“Калі ёсць мэта, ідэя, жаданне, то і час на іх абавязкова знойдзецца”

- 12:13Суразмоўца

Непрыкметна верасень пастукаўся ў акно пажаўцелым лісцем, тонкімі павуцінкамі і грыбнымі дожджыкамі, паклікаў вучняў і педагогаў за школьныя парты. З нецярпеннем і радасцю ў прадчуванні сустрэчы са сваімі пасталелымі за лета выхаванцамі спяшаецца сёння на работу і настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Вольга Уладзіміраўна Афанасьева.

— Кожны год 31 мая мне падаецца, што лепш, цікавей, прадукцыйней за мінулы навучальны год ужо быць не можа. Але кожны наступны год абавязкова адкрывае новыя гарызонты, новыя знаёмствы, новыя актыўнасці. І таму 1 Верасня для мяне не проста свята ведаў, а яшчэ і свята сяброўства, развіцця, творчасці, імкнення да новых вяршынь, — гаворыць настаўніца.

Вольга Уладзіміраўна — творчы педагог і энтузіяст у прафесіі. На вучэбных занятках уключае навучэнцаў у актыўную вучэбна-пазнавальную дзейнасць з дапамогай выкарыстання рознаўзроўневых і праблемных заданняў, накіраваных на фарміраванне прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый. Выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў, камп’ютарных тэхналогій у адукацыйным працэсе спрыяе павышэнню інфармацыйнай культуры навучэнцаў.

Як адзначаюць калегі настаўніцы, Вольга Уладзіміраўна — крэатыўны і амбіцыёзны педагог, заявіла пра сябе з першых дзён работы ў школе. Школьны сайт (http://www.soch-7.by), распрацоўшчыкам якога яна з’яўляецца, стаў асноўным кампанентам інфармацыйнай прасторы школы. Па выніках абласнога конкурсу “Лепшы сайт установы агульнай сярэдняй адукацыі” ў 2019 годзе педагог была ўдастоена дыплома ІІ ступені.

Разумеючы, што афіцыйны школьны сайт не проста інструмент адлюстравання штодзённага жыцця, а сродак арганізацыі і суправаджэння адукацыйнага працэсу, В.У.Афанасьева прыцягвае да супрацоўніцтва ўсіх педагагічных работнікаў установы адукацыі. Дзякуючы рэалізацыі сумесных праектаў, актыўна развіваецца рубрыка “Інтэрактыўная адукацыя”.

Летась настаўніца стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, прадставіўшы на суд журы электронны адукацыйны рэсурс “Лагапедычны штодзённік”. А некалькі гадоў назад Вольга Уладзіміраўна перамагла ў раённым конкурсе “Самы класны класны” і прадстаўляла рэгіён на абласным этапе гэтых спаборніцтваў, дзе была ўдастоена прыза сімпатый гледачоў.

Захопленасць сваім прадметам дазваляе Вользе Уладзіміраўне дасягаць высокіх вынікаў у навучанні інфарматыцы. Яе навучэнцы з’яўляюцца пераможцамі розных прадметных конкурсаў, алімпіяд.

Пра тое, як настаўніцы ўдаецца захапіць вучняў інфарматыкай і падтрымліваць цікавасць да яе на працягу навучання ў школе, як паставіць зацікаўленасць гаджэтамі на карысць вучобе і як наладзіць кантакт з дзецьмі і зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі, — наша гутарка з В.У.АФАНАСЬЕВАЙ.

— Вольга Уладзіміраўна, чаму вы сталі менавіта настаўніцай інфарматыкі?

— Калі я яшчэ была маленькай дзяўчынкай, ідэалам для мяне была мая цётка Ганна Тадэвушаўна Дземідовіч, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў у Мінску. Яна ўвасабленне дабрыні, прыгажосці, розуму, вельмі ўважлівая, пазітыўная і цікавая. У дзіцячых спробах дацягнуцца да ідэалу нарадзілася мара стаць настаўніцай пачатковых класаў. А падчас вучобы ў школе з’явілася захапленне праграмаваннем. Аднак мару стаць настаўніцай я не пакінула. Так жыццё прывяло мяне на фізіка-матэматычны факультэт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Дарэчы, жаданне працаваць з дзецьмі пачатковай школы нікуды не знікла. Ужо некалькі гадоў вяду заняткі па навучанні малодшых школьнікаў асновам камп’ютарнай пісьменнасці.

