Лепшы маладзёжны праект,

- 11:26Якасць адукацыі

ці “Філалагіні” супраць “Вожыкаў журфака”

— Для нас “Карані” не проста праект. Гэта лад жыцця, рознабаковая і вельмі адказная праца, магчымасць займацца любiмай справай на высокiм узроўнi, — расказваюць пра сябе стваральнікі праекта “Карані”. І, як толькі завітаеш да іх у госці, поўнасцю пераконваешся ў гэтым, задаеш сабе адзінае пытанне: “Чаму я не прыйшоў сюды раней?”

Праект нарадзіўся ў клубе аматараў мастацкага слова “КЛУмБа” пры Фундаментальнай бiблiятэцы БДУ. “Клумбаўцы” — гэта актыўная моладзь з розных факультэтаў універсітэта, з дапамогай якіх з’явілася вялікая колькасць літаратурных вечарын, конкурсаў, віктарын i спектакляў. Iдэя стварэння асобнага праекта, які б стаў агульнай беларускамоўнай пляцоўкай для зносін студэнтаў, пашырэння іх кругагляду і развіцця цікаўнасці да беларускай культуры, прыйшла ў час, калі ва ўніверсітэце стартаваў конкурс “Лепшы маладзёжны праект”.

— Добра, калі чалавек мае высокі інтэлект, вышэйшую адукацыю, запатрабаваную спецыяльнасць, але нічога з гэтага не дапаможа стаць сапраўднай асобай, калі адсутнічае пачуццё нацыянальнай самасвядомасці і імкненне да духоўнага росту. Гэта тыя карані, якія дазваляюць не страціць мову продкаў, веру нашых бацькоў і моцна трымаюць чалавека на гэтым свеце. Паколькі праект мае два напрамкі, цікавасць да яго праяўляюць тыя, каго вабяць паломніцкія вандроўкі, і тыя, хто мае схільнасць да беларускай мовы і літаратуры, цікавіцца нацыянальнай культурай. Падчас паломніцкіх паездак, сустрэч з духоўнымі асобамі пашыраецца кругагляд удзельнікаў праекта, мяняецца іх светапогляд. Падрыхтоўка паэтычных спектакляў і выступленне з імі развівае ў “каранёўцаў” адчуванне сцэны і навыкі працы ў камандзе, — расказала куратар праекта вядучы бібліятэкар аддзела гуманітарна-асветніцкай работы і папулярызацыі кніжных помнікаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Ірына Шкіронак.

Па словах першага кіраўніка “Каранёў” Кацярыны Роўда, удзел у конкурсе “Лепшы маладзёжны праект” для каманды быў не самамэтай, а жаданнем пазнаваць, вучыцца і дзяліцца набытымі ведамі, спрыяць развіццю нацыянальнай самасвядомасці і духоўна-маральных якасцей студэнтаў не толькі з БДУ.

Вынікамі двухгадовай дзейнасці праекта можна назваць шэраг добра прадуманых і рэалізаваных ідэй: “Літаратурная мафія”, віктарына “Размаўляем па-беларуску”, вечарыны, прысвечаныя творчасці паэтаў, паездкі па святых і гістарычных мясцінах Беларусі, спектаклі. Важнай падзеяй стаў выхад у 2017 годзе зборніка творчасці “каранёўцаў” “Пад ветразем натхнення”, які сабраў творы 27 маладых аўтараў на беларускай і рускай мове. У ім можна прачытаць як вершы, так і празаічныя творы, якія, на думку Кацярыны Роўда, аб’ядноўвае шчырасць.

— Зварот да нашай багатай літаратурнай і духоўнай спадчыны — два вядучыя “каранi” праекта, якiя аб’ядналі натхнёных, апантаных добрымi справамi юнакоў i дзяўчат, бо мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння, — тлумачыць назву праекта Кацярына. — Мы вельмi розныя, але нас яднае галоўнае: любоў да роднай зямлi, прыгожага мастацкага слова, вера ў яго сiлу i актуальнасць на ўсе часы. Члены маёй “каранёвай” сям’i — маладыя лiтаратары — паспяхова вядуць творчую дзейнасць i годна прадстаўляюць наш унiверсiтэт на рэспублiканскiх i мiжнародных конкурсах i форумах.

