Лагер “Здаравячок”

- 11:59Нам пішуць

Амаль непрыкметна праляцеў першы летні месяц, а разам з ім падышла да завяршэння першая змена ў аздараўленчым летніку з дзённым знаходжаннем “Здаравячок”, якая была арганізавана на базе Варонскага дзіцячага сада — пачатковай школы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.

Каб час, праведзены ў лагеры, нікога не пакінуў абыякавым, мы імкнуліся стварыць усе ўмовы для карыснага, цікавага і бяспечнага адпачынку.

На працягу змены ладзіліся летнія ўрокі загартоўвання: дзеці даведваліся, навошта патрэбен загар, ці могуць “ударыць” сонца і спёка, пераканаліся ў карысці прагулак басанож. Штодзённыя гадзіны фізкультуры і спорту праходзілі на свежым паветры ў форме спаборніцтваў, эстафет, гульняў і садзейнічалі развіццю вынослівасці, моцы, спрыту. Загартоўвалі арганізм і ўмацоўвалі здароўе. Кожны з выхаванцаў змог праявіць спартыўныя здольнасці, адчуць дух перамогі і горыч паражэння, а ўсё гэта разам загартоўвала і характар.

Сустрэча з супрацоўнікамі МНС чарговы раз нагадала выхаванцам, да чаго прыводзяць гульні з агнём, як важна выконваць правілы пажарнай бяспекі і правільна паводзіць сябе ў лесе і на вадзе. А каб бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй ратавальніка, прымяралі касцюмы пажарнікаў, аглядалі спецыяльнае прыстасаванне, пажарную тэхніку і нават змаглі пасядзець у пажарнай машыне.

Падчас майстар-класаў ад раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі кожны знайшоў заняткі па душы: маляваць, клеіць, афармляць, спяваць, гуляць і танцаваць.

“Малая радзіма — ад вывучэння да дзеяння” — пад такім дэвізам праходзілі мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. Школьнікі адкрывалі для сябе гісторыю касцёлаў аграгарадкоў Варона і Варняны, даведваліся пра таямніцы варнянскай вежы і млына, учытваліся ў прозвішчы салдат на абелісках і ўглядаліся ў фотаздымкі ветэранаў-землякоў у музейных пакоях, сустракаліся з вясковымі ўмельцамі. Усё для таго, каб кожны ўсвядоміў адказнасць, павагу, гонар і любоў да маленькага куточка зямлі, які называем малой радзімай.

Запамінальнай стала экскурсія ў горад Ліду. Галоўная славутасць горада — Лідскі замак. Многія ўпершыню змаглі ўбачыць даспехі ваяроў Вялікага Княства Літоўскага, касцюмы вяльмож, прылады катаванняў сярэднявечча; пасядзець у інтэрактыўнай зале за вясельным сталом, багата ўстаўленым рознымі стравамі.

Падводзячы вынікі кожнага лагернага дня, на старонцы для водгукаў і пажаданняў дзеці пісалі аб тым, што ім спадабалася, запомнілася; чаму навучыліся і што яшчэ хацелі б убачыць, зрабіць. Спадзяёмся, што час, праведзены ў летніку, падарыў дзецям незабыўныя ўражанні!

Галіна ЧАХРАЧ,
дырэктар лагера “Здаравячок” на базе
Варонскага дзіцячага сада — пачатковай школы Астравецкага раёна.