Калі сям’я — за дваццаць “Я”

- 12:47Сацыяльны ракурс

Дом Таццяны і Рыгора Грабко стаў родным амаль для 20 хлопчыкаў і дзяўчынак з няпростымі лёсамі.

Птушаняты з вялікага гнязда

Пра знаёмае сем “Я” ў гэтым выпадку гаварыць не прыходзіцца — у азначаным плане нашы героі ўтрая багацейшыя. Аднак шчаслівая сямёрка для Таццяны Міхайлаўны, Рыгора Андрэевіча і іх дзяцей сёлета мае асаблівае значэнне: у канцы жніўня дружны сямейны калектыў сабраўся за святочным сталом, каб адзначыць свой сёмы дзень нараджэння.
— Наша сям’я — я, муж і восем нашых дзяцей, якія зараз пражываюць разам з намі, — знаёміць Таццяна Міхайлаўна. — Наша сям’я — гэта і нашы выпускнікі. Трэба сказаць, што кожным з іх бацькі-выхавальнікі могуць па праве ганарыцца. Так, Жэня скончыў прафесійны ліцэй, працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы горада, мае аднапакаёвую кватэру. Алег вучыцца ў тым жа ліцэі на слесара-трактарыста-вадзіцеля, Настасся — студэнтка, хутка ў сям’і Грабко з’явіцца ўласны дыпламаваны эксперт-крыміналіст. Алена — навучэнка каледжа. З ліпеня ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Верхня-дзвінскага раёна працуе яшчэ адзін Жэня; Ірына залічана на першы курс медыцынскага каледжа, яна будучы фармацэўт; Аляксандр — курсант Ваеннай акадэміі. Фактычна яны больш не з’яўляюцца выхаванцамі дзіцячага дома, аднак для Таццяны Міхайлаўны і Рыгора Андрэевіча гэта па-ранейшаму іх дзеці і паўнапраўныя члены сям’і. Па выхадных, на канікулах старэйшыя абавязкова бываюць дома. Іх лёсам, вучобай, поспехамі сям’я заўсёды цікавіцца, па меры магчымасці дапамагае вырашаць бытавыя праблемы і, канечне ж, заўсёды рада іх бачыць.
— Безумоўна, наша сям’я — гэта і Каця, Алеся і Яраслаў, якія вярнуліся да сваіх бацькоў, — працягвае Таццяна Грабко. — Аднак мы з імі і іх сем’ямі цесна кантактуем, сябруем, сочым, як складваюцца іх лёсы.
Адной з найважнейшых сваіх мэт Таццяна Міхайлаўна і Рыгор Андрэевіч лічаць практычны вопыт жыцця ў паспяховай сям’і, які набываюць дзеці, каб у будучыні тыя, чые таты і маці страцілі права так сябе называць, не паўтарылі памылак дарослых, родных па крыві людзей. Разам з тым бацькі-выхавальнікі непахісна ўпэўнены, што кожнае дзіця мае права на зносіны з біялагічнай сям’ёй, і стараюцца выкарыстаць усе шансы па аднаўленні страчаных дзіцяча-бацькоўскіх адносін: запрашаюць мам і татаў паглядзець, як жыве іх дзіця, праводзяць гадзіны зносін, расказваюць, чым яны займаюцца, чаго дасягнулі. Разам абавязкова віншуюць бацькоў з днём нараджэння і святамі. Часам з дзецьмі завітваюць у госці да іх сваякоў. Калі ўдалося адшукаць у Смаленскай вобласці старэнькую бабулю Ірыны (дзяўчынка трапіла пад апеку дзяржавы пасля таго, як страціла бацькоў), а потым прыехаць да яе разам з яе амаль дарослай унучкай, прыгажуняй і разумніцай, агульная радасць была неймавернай. На працягу трох гадоў падтрымлівалі сувязь з бацькамі Кацюшы і Алесі — сімвалічна, што абедзве дзяўчынкі вярнуліся ў сям’ю ў Дзень маці. Падобным чынам вярнуўся ў сям’ю і Яраслаў. Дарослыя і дзеці з сям’і Грабко вельмі спадзяюцца, што ў гэтых гісторый абавязкова будзе шчаслівы працяг.

