоў, зямля святая”, “Я люблю Беларусь!”. На працягу ўсяго тыдня ў холе школы дэманстраваліся буктрэйлеры, відэаролікі, створаныя вучнямі, беларускамоўныя мультфільмы і фізкультхвілінкі. У інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры былі прадстаўлены выставы “Беларускія аўтары-юбіляры — 2018”, “Далучыся да мудрасці продкаў”, выстава слоўнікаў “Незвычайная арфаграфія”.

Актыўна ўдзельнічалі дзеці ў конкурсах беларускай паэзіі і песні, турніры знаўцаў беларускай мовы, літаратуры і культуры. Інтэлектуальная гульня для старшакласнікаў “ФЭСТ” была прысвечана Году роднай зямлі. Мноства эмоцый і задавальненне выклікала забаўляльная праграма “На кірмашы”, дзе была арганізавана выстава смачнай нацыянальнай ежы жыхароў нашай вёскі.

Цікавай і змястоўнай як для вучняў, так і для настаўнікаў стала сустрэча з мясцовымі паэтамі Галінай Румак і Мікалаем Іваноўскім. У паэтычных радках кожны ўбачыў родныя мясціны, палі, лясы і дубровы, пачуў знаёмыя назвы вёсак і рэк. Цікавасць да паэзіі — адзін з паказчыкаў духоўнасці чалавека, эмацыянальнай чуласці, без якой цяжка ўявіць сабе пачуццё эстэтычнае і маральнае. Пасля сустрэчы вучні выказалі жаданне паспрабаваць свае сілы на літаратурнай ніве. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў” прадэманстравалі свае дасягненні, выпусцілі насценную газету “Гучы, беларускае слова!”, дзе былі надрукаваны асабістыя вершы і апавяданні.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы не толькі выкладаюць мову і літаратуру — вучаць любіць Беларусь, родную мову, літаратуру і культуру. Любіць светла і самааддана. Як любяць сонечны дзень, ласкавы ветрык, цёплы дождж… Як любяць бацькоў, шчырых сяброў… Менавіта такая любоў наладжвае гармонію ў чалавечай душы, ператварае існаванне ў змястоўнае, стваральнае жыццё. І няхай нашы вучні яшчэ не дарослыя і стаяць на розных прыступках уваходу ў самастойнае жыццё, мы верым у тое, што менавіта родным словам зможам выхаваць у іх пачуцце чалавечай годнасці, гонару за прыналежнась да нарада сваёй краіны. Яны разумеюць, што без мовы няма беларускага народа, хочуць, каб наша мова заставалася такой жа мяккай і мілагучнай, каб яе пачулі нашы нашчадкі.

Марына СТАНЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.