Каб “СМАйлікі” ўсміхаліся

- 12:55Сацыяльны ракурс

“У кожнага свой лёс”, “Ад лёсу не збяжыш”, “Наканавана лёсам”… Як часта нам даводзіцца чуць гэтыя словы? Як часта вам пра гэта кажуць? І калі такое гавораць, то што гэта — папрок ці спроба супакоіць, абнадзеіць? Безумоўна, у многім гэта залежыць ад сітуацыі. Але з тым, што сам чалавек з’яўляецца кавалём свайго лёсу, не паспрачаешся.  

Амаль заўсёды, у любой сітуацыі, мы стаім перад выбарам, думаем, што зрабіць у той ці іншы момант. Ад гэтага выбару можа залежаць не толькі наша жыццё, але і будучыня тых, хто знаходзіцца побач. Тым не менш бывае і так, што выбар відавочны і мы проста яго прымаем, бо не можам зрабіць інакш. 

У сваёй новай рубрыцы “Лёс чалавека” я буду пісаць партрэты, расказваць пра людзей, якія ўжо зрабілі свой выбар: яны ахвяруюць сабой, сваім часам дзеля дапамогі тым, хто знаходзіцца побач. Я буду расказваць пра тое, як яны ў адзіночку спрабуюць прыцягваць увагу да сацыяльных праблем і як вырашаюць іх. Гэта людзі розных прафесій, якіх аб’ядноўвае жаданне змяніць гэты свет да лепшага. А пачаць яны вырашылі з сябе. Безумоўна, знойдуцца тыя, хто пакруціць пальцам ля скроні і скажа, што ім няма чаго рабіць, але большасць, упэўнена, будзе імі захапляцца. Спадзяюся, што і натхняцца таксама. Бо тое, што і як яны робяць, — гэта высакародна.

Будзе цудоўна, калі сярод нас знойдуцца тыя, хто таксама захоча далучыцца да нашых герояў і дапамагчы ім. Няважна, якая гэта будзе дапамога — інфармацыйная ці фінансавая. Галоўнае, каб яна была, каб яе было бачна, бо разам мы можам значна больш, чым можам сабе ўявіць.


Чацвёра сутак без сну, 580 кіламетраў на нагах, 290 з якіх удалося прабегчы, прычым 8 гадзін — пад дажджом,  — Уладзіслаў Клундук прайшоў праз гэта, каб дабрацца да Масквы і звярнуць увагу на дзетак, што пакутуюць ад спінальна-мышачнай атрафіі, дапамагчы ім. 

Усе рамкі — у нашай галаве

Жаданне дапамагаць людзям, у прыватнасці, дзеткам, з’явілася ў маладога чалавека на фоне асабістай трагедыі: Уладзіслава пакінула жонка. Той перыяд, калі застаўся адзін, Улад перажываў цяжка. Хлопец расказаў, што яго вельмі доўга не адпускалі думкі пра суіцыд. 

“Гэта быў вельмі цяжкі перыяд, — расказвае пра сябе У.Клундук. — Я не ведаў, што рабіць з сабой, са сваім жыццём. Зусім выпадкова мне на вочы трапілася кніга Напалеона Хіла “Думай і багацей”. Чытаць я вельмі люблю і чытаю многа. А гэтая кніга мяне не тое што захапіла, яна перавярнула маё ўспрыманне ўсяго. Я зразумеў, што рамкі, якімі мы абмежаваны, толькі ў нашай галаве, а навязваюць іх нам тыя, хто знаходзіцца побач, нашы родныя і сябры. Але мы ўсе ўнікальныя, і ў гэтым наша каштоўнасць. А калі так, то што нам замінае развівацца і рабіць тое, што будзе прыносіць задавальненне і даваць вынік?”

Дэпрэсія, пастаянныя думкі пра суіцыд, прайграванне сцэнарыя з мінулага, у якім спрабаваў знайсці памылкі і зразумець, чаму так здарылася менавіта з ім, абясцэньванне сябе… Разумеючы, што так больш працягвацца не можа, Уладзіслаў пачаў займацца спортам. 