У школе працую ўжо 10 гадоў настаўніцай інфарматыкі з перапынкам на дэкрэтны водпуск. Да таго ж не ўяўляю работу настаўніка-прадметніка без класнага кіраўніцтва. Працаваць з дзецьмі заўсёды вельмі цікава. Якую б адукацыю ты ні атрымаў, колькі б курсаў ні скончыў, а ў дзяцей заўсёды ёсць чаму павучыцца, заўсёды ёсць нешта такое, што абавязкова здзівіць і парадуе. Прычым няма ніякай залежнасці гэтай з’явы ад адзнакі ў дзённіку. Я шчыра ўпэўнена: кожнае дзіця таленавітае. Часам нам, дарослым, проста трэба разгледзець гэты талент і паказаць навакольнаму свету.

— Якія тэхналогіі на сёння вы лічыце найбольш прадукцыйнымі ў адукацыйным працэсе?

— Увесь мінулы навучальны год прысвяціла вывучэнню актыўнай ацэнкі. Запісалася і паспяхова скончыла шасцімесячныя дыстанцыйныя курсы. Мяне вельмі натхніла гэтая методыка, некаторыя метады і прыёмы якой я актыўна выкарыстоўваю на сваіх уроках. І хочацца адзначыць, што дзецям гэта вельмі падабаецца — павышаецца матывацыя да навучання і актыўнасць на занятках.

Летась я абагульніла вопыт работы па тэме “Кампетэнтнасныя заданні як сродак актывізацыі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў на розных этапах урока”. Вопыт работы паказаў, што многім навучэнцам цяжка даецца навык выкарыстання сродкаў інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій для збору, захоўвання, пераўтварэння і перадачы розных відаў інфармацыі. Выяўленыя цяжкасці навучэнцаў садзейнічаюць зніжэнню пазнавальнай цікавасці на ўроку і, як вынік, зніжэнню вучэбнай матывацыі. Адным са сродкаў фарміравання вучэбнай матывацыі з’яўляюцца кампетэнтнасныя заданні.

У сваёй практыцы выкарыстоўваю кампетэнтнасныя задачы, матэрыял для складання якіх узяты з навакольнай рэчаіснасці і арыентаваны на фарміраванне практычных навыкаў навучэнцаў: стварыць уласную візітную картку, расклад заняткаў, аб’яву, чэк-ліст здаровага ладу жыцця і г.д. Гэты тып задач прадугледжвае арыентацыю на развіццё ў навучэнцаў якасцей, неабходных для жыцця ў сучасным грамадстве і ажыццяўлення прак­тычнага ўзаемадзеяння з аб’ектамі прыроды, вытворчасці, побыту.

Зварот да жыццёвага вопыту навучэнцаў заўсёды суправа­джаецца аналізам уласных дзеянняў, уласнага стану, адчуванняў. Па гэтай прычыне зварот да вопыту дзяцей — гэта не толькі прыём для стварэння вучэбнай матывацыі. Больш важна тое, навучэнцы бачаць прымяняльнасць атрыманых імі ведаў у практычнай дзейнасці.

— Вольга Уладзіміраўна, а як вы прыйшлі да распрацоўкі ўласных электронных адукацыйных рэсурсаў?

— Электронны адукацыйны рэсурс “Лагапедычны штодзённік”, які быў адзначаны на рэспубліканскім конкурсе КАІ-2019, не адзіны электронны адукацыйны прадукт, распрацаваны ў нашай установе адукацыі. Мне вельмі пашанцавала з калегамі: у якую б галіну я ні накіравала ўвагу вучняў для інтэграцыі з інфарматыкай — заўсёды знойдуцца педагогі, гатовыя падтры­маць ініцыятыву. У нас ёсць сумесныя праекты настаўнік — вучань — настаўнік у галіне геаграфіі, біялогіі, беларускай мовы, краязнаўства, гісторыі, дэфекталогіі, лагапедыі.

У 2013 годзе з мэтай прапаганды, навучання і выхавання падрастаючага пакалення ў сферы энергазберажэння быў распрацаваны электронны адукацыйны рэсурс “Віртуальны кабінет эканоміі і беражлівасці”. На яго старонках сабрана вялікая медыятэка, якая змяшчае відэаўрокі беражлівасці, дакументальныя фільмы па энергазберажэнні, размешчаны распрацоўкі сцэнарыяў свят, класных і інфармацыйных гадзін. Гэты праект удастоены дыплома ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”.

