Казачныя праекты з удзелам дзяцей з аўтызмам

- 11:43Сацыяльны ракурс

Да гэтага часу ў спецыялістаў няма дакладнага разумення прычын, па якіх узнікае аўтызм, няма і адназначнай ацэнкі стану дзяцей з РАС. Хто яны — асаблівыя натуры, якія тонка адчуваюць свет? Чаму ва ўсім свеце адзначаецца рост колькасці людзей з аўтызмам? Сказаць цяжка, але адно застаецца бясспрэчным: многія з іх маюць цікавасць да творчасці і мастацтва. Сёлетні Сусветны дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму (2 красавіка) будзе адзначаны адразу некалькімі падзеямі і мерапрыемствамі.

Так, 1 красавіка ў холе Нацыянальнага мастацкага музея пройдзе творчая сустрэча “Вяртанне ў казкі” з героямі сумеснага фотапраекта журналісткі Ірыны Дзяргач і дзіцячага і сямейнага фатографа Марыі Шаўчэнка “Аўтызм. Старыя казкі на новы лад”. Прэзентацыя праекта адбылася два гады назад у ГЦ “Сталіца”. Наведвальнікі музея ў гэты дзень пачуюць музычныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў гуртка па класе фартэпіяна пад кіраўніцтвам Ларысы Вішнеўскай, убачаць малюнкі дзяцей з народнай арт-студыі Wostrau (кіраўнік Юрый Іваноў), даведаюцца, якія поспехі ў спорце робяць дзеці — удзельнікі інклюзіўнага спартыўнага клуба “Крылы анёлаў”.

“У многіх сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці з аўтызмам, ёсць праблемы з іх навучаннем, — паведаміла Ірына Дзяргач. — І мы, дарослыя, з МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” вырашылі дапамагчы педагогам і звычайным вучням зразумець такіх дзяцей. Мы стварылі праект “Старыя казкі”, які ўключае 11 казачных фотасюжэтаў, героі якіх — 13 дзяцей з аўтызмам. Незвычайныя фотамадэлі падштурхнулі дарослых перапісаць сюжэты вядомых казак так, як быццам іх героі валодаюць аўтычнымі рысамі. Так, наш Бураціна замест азбукі бярэ ў школу альбом з камунікатыўнымі малюнкамі, а Прынцэса не толькі адчувае гарошыну пад матрацамі і пярынамі, але прачынаецца нават ад цікання ходзікаў, якія знаходзяцца праз два пакоі ад яе спальні”.

Фотапраекты з удзелам асаблівых дзяцей сталі важнай часткай жыцця фатографа Марыі Шаўчэнка. Пасля казачнага праекта яна стварыла фотапраекты “Аўтызм. Мяне гэта тычыцца” і “Я магу!..” з удзелам мадэлей з аўтызмам і ДЦП. Цяпер прымае ўдзел у падрыхтоўцы фотавыставы “Спорт толькі частка майго жыцця”. Партрэты герояў выкладзены ў адкрытым доступе на старонцы “Мастацтва жыць” у сетцы “Фэйсбук”.

“Праблема ўдзелу ў жыцці грамадства чалавека з інваліднасцю — гэта праблема ўсяго грамадства, — падкрэслівае старшы навуковы супрацоўнік музея Марына Трафімава. — Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь садзейнічае ўспрыманню сваіх экспазіцый для людзей з рознай інваліднасцю, са слабым зрокам, слабым слыхам і г.д. Самыя прыкметныя інклюзіўныя праекты музея за апошнія два гады — “Мастацтва на кончыках пальцаў” і штогадовы творчы фестываль, прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў 3 снежня. Не можа застацца ў баку Нацыянальны мастацкі музей і ад праблем людзей з аўтызмам”.
2 красавіка Мінскі палац культуры ветэранаў запрашае ў сямейны інклюзіў-тэатр “i” на прэм’еру музычнай казкі “Чыгунка”. Гэты тэатр быў сфарміраваны ў пачатку 2016 года. Яго заснавальнікамі сталі МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і кампанія Velcom, а падрыхтоўкай юных акцёраў на бязвыплатнай аснове занялася творчая студыя Ірыны Пушкаровай. Першы мюзікл “Флейта-чарадзейка” з поспехам быў паказаны ў Мінску і ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Новая п’еса “Чыгунка” напісана 9-гадовым асаблівым дзіцем Кастусём Жыбулем. Прычым зрабіў ён гэта на беларускай мове. Казка прызнана адной з лепшых на конкурсе творчых работ “Купаляняты”, які праводзіў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства культуры.

“Спектакль “Чыгунка” — гэта другая маштабная пастаноўка тэатра, у якой нароўні са звычайнымі дзецьмі задзейнічаны дзеці з аўтызмам, — расказала мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова. — У стварэнні касцюмаў, дэкарацый, музычных твораў для спектакля актыўны ўдзел прымалі выхаванцы нашай студыі, у тым ліку і дзеці з асаблівасцямі. У “Чыгунцы” шмат іншасказанняў, адсылак да вядомых твораў пісьменнікаў — Янкі Маўра, Карнея Чукоўскага, Льюіса Кэрала і Уільяма Шэкспіра. Праз усю п’есу праходзіць думка, што кожны чалавек унікальны і заслугоўвае павагі, што трэба з разуменнем ставіцца да асаблівасцей людзей”.

У сталічнай галерэі “Дом карцін” 2 красавіка пройдзе дабрачыннае мерапрыемства “Асабліва карысны дзень”. Яго арганізатары — мамы дзяцей з абмежаваннямі Аляксандра Пустул і Ганна Хітрык. Удзельнікаў свята чакаюць гульні, чытанне, танцы, песні, фокусы, музыка, фатаграфаванне, майстар-класы і многае іншае. А галоўнае — вядучыя майстар-класаў раскажуць, як усе гэтыя няхітрыя прыёмы выкарыстоўваць для развіцця дзяцей з аўтызмам. Праграма прадугледжвае і велікодны майстар-клас ад сямейнага цэнтра Кацярыны Каўровай, завадную зумбу ад студыі Sofitness, займальныя актыўныя чытанні ў рамках праекта “ЗаЧытанне”, шоу мыльных бурбалак, карысныя парады ад Ганны Хітрык “Мамчыны хітрыкі” і многае іншае. Усе сабраныя падчас дабрачыннага мерапрыемства сродкі пойдуць на карысныя мэты для дзяцей з аўтызмам.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.