Мястэчка за мястэчкам

- 12:52Родная земля

Гэта цяпер насельніцтва Валожынскага раёна падзяляецца на вясковае і гарадское (па стане на 1 студзеня 2016 года з 33,6 тысячы чалавек 19,1 тысячы — вяскоўцы, 14,5 тысячы — гараджане). Аднак у былыя часы пераважная большасць жыхароў Валожыншчыны пражывала ў мястэчках. І хоць афіцыйна такога тыпу населенага пункта даўно не існуе, памяць пра асаблівы местачковы лад жыцця захоўваюць у Валожыне, Івянцы, Ракаве, Вішневе, Багданаве, Пяршаях, Забрэззі.

Асаблівы свет

І хто гэта толькі прыдумаў надаць слову “местачковы” адмоўную афарбоўку? Знакаміты выраз “местачковы ўзровень”, які любяць выкарыстоўваць калегі-журналісты, павінен асацыіравацца выключна з прагрэсам. Дзе раней актыўна развіваўся гандаль і рамёствы? У мястэчку. Дзе актыўна будаваліся мануфактуры, аб’екты прамысловасці? Таксама ў мястэчку. Якія населеныя пункты з’яўляюцца прыкладам верацярпімасці? Дзе на працягу стагоддзяў у згодзе жывуць прадстаўнікі розных канфесій, а літаральна на адной вуліцы стаяць касцёл, царква, сінагога? Канечне, у былых мястэчках. Мястэчка — гэта не проста населены пункт, гэта асаблівы лад жыцця і менталітэт жыхароў, асаблівы свет, вялізны, дзівосны, таямнічы, у якім цесна перапляліся адметнасці жыцця горада і вёскі. І хоць былыя мястэчкі цяпер афіцыйна лічацца гарадамі, гарадскімі пасёлкамі, аграгарадкамі і нават вёскамі, жыхары гэтых населеных пунктаў (асабліва старэйшае пакаленне) па-ранейшаму лічаць сябе местачкоўцамі.

Злева — вёска, справа — мястэчка

Царква, касцёл, іешыва, некалькі жылых будынкаў пачатку ХХ стагоддзя — усё як мае быць для тыповага беларускага мястэчка. Каб убачыць гэтыя архітэктурныя адметнасці Валожына, дастаткова апынуцца на плошчы Свабоды. Цэнтральная плошча горада і прылеглыя вуліцы — унікальнае месца, адзінае ў Беларусі, дзе на адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў адзін ад аднаго знаходзіцца пяць архітэктурных помнікаў класіцызму першай паловы ХІХ стагоддзя. Хвілін 30—40 няспешнай прагулкі дастаткова, каб адчуць, як кажуць, подых стагоддзяў. А вось каб азнаёміцца з побытам местачкоўцаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, варта завітаць у музей сярэдняй школы № 2. Матэрыялы багатай экспазіцыі, якія збіраліся на працягу 35 гадоў настаўнікамі і вучнямі, азнаёмяць не толькі са штодзённым жыццём валожынцаў, але і з асаблівасцямі прыроды, з мінулым раёна, лёсам гэтай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цэнтральнае месца экспазіцыі займае ўнікальны раздзел, які быў аформлены ў 2012 годзе былым кіраўніком музея Ула­дзімірам Міхайлавічам Пучковым і складаецца з сялянскага і местачковага пакояў.