Пра пагоду ў доме

Дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе гаспадараць Таццяна Міхайлаўна, Рыгор Андрэевіч і іх дзеці, — гэта ўтульныя пакоі, абсталяваныя хлопчыкамі і дзяўчынкамі ўласнаручна, прычым кожнае дзіця мае свой любімы куток. Гэта вялікі абедзенны стол у гасцёўні, дзе сям’я любіць збірацца разам, абмяркоўваць агульныя праблемы, строіць планы на будучыню. Гэта прыгожы добраўпарадкаваны двор, які бацькі і дзеці праектавалі і стваралі самі. І, канечне ж, дагледжаны агарод, цудоўны сад, вялікае падвор’е. І нават міні-тэхнапарк з неабходнай тэхнікай — мікрааўтобусам, мотаблокам, іншымі прыстасаваннямі. Паўсюдна пануюць чысціня, прыгажосць і парадак — відаць, што ў доме жывуць руплівыя гаспадары.— За 7 гадоў многае зроблена, многага ўдалося дасягнуць, — адзначае маці. — Не магу сказаць, што жыццё ў нашай сям’і складваецца зусім бязвоблачна. Здаралася па-рознаму: набягалі хмаркі, і не толькі маленькія — часам даволі вялікія. Але ж нашы дзеці прыйшлі з розных сем’яў, і не таму, што ім захацелася пагасціць у нас, а таму, што не змаглі жыць у сваіх родных сем’ях. Гэта наклала пэўны адбітак на кожнага з іх. Хтосьці пэўны час з трывогай, падазронасцю глядзеў навокал, хтосьці імкнуўся да адзіноты, хтосьці ніяк не мог зразумець, што раскіданыя рэчы і смецце пасярод пакоя, брудны кубак на стале не самае лепшае ўпрыгажэнне нашага дома. Камусьці праца, ветлівасць, узаемны клопат пра іншых даваліся цяжка. Аднак усё гэта ўжо ў мінулым.

Прыцягненне Радзімы

Будучая гаспадыня вялікай сям’і нарадзілася ў Крыме. Але кожнае лета — да пятага класа — маці збірала дзяўчынку ў дарогу, на радзіму, і везла малую на Глыбоччыну. Па словах Таццяны Міхайлаўны, яна заўсёды марыла пра вялікую сям’ю — магчыма, таму, што ў бацькоў была адна. Другой запаветнай марай было атрымаць прафесію, якая давала б магчымасць працаваць з дзецьмі. Асабліва прываблівала работа з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, пазбаўленымі бацькоўскай цеплыні і любові.
— Нават не ведаю, чаму так атрымалася, але менавіта гэтыя дзеткі мяне цікавілі больш за ўсё, — прызнаецца наша гераіня. — Пасля заканчэння вучылішча працавала ў школе-інтэрнаце, дзе прайшла станаўленне як педагог і атрымала першыя навыкі зносін з дзецьмі з няпростым лёсам. У 1993 годзе вярнулася ў Глыбокае. Працавала ў Доме піянераў, аднак, калі ў 2000 годзе пачула, што ў раёне ствараецца дзіцячы сацыяльны прытулак, папрасілася туды на пасаду выхавальніка. Там пазнаёмілася з маленькай чатырохгадовай Ірай, якая па волі лёсу аказалася без апекі бацькоў. Яна нечым нагадвала маю дачку Аліну. Ужо з першай сустрэчы я зразумела, што дзяўчынка павінна ўвайсці ў нашу сям’ю, не магла зрабіць інакш — гэта было маё дзіця. З Алінай Іра пасябравала. Муж і старэйшыя дзеці — Сабіна і Максім — мяне адразу падтрымалі. Так у нас з’явілася першая прыёмная дзяўчынка. Інфармацыю пра тое, што разам з узвядзеннем дзіцячага дома сямейнага тыпу вядзецца работа па падборы кандыдатаў на пасаду бацькоў-выхавальнікаў, Таццяна Грабко даведалася на метадычных мерапрыемствах, якія наведвала па рабоце, а таксама па радыё, чытала ў раённай газеце. Як успамінае Таццяна Міхайлаўна, асабліва тады адклалася ў свядомасці: сярод найважнейшых патрабаванняў да кандыдатаў — педагагічная адукацыя і вопыт работы з дзецьмі, пазбаўленымі бацькоўскай апекі. І жанчыне падумалася: “Гэта якраз пра мяне”. Тым часам яе муж таксама не проста ведаў пра арганізацыю дома сямейнага тыпу (паколькі абодва наведвалі школу прыёмных бацькоў, дзе гэтая тэма абмяркоўвалася не ад зін раз), але і прымерваўся на ролю гаспадара сядзібы, ездзіў і аглядаў будоўлю, але жонцы пра гэта не гаварыў ні слова. А потым прыйшоў час падзяліцца планамі.
У жніўні 2008 года ў нас з’явілася вялікая сям’я, — ўсміхаецца Таццяна Грабко. — Пытанняў аб падборы дзяцей па нейкіх іх якасцях у нас, зразумела, не стаяла. Ірына ўжо была з намі, астатнія — выхаванцы сацыяльнага прытулку. Такім чынам у нас з’явіліся два Жэні, дзве Насцюшы — вялікая з маленькай — і старэйшая Насціна сястрычка Леначка. Двухпавярховы катэдж з дзевяццю ўтульнымі дзіцячымі пакоямі, гасцёўняй, сталовай быў пабудаваны ў рамках рэалізацыі праграмы “Дзеці Беларусі”. З чаго пачынаць жыццё вялікай сям’і, пытанняў таксама не было: мелі веды па педагогіцы і псіхалогіі, даволі вялікі вопыт выхавання ўласных дзяцей. Дапамагала практыка работы ў прытулку і велізарнае жаданне дапамагчы дзецям, зрабіць іх шчаслівымі, паказаць, што такое сям’я, узаемаразуменне, цярпенне, працавітасць, дабрыня, жаданне прыйсці на дапамогу блізкаму чалавеку. Хацелася растлумачыць ім, чаму трэба старацца займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, умець ставіць мэты і імкнуцца іх дасягаць. Увесь час мы стараліся больш быць разам.

