Моўныя школы для павышэння кваліфікацыі

- 12:26Якасць адукацыі

Напярэдадні пачатку новага навучальнага года ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшлі вучэбныя курсы (тэматычны семінар) “Асаблівасці выкладання замежнай мовы ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання” настаўнікаў англійскай мовы і летняя моўная школа для маладых педагогаў нямецкай мовы. З “англічанамі” працавала вопытны практык настаўнік-метадыст Інеса Зубрыліна, а з “немцамі” — выкладчыкі (мультыплікатары) Інстытута імя Гётэ.

— Удзельнікі вучэбных курсаў і летняй школы працавалі над моўнай, маўленчай, сацыякультурнай кампетэнцыямі; асвойвалі шляхі рэалізацыі сучасных падыходаў на вучэбных занятках па замежнай мове ва ўмовах профільнага навучання; удасканальвалі навыкі выкарыстання сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе ў якасці сродку кіравання пазнавальнай дзейнасцю вучняў; асвойвалі методыкі развіцця гатоўнасці і здольнасці вучняў да іншамоўных міжкультурных зносін, — адзначыла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Галіна Хадасевіч.

Моўная летняя школа па англійскай мове сёлета праходзіла сёмы раз. І сярод удзельнікаў ёсць педагогі, якія сюды прыязджаюць штогод. У гэтым годзе зноў акцэнт рабіўся на профільным навучанні, але калі ў мінулым годзе разглядалі арганізацыю профільнага навучання ў 10—11 класах, то сёлета гаворка ішла пра 5—11 класы. Паралельна з асаблівасцямі выкладання ў профільных класах гаворка ішла пра розныя метадычныя прыёмы, па максімуме трэніравалі моўную практыку. Усё гэта дало магчымасць вырашыць яшчэ адну праблему — павышэнне агульнай кампетэнтнасці настаўнікаў.

“У сувязі з гэтым прапаноўвала шмат заданняў аналітычна-рэфлексійнага характару. Гэта самыя розныя варыяцыі заданняў з прагнозамі па іх удасканаленні, гаварылі пра заданні, якія актуальныя і дзейсныя ў змешаных групах (калі разам вучацца слабыя і моцныя вучні), што, дарэчы падыходзіць для профільнага навучання, калі да аднаго ўзроўню трэба падцягнуць усіх удзельнікаў групы.

Акрамя таго, уся зробленая намі аналітыка нацэлена і на вырашэнне псіхалагічных нюансаў, бо ні пра якую камунікацю не можа быць і гаворкі, калі ты да яе не гатовы. Разглядалі прыёмы індывідуалізацыі, дыферэнцыяцыі. Асобны блок прысвяцілі арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі. Разглядалі розныя прыёмы, аналізавалі матэрыялы, аўтэнтычныя дапаможнікі. Усе ўдзельнікі курсаў атрымліваюць вялікую дыдактычную базу, якую пасля можна прымяняць у сваёй практыцы.

Усе заняткі падчас курсаў праводзіліся ў інтэрактыўным рэжыме: усё абмяркоўвалі, аналізавалі, прымянялі на практыцы. Асобны блок заняткаў быў прысвечаны фарміраванню (шліфоўцы) дыдактычных, інфармацыйна-камунікатыўных уменняў і навыкаў, для якога былі падабраны заданні краіназнаўчага, краязнаўчага плана (у ракурсе першага ўрока, прысвечанага Году малой радзімы).

Акрамя камунікатыўнай кампетэнцыі на замежнай мове, рэалізуецца міжкультурная кампетэнцыя. Мы павінны вучыць дыялогу культур, таму на адных занятках шмат увагі ўдзялілі невербальнай камунікацыі, розным спосабам успрымання (разумення) розных нацыянальнасцей (не толькі брытанцаў і амерыканцаў). У наступным годзе ў Беларусі іх будзе вельмі многа, бо наша краіна прымае ІІ Еўрапейскія гульні. Настаўнікі павінны ведаць, як у англійскай мове інтэрпрэтуюцца характарыстыкі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей.

