Імідж ствараюць інавацыі

- 14:26Якасць адукацыі

У сучаснага кіраўніка ўстановы адукацыі вельмі многа функцый, якія не заўсёды звязаны з адукацыйным працэсам. Адна з іх — фарміраванне пазітыўнага іміджу ўстановы адукацыі. Імідж, як вядома, — гэта майстэрства кіраваць уражаннем. Калі не выбудоўваць яго мэтанакіравана, то ён будзе фарміравацца спантанна і, хутчэй за ўсё, зусім не так, як бы гэтага хацелася.

Наша ўстанова адукацыі ў 2015 годзе стала інавацыйнай пляцоўкай. Тэма інавацыйнага праекта, які рэалізоўваецца, — “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Адной з асноўных задач інавацыйнага праекта з’яўляецца павышэнне медыякампетэнтнасці і медыя-пісьменнасці яго ўдзельнікаў.

За час рэалізацыі праекта ўсе педагогі і кіраўніцтва гімназіі, якія ўдзельнічаюць у праекце, наведалі навучальныя семінары і курсы. Таксама ў мэтах павышэння прафесійнага ўзроўню ў галіне медыяадукацыі і паспяховага ажыццяўлення праекта ў практыку работы гімназіі медыяпедагогі навучаліся на дыстанцыйных курсах “Ме-дыяэкспрэс”, “Урок&медыя”, “Стратэгія актыўнай ацэнкі”, “Сэрвісы Google ў прафесійнай дзейнасці настаўніка”, “Настаўнік — персона медыя”. У рамках самаадукацыі ўдзельнікі інавацыйнага праекта авалодалі праграмай Plickers.com, актыўна выкарыстоўваюць у сваёй практыцы QR-коды. Удасканаленню спецыяльных кампетэнцый педагогаў і адміністрацыі спрыяюць іх публікацыі на старонках навукова-метадычных часопісаў.

Дзякуючы правільна спланаванай сістэме кіравання праектам, а таксама ажыццяўленню кампетэнтнаснага падыходу, творчаму калектыву медыяпедагогаў гімназіі ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў.

На ўзроўні гімназіі за мінулыя два гады былі праведзены такія маштабныя мерапрыемствы, як “Асенні кірмаш”, “Праяві сябе і будзь паспяховым”, “Рэкламныя медыя: “за” і “супраць”, “Школьная форма: “за” і “супраць”, майстар-класы “Стварэнне квест-гульні для выкарыстання на ўроках і пазаўрочнай дзейнасці”, “Cтварэнне і функцыянаванне медыяклуба”.

У рамках праекта навучэнцы гімназіі актыўна займаюцца фотаздымкай. Нашы фотаработы былі прызнаны лепшымі на рэспубліканскіх конкурсах “Мой любімы М.Багдановіч”, “Залатое пяро” ў намінацыі “Сямейны альбом” (3-е месца).

Навучэнцы 11 класа стварылі для пяцікласнікаў буктрэйлер да беларускай народнай казкі “Залаты птах”. Гэты медыяпрадукт стаў адным з лепшых на Рэспубліканскім конкурсе буктрэйлераў (3-е месца). Навучэнцы гімназіі Яна Гетун і Уладзіслаў Галавач сталі пераможцамі віртуальнай выставы “Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа”, арганізаванай Нацыянальным інстытутам адукацыі. У жніўні 2017 года наша гімназія стала ўдзельніцай IV рэгіянальнага этапу міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Рэалізацыя нашага інавацыйнага праекта была прызнана лепшай у рэспубліцы.

За час функцыянавання праекта ў гімназіі створана свая атрыбутыка: эмблема праекта, значкі, дэвіз, элементы формы адзення. Нас ведаюць не толькі ў рэспубліцы, але далёка за яе межамі. Чым не імідж установы?

