Крок за крокам да новых адкрыццяў

- 11:47Рознае, Якасць адукацыі

Педагагічная майстэрня для настаўнікаў пачатковых класаў “Адкрываючы ўласны вопыт…” па тэме “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры навучэнцаў на вучэбных занятках курса “Чалавек і свет” з выкарыстаннем тэхналогіі “Крок за крокам” прайшла на базе сярэдняй школы № 118 Ленінскага раёна сталіцы. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Па словах метадыста аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Галіны Браніславаўны Шпакоўскай, асноўныя задачы мерапрыемства — разгледзець сучасныя падыходы па выкарыстанні тэхналогіі “Крок за крокам” на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, прэзентаваць вопыт работы педагогаў і вызначыць найбольш эфектыўныя формы, метады і прыёмы работы.
Як расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 118 Ірына Аляксееўна Раманава, у пачатковай школе ўстановы дзейнічае 12 класаў, педагогі пяці з іх працуюць па тэхналогіі “Крок за крокам”, якая з’яўляецца той сучаснай педагагічнай сістэмай, у якой вызначальнымі каштоўнасцямі становіцца асоба дзіцяці, яе права на свабодны выбар, творчасць і самавыяўленне. Работа ў межах гэтай тэхналогіі дазваляе выпрацоўваць і развіваць у вучняў спецыфічныя ўменні і навыкі праектавання і даследавання, вучыць дзяцей самааналізу, рэфлексіі, практычнаму прымяненню школьных ведаў у розных сітуацыях, спрыяе развіццю творчага ўяўлення, усведамленню ўласнай рэалізацыі і значнасці. Асноўныя структурныя элементы тэхналогіі — ранішнія сустрэчы, работа ў цэнтрах, праектная дзейнасць, “Супердзіця”, работа з бацькамі.
Кожны вучэбны дзень педагогі ў класах пачынаюць з ранішняй сустрэчы. Яна праводзіцца за 15 хвілін да пачатку заняткаў на дыванку з мэтай настроіць вучняў на работу, стварыць псіхалагічны камфорт, адкрытую, сяброўскую атмасферу ў класе. Вучні па-рознаму вітаюць адно аднаго. І такое вітанне настройвае дзіця на станоўчую работу на працягу цэлага дня. Малодшыя школьнікі дзеляцца сваёй радасцю ці няўдачай, вучацца суперажываць, радавацца і сумаваць разам са сваімі аднакласнікамі. Дзіцяці вельмі важна адчуваць, што яго любяць у класе, што яно патрэбна. І калі дзеці садзяцца на дыванку, яны бачаць вочы адно аднаго, адчуваюць абароненасць, што садзейнічае фарміраванню моцнага сяброўскага калектыву.

Настаўніца пачатковых класаў Наталля Васільеўна Дадычэнка разам са сваімі першакласнікамі прадэманстравала прысутным, як арганізуюцца ранішнія сустрэчы. Прадстаўленая ранішняя сустрэча была звязана з праектам “Залатая восень”, які дзеці рэалізуюць разам з настаўніцай і бацькамі, і з тэмай “Асеннія з’явы ў прыродзе” па курсе “Чалавек і свет”. Дзеці з радасцю віталі адно аднаго, гаварылі пра надвор’е, дзяліліся сваімі навінамі. Некалькі малодшых школьнікаў падрыхтавалі малюнкі, кампазіцыю з асенніх лісцікаў, а таксама фотаздымкі да праекта, якія з гонарам прадэманстравалі аднакласнікам. З задавальненнем навучэнцы адгадвалі загадкі, даведаліся пра сакрэт царыцы восені і сабралі ўсе прыкметы золатавалосай гаспадыні ў чароўную скарбонку. Напрыканцы ранішняй сустрэчы дзеці прыйшлі да высновы, што восенню прырода рыхтуецца адпачываць і ёй можна дапамагчы, збіраючы лісце, беражліва адносячыся да яе.
Пры падрыхтоўцы да ранішняй сустрэчы настаўнікі выкарыстоўваюць псіхалагічныя праграмы, трэнінгі па адаптацыі першакласнікаў, па развіцці згуртаванасці ў калектыве. Педагогі маюць магчымасць заглянуць у вочы кожнаму дзіцяці, кожнага пачуць. Падчас ранішніх сустрэч арганізуюцца развіццёвыя гульні, ставяцца задачы праблемнага характару. Часта дзецям прапаноўваюцца заданні, якія служаць падрыхтоўкай да першага ўрока. Пачаткоўцы разгадваюць загадкі, крыжаванкі, рашаюць галаваломкі. Працуючы з такімі матэрыяламі, дзеці без асаблівых намаганняў развіваюць увагу, памяць, кругагляд.

