Лічбавы партфель настаўніка

- 11:48Якасць адукацыі

Канікулы — гэта час, калі за парты сядаюць настаўнікі. На базе нашай школы прайшоў практыкум для настаўнікаў матэматыкі горада і раёна “Выкарыстанне лічбавых інструментаў на ўроках матэматыкі”.

На першым пасяджэнні ўдзельнікі практыкуму разгледзелі тэму “Выкарыстанне мабільных дадаткаў для арганізацыі хуткай зваротнай сувязі”, і ў свой лічбавы партфель мы паклалі два дадаткі: Plickers і Kahoot. Яны на англійскай мове, для работы з імі зручна карыстацца браўзерам Google Chrome, бо можна падключыць аўтаматычны пераклад.

Plickers — гэта дадатак, які дазваляе імгненна ацаніць адказы ўсяго класа і спрасціць збор інфармацыі. Каб пачаць карыстацца, неабходна прайсці рэгістрацыю на сайце Plickers. Пасля гэтага мы трапляем у інтэрфейс бібліятэкі. Тут ствараем папкі і пытанні ў іх. У абноўленай версіі ёсць адзін недахоп: у адной папцы можна стварыць толькі пяць пытанняў. Але папак можна ствараць мноства, ці ўвогуле не размяшчаць пытанні ў іх, а рабіць асобным спісам. Гэта тычыцца бясплатнага выкарыстання дадатку. Далей ствараем класы і дадаём пытанні адпаведным класам. Яшчэ неабходна раздрукаваць набор картак-кодаў, адзін на ўсе класы.

Гэта падрыхтоўчая работа, і яна займае ў першы раз некаторы час, але далей вам трэба будзе толькі абнаўляць базу пытанняў. З вопытам гэта будзе займаць максімум некалькі хвілін.

Для апытання вельмі пажадана мець праектар з падключаным да яго камп’ютарам. На камп’ютары адкрываем сайт Plickers. На мабільным тэлефоне адкрываем дадатак Plickers. На стартавым экране вам прапануюць выбраць клас. Пасля вам будуць паказаны пытанні, якія вы задалі раней. Націскаем на першае пытанне. Вось тут упершыню адбываецца магія: як толькі вы выбралі пытанне на вашым мабільным тэлефоне, яно аўтаматычна адлюстроўваецца на праектары. Гэта значыць вам не трэба знаходзіцца каля камп’ютара і ўвесь час пераключаць што-небудзь — усё кіраванне вядзецца з тэлефона.

Дзеці чытаюць або праслухоўваюць пытанне і падымаюць карткі з варыянтамі адказу. Настаўнік сканіруе адказы вучняў сваім мабільным тэлефонам і адразу на экране тэлефона бачыць, хто як адказаў.

Як можна выкарыстоўваць Plickers?

1. Франтальнае апытанне ў канцы ўрока, каб зразумець, што дзеці засвоілі за ўрок, а што не.

2. Франтальнае апытанне ў пачатку ўрока.

3. Правядзенне тэстаў, праверачных работ. Вынікі будуць даступныя адразу, без неабходнасці праверкі, дастаткова адкрыць справаздачу ў сваім асабістым кабінеце на сайце Plickers.

Гэты дадатак дазваляе рэалізаваць бесперапынны маніторынг ведаў дзяцей і аднімае на ўроку толькі некалькі хвілін. Дае магчымасць даведацца аб прагрэсе ўсяго класа, а не некалькіх яго прадстаўнікоў, як бывае, калі апытанне вядзецца вусна.

Для дзяцей гэты дадатак — свайго роду забаўка, дазваляе ў гульнявой форме адказваць на пытанні. Ён вельмі зручны і просты ў выкарыстанні. Удзельнікі практыкуму прайшлі рэгістрацыю на сайце Plickers і навучыліся ствараць заданні і дадаваць свае класы. Нядаўняе абнаўленне дадатку спрасціла гэтую працэдуру, цяпер спіс класа можна скапіраваць нават з электроннага журнала і ўставіць у дадатак.

Другі дадатак — Kahoot. Гэты сэрвіс вельмі зручны ў выкарыстанні, яркі, надзвычай просты для настаўніка, бясплатны. Дадатак дазваляе праводзіць апытанні, даследаванні, складаць віктарыны. Пры рабоце з класам задзейнічаны мабільныя тэлефоны або планшэты вучняў. На вялікім экране навучэнцы бачаць пытанне і варыянты адказаў на яго, на сваіх мабільных прыладах — каляровыя прамавугольнікі з геаметрычнымі фігурамі ўнутры, кожны з якіх адпавядае аднаму з адказаў. Вучні націскаюць на тую фігуру, якая адносіцца да правільнага адказу. Сістэма адразу ж паказвае, хто адказаў першым, колькі набраў балаў, колькі дзяцей далі правільны адказ, на якім месцы сярод усіх у класе апынуўся кожны вучань.

Настаўнік пасля рэгістрацыі на сайце Kahoot можа ствараць віктарыны, тэсты, апытанні. У гэтыя міні-гульні можна ўстаўляць відэа і малюнкі. Каб дадаць эфект спаборніцтва, да кожнага пытання ўстанаўліваецца таймер. Каб пачаць гульню ў класе, настаўніку трэба даць вучням код, які пры запуску гульні выдае сістэма і які вучні потым уводзяць на сваіх прыладах.

У Kahoot ёсць шэраг цікавых магчымасцей, якія дапамагаюць падняць матывацыю і захапіць навучэнцаў. Па-першае, музыка. Калі пытанне з’яўляецца на экране, пачынае іграць музыка, для кожнага пытання розная, і чутны гук, які нагадвае пра тое, што час для адказу абмежаваны. У канцы гульні можна загрузіць справаздачу з вынікамі і ацаніць веды вучняў.

Удзельнікі практыкуму ўбачылі, як працуе дадатак. З яго дапамогай я правяла хуткае апытанне, якое паказала матывацыю ўдзельнікаў практыкуму па выкарыстанні лічбавых інструментаў. Прыемна, што большасць настаўнікаў на пытанне “Што вас прывяло на гэты практыкум?”, выбрала варыянт адказу: “Я люблю пазнаваць і выкарыстоўваць на ўроку што-небудзь новае”.

На наступных пасяджэннях практыкуму мы папоўнім свой лічбавы партфель сэрвісамі для стварэння вучэбных матэрыялаў для самаправеркі, а таксама разгледзім магчымасці выкарыстання сэрвісаў Google ў рабоце настаўніка матэматыкі.

Валянціна КАРАСЬ,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.