Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні

- 11:24"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

26—27 мая ў Маладзечне адбылося рэспубліканскае свята “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні”, арганізаванае Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Праграма свята была вельмі насычанай. І было ў ёй некалькі цэнтральных сэнсавых пунктаў, якія збіралі асноўную ўвагу навучэнскай моладзі і дзяржаўнікаў ад сістэмы адукацыі краіны: цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, сустрэча міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі з пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх інтэлектуальных, спартыўных і творчых спаборніцтваў і алімпіяд, кіпучая дзейнасць на інтэрактыўнай алеі “Мой прафесійны выбар” у маладзечанскім Парку культуры і адпачынку імя Перамогі, цырымонія ўскладання кветак міністрам адукацыі і ўдзельнікамі фіналу “АРТ-вакацый” да Абелі­ска Перамогі ў Маладзечне і, безумоўна, гала-канцэрт гэтага фестывалю, які праходзіў сёлета пад назвай, аднайменнай з назвай усяго свята, — “Моладзь і твор­часць — гісторыя будучыні”.

На самай справе, нават складана падабраць словы, каб апі­саць атмасферу, якая панавала ў Мала­дзечне ў гэтыя выхадныя дні. Сотні шчаслівых маладых твараў, сотні ўмелых працоўных рук, тысячы ўсмешак і жэстаў, якія сведчылі пра тое, што гэтае свята — іх, сённяшніх маладых людзей, якія атрымліваюць адукацыю ў сістэме прафтэха.

Усе мы ведаем такое паняцце, як дэжавю — стан чалавека, калі ён адчувае, што ўжо быў у падобнай сітуацыі. Можа, у Маладзечне 27 мая я і адчуў прыблізна тое, што адчуваў тут два гады назад на падобным свяце. Але ж, але ж… Якая ж ты кволая, чалавечая філалогія! Чаму да звычных паняццяў ты не дадаеш новыя адценні? Дэжавю можа ж быць не проста дэжавю, а тым, што ты вельмі чакаў убачыць! Чаму не вынайдзена новае словазлучэнне: тое, што я ўжо бачыў, але ўбачыў зноў з новай радасцю, з новымі адчуваннямі і ўражаннямі? Гэтакае ШЧАСЛІВАЕ ДЭЖАВЮ было ў мяне 27 мая ў Мала­дзечне!

І апошняя рэмарка ва ўступе. Прызнаюся: у мяне быў адзін грэх у сувязі з “АРТ-вакацыямі”. Неяк у свой час падумаў, што арганізатары гэтага фестывалю робяць памылку, калі выкарыстоўваюць у яго слогане такія словы, як “мы” (маўляў, ну, якія мы, калі ўся сённяшняя моладзь — гэта спрэс індывідуалісты), “творчасць” (маўляў, ну, якая творчасць, калі сёння маладыя людзі не ствараюць, а найчасцей проста “выделываются” ці “прышпільваюцца”), “будучыня” і “гісторыя” (маўляў, ну, якія будучыня і гісторыя, калі ўсе сёння, а тым больш моладзь, жывуць толькі тут і зараз)…

Сёлетнія “АРТ-вакацыі” пераканалі мяне, што я вельмі і вельмі памыляўся.

“Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні” — гэта сапраўды рэальны слоган сённяшніх маладых людзей. Яны — не асобныя крыклівыя і самапіярныя “я”, а менавіта ўся наша таленавітая і крэатыўная беларуская моладзь. Яны на самай справе займаюцца не толькі перформансамі і дэгустацыяй модных культурных кірункаў, але і сапраўднай творчасцю — у сваёй прафесійнай сферы і ў свой вольны ад прафесіі дзень. Яны не толькі і не столькі жывуць сённяшнім днём, мімалётным момантам лоўлі шчасця, а ўжо сёння ствараюць будучыню. Асэнсавана думаюць пра гэтую будучыню — сваю індывідуальную і будучыню ўсёй краіны.

Я гэта бачыў на свае вочы ў Мала­дзечне 27 мая. І таму, як бы пафасна гэта ні гучала, выношу слоган сёлетніх “АРТ-вакацый” у назву гэтых нататак — “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні”.

