Інавацыйныя падыходы дапамагаюць педагогам Пінскага раённага ЦКРНіР паспяхова працаваць з асаблівымі дзецьмі

- 9:00Главная, Образование

Інавацыйныя падыходы да інклюзіўнай адукацыі дапамагаюць педагогам Пінскага раённага ЦКРНіР паспяхова працаваць з асаблівымі дзецьмі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Гэта стала магчымым дзякуючы рэгіянальнай мадэлі інклюзіўных практык “Талерантнасць — шлях да інклюзіі”, якая рэалізуецца на Піншчыне з 2017 года і каардынатарам якой з’яўляецца ЦКРНіР, — расказвае дырэктар цэнтра Інеса Амяляшчык. — З мэтай фарміравання ў грамадстве пазітыўных адносін да асоб з АПФР нашы педагогі праводзяць шматлікія тэматычныя мерапрыемствы з удзелам людзей з інваліднасцю і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: выставы-конкурсы дзіцячай творчасці, інклюзіўныя і метадычныя фес­тывалі, акцыі, флэш-мобы, фотамарафоны, конкурсы відэаролікаў і сцэнарыяў выхаваўчых мерапрыемстваў. Усё гэта ў комплексе і фарміруе інклюзіўную свядомасць.

Асаблівыя дзеці актыўна ўдзельніча­юць у розных мерапрыемствах са здаровымі равеснікамі, вучацца будаваць з імі зносіны.

З году ў год колькасць інклюзіўных мерапрыемстваў павялічваецца: калі 5 гадоў назад іх было ўсяго 6 з ахопам каля 500 чалавек, то летась ужо 11 з ахопам больш як 7,3 тысячы чалавек, у тым ліку 420 асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Такія акцыі не самамэта, а толькі адно са звёнаў у вырашэнні важнай праблемы, звязанай з сацыяльнай інтэг­рацыяй дзяцей з АПФР і інваліднасцю, — заўважае Інеса Амяляшчык.

Аўтарскія напрацоўкі па фарміраванні інклюзіўнай культуры пінскія педагогі шырока прэзентуюць на старонках СМІ, у сацыяльных сетках, на сайце ўстановы, а таксама падчас мерапрыемстваў рэгіянальнага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

— Мы пакуль яшчэ не апрабавалі ўсе механізмы сацыяльнай інклюзіі, але стварылі добрую базу для развіцця і далейшага прасоўвання сваіх ідэй, — гаворыць дырэктар. — Назапашаны вопыт свед­чыць, што мерапрыемствы, якія праводзяцца, дазваляюць забяспечыць даступнасць якаснай спецыяльнай адукацыі і задаво­ліць асаблівыя адукацыйныя патрэбы дзяцей з АПФР і інваліднасцю.

А каб работа ў гэтым кірунку была яшчэ больш выніковай, педагогі звярнуліся да інаватыкі. Так, з 2021 года ўстанова працуе ў рамках рэспубліканскага праекта па ўкараненні сістэмы ацэнкі якасці спецыяльнай адукацыі ва ўмовах ЦКРНіР. Вопыт па яго рэалізацыі Інеса Амяляшчык прэзентавала сёлета ў часопісе “Спецыяльная адукацыя”.

Па словах дырэктара, няўхільнае павелічэнне колькасці дзяцей з цяжкімі парушэннямі ў развіцці патрабуе пошуку новых падыходаў і спосабаў узаемадзеяння з імі і іх сем’ямі, паколькі такія дзеці ўспрымаюць свет інакш: не могуць адчуць меладычнасць гукаў, разнастайнасць пахаў і смакаў, яркасць фарбаў. А гэтыя адчуванні актыўна ўплываюць на маўленне, слых і рухі. З-за празмернай ці недастатковай адчувальнасці да сенсорных стымулаў у дзяцей назіраецца затрымка ў развіцці.

Адным праектам пінскія педагогі не абмежаваліся. У 2020 годзе яны ўкаранілі ў практыку сваёй работы сацыяльны праект “Свет без абмежаванняў: бачу, чую, адчуваю”, канчатковая мэта якога — адкрыццё абсталяванага сенсорнага пакоя, дзе створана спецыяльна арганізаванае шматфункцыянальнае асяроддзе з каляровымі, светлавымі, гукавымі і тактыльнымі стымуламі.

