Кітай рэфармуе сістэму паступлення ў ВНУ

- 15:29Паралелі, Рознае

Сутнасць прапанаваных рэформ заключаецца ва ўвядзенні дзвюх аўтаномных мадэлей тэсціравання: існуючай сёння і спецыяльнай — для будучых студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей, паведамляе інфармагенцтва Сіньхуа.

Другая мадэль нацэлена на студэнтаў, якія маюць здольнасці ў тэхнічных галінах і хочуць стаць інжынерамі і высокакваліфікаванымі спецыялістамі на прадпрыемствах. Гэтая мадэль будзе ў сукупнасці ацэньваць тэхнічныя ўменні і тэарэтычныя веды абітурыентаў, паведаміла намеснік міністра адукацыі Кітая Лу Сінь.
У адпаведнасці з цяперашняй сістэмай, абітурыенты могуць выбіраць кваліфікацыю ва ўніверсітэце толькі пасля таго, як здадуць уніфікаваны ўступны экзамен. Пры гэтым часта адораныя вучні не могуць трапіць у ВНУ, бо дрэнна здаюць тэсты. “Калі новая мадэль запрацуе паўсюдна, вучні ўжо ў 16 гадоў змогуць выбіраць мадэль сваёй далейшай адукацыі”, — патлумачыла сутнасць рэформы Лу Сінь.
Штогод у Кітаі рынак працы за кошт выпускнікоў ВНУ павялічваецца на 17 млн чалавек. Праблема беспрацоўя з’яўляецца вельмі вострай пры тым, што краіне катастрафічна не хапае прафесіяналаў у тэхнічных галінах.
Пакуль што рэалізуецца пілотны праект увядзення новай сістэмы тэсціравання, пра канкрэтныя тэрміны заканадаўчага афармлення рэформы Лу Сінь не паведаміла.