“У нас ёсць базавая пляцоўка, з якой мы можам рухацца ў любым кірунку…”

Сёлетняе свята моладзі ў Маладзечне было як ніколі прадстаўнічым. Акрамя міні­стра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі, у ім прынялі ўдзе­л начальнік упраўлення адукацыі Мінскага абл­выканкама Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Іванавіч Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гродзен­скага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін, начальнік упраўлення Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Рыжкоў, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Віталь Аляксандравіч Прыго­дзіч, прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі Віцебскай і Брэсцкай абласцей, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, прарэктар па выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аксана Сяргееўна Папова і інш.

Пачаўшы свой дыялог з моладдзю, Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў: “Патрэба ў прафесійных кадрах вызначаецца эканомікай краіны, народнагаспадарчага комплексу, які ў нас ёсць. І ў гэтым сэнсе для нас сёння галоўнае — перагледзець падыходы да падрыхтоўкі кадраў з пункту погляду прагназавання развіцця структуры нашай эканомікі. У нас ва ўсіх сёння на слыху: развіваюцца інтэлектуальны “Вялікі камень”, машынабудаўнічае “Джылі” і іншыя маштабныя інвестыцыйныя праекты. І адразу ўзнікае пытанне: а хто прыйдзе туды працаваць? Я ў кастрычніку мінулага года быў у В’етнаме і пагля­дзеў, наколькі актыўна там інвестары разві­ваюць структуру эканомікі. У іх гэта праблема. Яны набудавалі там шмат сучасных прадпрыемстваў, але няма кадраў, няма тых людзей, каму працаваць на “Кэнане”, “Сіменсе” і г.д. Дык вось, у нас такой праблемы, я лічу, не стаіць. У адрозненне ад многіх краін — былых рэспублік СССР — мы захавалі сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі. І не проста захавалі. Гэтая сістэма актыўна развіваецца, мадэрнізуецца. І мы ведаем прыклады, калі прадпрыемствы, праводзячы мадэрнізацыю, ствараюць належныя ўмовы для падрыхтоўкі кадраў. Умоўна кажучы, станкі новага пакалення з’яўляюцца паралельна і на прадпрыемствах, і ва ўстановах адукацыі. А ў выніку малады чалавек прыходзіць на сталую працу, ужо ведаючы, з чым яму давядзецца працаваць”.

Міністр адукацыі падкрэсліў: “На жаль, сёння наша міністэрства выступае ў ролі і заказчыка, і падрадчыка ў сферы падрыхтоўкі кадраў. Гэта не зусім правільна. Заказчыкам кадраў павінны быць канкрэтныя галіны эканомікі, канкрэтныя прадпрыемствы і структуры. Я неяк пацікавіўся, яшчэ працуючы ў мінскай гарадской уладзе: “Колькі кадраў замовіў сабе прыватны медцэнтр?” Ніводнага! Тут сапраўды ёсць праблема. У падрыхтоўцы кадраў павінна ўдзельнічаць уся эканоміка. І цяпер мы дамовіліся на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, што галоўным міністэрствам, якое будзе займацца доўгатэрміновым і кароткатэрміновым прагназаваннем развіцця і падрыхтоўкі кадраў, будзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Гэтае міністэрства па­стаянна маніторыць рынак працы, адсочвае рух кадраў”.

Ігар Васільевіч Карпенка звярнуў увагу слухачоў на тое, што ў развіцці рынку працы могуць здарацца зусім нечаканыя павароты: “Гадоў 20 назад мала хто з нас задумваўся, што Беларусь можа стаць касмічнай дзяржавай. Але сёння нашы прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у касмічных праграмах. Я магу пахваліцца: сёння нават нашы студэнты з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта стварылі спадарожнік. І сёння мы прадумваем магчымасці яго запуску. Ёсць два прэтэндэнты — спонсары гэтага праекта — з Расіі і Кітая”.

