Колер настрою — летні

- 16:51Сацыяльны ракурс

Пра палатачны лагер, школьнага прэзідэнта і грошы ў слоіку

Лагеры працы і адпачынку — выдатная альтэрнатыва звычайным аздараўленчым лагерам. І цудоўна, што 5 гадоў назад, калі ў краіне пасля працяглага перапынку зноў пачалі стварацца дзённыя ЛПА, працоўную ідэю падтрымалі многія школы. Зразумела, што абсалютную большасць рабочых месцаў для навучэнцаў прадастаўляюць сельска-гаспадарчыя прадпрыемствы. А ці можа сама школа быць работадаўцай і наймальнікам? І ці магчыма ў школе стварыць кругласутачны лагер працы і адпачынку? Так, ідэя рэальная. Пра тое, як яе рэалізаваць, ведаюць у сярэдняй школе № 2 Кобрына. На тэрыторыі гэтай навучальнай установы 5-ы раз арганізаваны палатачны лагер працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем.

Пяць гадоў назад у сярэдняй школе № 2 Кобрына з’явілася маленькая гордасць — палатачны лагер працы і адпачынку з 9-дзённым знаходжаннем “Працуючая краіна 52/24”. Што такое 52/24? Аказваецца, усё проста і лагічна. Згодна з геаграфічнымі каардынатамі, сярэдняя школа № 2 Кобрына размяшчаецца на 52°2′ паўночнай шыраты і 24°4′ усходняй даўгаты. А за аснову лагера ўзята гульнявая ідэя краіны з 4 гарадамі. Жывуць жыхары краіны, вучні 8—10 класаў, у палатачным гарадку, які разбіваецца на тэрыторыі школы.

У 2016 годзе ў школьным лагеры пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама быў распрацаваны і рэалізаваны аднайменны праект арганізацыі адпачынку ЛПА “Працуючая краіна 52/24”. Менавіта ў той жа час два гады назад на заключным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым” праект школы заняў 1-е месца. І нават сёння ён застаецца лепшым у краіне.

Галоўным пытаннем, якое стаяла перад калектывам падчас арганізацыі лагера, было тое, як зрабіць змену ў ЛПА максімальна цікавай, насычанай і карыснай для падлеткаў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.

— Ідэя атрымалася больш чым карыснай, — з гордасцю расказвае дырэктар школы Аляксандр Яўгенавіч Кудраўцаў. — У лагеры нашы вучні не толькі аздараўляюцца, але і адпачываюць, вучацца камунікацыі і робяць школу больш прыгожай, чыстай. Тым не менш, перш чым арганізоўваць, а пасля пастаянна праводзіць на базе школы кругласутачны ЛПА, неабходна вывучыць не толькі вялікі пласт нарматыўнай базы працоўнага заканадаўства (у тым ліку для непаўналетніх), але і пытанні аховы працы, патрабаванні да правіл бяспекі і інш. Дзякуючы цікавасці навучэнцаў, а таксама прафесіяналізму педагогаў, у нас усё адразу атрымалася. Калі гаварыць пра цяжкасці, то іх хапала. Мы былі першапраходцамі ў пытаннях арганізацыі кругласутачнага школьнага ЛПА. Увогуле, усім займаліся нашы педагогі, якія змаглі правільна пабудаваць сістэму работы ў ЛПА.

У ЛПА настаўнікі ўвесь час знаходзяцца побач з навучэнцамі. А гэта значыць, што на выкладчыкаў ускладзена вялікая адказнасць. Для таго каб дзеці заўсёды былі пад кантролем, перад пачаткам работы ЛПА начальнік лагера складае графік работы і дзяжурстваў. Графік даволі напружаны, таму супрацоўнікі ЛПА ўзнагароджваюцца прэміямі і дадатковымі выхаднымі.

— Увогуле, падрыхтоўка да работы лагера патрабуе выканання шматлікіх задач, — працягвае расказваць адзін з аўтараў ідэі дырэктар лагера Наталля Вячаславаўна Туманава. — Яшчэ ў падрыхтоўчы перыяд мы праводзім сход навучэнцаў, на якім знаёмім дзяцей з канцэпцыяй ЛПА, які будзе створаны на базе школы, абмяркоўваем гульнявую ідэю, сістэму заахвочванняў. Дарэчы, колькасць дзяцей у ЛПА штогод павялічваецца. Калі ў 2014 годзе ў лагеры жылі 25 вучняў, то ў апошнія два гады іх было ў два разы больш. Відавочна, што ўсё новае заўсёды выклікае насцярожанасць і боязь. Менавіта па гэтай прычыне ў першы год нам давялося ўгаворваць вучняў адпачыць і папрацаваць у нашым ЛПА. Затое сёння лагер працы і адпачынку карыстаецца вялікай папулярнасцю і попытам у дзяцей і іх бацькоў. Да стварэння лагера ўсе без выключэння падышлі з вялікай адказнасцю. Так, кругласутачны лагер працы і адпачынку на базе школы — з’ява рэдкая. Для таго каб такі лагер існаваў, у яго трэба пастаянна ўкладваць сілы і новыя ідэі. Акрамя гэтага, варта памятаць, што адказнасць за дзяцей у лагеры таксама ляжыць на настаўніках. Наш калектыў гэтага не баіцца, усе педагогі працуюць зладжана.