Заняткі ў чароўным пакоі праводзяцца ў гульнявой форме з выкарыстаннем адпаведнага абсталявання, што дапамагае дзецям пазбавіцца дэфіцыту адчуванняў і дазваляе даследаваць свет вакол сябе. У рэалізацыі праекта ўдзельнічалі даб­рачынныя арганізацыі і нераўнадушныя людзі.

— Для павышэння якасці жыцця дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці нашы педагогі ў 2021 годзе рэалізавалі гуманітарны праект “Я не адзін” па стварэнні неабходных умоў для авалодання даступнай камунікацыяй, кампенсацыі і карэкцыі маўленчых функцый, — працягвае Інеса Амяляшчык. — Педагогі павысілі сваю кампетэнтнасць у выкарыстанні альтэрнатыўных і дадатковых сродкаў зносін. З мэтай максімальна індывідуалізаванага навучання для дзяцей было набыта спецыяльнае абсталяванне: камунікацыйныя дошкі, табліцы, карткі, айтрэкер, планшэты, электроннае светлавое табло і інш.

З мінулай восені ў ЦКРНіР рэалізуецца яшчэ адзін гуманітарны праект “З аўтыз­мам можна ЎСЁ!”, накіраваны на стварэнне ўмоў для навучання і выхавання дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра і павышэнне прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў Піншчыны, якія з імі працуюць. У рамках праекта набыты спецыяльныя гульні і дапаможнікі для работы з такімі дзецьмі, індывідуальныя кабінкі для іх, абсталяваны сенсорна-дынамічны куток, распрацаваны памяткі і буклеты ў дапамогу педагогам, арганізаваны кансультацыі для зацікаўленых.

Паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі і знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку педкалектыў натхняе яго неўтаймаваны кіраўнік, які ўзначальвае ЦКРНіР з 2010 года. Але і да гэтага прафесійная дзейнасць Інесы Амяляшчык была звязана з дзецьмі: на працягу 19 гадоў яна працавала ў дашкольнай установе.

Доўга стаяць на адным месцы не ў характары Інесы Уладзіміраўны, якая з’яўляецца аўтарам 4 дапаможнікаў для выхавальнікаў па развіцці выяўленчых навыкаў у дашкольнікаў (“Маляванне, аплікацыя, дзіцячы дызайн для фантазёраў” і такія ж выданні для чамучак чацвёртага і пятага гадоў жыцця, для малышоў).

Калі жыццёвая дарога прывяла Інесу Амяляшчык ва ўстанову спецыяльнай адукацыі, яна не разгубілася, а яшчэ з большым імпэтам узялася за новую сферу дзей­насці. І гэта цалкам заканамерна, бо работа з дзецьмі, якія маюць цяжкія і множныя парушэнні ў развіцці, патрабуе не толькі ўдзелу, але найперш поўнай самааддачы.

“У кожнага дзіцяці свая гісторыя, кожная сітуацыя індывідуальная” — з гэтага прынцыпу зыходзіць кіраўнік і скіроўвае на адпаведную работу сваіх падначаленых. 

А каб быць паспяховым у такой дзейнасці, педагогам даводзіцца пастаянна павышаць прафесійны ўзровень і развівацца. І прыкладам тут якраз выступае Інеса Амяляшчык, якая актыўна вывучае навінкі метадычнай літаратуры, наладжвае кантакты з калегамі з іншых рэгіёнаў краіны, удзельнічае ў міжнародных праектах, дзеліцца сваім вопытам на старонках розных выданняў, у тым ліку “Настаўніцкай газеты”.

— Уласная матывацыя — лепшая матывацыя для іншых, — лічыць дырэктар. — Выбудаваць якасную работу з асаблівымі дзецьмі можа толькі той педагог, які добра валодае сучаснымі тэхналогіямі і выдатна арыентуецца ў інфармацыйнай прасторы, здольны аператыўна вырашаць праблемныя сітуацыі, валодае крэатыўнымі здольнасцямі, аналітычнай і рэфлексіўнай культурай.

У гэтым плане Пінскаму раённаму ЦКРНіР пашанцавала: 71% яго педагогаў ма­юць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Больш за тое, яны з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў і выстаў, актыўна дзеляцца цікавымі напрацоўкамі на розных узроўнях. А галоўнае, генерыруюць новыя ідэі, якія дазваляюць паспяхова рухацца наперад, дапамагаць калегам, выхаванцам і іх бацькам, будуючы разам з імі свет без абмежаванняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва Пінскага раённага ЦКРНіР