“Напэўна, будзе не вельмі правільным гаварыць пра тое, якія запатрабаваныя спецыяльнасці могуць з’явіцца ў найбліжэйшай будучыні, а якія не могуць. Але трэба ка­заць, што ў нас ёсць базавая пляцоўка, з якой мы можам рухацца ў любым кірунку. І гэтая пляцоўка — сістэма нашай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якую мы, дзякуй богу, захавалі”, — падкрэсліў Ігар Васільевіч Карпенка.

“Не трэба думаць, што прафтэх прымае толькі няўдачнікаў…”

Кіраўнік Міністэрства адукацыі закрануў і такую тэму, як запатрабаванасць адных прафесій і незапатрабаванасць іншых. “Я да гэтага пытання стаўлюся дастаткова спакойна, — сказаў Ігар Васільевіч. — Тое, што ў нас сёння ёсць лішак эканамістаў ці юрыстаў, не азначае, што мы павінны закрыць падрыхтоўку спецыялістаў па гэтых спецыяльнасцях і чакаць, калі ўзнікне патрэба ў іх зноў. Мы павінны разумець, што скачкападобная патрэба ў кадрах будзе заўсёды. Пытанне ў іншым — наколькі ўмела мы рэгулюем усе гэтыя працэсы? Калі, напрыклад, на 50 чалавек набору юрыстаў прэтэндуе 400 чалавек — калі ласка, прэтэндуйце, і хай перамогуць самыя моцныя з вас. Разам з тым ёсць факты: сёння найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці інжынернага, тэхналагічнага, хіміка-біялагічнага, медыцынскага профіляў. Гэта статыстыка, і супраць яе не пойдзеш. А наогул, скажу шчыра: мяне насцярожвае, калі выпускнік школы з сярэднім балам 5—6, гаворыць: “А што я горшы за тых, хто мае 8—9 балаў? Я што, са сваімі 5—6 баламі не магу паступаць ва ўстанову вышэйшай адукацыі?” Я лічу: ты на самай справе горшы за тых, у каго бал 8—9. Гэта жорсткі адбор”.

Не засталося па-за ўвагай міністра і пытанне выбару паміж вышэйшай адукацыяй і адукацыяй прафесійна-тэхнічнай, наогул значнасці апошняй. Ігар Васільевіч Карпенка эмацыянальна сказаў: “Калі выпускнік з сертыфікатам пра нейкі профіль кажа: “Пайду на юрыста. Не патраплю туды — пайду на эканаміста. Ну, а на эканаміста не возь­муць — панясу свае сертыфікаты ў педуніверсітэт”, — гэта не падыход. Я лічу так: калі ў цябе нешта не атрымліваецца з засваеннем школьнай праграмы, не трэба гуляць у такую латарэю. Ты вызначся: кім ты хочаш праца­ваць, як ты будзеш уладкоўваць сваё жыццё… Наш герой-канструктар Міхаіл Высоцкі закончыў спачатку прафесійна-тэхнічнае вучылішча. І толькі потым ужо закончыў інстытут, а яшчэ потым стаў галоўным канструктарам “МАЗа”, акадэмікам, атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР і г.д. Я гэта кажу да таго, што не трэба думаць, маўляў, прафтэх прымае толькі няўдачнікаў. Я ўжо гадоў 6 манітору сістэму прафтэха і заўсёды, калі наведваю тую ці іншую ўстанову прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пытаюся ў навучэнцаў: “Які быў у вас сярэдні бал у сярэдняй агульнаадукацыйнай установе?” Як правіла, адказваюць: “4, ну ад сілы 5 ці 6”. Тады пытаюся ў іх: “А тут які бал?” І адказваюць, што 8, а то і 9. Я тады здзіўляюся: “Дык а чаму ў школе быў такі нізкі бал?” І яны мне шчыра кажуць: “Дык тут я разумею, навошта мне ўсё гэта трэба. Гэта ж мая будучая прафесія, маё будучае жыццё. А ў школе я гэтага не разумеў”.

Ігар Васільевіч Карпенка адказаў на пытанні навучэнцаў. Былі сярод пытанняў і да­статкова вострыя, а часам і нават крыху пікантныя.

