Камп’ютарная залежнасць: калі біць трывогу?

Колькасць дзяцей і падлеткаў з залежнасцю ад інтэрнэту і камп’ютарных гульняў год ад году павялічваецца. Як вызначыць: ваша дзіця ў меру забаўляецца за “кампом” або ўжо кам’ютаразалежнае?

Прапаноўваю дарослую размову пра дзяцей. З ранняга ўзросту ў іх у руках планшэты і смартфоны. Вядома, гэтыя тэхнічныя навінкі набываюцца не для таго, каб званіць бацькам або займацца паглыбленай падрыхтоўкай па школьных прадметах. Інтэрнэт з яго багаццем уражанняў і відэагульні — вось новая забава дзяцей і ў школе, і ў дзіцячым садзе. Вельмі хутка яны навучацца выводзіць на экран парнаграфічныя карцінкі і смела дзейнічаць у сітуацыях гульнявых сюжэтаў. А вялікія камп’ютарныя гульні з жудаснымі сцэнарыямі яшчэ чакаюць свайго часу.

Call of Cthulhu: Dark Corners of the Earth — гэтая гульня адразу пачынаецца “аптымістычна”: галоўны герой канчае жыццё самагубствам праз павешанне. Таму на экране няма звычайнай палоскі пра запас здароўя галоўнага героя, бо яго фізічнае цела мёртвае. Затое ёсць палоска душэўнага здароўя. Гулец кіруе ўжо прывідам героя — дэтэктыва, які па сцэнарыі бачыць страшэнных стварэнняў або расчлянёныя трупы, што вядзе да змяншэння гэтай палоскі. Калі яна дасягае пэўнага памеру пад уздзеяннем карцін разбурэння і распаду, гэты прывід — галоўны герой гульні — па сюжэце можа пачаць галюцыніраваць, а потым звар’яцець. Усяму гэтаму суперажывае гулец, які часта адносіцца да свайго героя з хваляваннем і вельмі клапатліва.

Чым старэйшым становіцца дзіця, тым больш магутны і сучасны купляецца для яго камп’ютар. Звычайна свой камп’ютар дзеці атрымліваюць ва ўзросце 12—14 гадоў і ахвотна бавяць за ім час. Гэта зручна і бацькам: пакуль дзіця занята гульнёй, у доме пануе ціхае, мірнае жыццё. Акрамя таго, камп’ютар адкрывае перспектывы цікавай і высокааплатнай работы — здаецца, што ўсё толькі на карысць. Мамы купляюць лекі для пачырванелых вачэй дзяцей і вітаміны. Таты ахвотна даюць грошы на дыскі з гульнямі, аплачваюць безлімітны інтэрнэт.
Даследаванні паказалі, што да 20 гадоў у 90% студэнтаў стаж карыстання камп’ютарам (і ў першую чаргу гульнявы) — каля 9 гадоў. На сёння камп’ютарную залежнасць сярод падлеткаў і студэнтаў у Беларусі вучоныя вызначаюць на ўзроўні 20% (да ведама: пры захворванні на грып 20% насельніцтва аб’яўляецца эпідэмія).
А вы сапраўды ўпэўнены, што дзіця, днямі праседжваючы за камп’ютарам, занята нечым карысным? Вы спрабавалі прасачыць, колькі гадзін у суткі яно занята гульнёй (у тым ліку ўначы)? Чаму вы ўпэўнены, што камп’ютарныя гульні карысныя для яго? Ці глядзелі вы на ўпакоўку чарговага дыска з гульнёй? Для дзяцей якога ўзросту яна прызначана? Ці няма на каробцы надпісу “horror” або карцінак з расчлянёнымі целамі? Проста паглядзіце графіку на экране — вы адкрыеце для сабе шмат новага!
У камп’ютарных гульняў ёсць свая спецыфіка. Важную ролю тут адыгрывае спаборніцтва з равеснікамі. Вось што расказвае ад зін з гульцоў: “Калі з дапамогай 20 клавіш я кіраваў гульнёй (мышак тады яшчэ не было), то ўмудраўся абыгрываць усіх апанентаў. У гэты момант я адчуваў сябе сапраўды вялікім”.
Другі гулец прызнаецца: “Калі я ўпершыню пабачыў на экране гульню “&”, то зразумеў, што прапаў. У час гульні мяне перапаўнялі такія пазітыўныя эмоцыі, што я ўжо не ўяўляў свайго існавання без боек з оркамі, а потым з нечысцю. Такога шалёнага ўпырсквання адрэналіну, як у тыя цудоўныя імгненні, я ніколі не адчуваў. Дзеля чарговай дозы ўражанняў я гатовы быў цэлымі днямі забіваць, калечыць і разбіваць аб ахоўныя агароджы натоўпы ворагаў. Увогуле, я пацыфіст, але, калі садзіўся за камп’ютар, ужо не мог спыніцца”.

