Лёсавызначальная рэкамендацыя

- 10:10Людзі адукацыі

Настаўніца гісторыі баранавіцкай сярэдняй школы № 14 Таццяна Уладзіміраўна Маклюк адносіцца да тых шчаслівых людзей, у якіх захапленне стала прафесіяй. Яна ішла да гэтага доўгія гады і сёння можа з упэўненасцю сказаць, што любіць і сваю прафесію, і свой прадмет, і вучняў. І такія адносіны ўзаемныя!

Яшчэ ў школьныя гады настаўнікі гаварылі бацькам: “Ваша Таццяна можа стаць добрым педагогам”. Мама параіла прыслухацца да парады і пасля заканчэння 9 класа паспрабаваць паступіць у педагагічны каледж. Таццяна Уладзіміраўна гаворыць шчыра: на той момант упэўненасці ў выбары яна не адчувала, але дакладна ведала, што ёй вельмі падабаецца гісторыя. Вырашыла паспрабаваць паступіць — і ў выніку стала навучэнкай Баранавіцкага педагагічнага каледжа. Менавіта тут і атрымала сваю першую спецыяльнасць — “Настаўнік малодшых класаў. Кіраўнік выяўленчай студыі”. Так рэкамендацыя школьных настаўнікаў стала лёсавызначальнай.

Гады вучобы і пачатак працоўнай дзейнасці спачатку ў Брэсцкай вобласці па размеркаванні, а пасля ў родных Баранавічах Таццяна Уладзіміраўна ўзгадвае з цеплынёй. Заўсёды была актыўнай, ініцыятыўнай, творчай, камунікабельнай, таму, мабыць, і аказвалася пастаянна ў цэнтры падзей і навін. Сёння яна вельмі ўдзячна сваім настаўнікам, якія накіроўвалі і натхнялі, разгледзелі яе прызванне і ўласнымі прыкладамі паказалі, якім павінен быць педагог.

— Важна, каб чалавеку было на каго арыентавацца, — гаворыць Т.У.Маклюк. — Некалі настаўнікі “запалілі” святло, веру ў сябе і прагу да ведаў у маёй душы. Сёння стараюся тое ж самае рабіць для сваіх вучняў. Сваю работу вельмі люблю! Гэта на 100% маё!

І ўсё ж яе шлях да работы мары быў няпростым і доўжыўся цэлых 10 гадоў. На працягу гэтага часу Таццяна Уладзіміраўна паспяхова працавала настаўніцай малодшых класаў, выяўленчага мастацтва, выхавальніцай групы прадоўжанага дня. Але ў душы яна ніколі надоўга не развітвалася з любімай гісторыяй. З надзеяй у сэрцы працягвала адукацыю: на гэты раз вучылася ўжо на гіс­тарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Калі крок за крокам ісці да сваёй мэты, рана ці позна ўсё абавязкова атрымліваецца менавіта так, як трэба! Так склалася і ў жыцці Т.У.Маклюк. З 2008 года яна працуе настаўніцай гісторыі ў баранавіцкай сярэдняй школе № 14. Нарэшце супала ўсё: і педагогіка, і работа з дзецьмі, і прадмет, які з дзяцінства выклікаў у яе найбольшую цікавасць.

З першага ўрока гісторыі ў новым класе Таццяна Уладзіміраўна заўсёды імкнецца максімальна зацікавіць сваім прадметам. Знаходзіцца ў пастаянным пошуку, каб даваць вучням патрэбныя і карысныя ў жыцці веды, раскрываць і развіваць таленты навучэнцаў.

— Настаўнік павінен быць прыкладам ва ўсім. Неабходна і самому пастаянна вучыцца, асабліва ў наш час тэхнічнага прагрэсу, — разважае Т.У.Маклюк. — Некалі я ўзяла пяцікласнікаў, “пераходзіла” з імі з класа ў клас, выпусціла. Думала, што пасля такога шляху ад а да я ўжо ўсё ведаю і ўмею, выдатна разумею ўзроставыя асаблівасці вучня. Аднак прыйшла да іншых пяцікласнікаў і адразу ж зразумела: гэта іншае пакаленне, і з імі трэба працаваць па-іншаму. І гэта цікава: зноў і зноў усё пачынаць нанова, шукаць новыя метады і формы падачы інфармацыі. Разам з вучнямі і ў многім дзякуючы ім я таксама ніколі не стаю на месцы, мяняюся, развіваюся, іду наперад.

Настаўніца ўпэўнена: немагчыма захапіць сваім прадметам вучняў, калі табе самой нецікава. На ўроку гісторыі, вядома ж, сёння ўжо немагчыма ўтрымаць увагу аднымі фактамі. У адукацыйным працэсе Таццяна Уладзіміраўна робіць акцэнт на інтэрактыўныя групавыя метады. Яе ўрок — гэта 45 мінут актыўнай працы дзяцей пад умелым кіраўніцтвам педагога. Вучні ра­зам шукаюць адказы на пытанні, разважаюць, аналізуюць інфармацыю, не баяцца выказваць свае ўласныя меркаванні.

Таццяна Уладзіміраўна стварае ўмовы, якія максімальна спрыяюць творчаму развіццю адораных дзяцей. Яе вучні штогод з’яўляюцца пераможцамі гарадскіх алімпіяд — па прававых ведах і “Юны гісторык”.

Сёлета і вучні, і калегі падтрымлівалі Т.У.Маклюк, калі даведаліся, што яна прымае ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”. Ніхто нават не сумняваўся, што яна дас­тойна прадставіць родную школу. Так і было! Таццяна Уладзіміраўна перамагла на гарадскім этапе і заняла 2-е месца на абласным.

Для Таццяны Уладзіміраўны ўдзел у конкурсе стаў каштоўным вопытам. Яна заўсёды выбірае актыўную пазіцыю, імкнецца ва ўсім паказваць прыклад падрастаючаму пакаленню. І гэта тычыцца не толькі прафесіяналізму і культуры паводзін. Яна стараецца яшчэ і заўсёды бездакорна выглядаць. Дарэчы, у гэтым быць на вышыні ёй дапамагаюць рэгулярныя заняткі спортам і актыўны адпачынак.

У будучыню Т.У .Маклюк глядзіць з аптымізмам. Магчыма, гэта яшчэ адзін сакрэт яе добрых, цёплых адносін з вучнямі. Сувязь з імі не губляецца пасля таго, як маладыя людзі пакідаюць школьныя сцены. Асабліва радуе, што па яе прыкладзе дзевяць чалавек выбралі для сябе прафесію педагога, ёсць сярод іх і будучыя настаўнікі гісторыі. Таццяна Уладзіміраўна спадзяецца, што такая добрая традыцыя будзе працягвацца і далей.

Таццяна ШЫМКО.