Лавіна музыкі праз усю краіну

- 14:58"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

На працягу 2017 года Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі рэалізуе комплекс рэспубліканскіх метадычных мерапрыемстваў, паказальных выступленняў, творчых сустрэч, семінараў-практыкумаў, мэта якіх — папулярызацыя лепшых прыкладаў мастацкай творчасці калектываў-пераможцаў рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”, садзейнічанне ўкараненню інавацыйных падыходаў у арганізацыю мастацка-творчай дзейнасці, павышэнне прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў калектываў.

На працягу пятнаццаці гадоў рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” садзейнічаў развіццю калектываў мастацкай творчасці ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі — былі генерыраваны і ўкаранёны шматлікія творчыя ідэі педагогаў, студэнтаў і навучэнцаў, назапашаны багаты прафесійны вопыт. Гэта дазволіла на падставе распрацаваных метадычных і інавацыйна-творчых падыходаў распрацаваць і паспяхова рэалізоўваць шырокамаштабны адукацыйна-метадычны праект як кампанент Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.

Генеральная ідэя гэтага праекта — неабходнасць актуалізацыі практык педагогаў, кіраўнікоў творчых калектываў навучэнскай і студэнцкай моладзі на падставе прыкладаў дзейнасці лепшых калектываў мастацкай творчасці, якія ў гэтым праекце выступаюць метадычнымі пляцоўкамі — дэманструюць свае высокія шматгадовыя дасягненні, аўтарскія методыкі работы і шматлікія творчыя ідэі.

Метадычнай пляцоўкай для такіх мерапрыемстваў-сустрэч становяцца навучальныя ўстановы, творчыя калектывы якіх перамагалі ў рэспубліканскім фестывалі “АРТ-вакацыі”. На базах гэтых калектываў і праводзяцца рэспубліканскія семінары-практыкумы па жанрах мастацкай творчасці.

Ужо адбыўся шэраг сустрэч на базах Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Сёння наш творчы дыскурс, своеасаблівы музычны сінтон праз усю Беларусь — інструментальная ўверцюра Магілёва і вакальны працяг дыялогу Гродна.

Інструменталка

Многія некампетэнтныя людзі лічаць, што авалодаць нейкім музычным інструментам — гэта даволі лёгкая справа. Яны памыляюцца, бо гэта каштуе нерваў і гадоў жыцця. А калі ў цябе толькі адзін год ці тры гады на тое, каб авалодаць гармонікам?

Творчыя паказы, лекцыі-канцэрты і майстар-класы, прэзентацыі паэтычных і музычных зборнікаў, выступленні пераможцаў шматлікіх конкурсаў і лаўрэатаў фестываляў — менавіта такім разнастайным і цікавым для беларускага музычнага асяроддзя стаў рэспубліканскі семінар-практыкум “Калектыўная інструментальная творчасць як сродак эстэтычнага выхавання моладзі”. Мерапрыемства сабрала спецыялістаў і кіраўнікоў калектываў інструментальнага жанру ўстаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усёй краіны. Пляцоўкай для творчага дыялогу стаў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова.

— Мы рады, што гэты семінар праходзіць у сценах магілёўскага ўніверсітэта, і расцэньваем гэта як прызнанне заслуг творчых калектываў нашых выкладчыкаў і студэнтаў факультэта пачатковай і музычнай адукацыі, — адзначыў прарэктар па выхаваўчай рабоце МДУ Уладзімір Віктаравіч Ясеў. — З гонарам магу сказаць, што званне народнага носяць шэсць калектываў нашай навучальнай установы, дзе эстэтычнаму выхаванню моладзі, раскрыццю яе творчага патэнцыялу ўдзяляецца вялікая ўвага. Мы разглядаем падрыхтоўку спецыяліста як складаны шматгранны комплекс розных адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў. Таму студэнты, якія вучацца на спецыяльнасцях, звязаных з музыкай і харэаграфіяй, бяруць арыенцір не толькі на развіццё сваіх творчых здольнасцей, але і на фарміраванне патрыятычных якасцей асобы, прафесійнай адказнасці.

Праграма семінара была разлічана на два дні і складзена такім чынам, каб не толькі абмяняцца перадавым вопытам і павысіць прафесійны ўзровень удзельнікаў, але і прадэманстраваць лепшыя прыклады мастацкай творчасці калектываў-пераможцаў рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”. Так, з канцэртнай праграмай “Галасы роднай зямлі” выступіў народны аркестр народных інструментаў “Алегрэта” пад кіраўніцтвам Пятра Пятровіча Забелава, загадчыка кафедры музычнага выхавання і харэаграфіі магілёўскага ўніверсітэта. Дарэчы, музыкант упэўнены, што эстэтычнае выхаванне моладзі немагчыма без музычнай культуры, прывіваць якую трэба з маленства.

