Ісціна хіміі — у матэматыцы

- 15:49Адукацыйныя праекты, Апошнія запісы, Рознае

Навіна пра адкрыццё на базе Ліцэя Белдзяржуніверсітэта класа з хіміка-матэматычным напрамкам абляцела СМІ яшчэ ранняй вясной, але апрабацыя мадэлі адукацыйнага працэсу з выкладаннем хіміі і матэматыкі на павышаным узроўні ў ліцэі праводзіцца ў рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта ў адпаведнасці з загадам міністэрства ад 31 ліпеня 2013 года. Больш за тое, за год быў назапашаны багаты метадычна-арганізацыйны матэрыял, якім могуць карыстацца і ў іншых установах адукацыі. Праект пакуль носіць эксперыментальны характар, але напрацоўкі ліцэя ў гэтым кірунку ўжо з’яўляюцца пераканаўчымі, што пацвярджаюць прамежкавыя вынікі эксперымента.

Вынікі пераканаўчыя

Навуковы кіраўнік эксперымента, настаўніца хіміі Ліцэя БДУ, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат хімічных навук Таццяна Аляксандраўна Калевіч нашу гаворку пачала менавіта з вынікаў. Яны, канечне, радуюць, абнадзейваюць і патрабуюць падключэння да эксперымента большай колькасці агульнаадукацыйных устаноў.
Пачнём з таго, што ў выніку рэалізацыі праекта былі распрацаваны і зацверджаны Міністэрствам адукацыі эксперыментальныя вучэбныя планы і праграма па хіміі, якія сталі асновай эксперыментальнай мадэлі. Мадэль адукацыйнага працэсу з вывучэннем хіміі і матэматыкі на павышаным узроўні ажыццяўлялася ў 10 хіміка-матэматычным класе Ліцэя БДУ. Кантрольнымі класамі з’яўляліся два дзясятыя класы хіміка-біялагічнага напрамку ліцэя.
Аналіз паспяховасці навучэнцаў эксперыментальнага і кантрольных класаў паказаў высокі яе ўзровень (8 балаў і вышэй). Асабліва паспяховымі з’яўляюцца вучэбныя дасягненні вучняў 10 хіміка-матэматычнага класа па хіміі і матэматыцы. Анкетаванне вучняў класаў, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце, сведчаць аб тым, што ў большасці сваёй яны станоўча адносяцца да арганізацыі вучэбнага працэсу і адзначаюць яго высокую эфектыўнасць.
Навучэнцы эксперыментальнага класа праяўляюць высокую актыўнасць у алімпіядах па хіміі. Так, 5 вучняў (21% ад усяго кантынгенту) сталі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі 2014 года.
У сувязі з пералічаным паспяховае правядзенне эксперымента прадугледжвае яго працяг у 2014—2015 годзе з мэтай завяршэння навучання вучняў 10 хіміка-матэматычнага класа на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама вывучэння адукацыйнага працэсу ў класе, навучэнцы якога прайшлі мэтанакіраваны адбор для навучання ў хіміка-матэматычным класе. Дарэчы, падчас сёлетняй уступнай кампаніі ў Ліцэй БДУ паступленне ў хіміка-матэматычны клас ажыццяўлялася на конкурснай аснове. І трэба адзначыць, што конкурс быў вялікі: больш за пяць чалавек на месца! Жадаючых больш чым дастаткова. І такі расклад сведчыць, што хіміка-матэматычныя класы будуць запатрабаваныя і ў іншых навучальных установах.

