Мастацтва заснавана на інтуіцыі, тэхналогія — на навуцы

- 11:09Спецыяльная адукацыя

Падведзены вынікі VII Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”

З 18 лістапада па 13 снежня 2019 года на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў трэці этап VII Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Прадстаўленне конкурсных работ ажыццяўлялася ў форме стэндавых дакладаў. Ва ўрачыстай атмасферы былі падведзены вынікі конкурсу.

Рэспубліканскі конкурс “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” праводзіцца адзін раз у тры гады сярод педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі. Асноўная ідэя конкурсу — гэта выяўленне, раскрыццё, падтрымка і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту выкарыстання сучасных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі і ўдасканалення метадычнага суправаджэння педагагічнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі, удасканаленне метадычнай работы і развіццё творчага патэнцыялу педагагічных калектываў устаноў адукацыі.

“На конкурс сёлета паступіла 69 конкурсных работ — па 10 з шасці рэгіёнаў краіны і 9 работ ад педагагічных работнікаў Мінска, — расказала старшыня журы, загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Станіславаўна Хруль. — 12 работ прадставілі калектывы дашкольных устаноў адукацыі, 15 — калектывы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі прадставіў адну конкурсную работу. Найбольшая колькасць работ паступіла ад устаноў спецыяльнай адукацыі: ЦКРНіР (14), спецыяльных дашкольных устаноў (7), спецыяльных агульнаадукацыйных школ (спецыяльных агульнаадукацыйных школ-інтэрнатаў) (11), дапаможных школ (дапаможных школ-інтэрнатаў) (9). У падрыхтоўцы конкурсных праектаў прынялі ўдзел 120 педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі.

Крэатыўная дзейнасць педагогаў спрыяе павышэнню якасці адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, садзейнічае раскрыццю талентаў і магчымасцей дзяцей, узбагачае іх унутраны патэнцыял, развівае асобасныя якасці, фарміруе жыццёвыя навыкі і садзейнічае паспяховай сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадстве. Вядомы акадэмік РАА, доктар педагагічных навук, прафесар, заснавальнік тэорыі педагагічных сістэм, педагагічнай тэхналогіі Уладзімір Паўлавіч Беспалько гаварыў: “Любая дзейнасць можа быць альбо тэхналогіяй, альбо мастацтвам. Мастацтва заснавана на інтуіцыі, тэхналогія — на навуцы. З мастацтва ўсё пачынаецца, тэхналогіяй заканчваецца, каб затым усё пачалося спачатку”.

З дапамогай тэхналогіі тэарэтычная інфармацыя перакладаецца на мову практычных рашэнняў. Сучасныя тэхналогіі ў адукацыі разглядаюцца як сродак, з дапамогай якога можа быць рэалізавана новая адукацыйная парадыгма. У самым агульным выглядзе тэхналогія — гэта прадуманая сістэма, яна адказвае на пытанне, як, якім чынам мэта ўвасабляецца ў канкрэтны від прадукцыі, у вынік.

Актуальнымі напрамкамі (намінацыямі) конкурсных праектаў сталі: “Прафесійнае самавызначэнне”, “Кампетэнтнасны падыход у адукацыі”, “Інклюзіўны падыход у адукацыі”, “Электронныя адукацыйныя рэсурсы”, “Творчасць у адукацыі (у кірунках “Казкі” і “Тэатр”)”, “Інтэрактыўнае навучанне”, “Педагагічнае суправаджэнне і падтрымка”, “Даступная адукацыйная прастора”, “Нацыянальны каларыт”, “Узаемадзеянне суб’ектаў адукацыі”.

Ацэньвалі распрацоўкі педагогаў члены журы ў складзе 13 чалавек — спецыялістаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Сярод крытэрыяў ацэнкі — актуальнасць тэмы, адпаведнасць зместу тэматыцы конкурсу, творчы характар, практычная значнасць, якасць афармлення матэрыялаў.

Па выніках конкурсу вызначаны 20 пераможцаў — 9 аўтарскіх калектываў узнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені, 11 работ перамаглі ў намінацыях.

Дыпломы І ступені атрымалі: Алена Валянцінаўна Шаўчук, настаўнік-дэфектолаг спецыяльнага ясляў-сада № 30 для дзяцей з парушэннем зроку Мазыра, за работу “Тэхналогія паэтапнага фарміравання нестэрэаскапічных спосабаў успрымання глыбіні прасторы ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з амбліяпіяй і касавокасцю”; Наталля Уладзіміраўна Чырыца, кіраўнік фізічнага выхавання сярэдняй  школы № 111 Мінска, за работу “Выкарыстанне аўтарскіх поліфункцыянальных трэнажораў для развіцця сенсорна-перцэптыўных працэсаў і псіхаматорных функ­цый на занятках па адаптыўнай фізічнай культуры”; Аляксандр Іванавіч Нікалаевіч, намеснік дырэктара; Вольга Іванаўна Нікановіч, настаўніца Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната, за работу “Тэхналогія педагагічнага суправаджэння інтэграцыі ў рынак працы выпускнікоў дапаможных школ-інтэрнатаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.