Матывуючы фактар — персаніфікацыя гісторыі

- 15:12Людзі адукацыі

Мая сённяшняя суразмоўніца — маладая, але ўжо даволі вядомая ў педагагічнай грамадскасці краіны настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сталічнай гімназіі № 34 Дар’я Касякова. Яна актыўны ўдзельнік фармальных і нефармальных педагагічных семінараў, форумаў, майстар-класаў, заўзяты прапагандыст чалавекалюбства і міласэрнасці, суаўтар трох дапаможнікаў для школьнікаў, выкладчык методыкі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Карацей, асоба вельмі шматгранная, з уласным бачаннем педагагічнай місіі і сваёй філасофіяй жыцця.

Вучыцца трэба нават калі сумна

Дар’я Алегаўна працуе настаўніцай шосты год. У 2014 годзе cкончыла БДПУ імя Максіма Танка. Цяпер, акрамя работы ў гімназіі, вучыцца ў магістратуры педуніверсітэта і тут жа выкладае методыку — вучыць новым метадам і тэхналогіям будучых настаўнікаў гісторыі, якія паспела апрабаваць на сваіх уроках.

“Калі я толькі прыйшла працаваць у гімназію, то спачатку вучылася праводзіць урокі на прыкладзе традыцыйных метадаў і прыёмаў, бо без засваення базы не зможаш рухацца далей. Яшчэ мной увесь час рухае адчуванне недасканаласці. Калі гаварыць пра методыку выкладання гісторыі і грамадазнаўства, то напачатку вельмі дапамагалі тыя веды, якія мне далі ва ўніверсітэце. Прынамсі, 50% маіх метадычных уменняў — заслуга маіх універсітэцкіх выкладчыкаў. Астатнія 50% — маё асабістае жаданне развівацца ў педагагічнай прафесіі”, — адзначыла настаўніца.

Усё, што невядома, аўтаматычна становіцца цікавым. Гэты пастулат у свой час прывёў Дар’ю Алегаўну на Калядны фестываль, які напрыканцы года ладзіцца ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Тады яна вельмі ўразілася вопытам лепшых настаўнікаў рэспублікі. “Гэта быў проста космас! Такога я ніколі яшчэ не бачыла, і зразумела, што поле маёй педагагічнай дзейнасці проста бязмежнае”, — працягвала педагог.

У настаўнікаў, якія сталі для Дар’і Алегаўны адкрыццём, яна вучыцца і сёння: “У Брэсце (у сярэдняй школе № 16) працуе выдатная настаўніца Галіна Свентухоўская, вельмі крэатыўная і творчая. Яна ў “Інстаграме” вядзе такую педагагічна-метадычную старонку, дзе літаральна кожны дзень посціць метадычныя прыёмы, фотаздымкі са сваіх урокаў. Гэта вялікая праца! Настаўнік, які да кожнага свайго ўрока рыхтуе інтэрактыў, заслугоўвае пашаны.

Сачу за педагагічнай дзейнасцю і метадычнай разнастайнасцю такіх цікавых і неардынарных настаўніц, як Таццяна Сурконт (сярэдняя школа № 8 Ліды) і Галіна Руціч (сярэдняя школа № 1 Бярозы). У іх я вучуся, як псіхалагічна спраўляцца са складанымі пытаннямі, бо мне, як асобе з халерычным тэмпераментам, іншым разам бывае вельмі няпроста быць эмацыянальна стрыманай.

Акрамя таго, наведваю шмат майстар-класаў, пастаянна вучуся на курсах, нават калі яны базавыя і, магчыма, сумныя. Прафесійна расці дапамагае наведванне ўрокаў калег, прычым звычайных працоўных. Калі я стала класным кіраўніком, то наведвала ўрокі сваіх вучняў, каб і з дзецьмі бліжэй пазнаёміцца, і з методыкай гімназічных калег (вучылася ў іх, напрыклад, як наладзіць дысцыпліну або правільна выбудаваць этапы ўрока). У нашай гімназіі працуюць вельмі вопытныя настаўнікі: матэматыкі Ірына Ула-дзіміраўна Фёдарава, рускай мовы і літаратуры Дзіяна Анатольеўна Світкоўская. Усё гэта неабходна, асабліва маладому педагогу”, — адзначыла Дар’я Алегаўна.