Сумесна з настаўніцай беларус­кай мовы і літаратуры Ж.В.Гоман на пазнавальным матэрыяле пра Беларусь створаны арфаграфічны трэнажор “Беларускі калейдаскоп”. Гэты сродак навучання аб’ядноўвае дзве функцыі: з’яўляецца даведнікам і адначасова практыкумам. Даведнік, таму што змяшчае тэарэтычны матэрыял. Практыкум — вучыць карыстацца правіламі, прымяняць іх на практыцы пры выкананні разнастайных практыкаванняў. Некаторыя віды практыкаванняў падмацоўваюцца ілюстрацыйным тэкставым матэрыялам, які дазваляе атрымаць больш поўнае ўяўленне пра побыт, норавы, абрады і традыцыі беларусаў, расказвае пра вядомых асоб беларускай гісторыі. Дарэчы, названы электронны адукацыйны рэсурс удастоены дыплома І ступені на рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак “Патриот.by-2019”.

“Лагапедычны штодзённік” — праект, створаны ў суаўтарстве з настаўнікам-дэфектолагам Т.І.Булаўка, якраз магчымасць паказаць навучэнцам і іх бацькам прымяняльнасць інфармацыйных тэхналогій у практычнай дзейнасці. Ён дазваляе ўключыць у карэкцыйны працэс над гукавымаўленнем бацькоў вучняў у хатніх умовах. Рэсурс змяшчае матэрыял для аўтаматызацыі 12 гукаў, 48 відэаўрокаў па выкананні артыкуляцыйнай гімнас­тыкі, 256 інтэрактыўных трэнажораў і больш за 40 практыкаванняў з выкарыстаннем сюжэта.

Увогуле лічу, што інфарматыка і інфармацыйныя тэхналогіі не прос­та навука — гэта магчымасць зрабіць жыццё чалавецтва больш камфортным, вырашыць глабальныя праблемы.

— Калі-нікалі ад настаўнікаў даводзіцца чуць, што розныя гаджэты толькі пера­шкаджаюць вучыцца, адцягваюць увагу вучняў ад работы. А якой думкі прытрымліваецеся вы наконт гэтага?

— Ці дапамагаюць гаджэты вучыцца? Мой адказ — адназначна дапамагаюць. “Камп’ютары — гэта як веласіпед. Толькі для нашай свядомасці” — гэтыя словы Стыва Джобса я гавару сваім вучням. Яны павінны дакладна ведаць, што хо­чуць атрымаць, а камп’ютар дапаможа ім сэканоміць рэсурсы.

Магчыма, хтосьці з калег лічыць, што мая любоў да гаджэтаў абумоўлена толькі прафесійнай дэфармацыяй, але я шчыра лічу, што лічбавая трансфармацыя адукацыі — гэта натуральны і непазбежны працэс. Мы не павінны адбіраць у дзяцей тэлефоны, мы павінны вучыць выкарыстоўваць іх эфектыўна.

Прапаганду па эфектыўным выкарыстанні гаджэтаў я праводжу не толькі для навучэнцаў, але і для іх бацькоў. У сваім класе мы стварылі віртуальны фотаальбом класа, які штодня папаўняецца свежымі фотаздымкамі ў рэжыме анлайн. Гартаючы яго, бацькі даведаюцца аб буднях і святах школьнага жыцця сваіх дзяцей. Наш альбом за 4 гады сабраў у сабе каля 2500 фотаздымкаў. Функцыя распазнавання твараў на фотаздымках дазваляе лёгка ствараць тэматычныя прэзентацыі да пазакласных мерапрыемстваў, дзён нараджэння ці бацькоўскіх сходаў, рыхтаваць прыемныя сюрпрызы як дзецям, так і бацькам.

Як настаўнік інфарматыкі я ра­зумею, што віртуальны свет нясе ў сабе часам вельмі рэальныя небяспекі. Таму асаблівы акцэнт у рабоце — на пазакласныя мерапрыемствы па пытаннях бяспекі ў сетцы інтэрнэт. І абавязкова бацькоўскія сходы, на якіх абмяркоўваюцца пытанні камп’ютарнай пісьменнасці.

— Вольга Уладзіміраўна, некалькі гадоў назад вы сталі пераможцай раённага конкурсу “Самы класны класны”. Як наладзіць кантакт з дзецьмі, каб яны табе давяралі?

— Лічу, што менавіта ў калектыве асоба дзіцяці можа найбольш поўна і ўсебакова развівацца. Таму прыярытэтным кірункам выхаваўчай работы з’яўляецца фарміраванне дзіцячага калектыву. Агульная цікавая справа, якая мае канчатковы вынік, садзейнічае аб’яднанню і згуртаванню любога калектыву. І я як педагог з’яўляюся неад’емнай часткай гэтага калектыву. Асновай для наладжвання любых даверлівых адносін, як з дзецьмі, так і з іх законнымі прадстаўнікамі, на мой погляд, з’яўляецца шчырасць. Шчырае жаданне выслухаць, падтрымаць, пагаварыць, нават калі няма сіл ці часу, адчыняе дзверы ў дзіцячае сэрца.

