Інклюзіўная гульнявая пляцоўка

- 12:24Рознае, Спецыяльная адукацыя

Днямі на базе сярэдняй школы № 25 Мінска адбыўся Чацвёрты інтэграцыйны Форум дзіцячых ініцыятыў “Свет адкрыты для ўсіх”. Арганізатарам форуму стала грамадскае аб’яднанне інвалідаў “Асаблівы свет”.

У межах свята праходзілі спартыўныя і творчыя спаборніцтвы каманд малодшых школьнікаў, якія навучаюцца ў сумесных (інтэграваных) класах. Дзеці спаборнічалі на інклюзіўных гульнявых пляцоўках падчас адаптаваных для іх спартыўных гульняў народаў свету, такіх як англійская “Шафлборд” (Shuffleboard), галандская “Жульбак” (Sjoelbak, вядомая ў Германіі таксама як Jakkolo), французская “Кульбуто” (Culbuto), “Эластычны стол” і настольны боўлінг. Усе гэтыя гульні не проста цікавыя і захапляльныя, яны носяць карэкцыйна-развіццёвы характар.
Школьнікі з дзевяці сталічных школ з задавальненнем “ганялі” шары і фішкі на гульнявых дошках. Спаборнічалі ў трапнасці, спрытнасці і хуткасці, і не было паміж імі адрозненняў. Дарэчы, у кожную каманду ўваходзіла па шэс ць дзяцей як з абмежаваннямі, так і без іх.
Настаўнікі і бацькі школьнікаў нароўні з дзецьмі-балельшчыкамі з цікавасцю назіралі за поспехамі сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Дапамагалі ў правядзенні мерапрыемства студэнты кафедр рэабілітацыі і адаптаванай фізкультуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Будучыя спецыялісты адзначылі важнасць выкарыстання інклюзіўных метадаў сацыякультурнай адаптацыі пры правядзенні сумесных мерапрыемстваў дзяцей з абмежаваннямі і без абмежаванняў.
Падчас форуму працавалі метадычныя сталы, на якіх была прадстаўлена спецыяльная літаратура па сацыякультурнай адаптацыі дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі і выкарыстанні інклюзіўных метадаў у сумесных мерапрыемствах дзяцей з абмежаваннямі і без іх. Таксама працавалі кансультанты, якія адказвалі на пытанні дзяцей і іх бацькоў. Сярод іх — адна з ініцыятараў стварэння грамадскага аб’яднання “Асаблівы свет” чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на калясках Алена Сяркульская.
Да ўдзелу ў форуме былі запрошаны прадстаўнікі ўстаноў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства адукацыі; школ інтэграванага навучання, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць з людзьмі з абмежаваннямі, валанцёры.
Па выніках спаборніцтваў першае месца заняла каманда сярэдняй школы № 12 Мінска, другое — каманда сярэдняй школы № 83 Мінска, “бронзу” ўзяла каманда сярэдняй школы № 25 Мінска. Каманды-пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, кубкамі і падарункамі.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.