— Мы шукаем розныя формы папулярызацыі музычнай культуры, і гэта прыносіць свае поспехі, — адзначыў суразмоўнік. — Распрацоўваецца шмат адукацыйных праграм, якія карыстаюцца поспехам нават за межамі нашай краіны. Напрыклад, для саліста нашага аркестра студэнта Глеба Старавойтава была падрыхтавана канцэрт-гутарка “Домра ХХІ стагоддзя: домра-фольк, домра-рок, домра-джаз”. Ён адыграў яе ў многіх магілёўскіх гімназіях і школах, а праз некаторы час прэзентаваў на Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства ў Санкт-Пецярбургу і стаў яго лаўрэатам.

Па словах Пятра Пятровіча, на эстэтычнае выхаванне моладзі накіраваны і новы праект універсітэта — адкрыты рэгіянальны конкурс-фестываль “Зоркі Прыдняпроўя”. Упершыню ён быў арганізаваны і праведзены факультэтам пачатковай і музычнай адукацыі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта напрыканцы мая бягучага года. Удзел у ім узялі амаль 400 прадстаўнікоў творчай моладзі з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама горада Мінска. Па задуме арганізатараў, з цягам часу фестываль павінен стаць не толькі адной з візітных картак МДУ імя А.А.Куляшова, але і ўсяго культурнага жыцця рэгіёна.

Яшчэ адзін напрамак папулярызацыі музычнай культуры, які актыўна разіваецца ва ўніверсітэце, — выданне спецыялізаванай літаратуры. Так, напрыканцы мая бягучага года з друкарні выйшла кніжка з гаваркой назвай “Маленькаму народу пра месячыкі года”. Яе аўтар прапанаваў беларускім дзеткам шэраг вершаў на роднай мове. Кожны верш у зборніку — гэта чатырохрадкоўе, прысвечанае пэўнаму месяцу года. Выданне ўжо атрымала многа станоўчых водгукаў ад выкладчыкаў беларускай мовы, выхавальнікаў дзіцячых садкоў, студэнтаў. Незадоўга да правядзення семінара пабачыў свет зборнік Пятра Пятровіча “Дзіцячыя сюіты для баяна”.

Усё вышэйсказанае як мага лепш пацвярджае думку суразмоўніка аб тым, што для плённай працы ў эстэтычным выхаванні моладзі трэба быць адкрытым для эксперыментаў і не абмяжоўвацца пэўным напрамкам — толькі музыкай або літаратурнай творчасцю. Добрыя вынікі дасягаюцца ў супрацоўніцтве з калегамі і прадстаўнікамі іншых прафесій, бо само паняцце “музычная культура” вельмі шырокае і разнастайнае. У якасці прыкладу Пётр Пятровіч расказаў, як дзякуючы яго творчаму тандэму з прарэктарам па выхаваўчай рабоце Уладзімірам Ясевым з’явіўся гімн магілёўскага ўніверсітэта “Зорка імя Куляшова”.

Пра запатрабаванасць інструментальнай творчасці, а таксама пра перспектыўныя напрамкі развіцця адукацыйнага кампанента рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” ад імя яго арганізатараў паведаміла загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч. Акрамя таго, спецыяліст правяла аналіз стану інструментальнага жанру ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, акрэсліла задачы калектываў інструментальна жанру са званнем “народны” як метадычных і творчых пляцовак.

— Ва ўстановах вышэйшай адукацыі дзейнічаюць 535 творчых аб’яднанняў мастацка-эстэтычнага напрамку, у тым ліку 4 калектывы са званнем “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, 76 аматарскіх калектываў мастацкай творчасці са званнем “народны аматарскі калектыў”, — адзначыла Алена Сяргееўна. — Ва ўстановах вышэйшай адукацыі аматарскія калектывы прадстаўлены шырокім спектрам традыцыйных жанраў самадзейнага мастацтва і сучасных напрамкаў маладзёжнай творчасці. Сярод іх — 69 калектываў інструментальнага жанру, 115 вакальна-харавога, 133 харэаграфічнага і 150 тэатральнага.

Таксама суразмоўніца адзначыла, што ў рамках рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь штогод праводзіцца комплексны маніторынг вывучэння тэндэнцый маладзёжнай творчасці, сацыякультурных пераваг і інтарэсаў студэнцкай моладзі, аналіз якасці дзейнасці творчых калектываў. Усё гэта накіравана на стварэнне найлепшых умоў для далейшага развіцця студэнцкай творчасці, — падкрэсліла Алена Лаўрыновіч. — Акрамя таго, па даручэнні Міністэрства адукацыі аддзелам сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі актуалізаваны банк даных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, якія маюць званні “ўзорны”, “народны” і “заслужаны”, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

На падвядзенні вынікаў рэспубліканскага семінара-практыкуму было адзначана, што ў рамках яго работы — правядзення метадычнай пляцоўкі, майстар-класаў, паказальных мерапрыемстваў, азнаямлення з інфраструктурай і дзейнасцю цэнтра выхаваўчай работы магілёўскага ўніверсітэта, творчых прэзентацый дзейнасці кіраўнікоў калектываў і педагогаў — быў вывучаны стан, выяўлены тэндэнцыі развіцця інструментальнага жанру, вызначаны падыходы ў рабоце кіраўнікоў па захаванні традыцый інструментальнага выканання і ўкаранення інавацыйных форм папулярызацыі беларускай інструментальнай музыкі, разгледжаны прынцыпы педагагічнага ўзаемадзеяння ў сферы эстэтычнага выхавання і фарміравання інтэлектуальна-творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі.