— Экспанаты раздзела знаёмяць наведвальнікаў з побытам жыхароў вёскі і мястэчка, прычым знаёмства адбываецца шляхам параўнання. Злева — пакой селяніна, справа — пакой местачкоўца. Інтэр’ер сялянскай хаты традыцыйны. Вялікую частку пакоя займае печ. Расказваем наведвальнікам, што ў ХІХ стагоддзі курныя печы пачалі замяняцца на “чыстыя”, або “белыя”, з дымаходамі. Павялічыліся і памеры вокнаў, шыбы сталі зашклёнымі. Глінабітная падлога змянілася драўлянай, з дошак. Стала іншай і мэбліроўка сялянскай хаты. Спальныя нары замяніліся ложкамі. Неад’емнай часткай інтэр’ера сталі крэслы замест лаў. На стале прадстаўлены гліняны і драўляны посуд, на падлозе стаіць куфар, побач — калаўрот. Як бачым, усе гэтыя прадметы самаробныя. У інтэр’еры местачковага пакоя прадстаўлена не самаробная, а набытая ў магазіне мэбля. Пакой асвятляе прыгожая лямпа, на сцяне — гадзіннік, фотаздымкі з валожынскага фотаатэлье пачатку ХХ стагоддзя, на стале — малітоўнікі, як праваслаўныя, каталіцкія, так і яўрэйскія. Ёсць нават астралябія таго часу. Многія прадметы побыту выгля­даюць даволі элегантна. Усё гэта свед­чыць пра тое, што тут жылі заможныя гаспада­ры, — расказвае кі­раўнік музея Аксана Іванаўна Пятровіч.

Валожыншчына турыстычная

Аксана Іванаўна кіруе не толькі музеем, але і вучнёўскім гуртком “Нашчадак”, ­удзельнікамі якога яшчэ ў 2006 годзе быў створаны праект краязнаўчага маршруту “Мой край”, а цяпер распрацоўваецца марш­рут “Валожыншчына праваслаўная”. Марш­рут “Мой край” пракладзены па адметных мясцінах Валожына і разлічаны на настаўнікаў і вучняў, якія цікавяцца багатым мінулым былога мястэчка. Пачынаецца марш­рут ад сярэдняй школы № 2 і па ­ўзгорках вуліцы Шчарбіны праходзіць у цэнтр горада да касцёла Святога Юзафа, былога палаца Тышкевічаў, іешывы. Пасля аповеду пра гісторыю ўзвядзення і цікавы лёс гэтых будынкаў прагулка працягваецца па вуліцы Савецкай, на якой захаваліся будынкі пачатку ХХ стагоддзя. Прыпынак — каля царквы Святых Канстанціна і Алены. Можна зайсці ў дом, дзе жыў пісьменнік і публіцыст Стары Улас. Вуліца Горкага прывядзе да прыгожага раённага краязнаўчага музея. Апошні пункт марш­руту — скрыжаванне дарог на Вішнева і Гародзь­кі, дзе ў пачатку мінулага стагоддзя была ўзведзена капліца-слуп і на месцы якой сёння ўзвышаюцца два крыжы.

Актыўна распрацоўкай экскурсійных маршрутаў займаюцца і супрацоўнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. “Намі распрацавана шэсць турыстычных маршрутаў, якія мы заўсёды прапаноўваем вучням на канікулах. Кожны з іх адметны, цікавы, асабліва “Дойлідства Налібоцкага краю”. Пачынаецца падарожжа са знаёмства з адметнасцямі Валожына, потым — Пяршаяў, дзе ў мясцовай школе дзейнічае музей Дуніна-Марцінкевіча. Створаны музей у гэтым былым мястэчку нездарма. Пісьменнік там пэўны час жыў і працаваў. Наступны пункт падарожжа — Івянец, які славіцца не толькі сваімі храмамі, але і багатымі рамесніцкімі традыцыямі, у першую чаргу ганчарствам і разьбой па дрэве. Асобны маршрут распрацаваны ў Багданава, на радзіму знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца. Па астатніх чатырох маршрутах таксама можна здзейсніць захапляльнае падарожжа. Гэта “Сляды гісторыі роднага краю” (Валожын — Сакаў­шчына — Вішнева), “Зямля валожынская — слаўная зямля” (Валожын — Доры — Ракаў) і асобныя маршруты ў Івянец з наведваннем аграсядзібы “Свет пчол” і ў Ракаў з наведваннем аграсядзібы “Коні-поні”, — паведамляе метадыст па турыстычна-краязнаўчай рабоце Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Валянціна Карнееўна Ві­дзевіч.