Прыходзячы ў школу, малодшыя школьнікі трапляюць у новае для іх сацыяльнае акружэнне, у выніку чаго часта не могуць уключыцца ў агульную дзейнасць. У многіх маленькіх навучэнцаў развіваецца пачуццё школьнай трывожнасці, няўпэўненасці ў сабе, што часам прыводзіць да нежадання наведваць школу, зніжае інтарэс да пазнання. Вось чаму з першага дня вучобы ў школе неабходна стварыць такія ўмовы, пры якіх дзіця змагло б самасцвердзіцца, набыць упэўненасць у сваіх магчымасцях. А дасягнуць гэтага можна шляхам арганізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў у цэнтрах. Гэта яшчэ адна асаблівасць навучання па мадэлі “Крок за крокам”. У залежнасці ад жадання пачаткоўцаў ці педагога клас падзяляецца на групы. Прычым у склад груп могуць уваходзіць як дзеці з аднолькавым узроўнем развіцця, так і з розным.
Работа ў цэнтрах дазваляе кожнаму дзіцяці ўключыцца ў актыўную дзейнасць, вучыць самастойнасці, адказнасці. Навучэнец мае права зрабіць выбар таго цэнтра, у якім ён у поўнай меры можа праявіць свае веды і здольнасці. Праблемныя сітуацыі, якія настаўнікі прапаноўваюць дзецям, стымулююць іх да пошуку, вучаць разважаць, выказваць сваё меркаванне. Усе навучэнцы праяўляюць актыўнасць. Затым кожны цэнтр робіць справаздачу. Прычым работа ў цэнтрах мае свае правілы і нормы, да якіх адносяцца правіла паднятай рукі (дзеці паведамляюць аб жаданні выступіць), права кожнага члена групы на выказванне ўласных думак, якія ўзгадняюцца з астатнімі ўдзельнікамі групы; чарговасць выступленняў, захаванне якой выхоўвае ўменне ўважліва слухаць паведамленне кожнага ўдзельніка, і інш.
Фрагмент урока “Чалавек і свет” па тэме “Мацерыкі і акіяны” прадставіла настаўніца пачатковых класаў Аксана Уладзіміраўна Руткоўская. Матэрыял урока быў цесна звязаны з праектам “Падводны свет”, які рэалізуецца дзецьмі. Клас быў раздзелены на тры цэнтры: навуковы, пазнавальны і цэнтр матэматыкі, кожны з якіх атрымаў заданні. Заданні, якія прапаноўвалі навучэнцам, патрабавалі не толькі актуалізацыі атрыманых ведаў, але і ўмення прымяняць гэтыя веды ў розных сітуацыях. Так, аднаму з цэнтраў неабходна было разгадаць крыжаванку і знайсці зашыфраванае слова, запоўніць кластар, прачытаць прапанаваны настаўніцай тэкст і пераказаць яго. У рабоце на ўроку прымалі ўдзел і бацькі навучэнцаў. Было відаць, што ўсе навучэнцы актыўна працуюць над заданнем, а не пасіўна назіраюць. Не было сумных вачэй, абыякавага погляду, ніхто з вучняў не застаўся без справы.
Такая арганізацыя работы, безумоўна, мае свае перавагі: адораныя вучні могуць праяўляць свае здольнасці, не прыцягваючы ўвагі ўсяго класа, не баючыся стаць выскачкай, а навучэнцы, якіх раней не заўважалі ў класе, могуць праявіць свае веды і здольнасці ў менш стрэсавай сітуацыі. Няўпэўненым навучэнцам група дае магчымасць набыць упэўненасць у сабе і сваіх магчымасцях. А самае галоўнае — гэтая работа дапамагае развіваць прыродныя задаткі і творчыя здольнасці дзяцей.

