Магія дарослага выдатніка

- 15:51Людзі адукацыі
Школьныя выдатнікі бываюць самымі рознымі, дакладней, у кожнага з іх існуе свая тэорыя неабходнасці вучыцца выдатна. У пачатковай школе дзеці, як правіла, хочуць “павісець” да Дошцы гонару, але ўжо далейшае школьнае жыццё ставіць куды больш амбіцыйныя задачы, таму матывацыя выдатнікаў мяняецца і становіцца больш сур’ёзнай. І калі з выдатнікамі дзецьмі ўсё больш-менш зразумела, то з’ява выдатнікаў далослых, а дакладней, выдатнікаў педагогаў, пакуль яшчэ не вывучана дасканала. Штогод на жнівеньскіх нарадах некаторыя настаўнікі атрымліваюць званне “Выдатнік адукацыі”. Трэба адзначыць, што сярод педагогаў выдатнікаў не так шмат, як сярод вучняў. Магчыма, з-за таго, што дзіцячая і дарослая матывацыя заўсёды і ўсё рабіць без сучка і задзірынкі, мае розную прыроду. Але той факт, што такія настаўнікі, нягледзячы ні на якія перамены і праблемы, адданыя сваёй прафесіі, бясспрэчны.

Станіслаў Браніслававіч Холеў, настаўнік геаграфіі, кіраўнік і стваральнік Народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы №90 Мінска, званне “Выдатнік адукацыі” атрымаў нядаўна, на жнівеньскай нарадзе сталічных педагогаў. Было ўрачыста і вельмі прыемна, бо за плячыма 35 гадоў педагагічнага стажу, у які ўваходзіць кіраванне турысцка-краязнаўчым клубам школы, аўтарства шэрагу метадычных распрацовак па геаграфіі і краязнаўстве. Акрамя таго, Станіслаў Браніслававіч з’яўляецца аўтарам некалькіх дзясяткаў артыкулаў, прысвечаных праблемам выкладання геаграфіі ў школе, арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці вучняў, захавання гістарычнай спадчыны. Лаўрэат прэміі і ўладальнік двух грантаў Мінгарвыканкама.
Яшчэ педагог узнагароджаны дзвюма Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі ўпраўлення адукацыі Мінгарвыканкама, упраўлення адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, цэнтральнага савета экспедыцыі “Наш край”, Мінскай секцыі ветэранаў вайны, Рэспубліканскага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму, Гарадскога турысцка-экалагічнага цэнтра, знакам Педагагічнага таварыства “За актыўную працу”, залатым знакам ЦК УЛКСМ “За актыўнае развіццё маладзёжнага турызму”.
Такі значны паслужны спіс у першую чаргу ацэняць калегі, а дзецям галоўнае — адносіны да сябе і стаўленне педагога да сваёй справы. А яны ўпэўнены, што калі завітаюць у школьны музей ці проста сустрэнуць Станіслава Браніслававіча ў школьным калідоры, то ён абавязкова іх выслухае і дапаможа. Пра аўтарытэт С.Б.Холева ведаюць далёка за межамі школы. А ён, успамінаючы свае першыя працоўныя дні, адзначае, што ў педагогіку насамрэч і не збіраўся.
“Я з маленства марыў пра падарожжы, таму спачатку паехаў у Данбас і паступіў там у горнае вучылішча. Хутка зразумеў, што гэта не маё, таму вярнуўся ў Беларусь і паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта было якраз тое, чаго мне так хацелася. У мяне была магчымасць вывучаць цікавыя навукі, а падчас практыкі — падарожнічаць. Пасля заканчэння ўніверсітэта год адпрацаваў у праектным інстытуце. А потым давялося шукаць іншую працу, і мне сказалі, што ў сярэдняй школе №90 вызваляецца месца настаўніка геаграфіі. Вырашыў паспрабаваць і хутка зразумеў, што гэта маё”, — расказаў Станіслаў Браніслававіч.
