Мы галасуем за жыццё

- 12:08Сацыяльны ракурс

Праблема суіцыду, на жаль, мае месца ў нашым грамадстве. Мы баімся слоў “суіцыд”, “парасуіцыд”. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць смярцей ад суіцыду набліжаецца да 1 млн у год. У Беларусі суіцыд на 6-м месцы сярод усіх прычын смерці.

Веды пра падлеткавы суіцыд і яго прафілактыку сёння павінны быць актуалізаваны. Усе мы павінны ведаць пра тое, што часцей за ўсё падлеткі адважваюцца на суіцыд з мэтай звярнуць увагу бацькоў, педагогаў, равеснікаў на свае праблемы. Гэта свайго роду крык аб дапамозе супраць бяздушнасці, чэрствасці, абыякавасці. Суіцыд у 80—85% выпадкаў здзяйсняецца псіхічна здаровымі людзьмі.
У Бабруйскім дзяржаўным гандлёва-эканамічным ПТК вялікая ўвага ўдзяляецца прафілактыцы суіцыдальных паводзін. У каледжы нядаўна праходзіў месячнік “Мы галасуем за жыццё”, мэта якога — прафілактыка суіцыдальных паводзін. У рамках гэтага месячніка было праведзена некалькі мерапрыемстваў. Круглы стол “Я выбіраю жыццё” сабраў псіхолага ТЦСАН Ленінскага раёна С.В.Тарадайка, метадыста Свята-Георгіеўскага храма Л.І.Крывашэеву і навучэнцаў 1 курса. Госці расказалі пра сэнс жыцця, паведамілі і паказалі спосабы зняцця эмацыянальнага напружання.Таксама адбыўся конкурс сінквейнаў “Людзі народжаны дзеля жыцця”, у якім прынялі ўдзел 35 навучэнцаў каледжа. Сінквейн — гэта творчая работа, якая мае кароткую форму верша, напісанага па пэўных правілах. Журы, якое складалася з адміністрацыі каледжа і педагогаў, асабліва адзначыла сінквейн Карыны Рэйдальф, навучэнкі групы № 29. Яна піша ў сваім сінквейне: “Жизнь/Многогранная, удивительная./Жить. Любить. Творить./Цените жизнь, она единственная и неповторимая./Счастье”.
Атрымаліся таксама сінквейны ў Мікіты Аляксандрава, навучэнца групы № 7, і Наталлі Верамеевай, навучэнкі групы № 14.
Была арганізавана і работа відэалекторыя, дзе навучэнцы змаглі паглядзець і абмеркаваць фільм “Пяшчотныя гукі грому”. Праблема, якая ўзнімаецца ў гэтым фільме, вельмі актуальна для ўзросту нашых дзяцей. Гэта суіцыд з прычыны няшчаснага кахання. Выснова пасля прагляду фільма: смерць — гэта гора для блізкіх людзей, але не для маладога чалавека, з якім расстаецца дзяўчына.
Акрамя таго, сіламі навучэнцаў і педагогаў быў арганізаваны фотаконкурс “Свет, які я люблю”. У ім было прапанавана паўдзельнічаць усім групам каледжа. Работы прымаліся па 3 намінацыях: “Пейзаж”, “Партрэт”, “Фотаздымак дзяцей”. Асаблівую цікавасць выклікала намінацыя “Фотаздымак дзяцей”. Марына Каташэнка, навучэнка групы № 21, прынесла фотаздымкі свайго маленькага пляменніка. Марыя Пашкавец, навучэнка групы № 3, прынесла фотаздымак сваёй мнагадзетнай сям’і, прыдумаўшы да яго эпіграф: “Сям’я — гэта сем “Я”, а нас 12”. А Віця Дзіброў прынёс фота возера, дзе ён адпачываў з сябрамі. Стваральнікі найлепшых сінквейнаў і фота атрымалі прызы ад вучнёўскага прафкама.
Завяршальным этапам стала правядзенне акцыі “Дрэва жыцця”, якая стварыла мажорны настрой у каледжы. Віктар Дзіброў і навучэнцы групы № 11 “Т” прапаноўвалі ўсім, хто праходзіў міма, напісаць на стыкеры, чаму яны выбіраюць жыццё, а потым прыклеіць яго ў якасці лістка на “Дрэва жыцця”.
Мы выбіраем жыццё, таму што ў нашых руках будучыня.

Таіса ЗАЙЦАВА,
педагог-псіхолаг Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага ПТК.