Маладыя людзі рэалізоўваюць задумы на працягу вучэбнага года, стараюцца задзейнічаць для гэтага розныя пляцоўкі. Як кажуць самі студэнты, “проста робяць сваю справу і імкнуцца расці духоўна і творча”. Сёлета старт сезона выпаў на 26 верасня. Адкрыла яго прэзентацыя паэтычнага зборніка Аляксандра Паршанкова “Жніво” на гістарычным факультэце БДУ.

Напрыклад, віктарына “Размаўляем па-беларуску” спачатку мела іншы фармат. Праводзіць яе пачалі ў лістападзе 2017 года цяперашні кіраўнік “Каранёў” студэнтка факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Таццяна Ігнашчанка і яе сувядучы з хімічнага факультэта Фёдар Бянько. Ідэя знайшла водгук у гасцей, і было вырашана распрацоўваць яе далей, выводзіць на ўзровень спаборніцтва паміж факультэтамі. Зараз гэта гульня на шэсць этапаў з літаратурнымі, музычнымі, моўнымі і гістарычнымі заданнямі. Кожная сустрэча — гэта турнір двух факультэтаў. Студэнтам прапаноўваецца перакласці адаведную колькасць слоў, агучыць назву і выканаўцаў беларускіх песень, прачытаць верш, скласці сказ з прапанаваных слоў без парушэння логікі. Здольнасці хлопцаў і дзяўчат ацэньвае журы.

Адным з маляўнічых і насычаных заданняў можна назваць своеасаблівы “літаратурны кракадзіл” — конкурс капітанаў. Маладыя людзі выцягваюць аркуш паперы, на якім пазначаны твор і яго аўтар. Іх задача — без выкарыстання гукаў і слоў “данесці” напісанае сваёй камандзе. Якімі знакамі паказаць “Сасну пры дарозе” ці “На Каляды к сыну”? Якім чынам адлюстраваць Максіма Гарэцкага ці Івана Шамякіна? Усё гэта не праблема для ўдзельнікаў віктарыны. Нават да выбару назвы каманд яны падыходзяць з гумарам: на гульні можна было сустрэць “Філалагінь”, “Вожыкаў журфака”, “Філаматаў”, “Чорных паннаў геафака”, “Дудку беларускую”, “Файных”, пазнаёміцца з тандэмамі “Тудэма-сюдэма” і “Чык-чырык”.

Але сустрэчы ў межах “Размаўляем па-беларуску” складаюцца не толькі з інтэлектуальных і артыстычных спаборніцтваў. Часта ў такіх вечарынах прымаюць удзел сябры клуба “КЛУмБа” Аліна і Іван Цвірко, Аляксандр Паршанкоў, Юрый Тамковіч, Марыя Чакрыгіна, Анастасія Каротчыкава, Анастасія Кучвальская і Мікіта Крыцук, якія дэкламуюць вершы беларускіх класікаў і прэзентуюць уласныя творы.

Частымі гасцямі на мерапрыемствах “Каранёў” бываюць беларускія пісьменнікі і паэты Анатоль Зэкаў, Мікола Шабовіч, Дзмітрый Пятровіч, Міхаіл Пазнякоў і духоўнік цэнтра ў гонар святога прападобнага Серафіма Сароўскага пры царкве ў гонар Сабора прападобных Опцінскіх старцаў бацюшка Алег.

За нядоўгі перыяд сваёй гісторыі праект мае шмат дасягненняў: атрымаў прызавое месца ў конкурсе “Лепшы маладзёжны праект — 2017”, прэмію “Дзякуй” ад Біржы сацыяльных праектаў. І гэта, як пераконвае моладзь, толькі пачатак.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.