Кадры павышаюць усё

- 13:07Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Сёння, ды і заўсёды, кадры з’яўляліся краевугольным каменем у адукацыі. Разумеючы гэта, Іўеўскі аддзел адукацыі, спорту і турызму стварыў у сваім рэгіёне ўнутраную сістэму бесперапыннага самаўдасканалення педагагічных работнікаў, аб чым і ідзе гаворка на чарговай “Планёрцы” з удзелам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Валянцінай Іванаўнай УС.

— Над вырашэннем якіх задач працуе ваш аддзел адукацыі, спорту і турызму?
— Аддзел адукацыі, як і ўсе ўстановы адукацыі рэгіёна, працуе над адной глабальнай задачай — павышэннем якасці адукацыі, складнікамі якой з’яўляюцца кадравы патэнцыял, матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне ўстаноў адукацыі, адукацыйныя і кіраўнічыя тэхналогіі. На нашай “Планёрцы” будзем гаварыць пра кадры. Настаўнік быў і застаецца галоўнай фігурай у школе, таму якасць адукацыі прамапрапарцыянальна залежыць ад яго прафесіяналізму.
Значную ўвагу ўдзяляем павышэнню інфармацыйнай культуры педагогаў. Толькі з пачатку бягучага навучальнага года 112 кіраўнікоў устаноў адукацыі і настаўнікаў паспяхова здалі сертыфікацыйны экзамен карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій. 26 настаўнікаў, якія маюць сертыфікат карыстальнікаў ІКТ, скончылі курсы павышэння кваліфікацыі па тэме “Тэхналогія і педагогіка дыстанцыйнага навучання”. Яны засвоілі тэхналогію стварэння блогаў, даведаліся, як іх можна выкарыстоўваць у рабоце са школьнікамі, у павышэнні сваёй кампетэнтнасці. Нават стварылі блогі і працуюць над іх напаўненнем. Адметна, што іўеўскія педагогі сталі першымі ў Гродзенскай вобласці, для каго абласны інстытут развіцця адукацыі арганізаваў дыстанцыйную форму навучання з вочнай прысутнасцю. Курсанты высока ацанілі новаўвядзенне, адзначалі, што такая форма навучання дазволіла ім атрымаць новыя веды і разам з тым працягваць займацца сваёй непасрэднай дзейнасцю — вучыць дзяцей. Месяц яны самастойна выконвалі прапанаваныя заданні, атрымлівалі анлайн-кансультацыі ад выкладчыкаў інстытута, а затым на тры дні сабраліся ў гімназіі № 1 Іўя на вочную сустрэчу.
Нашы педагогі актыўна выступаюць на семінарах, конкурсах, канферэнцыях, фестывалях. У прыватнасці, не так даўно 10 настаўнікаў сталі ўдзельнікамі другога абласнога фестывалю “Інавацыйная школа: інфармацыйны і аналітычны партрэт”. Згодна з праграмай мерапрыемства, у Ліпнішкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе праходзіў абласны семінар пад назвай “Дзейнасць рэсурснага цэнтра Іўеўскага раёна па тэме “Комплекснае выкарыстанне матэрыялаў роднага краю ў адукацыйным працэсе”.
Інавацыйная дзейнасць — своеасаблівая форма павышэння кваліфікацыі. На сёння ў раёне 4 установы адукацыі працуюць над рэалізацыяй інавацыйных праектаў Міністэрства адукацыі: Бакштаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа па выхаванні моладзі на праваслаўных традыцыях беларускага народа; гімназія горада па навучанні відам спорту (баскетбол, валейбол, футбол, лёгкая атлетыка, аэробіка, атлетычная гімнастыка, спартыўна-аздараўленчы турызм) на ўроках фізічнай культуры і здароўя і ў пазакласнай рабоце; Суботніцкая сярэдняя школа па метадычнай рабоце па праектаванні эфектыўнага ўрока; Геранёнская сярэдняя школа па фарміраванні прадпрымальніцкіх кампетэнцый у вучняў сельскай школы ва ўмовах сацыяльнага партнёрства. Створаны і дзейнічаюць два рэсурсныя цэнтры сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці: у Іўеўскай сярэдняй школе па выкарыстанні мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ў кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці і ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Іўя па ўкараненні інтэрактыўных электронных вучэбных матэрыялаў у адукацыйны працэс устаноў дашкольнай адукацыі. З гонарам адзначаю, што наш дашкольны цэнтр з’яўляецца флагманам у рэспубліцы па распрацоўцы электронных сродкаў навучання, што пацвярджаюць вынікі ІХ Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, на якім выхавальнік установы Марына Мікалаеўна Балбатун адзначана дыпломам ІІІ ступені.
Штогод праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства “Адкрыццё” для педагагічных работнікаў са стажам работы да 2 гадоў. 9 маладых спецыялістаў трапілі ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў, якая змешчана на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Улічваючы тое, што нашы ўстановы адукацыі знаходзяцца адна ад адной няблізка, мы актыўна ўкараняем дыстанцыйныя формы педагагічнага ўзаемадзеяння. Другі год праводзім дэкады адкрытых дзвярэй, калі калектыў адной школы прыязджае ў іншую на адкрытыя вучэбныя, факультатыўныя заняткі, выхаваўчыя мерапрыемствы. Гэта стымулюе настаўнікаў шукаць новыя і больш эфектыўныя метады работы, каб не ўдарыць тварам у гразь перад сваімі калегамі.
У нас ёсць вопыт правядзення раённых вэбінараў, скайп-кансультацый. У лістападзе адбылася першая раённая інтэрнэт-канферэнцыя па тэме “Развіццё даследчай пазіцыі і творчых здольнасцей навучэнцаў: вопыт і перспектывы”.
Хачу адзначыць, што значная роля ў павышэнні майстэрства педагогаў належыць раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету, які ўзначальвае Таццяна Васільеўна Бакуновіч. Менавіта яна бачыць перспектывы развіцця нашых устаноў адукацыі, педагагічных кадраў.

— Цудоўная, як мне падаецца, форма работы — дэкады адкрытых дзвярэй. А калег з рэспублікі на якія мерапрыемствы запрасілі б?
— Сёлета ў сакавіку ў нашым раёне праводзіўся рэспубліканскі семінар па інфарматызацыі, дзе мы дзяліліся вопытам з калегамі, спецыялістамі, якія курыруюць гэты кірунак, па тэме “Праектаванне і арганізацыя адзінай інфармацыйнай прасторы як умова эфектыўнага кіравання якасцю адукацыі”. Свае напрацоўкі прадстаўлялі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Іўя, сярэдняя школа і гімназія № 1 горада. Штогод вучні Іўеўскай сярэдняй школы займаюць прызавыя месцы на трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Летам гэтага года вучань 11 класа Аляксей Вісцяж заваяваў сярэбраны медаль на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы. Напрыканцы лістапада Аляксей атрымаў дыплом ІІ ступені на XV Усерасійскай каманднай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні. У Іўеўскай сярэдняй школе працуюць два таленавітыя настаўнікі інфарматыкі — Васіль Вацлававіч Кеўра і Тадэвуш Вітольдавіч Макоўскі. Адметна, што Васіль Вацлававіч — вучань Тадэвуша Вітольдавіча. Т.В.Макоўскі вырасціў пераемніка, зараз яны разам рыхтуюць дзяцей да міжнародных і рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтваў.
Мы будзем рады нашым калегам з рэспублікі і гатовы падзяліцца з імі ўсім, чаго самі дасягнулі. Запрашаем да зносін!

Святлана КІРСАНАВА.