Напрыклад, пра тое, што сённяшнія маладыя людзі хочуць ужо адразу многа адпачываць, як дарослыя, а менш сядзець за падручнікамі. Міністр адукацыі шчыра здзівіўся: “Вы насамрэч думаеце, што дарослыя многа адпачываюць? Напрыклад, мой працоўны дзень пачынаецца ў 8 раніцы, а заканчваецца ў лепшым выпадку ў 9 вечара. Зразумела, што дарослыя людзі не сядзяць дома за падручнікамі, але я вас запэўніваю: любы дарослы чалавек, калі ён ставіцца сур’ёзна да сваёй прафесіі, то сочыць за развіццём сваёй прафесіі, клапоціцца пра тое, каб не страчваць сваю кваліфікацыю, а толькі павышаць яе. Не трэба думаць, што дарослыя многа адпачываюць. Самыя паспяховыя з іх не перастаюць вучыцца ўсё жыццё. А вучоба — гэта вельмі складаная праца. У некаторых сённяшніх бацькоў ёсць гэтакае спажывецкае стаўленне да вучобы сваіх дзяцей. Маўляў, мы вам сваё дзіця аддалі ў школу, а вы абавязаны яго навучыць. Мы не абавязаны яго навучыць. Мы абавязаны арганізаваць адукацыйны працэс. А вучыцца дзіця павінна само. Яно павінна выконваць тыя патрабаванні, якія пазначаны ў вучэбным плане, праграме. А бацькі павінны яго матыва­ваць на гэта, павінны паклапаціцца пра тое, як пабудаваны яго працоўны рэжым. Недзе — пракантраляваць, недзе — прымусіць. Трэба развіваць у сваіх дзяцей такія якасці, як мэтанакіраванасць, сіла волі, уменне, як кажуць, праз не хачу вучыцца. Сонца свеціць, птушачкі спяваюць, хочацца пагуляць, а трэба нейкую англійскую мову вучыць… Дык жа трэба вучыць! Вы павінны навучыцца гэтым педагагічным якасцям. Бо ад гэтага зале­жыць ваша будучыня, тое, як вы ўвойдзеце ў будучыню”.

Вельмі запомніўся яшчэ і такі адказ міні­стра наконт тых якасцей, якія сёння павінен мець прафесіянал: “Сёння прафесіяналу недастаткова мець дыплом, нават з самымі добрымі адзнакамі. Сёння прафесіяналам работадаўцы прад’яўляюць вельмі высокія патрабаванні. Гэта ў савецкі час дастаткова было прынесці чырвоны дыплом — і вас адразу ўзялі б на работу. А сёння вы павінны будзеце прайсці цэлы шэраг тэстаў, у тым ліку псіхалагічных. І калі нават усе гэтыя тэсты вы пройдзеце, у самы апошні момант работадаўца можа сказаць вам: “А мы вас не бяром, бо вы курыце”. Або: “Мы вас не бяром, бо вы канфліктны чалавек. Можа быць, вы і добры прафесіянал, але будзеце бударажыць калектыў”. Я ўжо нават маўчу пра такія моманты, што сёння работадаўца можа адмовіць вам у працаўладкаванні толькі па той прычыне, што не ведаеце англійскай мовы або не маеце вадзіцельскага пасведчання… Ёсць якасці, якія набываюцца ў працэсе вучобы, а ёсць якасці, якія набываюцца ці не набываюцца жыццёвым вопытам. У сувязі з гэтым, дарэчы, вельмі важная дзейнасць навучэнскага самакіравання ва ўстанове, у якой вы вучыцеся, ваша творчасць у аб’яднаннях самадзейнага мастацтва, калі ў вас паяўляецца лідар, здольны павесці за сабой. А наконт курэння, дарэчы, раскажу вам адну гісторыю, якую мне расказаў у свой час адзін з супрацоўнікаў банка. У іх там на тэрыторыі банка ёсць спецыяльная тэрыторыя для курыльшчыкаў, устаноўлена нават альтанка. Але неяк ён падлічыў, што яго падначалены курыць 10 разоў за адзін працоўны дзень. Каб дайсці да той альтанкі, трэба 5 хвілін, каб вярнуцца — столькі ж. А яшчэ ўласна пакурыць — хвілін 5. І вось атрым­ліваецца, што на курэнне ён аддае 150 хвілін працоўнага часу, гэта значыць дзве з паловай гадзіны… Амаль трэць усяго працоўнага часу! Дык навошта яму такі супрацоўнік?”