Кіра Мікалаеўна МЕЗЯНАЯ — урач-псіхіятр са стажам работы больш за 35 гадоў. У 1974 годзе скончыла Мінскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “Урач-лячэбнік”. Працавала ўрачом-псіхіятрам у Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай бальніцы. З 1980 па 1985 год — тэрапеўт у 20-й паліклініцы Мінска, урач-псіхіятр Мінскага гарадскога псіханеўралагічнага дыспансера. Апошнія 15 гадоў праводзіць ініцыятыўныя даследаванні ў галіне шызафрэніі з мэтай вызначэння як фактараў, якія спрыяюць развіццю гэтага захворвання, так і заканамернасцей развіцця вострых прыступаў псіхозу па ходзе хваробы. Даследуе тэму камп’ютарнай залежнасці, вывучаючы ўплыў гульняў на здароўе беларускіх студэнтаў.

Даследаваннямі вызначана, што ў дзяцей і падлеткаў (і не толькі ў іх), якія гуляюць штодзень па некалькі гадзін, сюжэты гульняў пачынаюць уплятацца ў сон.
Сон, расказаны юным геймерам: “Велізарны карабель з белага металу вісіць у небе. Мой сябар вісіць у паветры, трымаючыся за край борта, каб не зваліцца. Я спрабую выцягнуць яго, але ён падае ўніз — і карабельныя гарматы знішчаюць яго ў палёце. Раптоўна я сам аказваюся сярод натоўпу на набярэжнай, якую пачынаюць расстрэльваць тыя ж карабельныя гарматы. І мне застаецца толькі бегчы хутчэй за снарады”.

Магчымы наступны этап, калі гулец пачынае бачыць аўтаномны віртуальны вобраз, што называецца, наяве. Гэта калі камп’ютар выключаны, а персанаж гульні з’яўляецца ў пакоі. У некаторых выпадках ён з’яўляецца толькі ў цемры. Звярніце ўвагу на выпадкі, калі ваша дзіця разгублена, прыглядаецца да нечага, не адказвае на пытанні, раптоўна пужаецца без відавочнай прычыны і ўвогуле стала нейкім трывожным. У такіх выпадках варта звярнуцца да ўрача.
Напрыклад, школьнік 12 гадоў расказаў, што пасля шматгадзіннай гульні ў пары з віртуальнай сяброўкай (напарніцу ў гульнявых спаборніцтвах сярод геймераў зараз прынята называць, аватаркай) ён, нават выключыўшы камп’ютар, пастаянна бачыць яе ў розных месцах пакоя.
Студэнт апісаў такія вобразы: “Пасля выключэння камп’ютара перада мной разгортваюцца фантастычныя сюжэты з сітуацыямі з рэальнага жыцця”. Гэтыя вобразы падобныя да сноў, але выклікаюцца зменай стану свядомасці, якую нельга назваць здаровай.
Самыя галоўныя веды пра навакольны свет можна атрымаць толькі ва ўзаемадзеянні і зносінах з іншымі людзьмі. Калі чалавек з ранняга ўзросту шмат часу праводзіць за экранам камп’ютара (у інтэрнэце, у гульні або глядзіць фільмы), то яго развіццё пачынае ісці па іншым шляху, у яго можа пачаць фарміравацца аўтызм, якому характэрны своеасаблівыя паводзіны, адгароджанасць ад навакольных або скупыя, без цёплых эмоцый зносіны з людзьмі, таму так важна не дапусціць залежнасці дзяцей ад гульняў.

Вось асноўныя прычыны з’яўлення залежнасці:
• хваляванне, выкліканае напружаннем у школе або дома, канфлікты ў сям’і;
• пастаянны дрэнны настрой, раздражняльнасць і незадаволенасць жыццём — камп’ютар выкарыстоўваецца для ўцёкаў ад рэальнасці;
• бяздзейнасць, якая маскіруецца выкарыстаннем камп’ютара замест таго, каб выканаць дамашнюю работу, займацца спортам або інакш праяўляць актыўнасць;
• фізічная хвароба, з-за якой чалавек не можа пакінуць дом;
• адчуванне сваёй непатрэбнасці і нуда — больш няма чым заняцца.