А тое, што педагагічныя навыкі праявіліся адразу, мой суразмоўца патлумачыў вельмі проста: “Я нарадзіўся ў вялікай сям’і і быў старэйшым. З маленства прывык апекаваць сваіх малодшых братоў і сястру. Магчыма, гэта і паўплывала на тое, што прафесія настаўніка не была для мяне чымсьці незвычайным і непрымальным. А каб знайсці паразуменне з дзецьмі (наладжванне дысцыпліны на ўроках было актуальным ва ўсе часы), я арганізаваў геаграфічны гурток і пачаў падарожнічаць ужо разам са сваімі вучнямі”.

Паступова геаграфічны гурток ператварыўся ў турысцка-краязнаўчы клуб “Брыганціна”. Ужо прайшло столькі гадоў, але да гэтага часу педагог атрымлівае словы ўдзячнасці ад сваіх былых вучняў “за цудоўныя дзіцячыя гады, праведзеныя ў вандроўках, ля вогнішча, у рамантыцы паходаў”.
Усё пачыналася з вывучэння роднай Беларусі, але вельмі хутка ўдзельнікі “Брыганціны” актыўна ўключыліся ва ўсесаюзную турысцкую экспедыцыю “Мая Радзіма — СССР”. Гэта дапамагло школьнікам не толькі папоўніць свае веды, але і стаць лаўрэатамі гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў. Сотні вучняў школы з дапамогай клуба “Брыганціна” авалодалі неабходнымі навыкамі турызму, атрымалі юнацкія спартыўныя разрады, пашырылі свае веды аб Бацькаўшчыне.
Пра свае педагагічныя поспехі Станіслаў Браніслававіч гаворыць сціпла, а галоўным крытэрыем называе самастойнасць. “Канечне, да многіх педагагічных адкрыццяў ішоў шляхам спроб і памылак, але сваім вучням даваў магчымасць быць свабоднымі. Наш клуб заўсёды дзейнічаў па прынцыпе: як большая частка ўдзельнікаў вырашыць, так і будзе. Як і ў скаўцкай арганізацыі”, — адзначыў суразмоўца.
У 1994 годзе клуб “Брыганціна” актыўна ўключыўся ў турысцка-краязнаўчую экспедыцыю “Наш край” і стаў лепшым у горадзе. Удзел сяброў клуба ў рэспубліканскіх злётах, канферэнцыях і летніках, тыднях турызму і краязнаўства зрабіў сярэднюю школу № 90 вядомай. На рахунку клуба — стварэнне даведніка маршрутаў паходаў і экскурсій для беларускіх школьнікаў, удзел у напісанні кнігі “Памяць. Мінск”, ініцыятыва па правядзенні конкурсу на лепшую эмблему школы.
Акрамя таго, некаторыя члены клуба закончылі геаграфічны і гістарычны факультэты, а некаторыя сталі досыць вядомымі людзьмі. Гэта саліст групы “Бі-2” Лёва (Ягор Бортнік), спявачка Вера Карэтнікава, генеральны дырэктар Абсалют-банка Уладзімір Шчэрба, кандыдат біялагічных навук Андрэй Булойчык, намеснік рэдактара часопіса “Where Minsk” Алена Каравацкая і іншыя. І што прыемна: яны па-ранейшаму падтрымліваюць сувязь з клубам і сваёй роднай школай.

Як адзначыў Станіслаў Браніслававіч, удзел у экспедыцыі “Наш край” стаў штуршком для заняткаў не толькі краязнаўча-пошукавай, але і навукова-даследчай работай. Першай стала работа па аналізе геаграфічных назваў Мінска з ХІІІ па ХХ стагоддзе. “Даследаванне доўжылася больш за год. Мы вывучалі, як мяняліся назвы вуліц. У выніку выявілі, што ў Мінску з году ў год усё менш станавілася вуліц-указальнікаў, накшталт Койданаўская, Ракаўская. Большасць жа вуліц называлі ў гонар пэўных дзеячаў. Дарэчы, на гэтую работу некаторыя даследчыкі спасылаюцца і сёння. І яна атрымала пахвальны водгук на рэспубліканскім конкурсе.