Сёння малады чалавек пра сябе таго расказвае спакойна. “У спартзале я літаральна жыў, знаходзіўся там па 10—12 гадзін, абы толькі не думаць пра тое, што мяне пакінулі. Калі дачытаў кнігу, прааналізаваў яе, то зразумеў, што насамрэч з-за розных дробязей сваё жыццё губяць многа людзей. Такога для сябе я не хацеў”. 

Праз некалькі месяцаў Уладзіслаў прачытаў у Instagram пра маленькую Софію Жагунь (наша газета пісала пра дзяўчынку), якой пасля нараджэння дыягнаставалі СМА І тыпу.

“Калі прачытаў пост, адразу зразумеў, што хачу дапамагчы гэтай малышцы, — працягвае У.Клундук. — Якраз у той час я чытаў многа літаратуры аб правільным мысленні. Асноўны пасыл быў у тым, што важна рабіць дабро, і яно вернецца, ахвяраваць на дабрачыннасць. Я ў гэта паверыў і пачаў дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. А дзеля Софіі вырашыў прабегчы 150 кіламетраў. Я верыў, што змагу гэта зрабіць. Тады я бег 24 гадзіны”.

Дзякуючы першаму дабрачыннаму забегу, Уладзіслаў здолеў прыцягнуць увагу грамадскасці да маленькай Софіі. Пра тое, што ў яго зямлячкі СМА (Софія — з Ляхавіч), пачалі пісаць і мясцовыя, і абласныя газеты. Інфармацыйная падтрымка сыграла сваю ролю: на рахунак дзяўчынкі пачалі паступаць грошы, а колькасць падпісчыкаў у групах сацыяльных сетак, прысвечаных малышцы, пачала расці.

“Я зрабіў тое, што ў маіх сілах, — прыцягнуў увагу да праблемы, бо фінансава дапамагчы сам, на жаль, не мог, — прызнаецца малады чалавек. — А ўжо людзі пачалі збіраць грошы. Пасля таго, як арганізаваў першы дабрачынны забег, я ўжо ведаў, што хачу зрабіць нешта большае. Я ведаў, што пабягу яшчэ раз. Дарэчы, пасля таго, як даведаўся пра Софію і пра тое, што гэта за хвароба — СМА, пачаў сачыць за малышамі, у якіх аналагічны дыягназ. Аказваецца, такіх дзетак вельмі многа. Ведаю, што іх можа выратаваць адзін укол, які каштуе нерэальна дорага — 2 млн долараў. Калі прачытаў гэта, пачаў аналізаваць, думаць. І ведаеце што? Сабраць такія грошы, калі мы аб’яднаемся, рэальна. Па ўсім свеце сотні тысяч дзяцей гінуць штодня толькі з-за таго, што людзі думаюць: “Мой 1 долар нікога не выратуе. Але гэта няпраўда! 2 мільёны долараў — гэта калі 2 млн беларусаў збяруць па 1 долары! Гэта рэальна, разумееце? Не 2 млн долараў выратуюць дзяцей, а 1 долар ад двух мільёнаў людзей!”

Пасля аказання дапамогі Софіі Уладзіслаў працягваў трэніравацца, бегаць. А гэтым летам ён знайшоў яшчэ аднаго “смайліка” — Рому Анціхевіча.

“Рома нарадзіўся ў снежні мінулага года, жыве ў Мсціславе, — расказвае пра свайго маленькага матыватара У.Клундук. — Калі прачытаў пра яго, зразумеў, што хачу яго ўбачыць, пазнаёміцца асабіста. Таму паехаў да хлопчыка ў госці. Яго бацькі, калі даведаліся, што хачу дзеля Ромы арганізаваць дабрачынны забег, былі прыемна ўражаны. А я, калі паглядзеў на хлопчыка, зразумеў, што гэта таго варта — рабіць дабро для такіх дзетак”.

У красавіку гэтага года малышу паставілі дыягназ “спінальная мышачная атрафія 1 тыпу”. Гэта рэдкае генетычнае захворванне, пры якім атрафіруюцца мышцы, дзіця перастае глытаць, рухацца, а затым і дыхаць. Без лячэння дзеці, якія пакутуюць ад СМА, не дажываюць да 2 гадоў.

