На “Пачатковую адукацыю” прыём істотна павялічаны

- 11:20Якасць адукацыі

Мінскі гарадскі педагагічны каледж трэці раз сустракае абітурыентаў. За гэтыя гады каледж дасягнуў высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці, заваяваў аўтарытэт у педагагічнай грамадскасці, прыцягнуў у навучэнскі калектыў менавіта тых, для каго прафесія настаўніка з’яўляецца прызваннем. Пра асаблівасці сёлетняй прыёмнай кампаніі нашым чытачам расказвае дырэктар каледжа Кацярына Аляксандраўна ПЯТРУЦКАЯ.

— Мінскі гарадскі педагагічны каледж ажыццяўляе набор абітурыентаў для навучання па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя”. З кожнай прыёмнай кампаніяй расце цікавасць моладзі як да педагагічнай прафесіі, так і да самой установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Многія падлеткі вызначыліся з будучай прафесіяй яшчэ з ранняга ўзросту. І гэта радуе. У нашу прафесію павінны ісці людзі не выпадковыя, а па прызванні, хто вырашыў працягнуць сямейную дынастыю, хто любіць дзяцей і гатовы прысвяціць іх навучанню і выхаванню ўсё сваё жыццё.

Шмат каму з падлеткаў наш каледж знаёмы дзякуючы высокаэфектыўнай прафарыентацыйнай рабоце. Школьнікі наведваюць нашу ўстанову ў дні адкрытых дзвярэй, знаёмяцца з педагогамі, навучэнцамі, з тымі традыцыямі і пачынаннямі, якія фарміруюцца ў каледжы.

Каб стаць навучэнцам нашай установы дзённай формы атрымання адукацыі, не трэба здаваць ніякіх экзаменаў. Тут усё вырашае сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі. У мінулым годзе прахадны бал на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” складаў 8,24, на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” — 7,29. Першыя вынікі сёлетняй кампаніі сведчаць, што абітурыенты, маюць такія ж сярэднія балы дакумента аб адукацыі і вышэйшыя. На аснове агульнай сярэдняй адукацыі можна вучыцца ў завочнай форме па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. У гэтым выпадку конкурсны адбор ажыццяўляецца па агульнай суме балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных іспытаў у форме ЦТ (беларуская (руская) мова, біялогія) і сярэднім бале дакумента аб агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй. Цікава, што сёлета мы назіраем сямейную пераемнасць у паступленні. Так, навучэнка каледжа завочнай формы атрымання адукацыі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” Святлана Сяргееўна Кайданік прывяла ў гэтым годзе сваю дачку Арсенію для паступлення на дзённую форму навучання па гэтай жа спецыяльнасці. А вось Наталля Аляксандраўна Серпікава паступае на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”, а яе дачка Яна — на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”. Цвёрды характар у выбары прафесіі і пастаянства намеру паказвае Юрый Бароўскі, які не прайшоў па конкурсе ў мінулым годзе, а сёлета зноў паступае ў каледж. Юрый вельмі любіць дзяцей, марыць стаць настаўнікам пачатковых класаў і, мяркуючы па яго настроі, не збіраецца адступаць. Многія з хлопцаў, якія паступаюць сёлета ў каледж, таксама хочуць працаваць у пачатковай школе.

Уступная кампанія гэтага года мае свае асаблівасці. Па-першае, у 2,5 разу павялічаны кантрольныя лічбы прыёму на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”. Па-другое, на 1 год скараціўся тэрмін навучання па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” ў дзённай і завочнай формах атрымання адукацыі. Цяпер ён складае 2 гады 10 месяцаў. Усе выпускнікі каледжа будуць забяспечаны работай, паколькі сёння настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі дашкольнай адукацыі вельмі запатрабаваны.

Ала КЛЮЙКО.