Зразумела, затым былі і іншыя работы. На сёння іх ужо звыш 15 і большасць атрымала дыпломы і пахвальныя водгукі на гарадскіх навукова-практычных канферэнцыях”, — расказаў настаўнік.
На працягу некалькіх гадоў С.Б.Холеў праводзіць у школе заняткі факультатываў юных даследчыкаў. Ён з’яўляецца асноўным распрацоўшчыкам вучэбнага дапаможніка “Раёназнаўства. Кастрычніцкі раён г. Мінска”, у якім сабраны ўсе звесткі аб гэтым адміністрацыйным раёне горада — своеасаблівай энцыклапедыі раёна.
Акрамя таго, разам з вучнямі ён збіраў звесткі аб загінуўшых грамадзянах Мінска падчас войнаў і рэпрэсій для напісання кнігі “Памяць. Мінск” (былі выяўлены імёны 117 загінуўшых). У выніку ўсё гэта дазволіла стварыць у школе сваю сістэму арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці вучняў, за што Станіслаў Браніслававіч атрымаў грант Мінгарвыканкама.
А ў апошні час Станіслаў Браніслававіч разам са сваімі вучнямі рэканструіруе першапачатковыя ландшафты Кастрычніцкага раёна Мінска, вывучае рэчку Лошыца, шукае, што хаваецца за руінамі ў Курасоўшчыне і займаецца праблемамі захавання назваў прыродных аб’ектаў і былых населеных пунктаў у сучаснай тапаніміі сталіцы. З 2010 года ў школе пачала выходзіць уласная краязнаўчая газета “Койданаўскі тракт”.
“Цяпер мы з навучэнцамі вывучаем свой раён. Мы распрацавалі праграму для адпаведнага факультатыва, дапоўнілі яе метадычным суправаджэннем. Здавалася б, што ў горадзе можна даследаваць? Але мы, напрыклад, узнавілі, як наш раён выглядаў ва ўсе часы свайго існавання. Як з’яўляліся вёскі, якія цяпер паглынуў Мінск (і, у прыватнасці, Фрунзенскі раён), куды вялі дарогі.
А калі даследавалі раку Лошыца, то знайшлі руіны аднаго будынка. Высветлілася, што гэта быў вялікі дом, магчыма, нават палац, які некалі належыў Немаршанскім. Дарэчы, там будзе метро і адна са станцый атрымае назву “Немаршанскі сад”. А на месцы Палаца чыгуначнікаў некалі была вёска Кавальская Слабада, у якой жылі кавалі і праз яе праходзіў старажытны шлях. Дык вось, плануецца, што станцыя метро таксама будзе называцца “Кавальская Слабада”. Магчыма, і нашы даследаванні зрабілі адпаведны ўплыў”, — адзначыў педагог.

Сваю прафесійную годнасць Станіслаў Браніслававіч не раз пацвярджаў уласнымі метадычнымі распрацоўкамі па геаграфіі. Яшчэ ў 1999 годзе ён стаў першым у Беларусі, хто склаў і выдаў метадычны дапаможнік для правядзення практычных работ па геаграфіі. Сёння мы гэта называем рабочым сшыткам для практычных работ. Пасля гэтага настаўнік складаў дапаможнікі для правядзення ў вучняў тэматычнага кантролю для ўсіх курсаў геаграфіі — з 6 па 11 клас. Яны выдаваліся да 2006 года і па іх вучыліся ўсе школьнікі нашай краіны.
Разам з тым Станіслаў Браніслававіч распрацаваў і ўкараніў новую форму правядзення ўрокаў геаграфіі ў старэйшых класах — лекцыйна-заліковую. “Мне ўвесь час хацелася, каб маім вучням было цікава, таму вырашыў паспрабаваць чытаць ім лекцыі, а пасля правяраць веды падчас заліку. Дзецям вельмі спадабалася, бо я мог даваць ім значна больш цікавай інфармацыі, чым у падручніках. Акрамя таго, яны ведалі пра залік загадзя, таму мелі магчымасць падрыхтавацца”, — адзначыў педагог.