Для задавальнення адукацыйных патрэб

За станоўчымі вынікамі стаіць мэтанакіраваная і карпатлівая праца педагогаў ліцэя, якія разгарнулі каласальную дзейнасць. Але пачнём з дылетанцкага пытання: “Навошта?”, якое адрасуем Таццяне Аляксандраўне Калевіч.
— На сёння наяўнымі прыродазнаўчанавуковыя напрамкамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца фізіка-матэматычны і хіміка-біялагічны. Яны забяспечваюць вывучэнне на павышаным узроўні фізікі, матэматыкі, біялогіі і хіміі. Для вывучэння першых трох прадметаў умовы досыць аптымальныя: будучым фізікам і матэматыкам патрабуюцца ў першую чаргу фізіка і матэматыка, біёлагам — біялогія і хімія. А вось для будучых хімікаў актуальнымі прадметамі з’яўляюцца хімія і матэматыка, бо паўнавартасная хімічная адукацыя, акрамя вывучэння хімічных навук, патрабуе сур’ёзнай матэматычнай падрыхтоўкі.
Для задавальнення адукацыйных патрэб навучэнцаў, якія праяўляюць асаблівую цікавасць да хіміі, патрабуецца ўзмоцненая падрыхтоўка не па біялогіі, а па матэматыцы. Гэта пацвярджаецца і пералікам уступных выпрабаванняў ва ўніверсітэты хімічнага профілю: абітурыентам неабходна здаваць уступныя экзамены па хіміі і матэматыцы пры паступленнi на хімічныя факультэты класічных універсітэтаў (напрыклад, БДУ), а таксама на шэраг хіміка-тэхналагічных спецыяльнасцей Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Магілёўскага ўніверсітэта харчавання і інш.
Матэматыка ў класах хіміка-біялагічнага напрамку вывучаецца ў аб’ёме 4 гадзіны на тыдзень на базавым узроўні, што, відавочна, недастаткова для падрыхтоўкі да працягу адукацыі на хімічных і хіміка-тэхналагічных спецыяльнасцях ВНУ. Падрыхтоўка ж у класах хіміка-біялагічнага напрамку гімназій і ліцэяў разлічана ў асноўным на навучэнцаў, якія плануюць працягнуць навучанне ў медыцынскіх ВНУ і на біялагічных факультэтах універсітэтаў.
Да 2010 года ў Ліцэі БДУ функцыянаваў хімічны клас, у якім на павышаным узроўні вывучаліся хімія і матэматыка. Затым вывучэнне хіміі на павышаным узроўні ажыццяўлялася толькі ў класах хіміка-біялагічнага напрамку. Гэтым можна растлумачыць зніжэнне колькасці выпускнікоў, якія паступілі на хімічныя факультэты Беларускага і Маскоўскага ўніверсітэтаў, а таксама змяншэнне колькасці ліцэістаў — пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Усё гэта і дало падставы для арганізацыі апрабацыі навучання ў хіміка-матэматычным класе, вучэбны план якога прадугледжвае дадатковыя гадзіны на вывучэнне хіміі і матэматыкі, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна.

Тактычныя крокі

Для вырашэння пастаўленай задачы патрабавалася распрацаваць эксперыментальны вучэбны план, згодна з якім час на вывучэнне хіміі і матэматыкі быў павялічаны за кошт скарачэння гадзін на вывучэнне біялогіі. У выніку на вывучэнне хіміі адвялі 4 гадзіны ў тыдзень, а на вывучэнне матэматыкі — 5 гадзін у тыдзень.
Рэалізацыя гэтага вучэбнага плана, натуральна, запатрабавала распрацоўкі вучэбнай праграмы па хіміі, якая дасць магчымасць аптымальна выкарыстоўваць дадатковыя гадзіны для ажыццяўлення пастаўленых мэт і задач. Зразумела, вучэбная праграма была распрацавана, але яна мае асаблівасці.
— Дзеючая вучэбная праграма па хіміі прадугледжвае наступную паслядоўнасць вывучэння раздзелаў прадмета: у 10 класе вывучаецца агульная і неарганічная хімія, у выпускным класе — арганічная. Але для навучэнцаў, якія плануюць працягваць хімічную адукацыю, аптымальным з’яўляецца вывучэнне агульнай і неарганічнай хіміі на заключным этапе (11 клас), бо менавіта гэтыя раздзелы хіміі ляжаць у аснове большай часткі заданняў уступнага выпрабавання. А папярэднічаць гэтаму курсу павінна вывучэнне арганічнай хіміі. Гэта, а таксама вопыт выкладання хіміі ва ўмовах профільных хімічных і хіміка-біялагічных класаў у Ліцэі БДУ 1994—2008 гадоў і сталі асновай структуры вучэбнага матэрыялу гэтай эксперыментальнай праграмы.
У эксперыментальнай праграме 10 класа курса арганічнай хіміі папярэднічае вывучэнне часткі матэрыялу трох найважнейшых тэм агульнай і неарганічнай хіміі якраз у тым аб’ёме, які неабходны для паспяховага засваення арганічнай хіміі. Гэта тэмы “Асноўныя паняцці і законы хіміі”, “Будова атама і перыядычны закон”, “Хімічная сувязь і будова рэчыва”. На вывучэнне гэтых жа тэм у 11 класе адведзена менш вучэбнага часу.
Далей у 10 класе вывучаецца арганічная хімія. Апошняя тэма “Азотазмяшчальныя арганічныя злучэнні. Абагульненне і сістэматызацыя ведаў па арганічнай хіміі” пераносіцца ў 11 клас. Астатні вучэбны час 11 класа адведзены на вывучэнне агульнай і неарганічнай хіміі. Зменена месца тэмы “Важнейшыя класы неарганічных злучэнняў”. У прапанаванай праграме гэтая тэма пастаўлена пасля “Раствораў” і папярэднічае вывучэнню хіміі элементаў, з якой найбольш і звязана. Такая паслядоўнасць дае магчымасці для больш эфектыўнага абагульнення вучэбнага матэрыялу перад уступнымі выпрабаваннямі.
Адрозненне эксперыментальнай праграмы ад дзеючай заключаецца толькі ў змене паслядоўнасці вывучэння тэм курса. Змест тэм не мяняўся. Акрамя таго, выкананне лабараторных вопытаў, практычных работ і рашэнне разліковых задач прадугледжана ў адпаведнасці з дзеючай праграмай. І дадзеная праграма дазваляе выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе існуючы вучэбна-метадычны комплекс па хіміі, — расказала Таццяна Аляксандраўна. Але, як заўважыла мая суразмоўца, ў будучыні неабходна распрацаваць асобную праграму для вывучэння хіміі на павышаным узроўні.