Паказальна тое, што да новай летняй змены школа пачынае рыхтавацца з пачаткам навучальнага года. Ужо ў верасні дзеці прыходзяць і запісваюцца ў спіс будучых жыхароў “Працуючай краіны”. У пачатку студзеня ўдакладняецца спіс і вывучаецца стан здароўя жадаючых трапіць у ЛПА. Безумоўна, маніторынг здароўя навучэнцаў — важны момант, які папярэднічае залічэнню дзяцей у лагер.

— Мы павінны ўлічваць, што ў некаторых школьнікаў ёсць медыцынскія проціпаказанні па выкананні запланаваных відаў работ і ўмовах пражывання ў палатках, — тлумачыць дырэктар лагера.

— Акрамя гэтага, падчас залічэння ў ЛПА перавага аддаецца высокаматываваным навучэнцам, якія абараняюць гонар школы на прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах, конкурсах.

Безумоўна, у ЛПА прымаюцца і дзеці з мнагадзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў, а таксама тыя падлеткі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі. Пасля ўдакладнення спіса будучых жыхароў летняй краіны вызначаецца пералік работ, якія будуць выконвацца ў ЛПА. У нашай школы існуюць дагаворы з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, а таксама аддзелам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама, згодна з якімі дзецям дазваляецца выконваць заканадаўча дазволеныя віды работ. Зачыстка паверхні перад афарбоўкай, непасрэдна афарбоўка сцен, батарэй, праполка кветнікаў, падграбанне скошанай травы і пасеў травы на газонах, выраўноўванне футбольнага поля, чыстка тратуарнай пліткі, выкладванне дэкаратыўных сцежак каля вадаёма, работа на школьным прысядзібным участку — гэта тое, чым займаюцца нашы дзеці падчас знаходжання ў лагеры. Зразумела, што з першага дня змены навучэнцы пасля падпісання дагавора прымаюцца на работу ў якасці падсобных рабочых і ў асноўным выконваюць рамонтныя работы па добраўпарадкаванні школы і яе тэрыторыі. Увогуле, пералік работ складае дырэктар школы Аляксандр Яўгенавіч Кудраўцаў, які з’яўляецца наймальнікам-работадаўцам. Пасля спіс навучэнцаў перадаецца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму, а таксама ў аддзел па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Там спецыялісты, якія нясуць адказнасць за летнюю працоўную занятасць навучэнцаў, займаюцца вырашэннем неабходных фінансавых пытанняў.

Летам на Зарэчнай вуліцы

Як расказала старшы выхавальнік ЛПА Вольга Аляксандраўна Вышынская, кожнае лета ў дадатак да ўлюбёных форм адпачынку прыдумваюцца новыя метады арганізацыі вольнага часу дзяцей. Безумоўна, дзеці дзеляцца на атрады, кожны атрад — гэта горад, кіруе якім мэр — вучань, які быў выбраны большасцю навучэнцаў. У першы дзень работы лагера на цырымоніі адкрыцця кожны горад робіць сваю прэзентацыю. Для таго каб падтрымліваць у гарадах парадак і дысцыпліну, “Працуючая краіна” ўсеагульным галасаваннем выбірае прэзідэнта. На такую пасаду можа прэтэндаваць вучань, які валодае лідарскімі якасцямі і арганізатарскімі здольнасцямі.

Існуе ў лагеры і цікавы спосаб аплаты працы. Для гэтага ў “Працуючай краіне” створана свая валюта — грошы-жэтоны. Каб іх захоўваць, у мэраў існуе сейф, ролю якога выконвае закатаны слоік.

— Зразумела, што грошы выплачваюцца за дасягненні горада, а таксама кожнага жыхара паасобку, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна. — Банк папаўняецца валютай у тым выпадку, калі гарады перамагаюць у спартыўных спаборніцтвах ці пэўных конкурсах. На закрыцці змены слоікі-банкі ўскрываюцца і падлічваюцца сабраныя сродкі. У залежнасці ад занятага месца кожны горад атрымлівае розныя прызы. Акрамя гэтага, у гарадах кожны дзень адзначаюцца лепшыя работнікі, якія атрымліваюць званне “Залатыя рукі”. У канцы кожнага дня, згодна з набранай колькасцю балаў, горад узнагароджваецца пераходным кубкам. Дарэчы, для дэманстрацыі гульнявой ідэі была распрацавана картасхема краіны, якая адлюстроўвае штодзённы маршрут руху яе жыхароў. А назвы палян і лясоў, гор і раўнін адпавядаюць асноўнаму віду дзейнасці вучняў у канкрэтны дзень. Так, напрыклад, на вадаспадзе “Фальклор” і каля рэчкі “МНС” дзеці пазнаёміліся з творчасцю аднаго з фальклорных калектываў, а таксама паглядзелі паказальныя выступленні брыгады Кобрынскага РАНС.