3 снежня Рому споўніцца 11 месяцаў, але хлопчык амаль не рухаецца. Ён не можа пераварочвацца, сядзець, поўзаць. Але малыш усё разумее і адчувае, як і ўсе дзеткі.

“Як разумееце, выратаваць хлопчыка можа адзіны прэпарат — Zolgensma, пра кошт якога я ўжо казаў. Але я не перастаю верыць, што мы збяром грошы, каб прэпарат хлопчыку ўкалолі”, — верыць Улад. 

Нядаўна ў Кобрыне Уладзіслаў арганізаваў сацыяльную акцыю. Разам з сябрамі ён сабраў 500 кілаграмаў адзення для тых сем’яў, што маюць у гэтым патрэбу. Да ініцыятывы маладога чалавека далучыўся тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дабро — як бумеранг. Яно вяртаецца

Свой наступны дабрачынны забег Уладзіслаў пачаў 27 ліпеня. У 9 гадзін раніцы У.Клундук выбег з Віцебска, а крыху больш чым праз трое сутак, вечарам 30 ліпеня, малады чалавек ужо быў на Краснай плошчы ў Маскве. На працягу ўсяго шляху Уладзіслава суправаджалі яго сябры і машына хуткай дапамогі. З 580 кіламетраў, якія былі запланаваны, Улад прабег 290. Пасля першых 70 кіламетраў дыстанцыі пачаўся дождж, красоўкі прамоклі, і на нагах з’явіліся мазалі. Боль перашкаджаў бегчы.  

“Фізічная стомленасць, некаторыя арганізацыйныя моманты, што былі не да канца прадуманы, не дазволілі поўнасцю рэалізаваць задуманае, — тлумачыць Уладзіслаў. — У выніку я прабег 290 кіламетраў, але сваёй мэты дасягнуў. Дарэчы, увесь забег трансліраваўся ў Instаgram”.

Назіраць за тым, як Уладзіслаў бяжыць, было складана: столькі гадзін у дарозе, без сну, але пры гэтым з дакладным разуменнем, для чаго гэта трэба.

“Каб “смайлікі” ўсміхаліся, — кажа Уладзіслаў. — Я ведаю, што сваім учынкам звярнуў увагу на праблему дзетак са СМА. Таму буду верыць, што ў нас усё атрымаецца. І абавязкова буду сачыць за лёсам гэтых малышоў. Увогуле, я зразумеў адну рэч: Instаgram — цудоўная пляцоўка, якая дапамагае рабіць добрыя справы. Прынамсі, сёння мой акаўнт якраз на гэта і працуе”.

Зусім нядаўна ў родным Кобрыне Уладзіслаў арганізаваў яшчэ адну сацыяльную акцыю. Разам з сябрамі ён сабраў 500 кілаграмаў адзення для тых сем’яў, што маюць у гэтым патрэбу. Да ініцыятывы маладога чалавека далучыўся тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

“У акцыі прымала ўдзел уся краіна, — кажа Улад. — Рэчы дасылалі і па звычайнай пошце, і па Еўрапошце. З некаторых гарадоў я сам забіраў тое, што нам сабралі, ездзіў на машыне. Пасля таго, як акцыя завяршылася, мы з сацыяльным цэнтрам развезлі рэчы па сем’ях”.

Сёння малады чалавек прадумвае ідэі, як можна дапамагчы дзеткам, што жывуць у дзіцячых дамах.

“Хутка зіма, Новы год, — разважае У.Клундук. — Мне хочацца падарыць дзецям, у якіх няма сям’і, хаця б крышачку радасці. Планую купіць цацкі, адзенне, салодкія падарункі і напярэдадні свят з’ездзіць у некалькі дзіцячых дамоў і падарыць дзецям яркія эмоцыі. Я ведаю, што знайду тых, хто захоча да мяне далучыцца, бо дарыць дабро — гэта так прыемна. І яно заўсёды вяртаецца ў шматкратным памеры, я гэта дакладна ведаю”.

Наталля САХНО.