На шляху да годнага жыцця

- 13:21Спецыяльная адукацыя

Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (ГА “БелАДДІіМІ”) прэзентавала вынікі праекта “Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю”. Гэта 14 мясцовых ініцыятыў па стварэнні працоўных месцаў для людзей з асаблівасцямі развіцця і новых сацыяльных паслуг для іх. Праект, які рэалізоўваўся ў Беларусі на працягу 4 гадоў пры фінансавай падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, стаў адным з самых паспяховых. Сустрэчу, на якой былі агучаны вынікі праекта, наведала больш за 150 прадстаўнікоў дзяржаўных, міжнародных і грамадскіх арганізацый, бізнес-супольнасці, СМІ.

Інклюзія як нацыянальны прыярытэт

“25 гадоў назад, калі БелАДДІіМІ толькі стваралася, бацькі дзяцей з інваліднасцю вылучылі дэвіз арганізацыі: “Мы вучымся жыць з нашымі дзецьмі, вучымся жыць з радасцю”, — адзначыла старшыня БелАДДІіМІ Алена Цітова. — За многія гады мы не толькі навучыліся жыць з асаблівымі дзецьмі, але і навучылі вялікую колькасць лю-дзей успрымаць нашых дзяцей на роўных, бачыць іх здольнасці, настройваць на поспех. А самае галоўнае — не ацэньваць дзяцей з пункту гледжання медыцынскага дыягназу. 13 прапаноў БелАДДІіМІ падтрыманы Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і ўключаны ў Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь на 2017—2025 гады. Яны тычыліся пытанняў працаўладкавання, пражывання пры суправаджэнні, паслугі “сацыяльная перадышка” і г.д. Акрамя таго, 13 нашых прапаноў унесены ў План сумесных дзеянняў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і грамадскіх арганізацый па пытаннях адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку з інваліднасцю на 2016—2020 гады”.

Словы прывітання ад спадара Роберта Райлі, паверанага ў справах ЗША ў Беларусі, перадала Ларыса Камарова, намеснік дырэктара офіса Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці. “Дзякуючы сумесным намаганням дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый, бацькоў, членаў БелАДДІіМІ, інклюзіўная адукацыя ў Беларусі стала нацыянальным прыярытэтам, — адзначыла Ларыса Камарова. — Мэтай нашага чарговага сумеснага праекта “Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю” была не толькі падтрымка дзяцей і маладых людзей з абмежаваннямі, але і імкненне падзяліцца са спецыялістамі, прафесіяналамі перадавымі методыкамі работы з імі. Важнай асаблівасцю праекта з’яўляецца міжсектаральнае супрацоўніцтва і партнёрства”.

Менеджар праекта “Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для людзей з інваліднасцю” Ірына Куксік расказала: “Рэсурсы БелАДДІіМІ — гэта 43 рэгіянальныя арганізацыі, каля 3 тысяч актывістаў, якія могуць многае змяніць у грамадстве. У рамках праекта больш за 500 людзей з інваліднасцю былі далучаны да рэалізацыі мясцовых ініцыятыў. Яны навучыліся рэальна ацэньваць патрэбы свае і сваіх дзяцей у пэўных паслугах, правільна карыстацца мясцовымі рэсурсамі для рэалізацыі гэтых патрэб, навучыліся супрацоўнічаць з мясцовымі органамі ўлады, установамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, а таксама знаходзіць партнёраў, сяброў і памочнікаў. Мясцовыя актывісты звярталіся да экспертаў у сферы маркетынгу, якія распрацоўвалі планы развіцця прадпрыемстваў, на якіх працуюць людзі з інваліднасцю. Агульны даход гэтых прадпрыемстваў узрастаў, колькасць працаўладкаваных павялічвалася, прыцягваліся новыя кліенты”.

14 карысных ініцыятыў

БелАДДІіМІ з’яўляецца заснавальнікам 4 унітарных прадпрыемстваў — камерцыйных структур, дзе працуюць людзі з інваліднасцю, якія паспяхова прымалі ўдзел у праекце. Гэта вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Мая перспектыва” (Лунінец), якое аказвае паліграфічныя і фотапаслугі насельніцтву і арганізацыям Лунінца і раёна і выступіла з ініцыятывай “Новыя магчымасці”. Вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Дарога ў жыццё” (Столін) працуе па двух кірунках: швейная вытворчасць і стварэнне керамічных вырабаў, сувенірнай прадукцыі. Яно выступіла з ініцыятывай “Выток”, мэта якой — навучанне маладых людзей, што прыходзяць у аддзяленне дзённага наведвання мясцовага ТЦСАН, навыкам ганчарнай вытворчасці. Унітарнае прадпрыемства “Баранскія арабескі” (Барань) прапанавала ініцыятыву “Формула поспеху”. Прадпрыемства спецыялізуецца на пашыве дэкаратыўных сумак, сумак для прома-акцый, а таксама сувенірнай прадукцыі. У рамках праекта было закуплена неабходнае швейнае абсталяванне, палепшаны ўмовы работы маладых людзей з інваліднасцю. УП “АртІдэя” ГА “БелАДДІіМІ” (Кастрычніцкі раён Мінска) выступіла з ініцыятывай “Да новых вяршынь!”. Прадпрыемства стварае спецыялізаваныя працоўныя месцы для людзей з множнымі парушэннямі развіцця. Яны вырабляюць сувенірную і паліграфічную прадукцыю. Працэс ажыццяўляецца пад кантролем з боку іншых супрацоўнікаў арганізацыі. У рамках праекта было закуплена абсталяванне і асвоены новыя віды працоўнай дзейнасці для маладых людзей.