Да таго ж разам са слухачамі курсаў мы прааналізавалі ўсе дакументы, звязаныя з нарматыўна-прававой базай (канцэпцыі, праграмы), і спыніліся на яшчэ адным канцэптуальным пытанні — уласным вопыце ўдзельнікаў курсаў. Фінальным мерапрыемствам курсаў стала прадстаўленне каштоўнаснага матэрыялу настаўнікаў — яны прадстаўлялі прыёмы і матэрыялы, нацэленыя на рэалізацыю аксеалагічнага падыходу. Трэба адзначыць, што матэрыял разглядаліся разнастайныя, але ўсе былі прывязаны да канкрэтных тэм і класаў”, — расказала Інеса Уладзіміраўна.

* * *

У аўдыторыі з маладым настаўнікамі нямецкай мовы мы пагутарылі пра тое, што яны павязуць пасля летняй моўнай школы ў свае класы. Настаўніца нямецкай мовы Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Вераніка Шмаенкова адзначыла, што на такім вучэбным семінары яна была ўпершыню, а найперш у сваю школу павязе ўражанні. “Мне вельмі спадабалася. Прычым усё: пачынаючы ад арганізацыі — заканчваючы зместам. На сваіх уроках буду выкарыстоўваць гульнявыя элементы, якія нам паказвалі. Акрамя таго, падчас курсаў мы былі поўнасцю пагружаны ў нямецкамоўнае асяроддзе, што вельмі дапаможа пры рэалізацыі камунікатыўнага падыходу на ўроках”, — адзначыла Вераніка Віктараўна.

Задаволенасць сваёй калегі раздзяліў настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 10 Ліды Аляксанд Івуць: “Вельмі добра, што курсы праходзілі напярэдадні новага навучальнага года. Гэта дало магчымасць асвяжыць у памяці пэўныя метадычныя прыёмы і метады. Пагружэнне ў нямецкамоўнае асяроддзе ўвогуле натхняе і дае дадатковую ўпэўненасць у сабе. Мы ўсе хацелі большай практычнай накіраванасці нашага навучання. Спраўдзіліся ўсе нашы чаканні. Практычных заданняў было вельмі многа, таму кожны з нас павязе ў свае навучальныя ўстановы прыстойны дыдактычны багаж.

Вельмі добра і тое, што ўсе прапанаваныя нам заданні мы прапусцілі праз сябе. Такое ўспрыманне дапаможа быць больш мабільнымі пры арганізацыі сваіх урокаў. Я працую ў 3—11 класах, таму неабходна ўмець пераключацца. Хаця гульнявыя моманты можна прымяняць ва ўсіх класах без выключэння. Увогуле ж, мае ўрокі розныя: і класічныя, і камбінаваныя, і з прымяненнем сучасных метадычных прыёмаў, таму пры падрыхтоўцы штудзірую метадычную літаратуру, нешта бяру з інтэрнэту”, — падзяліўся Аляксандр Аляксандравіч.

Акрамя метадычнага напаўнення ўрока, цікавілі маладых настаўнікаў і арганізацыйныя пытанні. У прыватнасці, шляхі фарміравання стаўкі, бо гадзін менавіта свайго прадмета на стаўку не заўсёды хапае. Хвалюе пачынаючых педагогаў адсутнасць пераемнасці, бо часта здараецца, што адзін год яны выкладаюць у адным класе, а другі — у зусім іншым. Не заўсёды ім зразумела, як арганізуюцца факультатыўныя заняткі, калі неабходны стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. Узнікаюць праблемы і ў рабоце з бацькамі. На многія пытанні адказала Галіна Сільвестраўна Хадасевіч, але ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, павінны вырашаць прадстаўнікі адміністрацыі навучальнай -установы. Нягледзячы на цякучку маладых кадраў, многія з іх хочуць працаваць з дзецьмі, таму задача больш вопытных калег — дапамагчы і падтрымаць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.