Імкнуцца да поспеху і дасягаць яго

- 10:36Людзі адукацыі

Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч марыла стаць педагогам з дзіцячага сада. Спачатку ўяўляла сябе настаўніцай пачатковых класаў, як Раіса Мікалаеўна Прохарава, затым — настаўніцай англійскай мовы, як Аляксандр Георгіевіч Каралёў. Са школьнымі педагогамі Ірыне Юр’еўне вельмі пашанцавала. Да сённяшняга часу яны з’яўляюцца для яе прыкладам высокага прафесіяналізму, як, дарэчы, і маці — былая настаўніца біялогіі Ларыса Рыгораўна Сальнікава.

Дзякуючы неверагоднай актыўнасці, мэтанакіраванасці і працавітасці, Ірына Юр’еўна магла стаць настаўніцай амаль любога прадмета. У школьныя гады яна паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па хіміі, фізіцы, матэматыцы, англійскай і беларускай мовах, займалася гандболам. Здольная дзяўчына сярэднюю школу скончыла з залатым медалём, а музычную — з дыпломам з адзнакай.

Пасля заканчэння школы І.Ю.Гарбацэвіч паступіла на фізіка-матэматычны факультэт тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. З выбарам не памылілася. Матэматыка падабалася заўсёды. Пяцікурсніцай прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 29 Брэста, дзе затрымалася на 17 гадоў. І гэта нядзіўна. На маладую настаўніцу з чырвоным фізматаўскім дыпломам кіраўніцтва школы адразу звярнула ўвагу. Асаблівую ролю ў прафесійным станаўленні педагога адыграла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Аляксандраўна Мартынюк. Настойлівасць і мэтанакіраванасць дапамаглі Ірыне Юр’еўне ў далейшым атрымаць кваліфікацыю настаўніка англійскай мовы. Прафесіянал ніколі не спыняецца на дасягнутым.

За 23 гады педагагічнай дзейнасці Ірына Юр’еўна ў прафесіі не расчаравалася. Ішла ў педагогіку ўсвядомлена, таму і шкадавання няма. Настаўніцы інфарматыкі не раз прапаноўвалі больш прыбытковую работу ў ІТ-сферы, але яна заўсёды адмаўлялася. Не хацела кідаць дзяцей, з якімі вельмі любіць працаваць. Апошнія 7 гадоў Ірына Юр’еўна шчыруе ў гімназіі № 1 Брэста.

І.Ю.Гарбацэвіч падабаецца ўдзельнічаць з вучнямі ў розных конкурсах, бо яны выклікаюць спаборніцкі дух і дапамагаюць самарэалізавацца. Да пастаяннага руху наперад падштурхоўваюць поспехі вучняў і выпускнікоў, якія працуюць у вядомых ІТ-кампаніях свету. Каб адпавядаць запытам сучасных школьнікаў, педагогу даводзіцца знаходзіцца ў нястомным прафесійным і творчым пошуку. Некаторыя выхаванцы літаральна дыхаюць у спіну настаўніцы, а часам і пераўзыходзяць яе. І гэта, лічыць Ірына Юр’еўна, цалкам нармальна.

У сваёй рабоце педагог аддае перавагу актыўным і праблемным метадам навучання, якія павышаюць матывацыю дзяцей да прадмета. Вялікую ўвагу І.Ю.Гарбацэвіч удзяляе алімпіяднаму руху і навукова-даследчай дзейнасці.

— Работу па выяўленні дзяцей з матэматычнымі здольнасцямі пачынаю з 6 класа, — расказвае Ірына Юр’еўна. — Асноўнымі складнікамі поспеху алімпіяднікаў з’яўляюцца прыродныя задаткі, працавітасць, настаўнік, здольны павесці за сабой, і бацькоўская падтрымка. Сярод вучняў 9—11 класаў, як правіла, ёсць каля 10 патэнцыяльных алімпіяднікаў, пераважна хлопчыкаў. Працуючы з імі, не забываю рыхтаваць змену з вучняў 6—8 класаў. З кожным займаюся індывідуальна. Нікому не патураю, нягледзячы на ўзрост. Старэйшыя дзеці працуюць з малодшымі. Добрыя вынікі дае камандная работа, якая развівае камунікатыўныя навыкі вучняў і павышае іх зацікаўленасць. Заўсёды настройваю дзяцей на перамогу і заўсёды знаходжу словы падтрымкі ў выпадку няўдачы.

У алімпіяднай рабоце настаўніца не шкадуе ні часу, ні сіл. Поспех вучняў для Ірыны Юр’еўны — гэта прызнанне ўласнага майстэрства. Педагог вучыць дзяцей быць лепшымі, бо сама ўсё жыццё імкнецца быць такой. Выхаванцы І.Ю.Гарбацэвіч 6 разоў станавіліся пераможцамі заключнага і каля 20 разоў абласнога этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. На рахунку вучняў шмат дыпломаў, атрыманых па выніках рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый і ІТ-конкурсаў, міжнародных алімпіяд па праграмаванні сярод школьнікаў і інш.

Пад кіраўніцтвам педагога гімназісты ствараюць праграмныя прадукты адукацыйнага характару. Вучні ўжо рэалізавалі шмат цікавых праектаў: “Генератар лагічных задач”, “Мабільны талон” (для аптымізацыі работы сталовых), KVAKDA (сістэма аўтаматызаванага тэсціравання для лакальнай сеткі), “Мова праграмавання “Удаў”, “Генератар лабірынтаў” і інш. Сярод апошніх распрацовак — мабільны дадатак Ugmi, накіраваны на пашырэнне меж успрымання і ўзаемадзеяння чалавека з інфармацыяй у рэальным свеце. Дадатак можна выкарыстоўваць у сферы культуры, адпачынку, рэкламы, кнігавыдання і адукацыі. Карыстальніку дастаткова навесці камеру мабільнай прылады на Ugmi-метку, пасля чаго паглядзець выяву ці відэа з гукавым суправаджэннем. Для дабаўлення аб’ектаў у базу можна звярнуцца да сайта http://ugmi.me.

На рахунку таленавітага педагога шмат заслужаных узнагарод. Ірына Юр’еўна — шасціразовы лаўрэат прэміі Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку пераможцаў прадметнай алімпіяды, лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Прафесійныя заслугі І.Ю.Гарбацэвіч адзначаны і граматай Міністэрства адукацыі Беларусі.

— Якімі важнымі якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік, каб дасягаць высокіх вынікаў у рабоце? — цікаўлюся ў педагога.

— Харызмай, лідарствам, пачуццём гумару, прафесіяналізмам, камунікабельнасцю і самааддачай, — адказвае настаўніца.

Усімі гэтымі якасцямі Ірына Юр’еўна валодае больш чым дастаткова.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.