Мацуюць сяброўскія сувязі

- 14:25Якасць адукацыі

Моладзь Кубані і Магілёва абмеркавала перспектывы найбліжэйшага супрацоўніцтва. Так, прафкам студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання і студэнцкі савет Кубанскага аграрнага ўніверсітэта маюць намер абменьвацца вопытам работы ў галіне студэнцкага аздараўлення і арганізацыі летняй занятасці, узаемадзеяння органаў маладзёжнага самакіравання з мясцовай уладай, а таксама вядзення сумежнай навуковай дзейнасці.

Сяброўскія адносіны, якія пачаліся яшчэ ў 2016 годзе з падпісання пагаднення паміж універсітэтамі, атрымалі новы віток развіцця пасля правядзення ў абласным цэнтры V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сёння ўзаемадзеянне накіравана на стварэнне і рэалізацыю сумесных праектаў студэнцкага акадэмічнага абмену.

— Па выніках сустрэчы, якая днямі адбылася ў Магілёўскім універсітэце харчавання, мы пачалі дэталёвую работу над пагадненнем аб супрацоўніцтве, — адзначыў старшыня прафкама студэнтаў універсітэта харчавання Віктар Аўдзюшка. — У перспектыве яно будзе падпісана і стане зыходнай кропкай у нашым узаемадзеянні. У першую чаргу нас цікавіць магчымасць аздараўлення магілёўскіх студэнтаў на беразе Чорнага мора, кошт якога з прыняццем гэтага дакумента істотна знізіцца. Гэта будзе не проста адпачынак, але і работа Школы студэнцкага актыву з рэалізацыяй адпаведнай тэматычнай праграмы. Немалаважны таксама вопыт работы нашых студэнтаў у складзе сэрвісных атрадаў у арганізацыях грамадскага харчавання суседняй дзяржавы.

Па словах суразмоўніка, прадстаўнікоў Кубані зацікавіла магчымасць абмену ведамі праз удзел у профільных навуковых канферэнцыях на базе Магілёўскага ўніверсітэта харчавання, а таксама публікацыі артыкулаў расійскіх маладых навукоўцаў у адпаведных беларускіх зборніках. Расійскія студэнты таксама хацелі б пераняць вопыт планамернага супрацоўніцтва грамадскіх маладзёжных арганізацый з мясцовымі органамі ўлады, які ў Беларусі пастаўлены на даволі высокім узроўні.

У рамках міжнароднага візіту прадстаўнікі суседняй краіны наведалі інавацыйныя аб’екты ўніверсітэта харчавання, выставу навуковых дасягненняў, бібліятэку і лабараторыі, азнаёміліся з дасягненнямі студэнтаў у спартыўнай і грамадскай сферы. За круглым сталом залы пасяджэнняў установы адукацыі адбылася першая сустрэча студэнцкай моладзі двух універсітэтаў, вынікам якой стаў жывы дыялог і дамоўленасць аб замацаванні сяброўскіх сувязей пагадненнем аб супрацоўніцтве.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена прафкамам студэнтаў універсітэта харчавання.