— Штогод мы арганізоўваем для дзяцей цікавыя мерапрыемствы, таму што імкнёмся, каб адпачынак запомніўся надоўга, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. — Так, у розныя гады мы ездзілі ў Брэсцкую крэпасць на мітынг-рэквіем і глядзелі на рэканструкцыю бою, арганізоўвалі паход на аграсядзібу “На Зарэчнай вуліцы”, а таксама прымалі ўдзел у абрадзе “Купалле” і інш.

Нягледзячы на насычаную забаўляльную праграму, самым любімым заняткам і ў дзяцей, і ў настаўнікаў з’яўляюцца вечары ля кастра. Спецыяльна для гэтага на тэрыторыі школы была абсталявана ўтульная пляцоўка. Песні пад гітару, сумесны прагляд фільмаў і іх абмеркаванне, а таксама давяральныя размовы на шматлікія тэмы спрыяюць таму, што дзеці і настаўнікі адчуваюць сябе адной вялікай сям’ёй.

Каб надвор’е было сонечным

Важнай умовай у пытаннях арганізацыі ЛПА з’яўляецца выкананне санітарна-гігіенічных норм. У працоўнай краіне з гэтым праблем не ўзнікае, таму што школа мае для гэтага ўсе неабходныя ўмовы.

— Мы загадзя выбіраем зручнае месца для размяшчэння палатак, — канстатуе Наталля Туманава. — Палаткі ў карыстанне нам даюць бацькі, а таксама некаторыя грамад-скія арганізацыі. Што тычыцца правіл гігіены, у школе ёсць 4 душавыя кабіны, абсталяваныя санвузлы, сталовая, пакоі для захавання асабістых рэчаў, спартыўны манеж, вялікая актавая зала, — пералічвае дырэктар лагера. — Пражываюць дзеці ў палатках на тэрыторыі школы. Сёння ў нашым гарадку пастаўлена 12 4-месных і 2-месных палатак. Навучэнцаў кормяць 5 разоў у дзень. Дзякуй і нашым настаўнікам, і кухарам за тое, што дапамагаюць арганізоўваць летнія канікулы.

Безумоўна, для навучэнцаў, якія працуюць і адпачываюць у ЛПА, адным з хвалюючых момантаў з’яўляецца выплата заработнай платы. У дзяцей нават існуюць працоўныя кніжкі, у якіх па-даросламу пазначаецца стаж работы.

Калі закранаць пытанні аплаты працы, тут таксама ўсё адпавядае заканадаўчым нормам. Для 14—15-гадовых падлеткаў адзіная тарыфная стаўка складае 1 рубель 23 капейкі за гадзіну (гэта гадзінная тарыфная стаўка ў памеры 1,12 + 10% за стаж). Для 16—17-гадовых гадзінная тарыфная стаўка складае 83 капейкі (гадзінная тарыфная стаўка 0,74 капейкі + 10% за стаж). Розніца ў паказчыках залежыць ад таго, што час працы ў такіх узроставых катэгорыях розны. Так, згодна з заканадаўствам, 14—15-гадовыя падлеткі павінны працаваць 4 гадзіны 36 хвілін, а тыя, каму 16—17 гадоў, працуюць 7 гадзін у дзень.

Для таго каб дзеці атрымалі заработную плату, усе запланаваныя ў пераліку віды работ павінны быць выкананы, а расходныя матэрыялы выкарыстаны. Калі гэтыя ўмовы не выконваюцца, адбываецца пераразлік працазатрат і, адпаведна, сумы для выдачы заработнай платы. Мінулым летам, напрыклад, выхаванцы лагера ўсяго зарабілі 75 рублёў 40 капеек за 7 рабочых дзён.

— Так, па сённяшніх мерках гэта не вельмі вялікая сума. Калі б лагер быў разлічаны не на 50 дзяцей, а на 25, сума была б большай, — гаворыць Наталля Туманава. — Але тут важна іншае. Мы змаглі забяспечыць працоўнай занятасцю 50 навучэнцаў, а для школьнага кругласутачнага ЛПА гэта выдатны паказчык. Дарэчы, сёлета ў лагеры адпачываюць і працуюць таксама 50 дзяцей ва ўзросце 14—16 гадоў. Калі закранаць фінансавы бок пытання, бацькоўская даплата за лагер складае 26 рублёў.

Кожны дзень жыхары працоўнай краіны запаўняюць “Экран настрою”, клеяць туды штучную садавіну ці агародніну, якая адпавядае настрою бягучага дня. Амаль увесь тыдзень у працоўным гарадку сонечнае надвор’е, і толькі ў апошні дзень змены “Экран настрою” запоўнены цыбуляй, якая плача. Камусьці, гледзячы на гэта, захочацца пашкадаваць дзяцей. Але гэтага рабіць не трэба. За навучэнцаў застаецца толькі парадавацца. Такія эмоцыі — гэта яскравы паказчык выдатнай работы школы. Толькі ўзаемная зацікаўленасць настаўнікаў і сям’і ў якасным адпачынку навучэнцаў здольна зрабіць лета яркім, а канікулы незабыўнымі.

Наталля САХНО.
Фота з архіва сярэдняй школы № 2 Кобрына.