Карціна, якая ажыла

- 14:43Нам пішуць

У яслях-садзе № 15 Жлобіна педагогі і бацькі выхаванцаў рэалізавалі кароткатэрміновы праект “Карціна, якая ажыла”.
Вядома, сама ідэя не новая. Да стварэння работ нас падштурхнуў падобны буйнамаштабны вопыт мастака Андрэя Смаляка, які быў прадстаўлены ў Мінску ў 2013 годзе. Галоўнай ідэяй яго было аб’яднаць праз мастацтва сучаснага мастака вядомых людзей Беларусі. Мы імкнуліся да іншай мэты, разлічваючы, што падобная праца зможа зацікавіць маладое пакаленне бацькоў і іх дзяцей вядомымі творамі выяўленчага мастацтва.

У праекце “Карціна, якая ажыла” бацькоўская любоў стала ключавым момантам у працаёмістым творчым працэсе, у выніку якога з вядомых палотнаў сусветнага жывапісу нарадзіліся арыгінальныя фотаздымкі, дзе галоўнымі героямі сталі іх дзеці і нашы выхаванцы.

Займаючыся гэтай працай, бацькам давялося перагледзець у інтэрнэце разам са сваімі дзецьмі мноства карцін і нарэшце выбраць канкрэтны твор, паглыбіцца ў яго вывучэнне. Разглядаючы ўсе дэталі і дробязі, таты і мамы звярталі на іх увагу дзяцей. Такім чынам, хлопчыкі і дзяўчынкі навучыліся старанна разглядаць карціны і разумець, што цэлае складаецца з драбнюткіх, здавалася б, нязначных дэталяў.Бацькі адзначалі, што стварэнне фотакопій аказалася цяжкай задачай, бо для здымак патрабаваліся цярпенне і працяглы час. Але трэба адзначыць, што дзеці, натхнёныя бацькоўскім энтузіязмам, нядрэнна спраўляліся са сваёй задачай. Асабліва падабалася пазіраваць дзяўчынкам. Знакамітыя “Джаконда” да Вінчы, “Дзяўчынка са свечкай” Смаляка, “Дзяўчынка з жамчужнай завушніцай” Вермеера ператварыліся ў юных Карыну, Аліну, Лізу, Алісу і іншых, а хлопчыкі з палотнаў Хруцкага, Яна ван Эйка, Трапініна — у Кірыла, Арсенія, Рому, Дзяніса…

Вядома, некаторыя таты і мамы карысталіся фоташопам і магчымасцямі камп’ютарнай графікі, але праект ад гэтага толькі выйграў: часам каля некаторых фатаграфій разгаралася спрэчка сярод гледачоў: дзе — арыгінал, а дзе — штучная копія.

Сёння амаль ва ўсіх ёсць мабільныя тэлефоны і фотаапараты, і кожны можа займацца аматарскай здымкай. Але сярод прадстаўленых здымкаў выразна праглядаюцца работы прафесійных фатографаў. Так, цётка нашага выхаванца Кірыла Бенедзішчука расказала, што займаецца прафесійнай фотаздымкай даўно. Яна адзначыла, што пастановачнымі фота сёння нікога не здзівіш, але ідэя выкарыстання жывапісных карцін для дзіцячых фатаграфій у нашым горадзе сапраўды новая. “Калі мне прапанавалі зрабіць здымкі майго пляменніка, я з задавальненнем узялася за працу, — падзялілася яна. — І не шкадую, бо гэта было для мяне карысным вопытам і выдатным баўленнем часу ў зносінах з блізкімі людзьмі”.

Сёння выстава “Карціна, якая ажыла” ўпрыгожвае хол нашай установы, тым самым стымулюючы бацькоў выхаванцаў на далейшае плённае супрацоўніцтва ў выхаванні і развіцці будучага пакалення.

Людміла ЧАРНАГАЕВА,
загадчык ДУА “Яслі-сад № 15 г. Жлобіна”.