Зразумела, цікавасць да краязнаўства адбілася і на змесце ўрокаў геаграфіі. Станіслаў Браніслававіч пачаў звяртацца да так званага краязнаўчага метаду, калі прыклады браліся не кніжныя, а жыццёвыя. Пашырэнню гэтага метаду спрыяла і зацікаўленасць саміх дзяцей, якія з задавальненнем дзяліліся з аднакласнікамі тым, што ўбачылі і пачулі падчас паходаў і экскурсій.
А практычныя геаграфічныя навыкі адточваліся падчас даследчыцкіх паходаў і экскурсій, якія ладзіліся ў межах клуба “Брыганціна”. У выніку работа Максіма Бурлова “Комплекснае геаграфічнае даследаванне возера Кромань” атрымала дыплом на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. А праца “Рэканструкцыя пасляледавіковых ландшафтаў Беларусі” Пятра Брахунца стала пераможнай на Міжнародным конкурсе імя Вярнадскага ў Маскве.
“Мы звярнуліся да вывучэння возера ў Налібоцкай пушчы таму, што практычна ніхто не займаўся яго даследаваннем. Яно невялікае (кіламетр у даўжыню), але такое ж глыбокае, як і Нарач, акрамя таго, знаходзіцца на раўніне побач з Нёманам. Ёсць меркаванне, што яно ўтварылася на месцы падзення метэарыта. Ужо падчас вывучэння паходжання гэтага вадаёма, мы знайшлі некаторыя меркаванні навукоўцаў, але разам з тым выявілі, што не было дакладных даных наконт расходу вады: было незразумела, колькі вады выцякала з возера і колькі туды трапляла. Мы знайшлі адгадку — у возеры ёсць яшчэ адно (акрамя вядомых) цячэнне. Тады вучні выказалі меркаванне, што вакол возера трэба зрабіць заказнік, які, дарэчы, і быў з цягам часу створаны. Канечне, нельга сцвярджаць, што на гэты факт паўплывала меркаванне школьнікаў, але мы ў сваім даследаванні рушылі ў правільным кірунку”, — перакананы педагог.

Наша гутарка са Станіславам Браніслававічам праходзіла ў школьным музеі, таму, слухаючы педагога, час ад часу акідвала позіркам экспанаты. Настаўнік жа, заўважыўшы гэта, адзначыў, што акрамя аглядавых і тэматычных экскурсій, у музеі праходзяць прадметныя ўрокі, заняткі гурткоў і факультатываў, конкурсы, пазакласныя мерапрыемствы, школьныя святы і вечарыны, ладзяцца спектаклі і адбываюцца сустрэчы са знакамітымі людзьмі, арганізуюцца выставы, праводзяцца семінары і канферэнцыі. “Памяшканне музея пры неабходнасці лёгка трансфармуецца ў класны кабінет ці глядзельную залу і абсталявана неабходнымі тэхнічнымі сродкамі (магнітафон, відэаплэер, тэлевізар, прайгравальнік, падсветка). У фондасховішчы музея сабрана калекцыя слайдаў, аўдыё- і відэакасет, ёсць бібліятэчка турысцка-краязнаўчай літаратуры, турысцкіх схем і карт; захоўваюцца гісторыя школы, альбомы і справаздачы; маецца турысцкі куточак”, — паведаміў настаўнік.
Пад кіраўніцтвам Станіслава Браніслававіча музей стаў не толькі адным з лепшых у Мінску, але і пачаў прапагандаваць свае формы работы ў сродках масавай інфармацыі, на семінарах і канферэнцыях. А ўсе дасягненні музея сабраны ў брашуры “Народны краязнаўчы музей школы”, аўтарам якой з’яўляецца С.Б.Холеў.
Ёсць у школьнага музея яшчэ адно прызначэнне — выяўляць здольных і таленавітых да гісторыі, геаграфіі, краязнаўства дзяцей. Па словах Станіслава Браніслававіча, ён, як магічны камень, прыцягвае цікаўных школьнікаў. Але дзяцей цягне не проста ў музей, а да яго арганізатара і кіраўніка, які здольны ўгледзець і падтрымаць агеньчык цікавасці ў вачах нават выпадковых наведвальнікаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.