Крыятэрапія для здароўя і творчасці

- 11:00Спецыяльная адукацыя

Колькасць дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату ў спалучэнні з інтэлектуальнай недастатковасцю ў Рэчыцкім раённым ЦКРНіР складае 47% ад агульнай колькасці выхаванцаў. Цяжкасці ў гэтых дзяцей выклікаюць нават самыя простыя дзеянні: утрымліваць у руцэ аловак, пэндзаль, маляваць. Прымяненне разнастайных прыёмаў у карэкцыйнай рабоце з дзецьмі дазваляе знізіць напружанне ў мышцах рук, аслабіць сухажыльныя рэфлексы і болевыя адчуванні. Адна з сучасных нетрадыцыйных методык, якую мы прымяняем, — крыятэрапія.

Дазіраванае ўздзеянне холаду на нервовыя канчаткі валодае дабратворнымі ўласцівасцямі. Эфект заснаваны на змяненні дзейнасці сасудаў — першапачатковая спазма дробных артэрый змяняецца выяўленым пашырэннем, што значна ўзмацняе прыток крыві да месца ўздзеяння. У выніку чаго паляпшаецца жыўленне тканак, імпульсацыя, у кару галаўнога мозга падаюцца скіраваныя сігналы. Як вынік — лепш развіваецца рухальная зона. Правядзенне крыятэрапіі не патрабуе спецыяльнага абсталявання. Для яе неабходны кавалкі лёду, якія загадзя рыхтуюць у спецыяльных ёмістасцях для замарозкі.

Аднамомантнае накладанне лёду на адну з зон крыяўздзеяння доўжыцца да 5 да 30 секунд, агульная працягласць аднаго сеанса — ад 2 да 7 хвілін. Курс можа складацца з некалькіх штодзённых сеансаў. Спачатку трэба абвесці кавалкам лёду контуры пальцаў, затрымаўшыся на 5—6 секунд у пункце паміж вялікім і ўказальным пальцам, потым можна даць “памыліць” лёдам рукі. Эфект крыятэрапіі доўжыцца на працягу некалькіх гадзін, прычым з кожным сеансам становіцца больш стойкім.

Уся работа праводзіцца ў тры этапы. Першы этап — крыякантраст. Дзецям даюцца кавалкі лёду, якія яны трымаюць 10—15 секунд. Пасля гэтага рукі разаграваюць, гэта робіцца ў тазе з цёплай вадой або на пластмасавых бутэльках з гарачай вадой. Зноў бяруць лёд. Крыякантраст праводзіцца тры разы. Потым рукі націраюцца ручніком. Гэтую работу можна зрабіць разнастайнай, дабавіўшы ў лёд аромамасла, колер або змясціўшы ў сярэдзіну кубіка лёду дробную цацку.

Пасля крыякантрасту праводзяць расцяжкі з кожным пальцам правай і левай рукі, пры гэтым вялікую ўвагу ўдзяляюць вялікаму пальцу кожнай з рук, таму што гэта спрыяе расслабленню мышцаў кісці. Пасля расцяжкі неабходна правесці пальчыкавую гімнастыку, якая адпавядае тэме заняткаў. Трэці этап — развіццё тактыльнай адчувальнасці — масаж рукі з дапамогай шышкі, Су-Джок шарыкаў, шчотак, пагладжванне прадметамі розных фактур. Карэкцыйны эфект абумоўлены гіпаметабалізмам участка, які ахалоджваецца. Непасрэдна пасля працэдуры павялічваецца аб’ём актыўных рухаў, на працягу 2—3 гадзін удаюцца рухі (разгінанне кісці, супінацыя, адвядзенне вялікага пальца), якія пры традыцыйных метадах вельмі цяжка паддаюцца карэкцыі. Гэтыя станоўчыя змены спачатку непрацяглыя, але падчас курса заняткаў становяцца настолькі ўстойлівымі, што дазваляюць дзецям не толькі ўтрымліваць у руцэ пэндзаль, аловак, корак, але і рабіць маніпулятыўныя дзеянні гэтымі рэчамі. Дзякуючы прымяненню крыятэрапіі, навучэнцы класа змаглі ўключыцца ў творчы працэс. У выніку работы былі сфарміраваны ўменні: адбітак коркамі, прымочванне пры маляванні пэндзлем і фарбамі, маляванне нетрадацыйнымі матэрыяламі (паралон, корак, пенапласт і г.д.), з дапамогай трафарэта, маляванне вертыкальных ліній, штрыхоў, перарывістых ліній, акруглых і вуглаватых форм.

Выстава работ мастацкай творчасці навучэнцаў класа ЦКРНіР, якая прайшла ў Рэчыцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паспрыяла фарміраванню талерантных адносін да асаблівых дзяцей, дазволіла прадэманстраваць цудоўныя магчымасці гэтых незвычайных дзяцей з АПФР.

Алена ВАСЮК,
настаўніца Рэчыцкага раённага ЦКРНіР.