Як зразумець, што ў вашага дзіцяці фарміруецца камп’ютарная залежнасць? Даследаванні вучоных вызначылі шэраг прымет. Вы можаце праверыць сваё дзіця па наступных трох:
• вы заўважылі, што ваша дзіця вельмі шмат часу праводзіць за камп’ютарам. Яно стала абыякавым да свайго знешняга выгляду, ежы, дамашніх абавязкаў і вучобы. Сябры ў яго цяпер у анлайне. Звычайна яно праводзіць за камп’ютарам ад 25 да 40 гадзін на тыдзень (уключаючы і начны час);
• зніжаны настрой, раздражняльнасць і адчуванне пустаты ў дзіцяці, калі яно не можа вярнуцца ў інтэрнэт або да гульні, але гэтыя адчуванні знікаюць пасля вяртання да камп’ютара;
• на патрабаванні выключыць камп’ютар яно, не адрываючыся ад экрана, або крычыць, або адказвае “Яшчэ крыху”, або ўвогуле не рэагуе. Неабходна ўмяшанне збоку, каб выключыць камп’ютар, а то і зусім немагчыма гэта зрабіць з-за яго агрэсіўнай рэакцыі;
Наяўнасць адной-дзвюх прымет з вышэйназваных сведчыць пра камп’ютарную залежнасць, якая развіваецца, усіх трох — пра тое, што вам неабходна звярнуцца па дапамогу да спецыяліста.

Усё больш дзяцей і падлеткаў гуляюць дні і ночы напралёт па 40—60 і больш гадзін на тыдзень. Гэта не можа не паўплываць на здароўе гульцоў, аднак у медыцыне дагэтуль не замацавалася паняцце камп’ютарна-гульнявой залежнасці.
У гульнях прысутнічае такі зачаравальны складнік, як вытанчаныя забойствы, рытуалы свету фэнтэзі і паганства з галоўным матывам “Забі іх усіх” і, вядома, усёдазволе-насць. Гэта спрыяе размыванню маральных каштоўнасцей, зневажанню святасці чалавечага жыцця. Аднак бацькі, якія абавязаны апекаваць сваіх дзяцей, не звяртаюць увагі на ўзроставыя абмежаванні на каробцы з гульнёй. У выніку гульні “18+” свабодна трапляюць у рукі да малодшых школьнікаў.
Наша грамадства вельмі цярпіма адносіцца да новых ідэй і прадуктаў, што можна растлумачыць унутранай цікаўнасцю, якая ўласціва кожнаму чалавеку. Аднак медыяасяроддзе вельмі агрэсіўнае. У той жа час культуры пазбаўлення ад агрэсіі ўдзяляецца вельмі мала ўвагі, забаронныя меры тут малаэфектыўныя. Агрэсіўныя імпульсы назапашваюцца ў чалавеку па жыцці, а пунктам выхаду гэтай агрэсіі становяцца камп’ютарныя гульні.
Для распрацоўшчыкаў гульні гэта бізнес, галоўная мэта якога — прадаць свой прадукт: дыск у каробцы або парнасайт у інтэрнэце. Гэта новы рынак паслуг, і ён пакуль вельмі дрэнна рэгламентаваны. Як вядома, бізнес ніколі не характарызаваўся чалавекалюбствам, таму на бізнесменаў у гэтым выпадку разлічваць не варта. Неабходны своеасаблівыя ПВС — правілы для віртуальнага свету. Культура спажывання на рынку інтэрнэт-паслуг павінна стаць важнай тэмай абмеркавання ў грамадстве.
У самай мудрай кнізе на зямлі — Бібліі — сказана: калі мужчына з пажадлівасцю глядзіць на чужую жонку, то гэтым ён ужо грэшыць (разбурае душэўнае здароўе). А калі маладыя людзі, а тым больш дзеці, з пажадлівасцю займаюцца віртуальным сексам або атрымліваюць асалоду ад карцін жудасных садысцкіх распраў?
Пакуль у віртуальным свеце не распрацаваны правілы, ваша дзіця абароніць толькі ваша любоў і той час, што вы ўдзяляеце яму тут і цяпер, у нашым рэальным жыцці.
Многія адказныя асобы падзяляюць занепакоенасць педагогаў і ўрачоў сітуацыяй, якая склалася. Так, Міністэрствам адукацыі ў 2015 годзе зацверджана тэма даследаванняў камп’ютарнай залежнасці на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, у якой удзельнічаю і я. Міністэрства аховы здароўя ў 2014 годзе зацвердзіла тэму даследаванняў камп’ютарнай залежнасці сярод моладзі на базе РНПЦ псіхічнага здароўя.
Неабходна знаходзіць час для зносін са сваімі дзецьмі, заахвочваць іх да змяншэння часу, які праводзіцца за экранам. Чым раней людзі зразумеюць каштоўнасць зносін адно з адным, тым у большай ступені яны выкарыстаюць магчымасці свайго рэальнага жыцця і зараз, і ў будучыні.

Кіра МЕЗЯНАЯ.