Галоўны козыр вучняў — аргументацыя

У пошуках гістарычных фактаў і навуковых поглядаў маладая настаўніца шмат працуе з самымі рознымі літаратурнымі крыніцамі. А каб знойдзеную інфармацыю данесці да вучняў, звяртаецца да сучасных прыёмаў: “Сінквейн”, “Фішбоу”, “Шэсць капелюшоў мыслення”. На сёння найбольш эфектыўнымі лічыць інтэрактыўныя прыёмы навучання, якія дазваляюць устанаўліваць кантакт і весці эфектыўны дыялог паміж навучэнцамі падчас урока. Свет хутка мяняецца, таму тую інфармацыя, якую мы атрымліваем, трэба вучыцца хутка апрацоўваць, крытычна пераасэнсоўваць і даносіць да іншых. Кім бы ты ні працаваў, уменне ладзіць зносіны з людзьмі з’яўляецца самым актуальным.

“Многія скардзяцца, што дзеці цяпер не гавораць паміж сабой, а сядзяць у сваіх гаджэтах, але гэта нармальна. Калі раней вучні кантактавалі на перапынках, а на ўроку слухалі настаўніка, то зараз усё наадварот: на перапынках школьнікі заняты сваімі тэлефонамі, а на ўроках яны ўступаюць у дыялог з аднакласнікамі і з настаўнікам. Я сродкамі свайго прадмета і тымі метадычнымі прыёмамі, якімі валодаю, наладжваю паміж імі кантакт”, — падзялілася Дар’я Алегаўна.

У метадычным арсенале настаўніцы — арганізацыя работы дзяцей у зменных групах. Групы фарміруюцца выпадковым чынам. Пры рабоце створаных груп прапагандуецца ідэя роўнасці, калі кожны робіць сваю справу, такую ж значную, як і сусед па парце. Гэта элемент сінгапурскай методыкі. Другая адметнасць урокаў Дар’і Касяковай — магчымасцю выказацца па вызначанай тэме павінен скарыстацца кожны ў класе. І тут не важна: супадае меркаванне вучня з правільным ці не.

Дарэчы, у гэтай сітуацыі вучацца не толькі дзеці. Настаўніца таксама павінна прытрымлівацца пэўных правіл, у прыватнасці, выслухаць вучня да канца, не перапыняючы. Галоўны козыр вучняў — аргументацыя, нават калі яна разыходзіцца з агульнапрынятым меркаваннем. Матыватарам для ўсіх становіцца выраз Сакрата: “У спрэчцы нараджаецца ісціна”. Разважанні вучня — сігнал для настаўніка: нягледзячы на іх характар, важным з’яўляецца тое, што навучэнец уключаны ў змест урока, бо спрабуе сфармуляваць сваё стаўленне да прадмета гаворкі.

Справакаваць вучэбную спрэчку могуць праблемныя пытанні, якіх Дар’я Алегаўна таксама паспела назапасіць нямала. Пры складанні такіх пытанняў настаўніца найперш адштурхоўваецца ад інтарэсаў вучняў (або класа).

Ёсць у метадычнай скарбонцы Дар’і Алегаўны і перавернутае навучанне, якое яна амаль заўсёды практыкуе на ўроках грамадазнаўства. Грамадазнаўства, па меркаванні настаўніцы, з’яўляецца максімальна практыка-арыентаваным прадметам школьнай сеткі, бо вучыць дзіця арыентавацца ў сучасным жыцці, у палітыка-прававой, сацыяльнай і эканамічнай сферах. У сувязі з гэтым інфармацыя, якая даецца на ўроку, павінна быць максімальна актуальнай. Па гэтай прычыне сярод крыніц педагога, акрамя вучэбнага дапаможніка, можна выдзеліць СМІ.