Уладары сяла

Сумесная дзейнасць прывяла да высновы, што вялікая сям’я павінна мець свае правілы і законы, якія дапамогуць нам жыць дружна і шчасліва. Асноўнае — кожны павінен займацца карыснай справай і працаваць. Усе дзеці па меры сіл наводзяць парадак у доме, даглядаюць агарод і хатніх жывёл, прычым з улікам іх схільнасцей. Працавітасць у доме — галоўны прынцып сямейнага дабрабыту. Дапамогу замяшчальнай сям’і аказваюць вялікую — і дзяржава, і грамадскія структуры, і сябры-спонсары. Аднак асноўнае гаспадары вялікага дома імкнуцца рабіць самастойна, сваімі сіламі. Бацькі-выхавальнікі паказваюць на асабістым прыкладзе і пераконваюць дзяцей, што праца робіць чалавека паспяховым, дапамагае знайсці сваё месца ў жыцці. Кожнаму ў сям’і даецца магчымасць развіваць свае захапленні. Спектр іх надзвычай багаты: ад бісерапляцення да рукапашнага бою, ад музыкі да турызму. І старэйшыя, і малодшыя — заўзятыя аматары турызму, вельмі любяць падарожнічаць па сваім раёне, вобласці, краіне. А пасля набыцця мікрааўтобуса атрымалася здзейсніць незабыўную паездку на мора, у Ялту. Кожны мае права праявіць сваю значнасць, стаць ініцыятарам добрых спраў. І дзеці ахвотна гэтым карыстаюцца — ствараюць сцэнарыі сямейных свят, займаюцца дызайнам прысядзібнага ўчастка, які, дарэчы, можа служыць узорам для сельскіх гаспадароў.
На ганаровым месцы насупраць увахода ў дом красуецца герб сям’і Грабко. Перавязаныя чырвона-белай стужкай (сімвалам любові і чысціні намераў) каласы, якія сведчаць аб адзінстве і багацці, упрыгожаны ніткамі і сухацветам, што гаворыць пра захапленні дружнага сямейства. Усе яго прадстаўнікі ўмеюць адпачываць і працаваць з душой.
— Часам слоўныя настаўленні не прыносяць такога выніку, як практычная дзейнасць, — упэўнены бацькі. — Так да нас прыйшла ідэя прыняць удзел у праекце “Уладар сяла”. Гэта была своеасаблівая справаздача сям’і за год. На раённым конкурсе выйшлі ў пераможцы, на абласным — у прызёры. Лічым, што гэта немалое дасягненне. І такі эпізод у сямейным жыцці не адзіны: удзел у конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню — яшчэ адна наша традыцыя. Напрыклад, на раённым турыстычным злёце плануем выступіць адной камандай. Дзеці ў нас сабраліся розныя, і радасна бачыць, што сям’я аб’ядноўвае: мы адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.