Івянецкі вянок

Камандзіровачны дзень, асабліва зімовы, мінае даволі хутка, таму наведаць усе сем былых мястэчак Валожыншчыны, азнаёміцца з іх адметнасцямі проста фізічна немагчыма. Спынімся ў трох і, акрамя Валожына, адправімся ў Івянец і Ракаў. Прыкладна 30 хвілін на аўтобусе ад мітуслівай сталіцы — і ты трапляеш у асаблівую атмасферу, уласцівую толькі старадаўнім беларускім мястэчкам. За гэты спакой і любяць мінчане знакамітыя Івянец і Ракаў, часта прыязджаюць сюды на турыстычных аўтобусах, марш­рутках, аўтамабілях або нават веласіпедах. Прагулкі па звілістых вулачках каля стромкіх вежаў касцёлаў, макавак царквы, самотных крыжоў на старых могілках дазваляюць адпачыць ад штодзённых клопатаў. Гадзіна-другая — і ты вяртаешся ў сталіцу з новымі сіламі. Багатае мінулае, блізкасць ад вялікага горада сталі адной з прычын распрацоўкі турыстычных маршрутаў настаўнікамі і вучнямі Івянецкай і Ракаўскай сярэдніх школ.

— Івянец — унікальны населены пункт. Здаецца, і не горад, але і не вёска — адным словам, мястэчка са свое­асаблівым каларытам, архітэктурай і гісторыяй. Азнаёміць вучняў з ­гэтымі адметнасцямі — наш педагагічны абавязак. З 1921 па 1939 год Івянец уваходзіў у склад Польшчы, што, безумоўна, паўплывала на асаблівасці яго развіцця. Часткова гэтыя адметнасці захоўваюцца да сённяшняга часу. Напрыклад, большасць насельніцтва — католікі, многія добра валодаюць польскай мовай. У Валожыне, таксама былым мястэчку, сітуацыя ўжо іншая. У Ракаве наогул было асаблівае жыццё, бо побач праходзіла савецка-польская мяжа і праз мястэчка часта перапраўляўся кантрабандны тавар. А ў Івянцы ў гэты час квітнела ганчарства, разьбярства, ткацтва, — расказвае дырэктар Івянецкай сярэдняй школы Ірына Раманаўна Рудая.

У госці да ганчароў, а дакладней у Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе з 2015 года рэалізоўваецца бізнес-кампанія “Гліняны звон”, мы яшчэ завітаем. А пакуль што пройдземся па заснежаных вулачках і паслухаем аповед настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Таццяны Ігараўны Загавалка пра паходжанне Івянца. З пакалення ў пакаленне перадавалася некалькі легенд. Першая звязана з княгіняй Паятай, другая — з князем Свідрыгайлам, прыгожай дзяўчынай Волмай і яе каханым Налібам. Трэцяя легенда звязана з княгіняй, якая, праязджаючы праз гэтую мясцовасць, загразла коньмі ў багне, і мясцовай жыхаркай, якая дапамаг­ла княгіні выбрацца з багны. Ва ўсіх гэтых легендах абавязкова прысутнічае вянок, ад якога, маўляў, і пайшла назва паселі­шча (вянок — вянец — Івянец).

— На мяжы XIII—XIV стагоддзяў узнікла на рэчцы Волме маленькае паселішча Івянец. Яно не было крэпасцю, не ляжала на вялікіх ваенных шляхах, а тулілася на ўскраіне Налібоцкай пушчы. Гісторыя Івянца губляецца ў глыбіні стагоддзяў, заглянуць у якія сёння даволі цяжка, паколькі гістарычныя крыніцы амаль не захаваліся. Аповед пра адметнасці Івянца можна ўмоўна раздзяліць на чатыры часткі: даўняе мінулае, лёс храмаў, рамёствы, Вялікая Айчынная вайна. Паколькі мы накіроўваемся ў Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі да мясцовых ганчароў, то засяродзім увагу на івянецкай кераміцы. Першыя звесткі пра яе адносяцца да ХVІ стагоддзя. На працягу стагоддзяў у Івянцы працай шматлікіх пакаленняў ганчароў стваралася адметная рэгіянальная традыцыя беларускай керамікі. Росквіту ганчарства спрыялі залежы высакаякасных глін. Тыповыя ўзоры івянецкай керамікі — гэта гаршкі, гаршкі з ручкамі, гаршкі тыпу слоікаў, збаны, гарлачы. Ад гаршкоў з ручкай паходзіць тыповы для пазнейшай мясцовай прадукцыі збан — дойнік з шырокім горлам і вузкім дном. Адметнасцю івянецкай керамікі з’яўляюцца хвалістыя лініі, так званая фляндроўка, якая наносілася грабеньчыкам. Штампам выціскаліся малюнкі пераважна па краях талерак і місак, аналагічна ўпрыгожваліся гаршкі з ручкай. Дэкаратыўная кераміка злучае традыцыйнае ганчарства з мясцовай вытворчасцю кафлі. Захавалася звыш 80 узораў івянецкай кафлі ад эпохі Рэнесансу да класіцызму. Ужо з другой паловы XIX стагоддзя амаль усе івянецкія ганчары выраблялі паліваную кераміку. У канцы XIX стагоддзя колькасць ганчарных заводаў узрасла да 30, а колькасць рабочых — да 64. Да 1939 года гэтыя лічбы павялічыліся больш чым удвая. Сёння адраджэннем традыцый івянецкай керамікі займаецца некалькі сем’яў. Сярод ганчароў і вучні нашай школы, якія дапамагаюць бацькам у пачэснай справе, — паведамляе Таццяна Ігараўна.

