Каляровыя сны

- 9:11Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Менавіта так называецца рэспубліканскі дабрачынны інклюзіўны праект для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, які днямі прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. 

Ідэя дабрачыннага праекта простая і цікавая адначасова. “Каляровыя сны” — гэта асаблівы модны паказ, які сёлета рэалізуецца пяты раз з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем дзяцей-сірот з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, да іх інклюзіі ў культурнае жыццё краіны і неабходнасці стварэння індывідуальнага адзен­ня з улікам асаблівасцей развіцця малышоў.

“90% дзяцей, што выхоўваюцца ў інтэрнатах, маюць асаблівасці ў развіцці, — адзначае арганізатар сацыяльнага праекта намеснік дэкана факультэта завочнай адукацыі БДУКіМ Анжаліка Байко. —  Сёлета паказ праходзіць пяты раз. Першапачаткова да ўдзелу ў ім прыцягвалі вядомых дызайнераў, але потым зразумелі, што і мола­дзі, навучэнцам, якія ат­рым­лі­ва­юць прафесіі швачак, мадэльераў і закройшчыкаў, таксама будзе цікава прыняць удзел у такой ініцыятыве. Працуючы з асаблівымі дзеткамі, я зразумела, што не ўсё робіцца за грошы і дзеля іх — многае робіцца і павінна рабіцца для душы”.  

У дзень паказу мадэлямі сталі больш за 200 дзяцей-сірот, выхаванцаў 16 школ і дамоў-інтэрнатаў, і 150 валанцёраў з устаноў адукацыі краіны.

“Натуральна, дзеці прадэманстравалі калекцыі адзення ад вядомых беларускіх дызайнераў і вучнёўскіх калектываў, створаных пад дэвізам “Дзеці — дзецям”. У канцы мерапрыемства асаблівыя мадэлі атрыма­юць усё дызайнерскае адзенне ў дар. Дзякуючы падтрымцы партнёраў, юныя мадэлі пасля прэзентацыі калекцый атрымалі персанальныя падарункі. 

Што тычыцца калекцый, якія былі прадастаўлены падчас паказу ў БДУКіМ, то яны вылучаюцца сваёй разнастайнасцю і арыгінальнасцю. Так, маладыя дызайнеры распрацавалі для дзяцей-сірот хакейную форму, а таксама калекцыі школьнага і святочнага адзення.

“Выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця выйшлі на подыум у прыгожай школьнай форме, а дзеці, што выхоўваюцца ў Камянецкай школе-інтэрнаце, прадставілі калекцыю пад цікавай назвай “Каралева бензакалонкі”, — пералічыла А.Байко. 

Цікавыя калекцыі стварылі дзецям з Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-­інтэрната навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова. А навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання стварылі калекцыю “Спорт” для выхаванцаў Улукоўскай дапаможнай школы-інтэрната Гомельскага раё­на.

“Віцебскі дзяржаўны інду­стрыяль­ны каледж распрацаваў калекцыю “Серпанцін”, — працягвае расказваць пра ўдзельнікаў праекта А.Байко. — Навучэнцы ўстановы цікава падышлі да калекцыі. Яна ў іх, між іншым, створана з розных тканін, а серпанцін, які рассыпаўся па гэтых тканінах, прадстаўлены ў выглядзе рознакаляровых гузікаў. “Серпанцін” быў падораны Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнату і Ваўкавыскай дапаможнай школе-інтэрнату. А Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны каледж выпусціў калекцыю для Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната і назваў яе “Вместе весело шагать”. Другі год запар удзел у праекце прымае сярэдняя школа № 24 Гомеля. Яе навучэнцы разам з дызайнерам прадумваюць ідэі касцюмаў і таксама перадаюць іх тым дзеткам, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Так, сёлета “Беласнежную калекцыю” атрымалі выхаванцы Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. 

Выхаванцы Ваўкавыскай дапаможнай школы-інтэрната і Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця ў гэтым годзе ўпершыню прымаюць удзел у “Каляровых снах”. Навагрудская школа-інтэрнат, дарэчы, сёлета прэзентавала сваю калекцыю “Арыгамі”, выкананую ў адпаведным стылі, у рубрыцы “Сам сабе дызайнер”.

На працягу апошніх гадоў у “Каляровых сноў” з’явіліся свае прыхільнікі. Так, выпускніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыя Чычко, валанцёр праекта, зрабіла для дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця калекцыю “TikTok”. 

“Сёння дзеці захапляюцца сацыяльнымі сеткамі, і TikTok — адна з самых папулярных, таму Кацярына вырашыла падысці да дызайну адзення, беручы гэта пад увагу, — заўважае арганізатар сацыяльнай ідэі. —  Прыемна, што ўсе калекцыі ствараліся для дзяцей, з улікам іх пажаданняў. Што тычыцца “Каляровых сноў” у цэлым, то за 5 гадоў наш праект вырас у маштабах. Атрымліваецца, што ў рамках праекта з’яўляюцца падпраекты, калі дзеці самі для сябе і для іншых дзяцей ствараюць прыгожыя калекцыі. Рубрыцы “Сам сабе дызайнер” ужо 4 гады. Прыемна назіраць за тым, як выхаванцы школ выходзяць на подыум у тым, што самі для сябе прыдумалі. Гле­дзя­­чы на адзенне, якое яны стварылі самастойна, здзіўляешся, наколькі адказна і творча да гэтай справы падыходзяць дзеці. Яшчэ хочацца пахваліцца тым, што ў нас ёсць свой гімн, які мае аднайменную назву — “Каляровыя сны”. Яго  напісала кампазітар Кацярына Сянкевіч. Падтры­маць юных ма­дэлей, якія выхо­дзяць на подыум, штогод прыходзяць вядомыя беларускія выканаўцы.

Што хаваць, “Каляровыя сны” знайшлі водгук у сэрцах многіх. Нас таксама падтрымлівае Міністэрства адукацыі, што для сацыяльнага праекта, накіраванага на дапамогу асаблівым дзецям, вельмі важна. Спа­дзя­ёмся, што ў наступным годзе колькасць удзельнікаў і валанцёраў у “Каляровых снах” стане яшчэ большай. Кожны раз, удзя­ляючы ўвагу дзеткам і дапамагаючы ім, мы бачым, наколькі гэта для іх важна. Ім прыемныя нашы ўвага і клопат. Бачачы іх шчаслівыя і захопленыя вочы, хочацца рабіць яшчэ больш. Так мы зможам прымусіць іх усміхнуцца і падорым нагоду адчуць сябе значнымі”. 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.