Канфедэраткі — у неба

- 10:56Якасць адукацыі

Дыпломы бакалаўраў і магістраў атрымалі выпускнікі Гомельскага філіяла міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”. Юрысты, эканамісты, прававеды і лагісты адзначылі гэтую падзею на свежым паветры.

У будучага прававеда Ганны Клімовіч пры паступленні быў шырокі выбар УВА: дзяўчына набрала 347 балаў. Ва ўніверсітэце Ганна вучылася на адны “дзясяткі” і нават атрымала стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дзяўчына прызнаецца, што ні разу не пашкадавала, што выбрала “МІТСО”:

— Тут выдатны выкладчыцкі склад, ёсць крыміналістычны палігон і зала судовых пасяджэнняў, — пералічвае плюсы Ганна. — Таму, калі мне прапанавалі застацца тут працаваць выкладчыкам, я адразу ж пагадзілася.

Урачыстая частка цырымоніі завяршылася падкідваннем у неба канфедэратак. Другую ступень вышэйшай адукацыі сёлета ў “МІТСО” завяршылі 46 чалавек. Па словах дэкана факультэта эканомікі і права Таццяны Марцінкевіч, у магістратуры галоўным чынам вучацца прадстаўнікі сілавых структур, але ёсць і работнікі народнай гаспадаркі.

— У нас рыхтуюць магістрантаў па чатырох спецыяльнасцях: “Юрыс­прудэнцыя”, “Эканоміка”, “Прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці” і “Кіраванне лагістычнымі сістэмамі”. Дыплом другой ступені неабходны не толькі будучым выкладчыкам: у многіх структурах ён патрэбны для прасоўвання па службе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.