Жалезны Казімір

Падчас суст­рэч з педагогамі-краязнаўцамі заўсёды адкрываеш малавядомыя факты, знаёмішся з лёсам цікавых людзей. Не стала выключэннем і падарожжа на Валожыншчыну. Усе ведаюць Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. У гонар гэтага чалавека названы вуліцы, гарады, пастаўлены помнікі. Аднак ці шмат людзей ведаюць пра брата Жалезнага Фелікса Казіміра Дзяржынскага і яго жонку Люцыю? Характар у гэтых людзей быў не менш жалезным. Па словах Таццяны Ігараўны, Казімір і Люцыя, жыхары Івянца, падчас Вялікай Айчыннай вайны актыўна дапамагалі партызанскай брыга­дзе імя В.П.Чкалава. Супрацоўнічаць з партызанамі яны пачалі вясной 1942 года. Па прось­бе контрразведчыкаў Казімір Эдмундавіч і яго жонка ўладкаваліся працаваць у створанае гітлераўцамі гандлёвае таварыства. Люцыя Дзяржынская дасканала ведала нямецкую мову, у якасці перакладчыцы працавала ў івянецкай камендатуры, жандармерыі і гестапа. Так асаблівы аддзел партызанскай брыгады атрымаў доступ да надзвычай важных дакументаў і інфармацыі. Летам 1943 года Дзяржынскія паведамілі партызанам пра колькасць войскаў і прыблізныя тэрміны блакады фашыстамі Налібоцкай пушчы. Дзякуючы гэтай інфармацыі, удалося выратаваць жыцці многіх партызан і мірных жыхароў. 24 ліпеня 1943 года за сувязь з партызанамі Казімір і Люцыя Дзяржынскія былі расстраляны на ўскрайку Івянца. Там жа іх і пахавалі, але ноччу сваякі перанеслі целы на каталіцкія могілкі.

Ракаў-trip

Усяго паўгадзіны на маршрутцы з Івянца ў Ракаў — і цябе сустракае асаблівае атмасфера, характэрная толькі для мястэчка. У Ракаве, як і ў Івянцы, добра адпачыць ад штодзённых клопатаў, прайсціся па вулачках і азнаёміцца з багатай гісторыяй. Шматлікія турыстычныя маршруты, якія праходзяць праз Ракаў і распрацаваны сталічнымі турфірмамі, часцей за ўсё даюць павярхоўную інфармацыю. Аднак хто, як не мясцовыя жыхары, падрабязна раскажа пра адметнасці роднага мястэчка. Калі вы хочаце пачуць цікавы аповед, то вам — у Ракаў­скую сярэднюю школу. На працягу пяці гадоў тут дзейнічае школьная бізнес-кампанія турыстычнай накіраванасці “Ракаў-trip”. Яе перавагай з’яўляецца арганізацыя правя­дзення цікавага і насычанага вольнага часу за нізкую цану.

