Моладзь выбірае перспектывы

- 16:49Сацыяльны ракурс

Напрыканцы мінулага года ў краіне пачала рэалізоўвацца ініцыятыва “EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання”. Сумесны праект Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа рэалізоўваецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і накіраваны на дапамогу ў працаўладкаванні сацыяльна неабароненай моладзі.

Праект накіраваны на ўдасканаленне прафесійна-тэхнічных навыкаў моладзі, а таксама на тое, каб дапамагчы маладым людзям з рэгіёнаў знайсці сваё месца на рынку працы, у тым ліку паспрабаваць развіць бізнес.

Галоўнымі пляцоўкамі рэалізацыі праекта на наступныя 36 месяцаў будуць Магілёўская і Гомельская вобласці. Удзельнікамі праекта стануць 300 чалавек, сярод якіх падлеткі і моладзь з няпоўных ці малазабяспечаных сем’яў, падлеткі, што знаходзяцца на прафілактычным уліку, а таксама маладыя людзі, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Усе яны атрымаюць магчымасць доступу да рынку працы, змогуць палепшыць свае прафесійныя навыкі, а таксама паспрабуюць рэалізаваць уласныя прадпрымальніцкія ідэі.

Па словах Раманіі Скамарошка, намесніка генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, сёння ў краіне востра адчуваецца праблема недахопу працоўнай сілы, што асабліва актуальна для сельскай мясцовасці. Маладых людзей у раённых гарадах і вёсках становіцца ўсё менш, а тыя, хто там застаецца, недастаткова актыўныя ў пытаннях працаўладкавання. Такім чынам, праект дапаможа пабудаваць алгарытм правільнага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых бакоў і тым самым павысіць шансы моладзі на працаўладкаванне.

“Мэта праекта відавочная, — кажа Раманія Скамарошка. — Падлеткі і маладыя людзі павінны мець магчымасць знайсці работу, якая будзе не толькі задавальняць, але і прынясе даход, а таксама будзе спрыяць эканамічнаму развіццю рэгіёна. Безумоўна, праект садзейнічае і павышэнню адукацыйных магчымасцей, працоўнага патэнцыялу моладзі, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Арменіі, а таксама Грузіі, дзе аналагічная ініцыятыва пачала ажыццяўляцца раней. Зразумела, рэалізоўваючы праект, мы павінны палегчыць працаўладкаванне маладых людзей з сацыяльна слабых катэгорый праз партнёрскія адносіны, мэтанакіраванае развіццё іх навыкаў і прасоўванне прадпрымальніцтва. Акрамя гэтага, праект закліканы актывізаваць супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі органамі, недзяржаўнымі суб’ектамі і прыватным сектарам па падтрымцы маладых людзей”.

Раманія Скамарошка звярнула ўвагу, што сёння ў краіне рэалізоўваецца шэраг праектаў, якія накіраваны на зніжэнне сацыяльнай уразлівасці насельніцтва. Для таго каб дапамагчы маладым людзям знайсці работу, а таксама замацавацца на працоўных месцах, эксперты ўважліва аналізуюць шматлікія працэсы, што адбываюцца ў эканоміцы, а таксама ў краіне ў цэлым.

“Сёння пытанні працаўладкавання з’яўляюцца актуальнымі для ўсіх, хто так ці інакш сутыкаецца з адпаведнымі праблемамі, — звярнула ўвагу прадстаўнік БТЧК. — Партнёрам у рэалізацыі праекта стала праграма Еўрапейскага саюза і Дацкі Чырвоны Крыж, які ўжо мае вопыт у ажыццяўленні падобнага праекта і ведае, як можна дапамагчы далучыць моладзь да працы. Такія ініцыятывы рэалізоўваюцца ў Арменіі і Грузіі. У нашай краіне робіцца шмат для таго, каб вырашыць праблемы працаўладкавання, гэтым займаецца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Калі закранаць працаўладкаванне дзяцей і падлеткаў, важным з’яўляецца супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі. Выключна дзякуючы ўзаемадзеянню, а таксама паразуменню двух ведамстваў, дзеці і падлеткі маюць магчымасць, напрыклад, быць занятымі ў летні перыяд. Колькасць грамадскіх арганізацый, якія зацікаўлены ў вырашэнні працоўных пытанняў, дазваляюць разбірацца з гэтым своечасова і правільна. Не сакрэт, што толькі маючы добрую работу, можна палепшыць сваё становішча, уладкавацца ў жыцці. Мы спадзяёмся, што праект дапаможа маладым людзям рэалізавацца ў бізнесе, і частку ініцыятыў абавязкова фінансава падтрымаем. Такая дапамога будзе вельмі важнай для аддаленых рэгіёнаў”.

