Каханне ў чатырох дзеях

- 11:00Вышэйшая школа

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка праходзіць “Тыдзень з Купалаўскім”. Гэта сумесны праект у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж універсітэтам і тэатрам. Упершыню аналагічны сумесны праект быў рэалізаваны ў лютым 2016 года. Ён садзейнічае эстэтычнаму выхаванню і духоўнаму станаўленню студэнтаў, павышэнню цікавасці будучых педагогаў да тэатра, развіццю пачуцця прыгожага.

На галоўнай сцэне БДПУ паказалі ўжо “Вечар” і “Паўлінку”. Сёння адбудуцца “Шабаны”, заўтра — “Каханне як мілітарызм”.

Прысутных віталі першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Старавойтава, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук, вядомы беларускі рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Мікалаевіч Пінігін.

А.І.Жук асабліва падкрэсліў той факт, што самыя бліскучыя пастаноўкі Купалаўскага змогуць пагля­дзець студэнты з розных куткоў нашай краіны. “Далёка не ва ўсіх гарадах, адкуль прыехалі вучыцца нашы студэн­ты, ёсць прафесійныя тэатры. І моладзь не заўсёды мае магчы­масць пазнаёміцца з гэтым важным відам мастацтва, які змяшчае вялікі культурна-выхаваўчы патэнцыял. Унікаль­насць нашага праекта ў тым, што тэатр наблізіўся да нас, сам завітаў у госці, на сцэну БДПУ, — сказаў Аляксандр Іванавіч. — Стварэнне культурна-выхаваўчага асяроддзя — важны напрамак палітыкі нашага ўніверсітэта, які рыхтуе будучых педагогаў — гарманічных лю­дзей. І менавіта тэатральнае мастацтва выступае важным сродкам духоўнага развіцця асобы, фарміравання эстэтычных ідэалаў, грамадзянскіх і маральных пазіцый. Прафесія педагога сугучная прафесіі артыста: сапраўднаму настаўніку проста неабходна валодаць выразнай мовай, асновамі акцёрскага майстэрства, каб зацікавіць і захапіць сваіх вучняў”.

Адмысловым пацвярджэннем слоў рэктара БДПУ стала сустрэча студэнтаў з артыстамі, якія ўдзельнічалі ў спектаклі, пасля яго прагляду — народнымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Генадзем Аўсяннікавым і Зінаідай Зубковай, заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Падабедам. Колькі было пытанняў ад нераўнадушных да культуры і духоўнасці маладых лю­дзей — столькі ж было і адказаў іх мудрых сяброў. Па словах начальніка Цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ Алены Віктараўны Жураўскай, сумесны з тэатрам універсітэцкі праект не выклікае сумнення ў яго значнасці. Студэнты педагагічнага, заўтрашнія настаўнікі, навідавоку прымяраюць на сябе розныя жыццёвыя ролі. “Радуе, што нашу ўніверсітэцкую ініцыятыву падтрымалі міністэрствы адукацыі і культуры. Гэта той выпадак, калі запыт супаў з прапановай”, — сказала Алена Віктараўна.

Можна сказаць, што студэнты вядучай педагагічнай УВА краіны гля­дзяць каханне ў чатырох дзеях, у чатырох яго іпастасях: класічных — у “Вечары” і “Паўлінцы”, і ў адмыслова сучасных — у “Шабанах” і “Мілітарызме”. Разгорнуты вобраз гэтага адвечнага пачуцця чалавека ўвасабляецца ў цудоўным выкананні майстроў купалаўскай сцэны. Дзяўчаты і хлопцы, якія заўтра пойдуць выкладаць у школу, маюць магчымасць прымераць на сабе вельмі розныя вобразы, якіх лучыць толькі адно — любоў да сваёй Радзімы.

Паўлінка любіць свайго Якіма Сароку і цярпець не можа Пустарэвіча. Софія з “Шабаноў” Бахарэвіча, у якой раптоўна знікае муж, усё адно вяртаецца ў родныя Шабаны. Але: “Калі пакідаеш нейкае месца і пасля вяртаешся — ці вяртаешся туды, дзе быў? Ці гатовы жыхары гэтага месца прыняць цябе новага? Ці магчыма ўвогуле некуды вярнуцца?”

На гэтыя і іншыя вечныя пытанні разважаюць сёння студэнты БДПУ імя Максіма Танка.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.