— Ідэя стварэння бізнес-кампаніі ўзнікла ў 2012 годзе, калі сярод навучэнцаў Мінскай вобласці быў аб’яўлены конкурс інавацыйных ідэй. Турызм невыпадкова стаў асновай нашага аб’яднання, паколькі Ракаў з’яўляецца прывабным месцам для турыстаў, асабліва мінчан. За распрацоўку праекта ўзяліся экскурсаводы школьнага музея. Першапачаткова быў прааналізаваны рынак турыстычных паслуг, распрацаваны бізнес-план. Канчатковы варыянт праекта адлюстраваны ў праграме выхаднога дня “Ракава сівыя камяні”. За пяць гадоў мы правялі экскурсіі для ўсіх школ раёна, а таксама калектываў Дзяржынскага, Мін­скага і Вілейскага раёнаў. Хоць заробленыя грошы адносна невялікія, аднак галоўная мэта праекта — папулярызацыя аграэкатурызму, арганізацыя адпачынку насельніцтва і пашырэнне прадпрымальніцкай ініцыятывы навучэнцаў — дасягнута, — гаворыць дырэктар школы Ганна Генадзьеўна Віктаровіч.

Вынікам дзейнасці школьнай бізнес-кампаніі з’яўляецца не толькі правядзенне навучэнцамі экскурсій, але і выраб сувенірнай прадукцыі. Школьная бізнес-кампанія — гэта і навучанне, і выхаванне, і атрыманне прыбытку. Калі выхаваўчай часткай гэтага аб’яднання з’яўляецца падрыхтоўка навучэнцаў да экскурсіі, пошук адпаведнага матэрыялу, правядзенне экскурсіі, то ў вучэбную частку ўваходзяць факультатыўныя заняткі па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці, а вось атрыманне прыбытку — гэта вынік правядзення экскурсій і продажу сувенірнай прадукцыі.

Маршрут, распрацаваны ў Ракаўскай сярэдняй школе, разлічаны на некалькі гадзін і пачынаецца ад знакамітай ракаў­скай крыніцы. Смачная вада не толькі спатоліць смагу ў спякотны летні дзень, але і можа вылечыць хворыя вочы. Менавіта тут, паводле легенды, у XVI стагоддзі невіду­шчаму мясцоваму жыхару з’явіўся вобраз Багародзіцы. Недалёка ад крыніцы знахо­дзяцца каталіцкія могілкі, на якіх у ХІХ стагоддзі была пабудавана капліца Святой Ганны. На могілках — помнік кампазітару Міхалу Грушвіцкаму са словамі Уладзіслава Сыракомлі з вядомага “Вясковага лірніка”. Пасля каштавання вады з крыніцы і знаёмства з могілкамі варта прагуляцца па вуліцы 17 Верасня. На ёй знаходзіцца дом, у якім жыў і працаваў пісьменнік ­Сяргей Пясецкі. Названая вуліца прывядзе да старых яўрэйскіх могілак. Далей — бераг Іслачы, а там — гарадзішча, або па-мясцоваму “Валы”. Адсюль можна палюбавацца маляўнічасцю мястэчка. Непадалёк — касцёл, насупраць якога знаходзіцца каменны падмурак будынка пошты XIX стагоддзя, куды некалі на адрас памешчыкаў Здзяхоўскіх прыходзілі лісты ад пісьменніка Льва Талстога. Рэшткі сядзібы Здзяхоўскіх захаваліся на вуліцы Чырвонаармейскай. Вяртаючыся па ёй да цэнтральнай плошчы Ракава, можна палюбавацца Праабражэнскай царк­вой, пабудаванай у 1793 годзе. Побач — музей поліэтнічнай культуры і галерэя-музей Фелікса Янушкевіча.

Высокі ўзровень

Падарожжа па мястэчках Валожын­шчыны, знаёмства з іх адметным жыццём выдатна засведчылі, што “местачковы ­ўзровень” — гэта высокі ўзровень гасціннасці, высокі ўзровень захаванасці традыцый, высокі ўзровень выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, высокі ўзровень ініцыятыўнасці. Будзем ужываць выраз “местачковы ўзровень” у правільным лексічным значэнні.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.