Выбраць правільны маршрут

Акрамя працаўладкавання, важным момантам для падлеткаў і моладзі з’яўляецца правільны выбар прафесіі. Падчас прэзентацыі праекта кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Берэнд дэ Гроат адзначыў, што Еўрасаюзу важна развіваць адносіны з моладдзю, падтрымліваць маладое пакаленне і яго ініцыятывы.

“Праект “EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання” рэгіянальны, але дапамагае моладзі працаўладкоўвацца ў розных краінах, — патлумачыў прадстаўнік ЕС. — Калі паглядзець на дзейнасць нашай арганізацыі шырэй, не звяртаючы ўвагі на сённяшні праект, то можна сказаць, што для моладзі робіцца многае. Напрыклад, адна з сур’ёзных праграм, якая сёння набірае абароты, — гэта падтрымка ў развіцці прафесійна-тэхнічнага навучання моладзі. З тых праграм, якія сёння рэалізоўваюцца, менавіта ў адносінах да гэтай ініцыятывы назіраецца цікавасць з боку беларускіх улад. Безумоўна, Еўрасаюз таксама зацікаўлены ў развіцці згаданай праграмы. Важна разумець, што, калі чалавек хоча знайсці добрую работу, атрымаць каштоўны вопыт, ён павінен вучыцца, атрымліваць адукацыю. Тое, што праект па працаўладкаванні пачаў рэалізоўвацца і ў Беларусі, вельмі важна. Спадзяюся, у перспектыве зможам ажыццяўляць адпаведныя праграмы і ў іншых рэгіёнах краіны.

Такім чынам, ініцыятыва “EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання”, якая сёння знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, — гэта цудоўнае дапаўненне да тых адукацыйных праектаў, над рэалізацыяй якіх мы працуем даўно. Любая ідэя павінна з чагосьці пачынацца ці быць працягам папярэдніх праектаў, дапаўняць іх. І цудоўна, што сёння ў нас ёсць магчымасць пераняць новы вопыт і паспрабаваць перанесці некаторыя моманты, асаблівасці ў развіццё прафесійна-тэхнічнай адукацыі беларускай моладзі”.

Сёння ў краіне, як прыгадаў прадстаўнік ЕС, “дзейнічае праграма MOST, распрацаваная для прафесіяналаў, прадстаўнікоў розных прафесій, у якіх з’яўляецца магчымасць паехаць за мяжу, у тым ліку ў краіны Еўропы на работу. Акрамя гэтага, цікавай для студэнтаў будзе праграма ERASMUS+, якая накіравана на развіццё ўзаемадзеяння студэнтаў, універсітэтаў”.

Для таго каб моладзь магла развівацца, каб у яе была магчымасць рэалізоўваць свае бізнес-ідэі, планы, неабходна падтрымка з боку не толькі грамадскіх арганізацый, але і з боку дзяржаўных структур. Зацікаўленыя бакі, як выказалі меркаванне ўдзельнікі праекта, павінны дапамагаць распрацоўваць структуру і стратэгію развіцця праектаў. А рэалізацыя праектаў у раёнах будзе мець поспех, калі ініцыятывы будуць падтрымліваць мясцовыя ўлады.