Гэта быў сапраўды адкрыты, вельмі шчыры дыялог міністра і маладых людзей, зацікаўленых у сваёй шчаслівай будучыні.

“Мы равеснікі ХХІ стагоддзя, мы сямнаццацігадовыя…”

Апагеем маладзёжнага свята ў Мала­дзечне быў гала-канцэрт Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэн­скай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Паміж пачаткам гала-канцэрта і цырымоніяй ускладання кветак міністрам адукацыі да Абеліска Перамогі быў прамежак — пры­блізна хвілін сорак. І, шчыра кажучы, я не ведаў, чым сябе заняць у гэты час. А потым прыдумаў сабе занятак: буду проста назі­раць за ўдзельнікамі фестывалю. Майму здзіў­ленню не было канца і краю, калі я заўважыў, што яны ўсюды… рэпеціравалі свае нумары: хто за 10 метраў ад амфітэатра, хто — за 50 метраў, схаваўшыся пад шатамі соснаў у прылеглым парку… Значыць, гэта для іх важна, значыць, яны хваляваліся перад выступленнем!

Пабачыўшы на алеі трох сімпатычных дзяўчат з Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў, якія атрымліваюць прафесію тынкоўшчыка, падышоў да іх, папрасіў сфатаграфавацца (гэтае фота вы можаце бачыць побач) і запытаўся: “Дзяўчаты, а што для вас “АРТ-вакацыі”?”

Кожная з іх па чарзе адказвала: “Гэта магчымасць паказаць сябе… Гэта магчымасць сказаць дзякуй сваім настаўнікам… Гэта магчымасць сказаць дзякуй сваёй прафесіі…”

“А які нумар вы пакажаце на канцэрце?”

“Мы будзем танцаваць з цёркай. Так бу­дзем прапагандаваць сваю прафесію”.

“З “тёркой”?” — неўразумела перапытаў я.

“Так, з цёркай”.

“Дык жа на “тёрке” мы наразаем буракі і моркву на кухні. Як і навошта з ёй можна танцаваць?”

І як жа хорам зарагаталі мне ў адказ гэтыя юныя прафесіяналкі: “Ды не! Мы не гэтую “тёрку” маем на ўвазе! Цёрка — гэта прафесійны інструмент тынкоўшчыкаў! Такая маленькая дошчачка з ручкай, якой тынкоўшчыкі перад тынкоўкай заціраюць паверхню, каб яна была роўнай”.

Вось ён, прафтэх! Мне было сорамна, што да сваіх сталых гадоў я нават ніколі і не бачыў, як і з чым працуюць тынкоўшчыкі. Эх, я, Мікола Цёркін…

А тым часам пачаўся гала-канцэрт.

З першых акордаў немагчыма было не зачаравацца песняй “Гісторыя майго жыцця”, якую яшчэ месяц назад выконваў на ўкраінскай сцэне “Еўрабачання” наш гурт NaviBand, а на сцэне маладзечанскага амфітэатра гэта было калектыўнае шоу — вакальнага ансамбля “АРТ-вакал” Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, танцавальнага калектыву гэтай установы адукацыі, шоу-балета “Экспрэсія” Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, танцавальнага калектыву “Капрыз” Жлобінскага металургічнага каледжа.

А потым міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня рэспубліканскага журы “АРТ-вакацый” Ірына Аркадзьеўна Дарафеева ўручылі галоўныя ўзнагароды пераможцам фестывалю.

За высокі ўзровень арганізацыі і ўкараненне інавацыйных падыходаў у правядзенні заключных мерапрыемстваў абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” ўзнагароджана ўпраўленне Гомельскага аблвыканкама (гран-пры).

За выніковую дзейнасць па захаванні і папулярызацыі дасягненняў сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і развіцці масавых форм мастацкай творчасці навучэнскай моладзі ўзнагароджана ўпраўленне Магілёўскага аблвыканкама.