На гісторыі перавернутае навучанне выкарыстоўваць складана, бо гэты прадмет больш зместава насычаны (факты, даты, асобы, падзеі). Іншым разам дзецям вельмі складана засвоіць такія аб’ёмы самастойна.

Калі гаварыць пра актыўную ацэнку, то яе элементы таксама прысутнічаюць на ўроках Дар’і Алегаўны. Кожны яе ўрок пачынаецца з пастаноўкі праблемнага пытання (з’яўляецца для настаўніцы пэўнай часткай мэтапакладання). Пры пісьмовых работах, вусных адказах імкнецца даваць вучням разгорнутую ацэнку іх дзейнасці (наколькі правільна або няправільна яны выканалі заданне).

“Мы мала хвалім нашых дзяцей. Як правіла, паказваем на памылкі, на тое, што зроблена не да канца. Я сваім вучням у сшытках заўсёды пішу: “Малайчына!”. І не важна, у якім класе яны вучацца. Калі мне пішуць ці гавораць, што я малайчына, мне прыемна. Калі пішу каментарый да работы, то раблю яго разгорнутым. Пры наяўнасці памылак абавязкова трэба прапісаць алгарытм па іх выпраўленні. Заўсёды даю магчымасць павысіць бал. Жаданне павысіць бал — паказчык адносін вучня да прадмета, праяўленне яго асобасных якасцей. Адзнака моцна ўплывае на самаацэнку вучня, а шанс павысіць адзнаку матывуе да больш дэталёвага вывучэння тэмы, што, безумоўна, вітаецца. Увогуле, я дастаткова патрабавальная да ведаў дзяцей, але мае вучні ведаюць гэта з самага пачатку, таму стараюцца рыхтавацца. Акрамя таго, яны ведаюць, што я ніколі не спытаю таго, чаго не тлумачыла”, — зазначыла настаўніца.

Чалавечыя гісторыі адбуджаюць у дзецях неабыякавасць

Лічыцца, што гісторыя — адзін са складаных прадметаў. Як правіла, вучняў пужаюць даты, тэрміны, вялікая колькасць гістарычных дзеячаў. Многія баяцца заблытацца, і многія блытаюцца. Па меркаванні Дар’і Алегаўны, гісторыя — адна з самых лагічных навук. “Важна зразумець прынцыпы дзеяння чалавека, прынцыпы дзеяння групы людзей, грамадства, дзяржавы. Пасля ўсё гэта можна экстрапаліраваць на любы гістарычны перыяд, на любую цывілізацыю. Зразумела, трэба мець на ўвазе асаблівасці, напрыклад, ментальныя. Важна з самага пачатку вывучэння гісторыі звяртаць увагу на асаблівасці псіхалогіі чалавека, якая спрацоўвае па адной і той жа схеме: ёсць выклік, цяжкасці, якія дзяржава, група людзей або адзін чалавек імкнецца вырашыць. Даўно было заўважана, што калі ўзнікаюць цяжкасці ў грамадства (дзяржавы), то гэта аб’ядноўвае народ, а калі ўсё добра, то ўсе расслабляюцца.

І яшчэ гісторыя — гэта не толькі тое, што было далёка і не паўторыцца. Не паўторыцца нейкая падзея, але логіка развіцця грамадства застаецца аднолькавай. Адна з функцый гісторыі — прагнастычная: даследуючы мінулае, мы можам спрагназаваць будучыню не толькі агульную для народа (дзяржавы), але і сваю асабістую як грама-дзяніна. Таму важна навучыць разумець прычынна-выніковую сувязь. Вучні павінны вучыцца разумець, аналізаваць, структураваць гістарычную інфармацыю, абагульняць яе і рабіць лагічную выснову. Так мы зможам рэалізаваць кампетэнтнасны падыход”, — лічыць Дар’я Алегаўна.