Я як кіраўнік установы і інавацыйнага праекта і мая згуртаваная каманда каардынатараў і педагогаў-інаватараў не збіраемся спыняцца на дасягнутым. Пры ўкараненні праекта ў практыку ўзнікла ідэя стварэння гімназічнага тэлебачання. Яе рэалізацыя дасць магчымасць прадоўжыць жыццё праекту, а самае галоўнае — будзе спрыяць умацаванню іміджу гімназіі. Гімназічнае тэлебачанне — гэта важны фактар уздзеяння, магчымасць расказаць пра гімназію, яе жыццё, мерапрыемствы, якія праводзяцца ў яе сценах і за яе межамі, дасягненні гімназістаў, іх перамогі і поспехі, пра педагогаў, пра іх самаадданую працу і пра многае іншае.

Да гэтай ідэі нас падштурхнуў удзел у міжнародных беларуска-чэшскіх семінарах у верасні 2015 года і красавіку 2016 года, дзе прэзентаваўся ўдалы вопыт стварэння школьнага тэлебачання Уладзімірам Фой-стам, дырэктарам базавай школы горада Пабяжовіцэ. Абмен вопытам ажыццяўляўся дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь і Асацыяцыі міжнародных сувязей Рэспублікі Чэхія.

Пачаткам адліку стварэння нас гімназічнага тэлебачання стала правядзенне конкурснай праграмы “Хачу стаць тэлевядучым”. У праграме паўдзельнічалі таленавітыя навучэнцы пачатковага і сярэдняга звяна гімназіі, якія сталі пераможцамі завочнага тура праграмы. Дзеці прадэманстравалі самапрэзентацыі, чытанне на памяць вершаў беларускіх і рускіх паэтаў у запісе. Удзельнікі конкурснай праграмы змаглі паспрабаваць сябе ў ролі вядучых спартыўных навін, а таксама ў ролі карэспандэнтаў. Конкурсную праграму ацэньваў экспертны савет гімназіі. Госцем праграмы быў старшыня гарадскога грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Віктар Паўлавіч Бруцкі. У канцы праграмы ён павіншаваў дзяцей з паспяховым дэбютам і пажадаў ім далейшых творчых поспехаў. Віктар Паўлавіч уручыў таксама Дар’і Лемяшэўскай, удзельніцы праграмы, узнагароды за 3-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе “Залатое пяро Белай Русі — 2017” у намінацыі “Сямейны альбом”.

Адным з першых крокаў для прапаганды гімназічнага тэлебачання будзе так званы інфармацыйны экран, які плануецца размясціць на адным з паверхаў гімназіі. Тэлевізійны інфармацыйны экран будзе асвятляць усе гімназічныя навіны. Кожны з гімназістаў, бацькоў і педагогаў зможа стаць героем навін, расказаць пра свае дасягненні. Бацькі будуць атрымліваць поўную інфармацыю пра гімназічныя мерапрыемствы, пра будучыя падзеі. Настаўнікі з сюжэтаў навін змогуць даведацца пра таленты сваіх вучняў, іх дзейнасць па-за навучаннем, іх інтарэсы, перажыванні, што ў сваю чаргу будзе спрыяць больш глыбокаму разуменню асобы кожнага навучэнца. Плануецца, што першая тэлевізійная гімназічная праграма “Навіны гімназіі” выйдзе ў эфір у красавіку 2018 года.

Педагогі гімназіі спадзяюцца, што гімназічнае тэлебачанне дасць магчымасць убачыць і раскрыць у поўнай меры той творчы патэнцыял, які закладзены ў кожным вучню. Дзеці пазнаёмяцца са спецыфікай тэлевізійнай журналістыкі, вывучаць стылі і жанры, законы пабудовы тэлесюжэтаў, будуць развіваць арганізатарскія, аратарскія здольнасці, спасцігаць асновы такіх прафесій, як журналіст, каментатар, сцэнарыст, аператар, аналітык, інтэрв’юер і інш.

Гімназічнае тэлебачанне — гэта не прапаганда і не бясплатная рэклама, не маніпуляцыя грамадскай свядомасцю, а інфармаванне пра рэальнае становішча рэчаў. Гэта хутчэй проста іншы пункт гледжання на некаторыя пытанні і наданне сістэмнасці рабоце, якая намі праводзіцца. Гэта мэтанакіраванае выбудоўванне іміджу гімназіі.

Алег ЗАСІМ,
дырэктар, настаўнік інфарматыкі гімназіі № 1 імя Ф.Я.Перца Пінска.