І словам, і справай

- 10:25Нам пішуць

На тэрыторыі аграгарадка Мушына Мсціслаўскага раёна ёсць помнік воінскай славы, у гонар памяці 290 землякоў-воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа знаходзіцца і воінскае пахаванне дзесяці салдат Чырвнай Арміі, якія былі расстраляны акупантамі на тэрыторыі Мушына. Піянерская дружына імя Надзеі Багданавай і пярвічная арганізацыя “Прамень” БРСМ Мушынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна пастаянна шэфствуюць над помнікам: сочаць за яго станам, чысцінёй і парадкам у парку.

Помнік быў пастаўлены тут у 1968 годзе. У 2017 годзе наша ўстанова адукацыі стала ініцыятарам правядзення рамонтных работ і ўсталявання мемарыяльнай дошкі на помніку. Так, пры садзейнічанні старшыні ААТ “МушынаАгра” Уладзіміра Іванавіча Клеянкова з Беларускага фонду міру былі пералічаны грашовыя сродкі для стварэння мемарыяльнай дошкі. Жыллёва-камунальная гаспадарка раёна прадставіла матэрыялы для касметычнага рамонту і рэканструкцыі помніка. З восені 2017 года работнікамі нашай установы адукацыі тут вяліся рамонтныя работы.

Напярэдадні святкавання 73-й гадавіны Перамогі педагагічны калектыў, навучэнцы, іх бацькі, а таксама мясцовыя жыхары дружна ўдзельнічалі ў акцыі па аднаўленні помніка загінулым воінам. Вакол помніка была пакладзена плітка, адноўлены ўсе сколы, адтынкаваны і пафарбаваны пастамент і скульптура салдата, вакол парка пафарбавана агароджа, а таксама абноўлены і пасаджаны кветкавыя клумбы.

Але гэта яшчэ не ўсё! Цяпер мясцовыя жыхары могуць убачыць і ўсталяваную мемарыяльную дошку, на якую нанесеныя 290 прозвішчаў ураджэнцаў Мушынскага сельскага савета, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

8 мая прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, з удзелам навучэнцаў, бацькоў, жыхароў Мушына. Старшыня Мсціслаўскага раённага савета дэпутатаў Алена Аляксандраўна Клеянкова ў сваім выступленні падзякавала ўсім удзельнікам гэтай выдатнай акцыі. А школьнікі падарылі прысутным святочны канцэрт.

Усё далей углыб гісторыі сыходзяць гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але ў нашай памяці павінны жыць імёны тых, хто цаной свайго жыцця абараніў гонар, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, нашага народа. Гэтая памяць патрэбна жывым!

Алена ВЯРКЕЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Мушынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.