Матывуючым фактарам з’яўляецца персаніфікацыя гісторыі. Лёс кожнага чалавека ўнікальны, бо можа стаць крыніцай вывучэння гістарычнай падзеі. “XX—XXI стагоддзі мы з дзецьмі вывучаем праз вусную гісторыю: успаміны людзей, сведкаў часу. Сучасныя тэхнічныя магчымасці дазваляюць бачыць і слухаць такіх людзей як у жывую, так і з дапамогай відэа- і аўдыязапісаў. Тут вельмі важна паказаць дзіцяці, што яно таксама важнае для гісторыі, што яно можа нейкім чынам паўплываць на ход гісторыі. Усе вядомыя гістарычныя постаці таксама некалі былі дзецьмі, якія рабілі самыя розныя ўчынкі. Задача вучня — не ацэньваць гэтыя ўчынкі, а пастарацца зразумець іх прычыны і наступствы, а таксама ўявіць, што б яны зрабілі ў такой сітуацыі”, — адзначыла настаўніца.

Сапраўды, вельмі важна ўмець аналізаваць тое, што адбываецца вакол цябе і з табой, бо кожны з нас — стваральнік агульнай і сваёй прыватнай гісторыі. І менавіта гісторыя нас вучыць, што, напрыклад, памылкі могуць быць як разбуральнымі, так і стваральнымі. Разабрацца да канца можна толькі тады, калі ты здольны ўзняцца над сітуацыяй. Увогуле, калі не памыляешся, то наўрад ці вырасцеш як асоба. Усім вядома: тое, што не забівае, робіць нас мацнейшымі.

Дар’я Алегаўна вельмі ўразіла сваёй шчырасцю і эмацыянальнасцю. Яна — нетыповая настаўніца, не банальная. Сваё педагагічнае жыццё пражывае разам з дзецьмі, вучыць іх быць шчырымі і гуманнымі. Зразумела, на ўласным прыкладзе. Наша з ёй размова адбывалася напярэдадні гістарычнай даты: у мінулыя выхадныя (27 студзеня) быў Дзень памяці ахвяр Халакосту. З гэтай прычыны настаўніца разам са сваімі вучнямі наведала мемарыял, дзе яны правялі акцыю памяці, пачыталі ўспаміны.

Гэтае мерапрыемства праводзілася абсалютна на добраахвотнай аснове і па-за школьнымі заняткамі. Вучні праявілі цікавасць і ініцыятыву ў адказ на сістэмную і самаадданую работу настаўніцы на ўроках і дадатковых занятках, дзе асабліва зацікаўленыя займаюцца даследчай дзейнасцю. Вобразна-эмацыянальнае вывучэнне гісторыі нясе вялікі выхаваўчы патэнцыял, а ўрокі памяці дапамагаюць дакрануцца да гісторыі кожнаму дзіцяці, адчуць сябе значнай часткай грамадзянскай супольнасці.

Чалавечыя гісторыі адбуджаюць у дзецях неабыякавасць, таму Дар’я Алегаўна разам са сваімі вучнямі займаецца яшчэ і валанцёрствам, калі яны не толькі дапамагаюць, але і размаўляюць з пажылымі людзьмі. Дарэчы, цікавымі суразмоўнікамі на розныя гістарычныя тэмы могуць стаць і бацькі вучняў. Прынамсі, мне часта даводзілася адказваць на пытанні дачкі наконт свайго дзяцінства, напрыклад, у якія цацкі мы гулялі. Мабільных тэлефонаў у нас жа не было! “Як вы жылі?” — пыталася яна ў мяне. Думаю, многія адказвалі на такія пытанні сваіх дзяцей. Гісторыя збліжае не толькі гарады і краіны, але і сем’і. І гэта факт, прычым гістарычны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.