Песня

“Песня — душа народа”. Так гаварыў незабыўны Рыгор Шырма. Але сёння мы часам забываемся і на тое, што ёсць душа, і на тое, што ёсць песня… Рэспубліканскі семінар-практыкум для кіраўнікоў калектываў вакальнага кірунку “Вакальнае мастацтва ў кантэксце музычнай культуры моладзі: актуальныя пытанні адукацыі і творчасці” адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Удзел у ім прынялі кіраўнікі калектываў з вышэйшых, сярэдніх спецыяльных, прафесійных устаноў адукацыі, сістэмы дадатковай адукацыі.

“Вакальная творчасць з’яўляецца адным з найбольш папулярных і запатрабаваных творчых напрамкаў у студэнцкай моладзі. Рэспубліканская метадычная пляцоўка была арганізавана на базе магутнага ў сваім кірунку калектыву — шматразовага пераможца рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” — студыі эстраднага вакалу “Уні-song” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якім кіруе Алена Стэльмах”, — гаворыць загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч.

Семінар-практыкум складаўся з некалькіх частак. На навукова-метадычнай пляцоўцы доктар філасофскіх навук прафесар кафедры філасофіі ГрДУ Алег Аляксандравіч Раманаў разглядаў пытанні культуры моладзі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Феномен і тыпалогія маладзёжных субкультур былі прадстаўлены загадчыкам кафедры сацыялогіі ГрДУ кандыдатам гістарычных навук Наталляй Уладзіміраўнай Казлоўскай.
Удзельнікі семінара наведалі факультэт мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе былі арганізаваны прэзентацыі факультэта і майстар-класы выкладчыкаў кафедры музычнага мастацтва ГрДУ: “Фарміраванне правільнай пеўчай пазіцыі”, “Тэмбравы ансамбль і яго мастацка-выразныя магчымасці”, “Фарміраванне вакальна-харавых і выканальніцкіх навыкаў у ансамблі народнай песні”. Майстар-клас “Камп’ютарны праграмны аналіз запісу вакальнага матэрыялу” правёў вядучы інжынер аддзела культурна-масавай і адпачынкавай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ Аляксандр Аўсейчык.

— Пры фарміраванні эстэтычнага крытэрыю ў падыходзе да студэнцкай творчасці важна ўлічваць, што эстэтычны густ моладзі дынамічны, і тое, што здавалася прыярытэтным раней, раптам адсоўваецца на другі план пад уздзеяннем новых мастацкіх уражанняў, — адзначае А.С.Лаўрыновіч. — Перад кіраўніком творчага калектыву паўстаюць важныя задачы актуалізацыі сваёй прафесійнай практыкі, удасканалення педагагічнага майстэрства і мастацкага ўспрымання, развіцця паэтычнага і музычнага густу, ведання, разумення і прыняцця сучасных музычных маладзёжных напрамкаў і выкарыстання найбагацейшай музычнай спадчыны.

Таму вельмі пазнавальнымі былі творчыя лабараторыі загадчыка аддзялення эстраднага вакалу Гродзенскай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза Алены Пракунінай “Па прыступках вакальнага майстэрства” і начальніка аддзела культурна-масавай і адпачынкавай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ Алены Стэльмах “Эстрадны вакал: манера і манернасць, альбо Як знайсці свой твар”.

— Каб разумець запатрабаванні нашых студэнтаў і дапамагчы ім знайсці свой твар, ведаць, разумець і прымаць сучасную маладзёжную субкультуру і ў той жа час аказваць выхаваўчы ўплыў на маладых людзей, трэба жыць іх ідэямі, — працягвае размову Алена Стэльмах. — Кіраўніцтва ўніверсітэта падтрымлівае творчыя студэнцкія ініцыятывы, у нас працуюць шматлікія творчыя калектывы розных жанраў, што сведчыць аб высокім творчым патэнцыяле моладзі і яе зацікаўленасці ў сваім развіцці.

А пацвярджэннем гэтага стаў канцэрт з удзелам творчых калектываў ГрДУ імя Янкі Купалы і навучальных устаноў Гродна “Усё можа маладосць!”, на які запрасілі ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара.

Юлія БАЧКАРОВА,
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.