Ідэя для класнай гадзіны

- 17:04Нам пішуць

У гэтым навучальным годзе я з’яўляюся класным кіраўніком вялікага, актыўнага, крэатыўнага, творчага пятага класа. З першых дзён знаёмства зразумела, што мае дзеці — гэта маё другое “я”, нейкай невядомай сілай падабраны пад мяне, пад характар.

Лістападаўскай парой заходзіць адзін з вучняў раніцай у кабінет і спявае словы адной вядомай песні: “Добрай раніцы, мае родныя людзі, добрай раніцы ўсім тым, каго вы любіце…” І да мяне прыходзіць тэма класнай гадзіны!

“Раніца павінна быць добрая”.

Пачала кіпець падрыхтоўчая работа. Адны падбіралі цытаты пра раніцу, афарызмы, сур’ёзныя і гумарыстычныя, спрабавалі самі сфармуляваць сакрэт добрай раніцы, афармляючы ўвесь матэрыял цікавым спосабам: рабілі “цытатныя” падстаўкі для кубка, “цытатныя” кубкі, промні сонейка, пялёсткі рамонка, смайлікі, далонькі — і тыя былі з цытатамі. Другія рыхтавалі рэцэпты смачнага снедання і чая, які бадзёрыць, дзяліліся, які сняданак прапануюць ім бацькі, фантазіравалі пра сняданак-мару. Стваралі ўласныя рэцэпты, афармляючы на выявах культурных каштоўнасцей нашага старажытнага горада Гродна.

Не абышлося без творчых нумароў: склалі верш пра ранішні настрой і зрабілі флэшмоб, каб канчаткова прачнуцца, прапанавалі падборку вясёлых і гумарыстычных фотаздымкаў, дынамічныя прывітанні для аднакласнікаў.

Ёсць упэўненасць, што кожная раніца для маіх школьных родных людзей будзе добрая, дзень — шчаслівы, а ноч — спакойная. А яшчэ важна, што за 45 хвілін мы сталі яшчэ бліжэйшыя і раднейшыя.

Цяпер мая раніца ў школе пачынаецца са слоў “Добрага ранку, мае родныя людзі!”.

Ларыса ВАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 5 класа гімназіі № 2 Гродна.
Фота аўтара.