Значнае месца ў рабоце па тэхналогіі “Крок за крокам” займае праектная дзейнасць. Праект — вялікая калектыўная справа класа. Аснову метаду праектаў складае развіццё пазнавальных навыкаў, уменняў самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, развіваць крытычнае мысленне.
Пасля вызначэння тэмы педагогі высвятляюць, што вучні ўжо ведаюць па ёй, што ім цікава і што хацелася б ведаць. Зайшоўшы ў класны пакой, адразу бачыш, над якім праектам працуюць дзеці: сцены пакоя аформлены плакатамі, малюнкамі, вырабамі па тэме праекта.
Праект можа доўжыцца тыдзень, месяц, чвэрць і прасочваецца ўсюды: і на ранішніх сустрэчах, і на ўроках, і на перапынках, і на пазакласных мерапрыемствах. Тэматыка праектаў ускладняецца з кожным класам. Работа над праектам можа праходзіць у розных напрамках: інфармацыю вучням прадастаўляюць настаўнік, выхавальнік, бацькі, сябры, але часцей за ўсё дзеці шукаюць матэрыял самастойна — чытаюць энцыклапедыі, слоўнікі, наведваюць бібліятэкі, глядзяць тэлеперадачы і г.д. На працягу ўсёй работы над праектам малодшыя школьнікі фантазіруюць, сачыняюць, ствараюць. Яны так захапляюцца тэмай, што, здаецца, ужо ўсе пытанні вывучаны, што нічога невядомага больш няма.
Фрагмент работы па праекце “Птушкі Беларусі” прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Ірына Уладзіславаўна Таргонская. Як адзначыла педагог, па гэтым праекце малодшыя школьнікі пачалі працаваць у верасні. Работа праводзіцца не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час на класнай гадзіне і ў групе прадоўжанага дня. Пачаткоўцы разгадвалі крыважанку “Чый гэта голас?”, потым даведаліся, дзе гняздуецца, чым харчуецца бусел, якую карысць прыносіць. Інфармацыю пра гэтую прыгожую птушку рыхтавалі самі вучні. Малодшыя школьнікі прыйшлі да высновы, што прыроду трэба берагчы, што, выратоўваючы ўсё жывое, мы выратоўваем сябе.
Выхаванцы І.У.Таргонскай свабодныя і нязмушаныя ў зносінах, умеюць абгрунтавана выказваць свае думкі, працаваць з навукова-пазнавальнай літаратурай. Вучні здольны кантраляваць працэс і вынік сваёй дзейнасці і ацэньваць яго крытычна.

Цеснае супрацоўніцтва з бацькамі з’яўляецца неад’емным напрамкам работы па тэхналогіі “Крок за крокам”. Дзверы школы заўсёды адкрыты для бацькоў. Прысутнасць іх на ўроку ў пачатковых класах стала прывычнай і жаданай для дзяцей. Марудлівыя, сарамлівыя вучні ў прысутнасці бацькоў адчуваюць сябе спакойна, упэўнена. Бацькі прымаюць удзел і ў ранішніх сустрэчах, праводзяць заняткі, пазакласныя мерапрыемствы, дапамагаюць у афармленні кабінета.
Лепш пазнаць адно аднаго, пераадолець няўпэўненасць, сцвердзіць сябе сярод равеснікаў дазваляе пачаткоўцам асобная лінія тэхналогіі, якая не звязана з вучэбнай дзейнасцю і накіравана на работу з дзецьмі і з сям’ёй, — “Супердзіця”. З методыкай яе правядзення прысутных пазнаёміла настаўніца пачатковых класаў Наталля Іванаўна Бельская. На тыдзень або на дзень (у залежнасці ад сітуацыі) пачатковец становіцца самым галоўным у класе. Звычайна гэта прыпадае на дзень нараджэння. Каб прэзентаваць сваё дзіця, бацькі прыходзяць на дапамогу. Формы правядзення “Супердзіцяці” могуць быць рознымі: дзіця можа прадстаўляць сябе і сваю сям’ю, свае захапленні і г.д. Так, гераіняй дня падчас мерапрыемства стала Каця, якая пазнаёміла аднакласнікаў і гасцей са сваімі захапленнямі. Другакласніца любіць спяваць, танцаваць і падарожнічаць з бацькамі па краіне. Курган Славы, Хатынь, Белавежская пушча, Каробчыцы, Смаргонь — гэта не поўны пералік мясцін, якія наведала дзяўчынка. Расказ Каці суправаджаўся нагляднасцю.
У выніку ў малодшых школьнікаў павышаецца самаацэнка, выхоўваецца пачуццё гонару за сябе, сваю сям’ю. Атрымліваецца так, што дзіця, нават самае пасіўнае, знахо-дзіцца ў цэнтры ўвагі і такім чынам адаптуецца: яму камфортна, яго любяць, паважаюць і ведаюць аб перавагах.
Напрыканцы мерапрыемства настаўніца пачатковых класаў Вольга Аляксееўна Дзюбайла правяла дзелавую гульню “Збяром Беларусь у сваім сэрцы”, падчас якой удзельнікі педагагічнай майстэрні самі пабывалі ў ролі навучэнцаў і папрацавалі ў цэнтрах. Педагогі ўпэўніліся, што “Крок за крокам” — эфектыўная форма перадачы ведаў, уменняў, вопыту, навыкаў ад настаўніка да навучэнцаў, якая дазваляе дзіцяці самому будаваць свае веды, актыўна, творча карыстацца імі ў жыцці. Гэта стварэнне такой атмасферы, калі навучэнец перакананы, што вынікі яго асабістага пошуку будуць сустрэты з цікавасцю і прадстаўлены ўвазе класа для актыўнага сумеснага пошуку, для развіцця ўсіх і кожнага.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.