Зразумець дзяцей, паглыбіцца ў іх цяжкасці, адзначыць для сябе іх дасягненні на этапе вывучэння індывідуальных асаблівасцей мне дапамагае прыём “Адкрыты ліст бацькам”. Прапаную навучэнцам напісаць ліст бацькам, які складаецца з незавершаных сказаў. Бацькі, чытаючы лісты сваіх дзяцей, па-іншаму глядзяць на іх цяжкасці, пранікаюцца дзіцячымі праблемамі, якія для дарослых часам здаюцца дробяззю, а ў дзяцей пачынае разбурацца ўвесь свет. Адкрыты ліст бацькам — яшчэ адна добрая магчымасць дзецям выказаць свае пачуцці, эмоцыі, а ўсім разам — і дзецям, і бацькам — зрабіць крок насустрач адно аднаму.

У сваёй дзейнасці класнага кіраўніка ўсе мерапрыемствы планую разам з дзецьмі і часта абмяркоўваю з іх бацькамі. Гэта дазваляе ў поўнай меры ўлічыць інтарэсы, здольнасці, пажаданні дзяцей і баць­коў, пры гэтым не забываючы аб тых задачах выхавання, якія стаяць перада мной. Лічу важным захапіць кожнае дзіця цікавай справай, бо ім у любым узросце нецікавыя абстрактныя і расплывістыя мэты, а важны канкрэтны вынік.

У гэтым мне таксама дапамагае актыўнае выкарыстанне інтэлект-карты. Вучні з задавальненнем плануюць цікавыя справы на ­чвэрць, запаўняючы карту па наступных напрамках: экскурсіі, добрыя справы, мерапрыемствы з бацькамі, пра што хачу даведацца больш, чым магу падзяліцца з аднакласнікамі, пра што напішам артыкул у газету, госць месяца. Інтэлект-карты спрыя­юць цэласнаму бачанню планаванай дзейнасці з класам на чвэрць (паўгоддзе).

Найбольшую цікавасць у навучэнцаў выклікае мерапрыемства ­“Госць месяца”, якое праходзіць у форме ток-шоу “101 пытанне даросламу”. Увесь клас з энтузіязмам рыхтуецца да сустрэчы за круглым сталом з запрошаным госцем: бяруць інтэрв’ю ў навучэнцаў школы пра гэтага чалавека, манціруюць відэаролік аб грамадскім жыцці госця, рыхтуюць спіс пытанняў, афармляюць запрашэнне. Госць мерапрыемства не проста адкрыта адказвае на пытанні навучэнцаў, ён дзеліцца сакрэтамі свайго прафесійнага поспеху, сваімі дзіця­чымі марамі, дэманструе таленты.

У жыццё класа актыўна прыцягваюцца бацькі. Яны прымаюць ­удзел у спартыўных святах, творчых канцэртах, майстар-класах, прэзентацыях асабістых дасягненняў навучэнцаў, бацькоўскіх вечарах. На мой погляд, цікава правесці бацькоўскі вечар дапамагае прыём “Каляровыя пытанні”. У пачатку сустрэчы прапаную кожнаму з бацькоў выбраць цукерку M&M. Падчас мерапрыемства ў адпаведнасці з колерам цукеркі прапаную бацькам даць разгорнуты адказ на пытанне, падзяліцца вопытам. Гэты прыём дазваляе не толькі выказаць сваё меркаванне па прапанаваных пытаннях, але і пачуць нешта карыснае для сябе ў развагах іншых бацькоў, узяць на ўзбраенне ў свой выхаваўчы арсенал нешта новае, цікавае.

— А ці хапае часу на ўласных дзяцей? На сям’ю?

— Часу, як і ва ўсіх у сучасным свеце, катастрафічна не хапае. Але я заўсёды ўспамінаю словы свайго класнага кіраўніка Тамары Іванаўны, якая нам часта паўтарала: “Нічога не паспявае той, хто нічога не робіць”. Таму такое апраўданне, як не хапае часу, не пускаю ў сваё жыццё. Калі ёсць мэта, ідэя, жаданне, то і час абавязкова знойдзецца.

Да таго ж мне ў жыцці вельмі пашанцавала: у мяне выдатны муж і трое цудоўных сыноў. Я не магу сказаць, што разрываюся паміж школай і домам. Дзве сферы жыцця ў мяне злітыя разам. Мае хлопчыкі мне заўсёды з радасцю дапамагаюць у школьных справах, мы ўсёй сям’ёй з класам ездзім на экскурсіі, гуляем у лазертаг і г.д.

— Вялікі дзякуй за размову!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.