Казахстан: казахстанцы пачалі актыўна карыстацца анлайн-адукацыяй

- 12:23Паралелі

Кожныя некалькі гадоў у свеце мяняецца спіс 10 самых важных навыкаў спецыяліста любой прафесіі. Зараз на першае месца многія эксперты ставяць магчымасць навучання новым рэчам, перадае карэспандэнт МІА “Казінфарм”.

“Гэта самы важны навык. Прычым асвоіць яго трэба за кароткі час. Тут можна правесці аналогію са спортам. Дапусцім, калі чалавек не займаецца спортам, то яму цяжка займацца любым відам спорту. Калі ён у добрай фізічнай форме, рэгулярна займаецца, то можа асвоіць любы спорт, бегчы марафон, плаваць. Гэта значыць кожнаму чалавеку трэба займацца, каб мозг не “застываў”, быў дынамічным і адаптаваўся да новых ведаў”, — лічыць дырэктар адміністрацыі Міжнароднага фінансавага цэнтра “Астана” Ернур Рысмагамбетаў. Ён адзначыў, што Казахстан, як і ўвесь свет, не стаіць на месцы. Калі раней у краіне дамінавала ідэя аб абавязковым заканчэнні ўніверсітэта (бакалаўрыят, магістратура) і далейшай працы па адной спецыяльнасці на працягу 10—20 гадоў, то цяпер казахстанцы пачалі актыўна карыстацца анлайн-адукацыяй і праходжаннем кароткіх навучальных курсаў.

“Самы вялікі анлайн-універсітэт у свеце — Coursera. Там праходзяць навучанне больш як 26 тысяч казахстанцаў. Сярод прафесій яны выбіраюць бізнес, менеджмент, сацыяльныя навукі. І гэта дзіўна, таму што ўвесь свет выкарыстоўвае анлайн-адукацыю, каб навучыцца праграмаванню, матэматыцы. Зараз футуролагі гавораць пра неабходнасць сацыяльных навук. Яшчэ адно адрозненне ў тым, што ў свеце толькі 10—20% заканчваюць курс. У Казахстане гэтая лічба складае 40—50%. Гэта значыць нашы хлопцы і дзяўчаты, калі пачынаюць курс, імкнуцца абавязкова закончыць навучанне”, — растлумачыў Ернур Рысмагамбетаў падчас астанінскага эканамічнага форуму. Таксама казахстанцы актыўна ўдзельнічаюць у розных міжнародных сертыфікацыйных праграмах. “Яны досыць цяжкія, але калі сістэматычна займацца, іх можна здаць і атрымаць міжнародны сертыфікат, які дзейнічае ва ўсім свеце. Гэты напрамак зараз бурна развіваецца ў Казахстане. Шмат людзей уцягнута ў такія праграмы. На жаль, не ўсе яны даступны нашай краіне. Таму адна з місій Міжнароднага фінансавага цэнтра, каб усе гэтыя сертыфікацыйныя праграмы дзейнічалі ў Астане, каб людзям не трэба было ездзіць у Маскву ці Лондан. Будзем працаваць па наступных напрамках: фінансы, бухулік і аўдыт, юрыдычнае права, праектны менеджмент і праграмаванне”, — дадаў Ернур Рысмагамбетаў.