За выніковую дзейнасць па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні і ўкараненні сучасных прыёмаў у фарміраванні цікавасць навучэнскай моладзі Беларусі да гісторыі і культуры Беларусі ўзнагароджана ўпраўленне адукацыі Гродзен­скага аблвыканкама.

За шматгадовую эфектыўную дзейнасць па развіцці ідэй рэспубліканскага фестывалю, выяўленне і падтрымку маладзёжных творчых ініцыятыў узнагароджана дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі “Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі”.

За эфектыўнае ўкараненне інавацыйных форм эстэтычнай творчасці моладзі, шматгадовую выніковую дзейнасць узна­гароджаны народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

А потым было яскравае выступленне Ірыны Дарафеевай.

А потым на сцэну выходзілі адзін за адным тыя героі фестывалю, якіх мы ўжо ведаем па абласных гала-канцэртах: народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага дзяржаўнага кале­джа імя Якуба Коласа, танцавальны калектыў “Сучаснасць” Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, народны хор “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці, вакальная група “Хлопцы з ліцэя” Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя, калектыў народнага танца “Радасць” Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю, тэатр песні і танца “Новае пакаленне” Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа і многія іншыя.

І гучалі натхнёныя словы вядучых, сярод якіх мне найбольш запомніліся: “Сёння ўпершыню на сцэне фестывалю “АРТ-вакацыі” — равеснікі ХХІ стагоддзя, мы — сямнаццацігадовыя”. І каму, як не нам, 17-гадовым, пісаць гісторыю будучыні!”

Ды яшчэ вось гэтыя: “Творчы марафон “Гісторыя будучыні” — гэта нашы памкненні і надзеі! Гэта наша ўдзячнасць бацькам і дзядам за подзвіг Перамогі і працоўны подзвіг! Гэта радасць адкрыццяў! Шчасце мірнага неба! І акрыленасць жыццём! Гэта прафесійныя поспехі! І творчыя дасягненні! І спартыўныя перамогі! І адна са старонак будучыні — гэта “АРТ-вакацыі”.

Замест заключэння

Заўсёды, калі бываю на масавых мера­прыемствах, мне хочацца, каб адбылося нешта нетыповае, нестандартнае, асабліва запамінальнае.

Не вельмі засмучаюся, калі такога не здараецца. Але вельмі радуюся, калі здараюцца такія моманты.

І 27 мая такі момант здарыўся!

Калі Уладзіслаў Сініцын з Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа чытаў урывак з паэмы Якубы Коласа “Сымон-музыка”, на сцэну маладзечанскага амфітэатра… раптам выбегла дзіця. Можа, двухгадовая ці трохгадовая дзяўчынка. Нейкая маладая маладзечанская мама, якая прыйшла з дачушкай паслухаць канцэрт, не дагледзела. А малой так захацелася менавіта на сцэну!

Уладзіслаў — малайчына! Ён не разгубіўся! Ён працягваў чытаць Коласа!

Вось уявіце. Ён чытае гэтыя неўміручыя словы:

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей,

З якіх аснована і выткана жыццё

І злучана быццё і небыццё,

Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,

І выхаду шукаў

Адбітак родных з’яў

У словах-вобразах,

у песнях вольнаплынных.

І гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты.

І росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар,

Дае пясняр.

А ў гэты час па сцэне бегае трохгадовая дзяўчынка, якую ловіць пад захопленыя во­плескі публікі спалоханая мама.

Для мяне гэта быў свайго кшталту сакральны момант. Сакральны і ў кантэксце слоў Якуба Коласа, і ў кантэксце слогана “АРТ-вакацый”. Дый наогул без ніякага кантэксту.

Можа быць, гэтая дзяўчынка некалі, калі ёй будзе гадоў 15, выйдзе на гэтую сцэну ўжо ў якасці артысткі, навучэнкі якога-небудзь прафесійнага ліцэя, удзельніцы
“АРТ-вакацый” 2029 года.

Сацыёлагі сцвярджаюць, што часавая розніца паміж пакаленнямі складае 12 гадоў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.