Прагноз аптымальны

Важным складнікам эсперыментальнай работы з’яўляецца анкетаванне. Дарэчы, першы эксперыментальны клас быў створаны таксама на аснове анкетавання жадаючых, якія пасля зноў жа ў форме анкеты выказвалі свае адносіны да навучання ў такім класе. Затым у поле зроку арганізатараў эксперымента трапілі і бацькі, з меркаваннем якіх таксама трэба лічыцца.
Анкетаванне бацькоў навучэнцаў эксперыментальнага класа праводзілася на бацькоўскім сходзе ў сакавіку 2014 года. Яно праходзіла з выкарыстаннем сістэмы электроннага галасавання ActiveVote.
У выніку на пытанні, якія датычыліся арганізацыі вучэбнага працэсу, большасць бацькоў адказала, што іх дзеці не адчуваюць перагрузкі (78,6%). А на пытанне “Ці з’яўляецца выбар напрамку навучання аптымальным для дзіцяці?” 64,3% бацькоў адказалі станоўча, астатнія — “не ведаю”. Як заўважыла мая суразмоўніца, такія лічбы сведчаць пра тое, што навучэнцы 10 класа, напэўна, яшчэ не зусім вызначыліся з выбарам кірунку далейшага навучання, таму аналагічныя даследаванні цікава будзе правесці праз год.
І яшчэ адзін момант — аналіз алімпіяднай дзейнасці. Хоць ён і не з’яўляецца прадметам даследавання эксперымента, рэалізацыя якога найперш накіравана на задавальненне адукацыйных запытаў вучняў, матываваных на вывучэнне хіміі, але дае цікавыя вынікі. Навучэнцы 10 класаў ліцэя ў нядаўнім навучальным годзе прынялі актыўны ўдзел у шэрагу алімпіяд па хіміі.
Алімпіяда па хіміі “Вавёрка”, якая праводзіцца Беларускай асацыяцыяй “Конкурс”, адбылася ў Ліцэі БДУ 22 лістапада 2013 года. У ёй прынялі ўдзел 34 ліцэісты, з іх 27 — навучэнцы 10 класаў. 8 дзесяцікласнікаў сталі пераможцамі. Усе яны вучацца ў 10 хіміка-матэматычным класе. Трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі ў гэтым годзе проходзіў у ліцэі. У ім удзельнічалі 35 чалавек, з іх 22 — дзесяцікласнікі. Па выніках двух тураў былі вызначаны 15 пераможцаў, з іх 9 — дзесяцікласнікі. Усе яны з’яўляюцца навучэнцамі эксперыментальнага 10 хіміка-матэматычнага класа.
На заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі была накіравана каманда Ліцэя БДУ ў складзе 12 чалавек: 6 дзесяцікласнікаў і 6 навучэнцаў 11 класа. 10 чалавек сталі пераможцамі заключнага этапу, з якіх 5 — дзесяцікласнікі. Менавіта дзесяцікласнік з эксперыментальнага класа Дзмітрый Баброў стаў абсалютным пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, а затым прывёз медаль і з Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды. А ў папярэднім годзе толькі трое дзесяцікласнікаў былі пераможцамі рэспубліканскай хімічнай алімпіяды.
Напрыканцы яшчэ раз хочацца адзначыць, што 2013/2014 навучальны год стаў першым годам рэалізацыі эксперыментальнага праекта па апрабацыі мадэлі адукацыйнага працэсу з вывучэннем хіміі і матэматыкі на павышаным узроўні. За гэты час праведзена вялікая работа па арганізацыі і ажыццяўленні навучальнага працэсу ў 10 хіміка-матэматычным класе Ліцэя БДУ.
Эксперымент будзе працягвацца, але ўжо цяпер відавочна, што абраная мадэль з’яўляецца эфектыўнай і выніковай. Навучэнцы паспяваюць па ўсіх вучэбных прадметах, сярэдні бал па класе вышэй за 8,5 (пры сярэднім бале па ліцэі 8,5). Паспяховасць па хіміі вышэй, чым у навучэнцаў кантрольных класаў. І ўсё гэта сведчыць пра тое, што ўмовы для навучання ў эксперыментальным класе спрыяльныя.
— Мы цалкам задаволены гэтым кірункам і вельмі спадзяёмся, што яго падтрымаюць у іншых школах рэспублікі. Цяпер мы займаемся распрацоўкай нарматыўнай базы, якая дазволіць навучальным установам арганізоўваць навучанне ў хіміка-матэматычных класах. Ніякіх матэрыяльных выдаткаў на арганізацыю такога навучання не патрэбна. Неабходны толькі педагагічныя рэсурсы і жаданне дзяцей вучыцца, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна Калевіч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.