“Мы і раней аказвалі падтрымку ў ажыццяўленні такіх праектаў, таму што зацікаўлены ў іх. Праграма будзе рэалізавана ў вызначаных раёнах, але для гэтага неабходна ўстанавіць сувязь паміж кіраўніцтвам рэгіёна і грамадскімі арганізацыямі. Праект “EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання” атрымаў для свайго развіцця падтрымку ў памеры 10 млн еўра. Упэўнены, для старту гэта нядрэнны капітал”, — падсумаваў Берэнд дэ Гроат.

Падчас сустрэчы ініцыятары праекта абмяркоўвалі яшчэ ад зін важны момант. Для правільнай сацыялізацыі, а таксама развіцця лідарскіх якасцей у моладзі, абмену вопытам важна праводзіць школы лідарства. Адна з такіх школ арганізоўваецца ў Даніі. Штогод на працягу 12 дзён маладыя людзі, лідары і валанцёры Чырвонага Крыжа з усяго свету прыязджаюць у школу, каб абмяняцца вопытам падтрымкі ў галіне настаўніцтва, інтэграцыі і інш.

Развіваць патэнцыял малых гарадоў

Праект “EU4Youth: развіццё патэнцыялу для працаўладкавання” стане паспяховым, калі будзе выкананы шэраг умоў, самая галоўная з якіх — дакладны аналіз рынку працы. Відавочна, неабходна прасачыць, якім спецыяльнасцям часцей за ўсё аддае перавагу моладзь, якога заробку чакае ад сваёй прафесіі. Вялікае значэнне маюць і ўмовы працы.

Абмяркоўваючы праект, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Валер’евіч Такун звярнуў увагу на тое, што маладыя людзі не хочуць займацца тым, што, на іх погляд, неперспектыўна. Відавочна, працаваць у вёску ці малыя гарады часта прыязджаюць тыя, хто не змог знайсці работу ў горадзе.

“Праблема працаўладкавання моладзі з’яўляецца важнай для многіх дзяржаўных ведамстваў, не толькі для маладых людзей. Чаму так? Таму што моладзь — гэта наша будучыня. Зараз у краіне жыве 1 млн 700 тысяч маладых людзей. Ад агульнай колькасці занятых чацвёртую частку займае менавіта моладзь. Прычым і хлопцы, і дзяўчаты сёння ў асноўным заняты ў крэатыўнай сферы эканомікі. На жаль, з-за таго, што беларусы з’яўляюцца старэючай нацыяй, колькасць маладых людзей у краіне зніжаецца. Менавіта таму вельмі важна, каб кожны сучасны падлетак атрымаў адукацыю і меў магчымасць працаўладкавацца, прымяніць свае навыкі. У гэтым кірунку мы цесна супрацоўнічаем з сістэмай адукацыі. Калі разглядаць праект па занятасці і прафесійнай адукацыі, пра які сёння ўжо гаварылася, то ён больш агульны, накіраваны на пабудову тэарэтычнай структуры. А наш праект па працаўладкаванні нацэлены на практыку і дапаможа маладым людзям паспрабаваць рэалізаваць свае ідэі. Важна, каб праект змог развівацца ў рэгіёнах. Спыняцца на вялікіх гарадах няма сэнсу. Напрыклад, у Мінску моладзь мае шмат магчымасцей для рэалізацыі сваіх ідэй, у той час як тыя, хто жыве ў раёнах і сельскай мясцовасці, часта бываюць пазбаўлены гэтага”.

На працягу двух найбліжэйшых месяцаў будзе прааналізавана сітуацыя на рынку працы, а таксама вывучаны патрэбы маладых людзей у навучанні. І ўжо на аснове гэтага будзе складацца алгарытм работы. Плануецца, што на працягу трох гадоў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях пачнуць дзейнічаць інфармацыйныя цэнтры, а таксама адукацыйныя курсы. Што тычыцца развіцця бізнесу, магчымасць рэалізаваць свае прадпрымальніцкія задумы атрымаюць найбольш матываваныя хлопцы і дзяўчаты.

Наталля САХНО.