Хуткасць, гібкасць і творчасць

- 11:08Планёрка ў рэгіёне

Фактары поспеху адукацыйнай сістэмы Астравеччыны

Кожны новы навучальны год педагогі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці робяць новы крок у павышэнні якасці і даступнасці адукацыі. Менавіта таму і поспехі ёсць. Так, па выніках 2014 года аддзел адукацыі, спорту і турызму Астравецкага раёна ўзнагароджаны дыпломам упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама за ўклад у развіццё, абнаўленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі рэгіёна. Сваімі поспехамі і планамі дзеліцца начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага раёна Наталля Іосіфаўна СТАНКЕВІЧ.
— Якімі поспехамі мінулага навучальнага года могуць ганарыцца настаўнікі Астравецкага раёна?
— “Што пасееш, тое і пажнеш” — гэтая мудрая народная прыказка адлюстроўвае сутнасць дзейнасці педагога, які закліканы сеяць на зямлі добрае, мудрае, вечнае, закладваць рацыянальнае зерне ў душы сваіх выхаванцаў, якія праславяць не толькі свайго настаўніка, але і свой раён, вобласць, краіну. Пра гэта сведчыць мінулы навучальны год, які прынёс добры плён.
Па-першае, гэта перамога нашых навучэнцаў на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе: з трох удзельнікаў — тры дыпломнікі (адзін дыплом — ІІ ступені і два — ІІІ ступені). За іх перамогай стаіць карпатлівая работа настаўніцы рускай мовы і літаратуры з сярэдняй школы № 1 Астраўца Тарэсы Рамуальдаўны Рудзінскай, настаўніцы хіміі з гімназіі № 1 Астраўца Таццяны Анатольеўны Круглікавай і настаўніцы грамадазнаўства Ганны Мар’янаўны Алёхна з гімназіі № 1 Астраўца.
Па-другое, гэта дыплом ІІІ ступені на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў. І, нарэшце, упершыню на алімпіядзе “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” у нас дыплом І ступені. За гэтыя дзве перамогі мы хочам падзякаваць настаўніцы з гімназіі № 1 Астраўца Таццяне Вадзімаўне Берняковіч.
Каманда гімназіі № 1 Астраўца другі год запар займае лідзіруючыя пазіцыі ў нацыянальным фестывалі Міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму” — 1 месца на міжнародным узроўні. Гэтым могуць ганарыцца настаўніцы англійскай мовы Наталля Назараўна Ляшчэўская і Наталля Станіславаўна Польская.
Раённая каманда юных фізікаў стала пераможцай абласнога і ўдзельніцай рэспубліканскага этапу турніру юных фізікаў. Да спаборніцтваў іх рыхтавалі настаўнікі з гімназіі № 1 Астраўца Галіна Віктараўна Унуковіч і Леанід Віктаравіч Казак.
Спартыўна-масавая работа Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы адзначана дыпломам першай ступені на абласным конкурсе. Тут на славу папрацавала настаўніца фізічнай культуры і здароўя Яніна Іванаўна Філіповіч.
Адной з лепшых вучэбна-спартыўных баз па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую вучэбна-спартыўную базу сярод устаноў адукацыі вобласці з’яўляецца Міхалішкаўская сярэдняя школа, якую ўзначальвае Віктар Казіміравіч Казак.
Плённым быў удзел у міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах — 69 узнагарод на рэспубліканскім узроўні і 23 — на міжнародным.
Значнай падзеяй мінулага года стаў увод у экплуатацыю двух аб’ектаў адукацыі: ясляў-сада на 190 месцаў і сярэдняй школы на 510 месцаў. На развіццё, абнаўленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна ў мінулым годзе было выдаткавана больш за 12 млрд рублёў.

— Як праводзяць канікулы школьнікі раёна?
— Лета, на мой погляд, не менш напружаная пара, чым навучальны год. У раёне рэалізоўваецца праект “Лета-2015: час адпачынку, сацыяльна значных спраў, асабістага самаўдасканалення”. У рамках праекта арганізавана работа 15 прышкольных, 3 лагераў працы і адпачынку, 5 профільных, стацыянарнага і спартыўнага летнікаў. Вынікам цеснага супрацоўніцтва школьных лясніцтваў і ДЛГУ “Астравецкі лясгас” стала арганізацыя новага профільнага аздараўленчага лагера эколага-краязнаўчай накіраванасці “Экакраязнаўцы”. Вынік яго работы — распрацоўка мегапраекта “Па экалагічных сцежках Рэспублікі Беларусь”, таксама дзяцей чакае экскурсійная паездка ў Белавежскую пушчу.
Вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў і бацькоў карыстаецца аздараўленчы лагер для актыву вучнёўскага самакіравання і дзіцячых грамадскіх арганізацый “Вясёлка”. Адной з асаблівасцей лагера з’яўляецца тое, што функцыі арганізатара ў ім выконвае раённы ЦТДіМ. Сёлета педагогамі цэнтра распрацавана і рэалізоўваецца праграма выхавання “Лета: 4 сезоны”. У рамках гэтай праграмы сумесна з Астравецкай раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ажыццяўляецца фотапраект “Сэлфі лета” па здаровым ладзе жыцця. У рамках работы лагера пачаў рэалізоўвацца Міжнародны праект “Культурная спадчына”, які з’яўляецца пераможцам Міжнароднага конкурсу грантавых праектаў ААТ “НІАЭП”.
У перыяд летніх канікул стартаваў грантавы праект антынаркатычнай накіраванасці “Ратуйся ад спайсаў”. Ён рэалізоўваецца пры фінансавай падтрымцы Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
У летні перыяд арганізавана работа15 вытворчых брыгад, 16 працоўных атрадаў. Больш за 200 падлеткаў працаўладкаваны ў СВК раёна.

— Якія праблемныя пытанні будуць вынесены на абмеркаванне педагагічнай грамадскасці Астравеччыны падчас раённай жнівеньскай нарады?
— Дасягненне станоўчых вынікаў у рабоце не азначае адсутнасць праблем. Мы іх бачым і будзем старацца вырашаць. Напрыклад, неабходна працягнуць работу па гарантаванні бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах адукацыі раёна, па забеспячэнні даступнасці якаснай дашкольнай адукацыі праз развіццё варыятыўных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі (у тым ліку на платнай аснове). У 2016 годзе плануецца будаўніцтва новай дашкольнай установы адукацыі.
Адно з важных пытанняў новага навучальнага года — укараненне профільнага навучання на 3-й ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ўкараненне ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі базавага і павышанага ўзроўняў вывучэння прадметаў. Ёсць неабходнасць у правядзенні мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы па выдачы мэтавых накіраванняў лепшым выпускнікам устаноў адукацыі на спецыяльнасці педагагічнага профілю.
Практыка пацвярджае, што хуткасць, гібкасць і творчасць з’яўляюцца важкімі фактарамі поспеху адукацыйнай сістэмы Астравецкага раёна. Мы заклалі аснову і ў жніўні намецім вектар яе развіцця.

Святлана КІРСАНАВА.