Валожынская пярвічная арганізацыя БелАДДІіМІ праявіла ініцыятыву “Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці”. Разам з мясцовым ТЦСАН было вырашана пабудаваць цяпліцы і вырошчваць грыбы вешанкі. Людзі з інваліднасцю асвоілі адпаведную тэхналогію і паспяхова працуюць. Пухавіцкая пярвічная арганізацыя БелАДДІіМІ парадавала ініцыятывай “Экалогія для ўсіх”, у рамках якой падрыхтавала маладых людзей з інваліднасцю і валанцёраў з “SOS-Дзіцячай вёскі” ў якасці трэнераў. Яны правялі ў рэгіёне экалагічныя акцыі і квесты, трэнінгі па паасобным зборы адходаў. Мерапрыемствы наведалі навучэнцы сярэдніх школ Мар’інай Горкі, а таксама мясцовыя жыхары, у тым ліку сельскае насельніцтва.
Смаргонская пярвічная арганізацыя “Агеньчык надзеі” БелАДДІіМІ з ініцыятывай “Усе перашкоды пераадольныя” стварыла інклюзіўныя клубы па інтарэсах (тэатральную студыю, фотастудыю, спартыўна-турыстычныя секцыі) для дзяцей і моладзі з інваліднасцю і іх аднагодкаў. Наведвальнікі клубаў удзельнічаюць у гарадскіх і раённых мерапрыемствах. Так, у Доме культуры Смаргоні дзейнічае фотастудыя маладога чалавека з інваліднасцю Эдуарда Клуйшы. У яго ўжо з’явіліся свае вучні, фотаработы якіх дэманстраваліся на міжнародных выставах, даходзілі да фіналу ў спаборніцтвах. 
Пярвічныя арганізацыі БелАДДІіМІ прэзентавалі таксама ініцыятывы па стварэнні працоўных майстэрань, інклюзіўнай тэатральнай студыі, валанцёрскага і сямейнага клубаў, паслуг па сацыяльнай адаптацыі і навучанні навыкам самастойнага жыцця падлеткаў і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця.

Выконваем дзяржаўны сацыяльны заказ

У ходзе канферэнцыі працавалі секцыі: “Як зрабіць арганізацыю ўстойлівай: сацыяльнае прадпрымальніцтва” (што магчыма атрымаць, адкрыўшы сацыяльнае прадпрыемства, да якіх цяжкасцей і выклікаў трэба рыхтавацца); “Дзяржаўны сацыяльны заказ: паслугі для людзей з інваліднасцю” (як рэалізаваць дзяржаўны сацыяльны заказ у Беларусі і як пачаць работу, выкарыстоўваючы гэты механізм); “Інклюзія на практыцы: далучэнне мясцовых супольнасцей” (якія выгоды атрымлівае арганізацыя, калі далучае да сваіх ініцыятыў мясцовую супольнасць, якія цяжкасці могуць паўстаць пры гэтым і з чаго пачаць); “Як узмацніць арганізацыю: людзі, партнёры, рэсурсы” (што рабіць, калі ў арганізацыі крызіс, калі з яе сыходзяць людзі або яны пасіўныя, ці па іншай прычыне; як стварыць каманду і спланаваць будучыню арганізацыі); “Маладзёжнае лідарства ў БелАДДІіМІ”.

Падчас работы секцый былі прадстаўлены вынікі дзейнасці рабочых груп спецыялістаў БелАДДІіМІ па апрабацыі сацыяльных паслуг, неабходных у пэўным рэгіёне людзям з інваліднасцю. Своеасаблівым вынікам стала тое, што дзве сацыяльныя паслугі пачалі прадастаўляцца ў рамках выканання дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Адна з іх — працаўладкаванне пры суправаджэнні, мадэль якой упершыню апрабоўвалася ў ТЦСАН Маскоўскага раёна Мінска. Праектную дзейнасць па працаўладкаванні пры суправаджэнні БелАДДІіМІ рэалізуе з 2012 года. За 6 гадоў у арганізацыю па дапамогу звярнуліся каля 350 маладых людзей з інваліднасцю, у тым ліку з рэгіёнаў. Каля 60 чалавек працаўладкаваны на свадобным рынку працы або на прадпрыемствы, якія прымаюць людзей з асаблівасцямі развіцця.

Рэалізавана і яшчэ адна сацыяльная паслуга “Нянька на гадзіну”. Аўтарам ідэі стала старшыня Пухавіцкай пярвічнай арганізацыі БелАДДІіМІ Людміла Рычкова. Са снежня 2016 года яна пачала аказваць паслугі часовай нянькі дзвюм маладым сем’ям з нованароджанымі дзецьмі, у якіх і муж, і жонка маюць інваліднасць ІІ групы, звязаную з разумовымі або фізічнымі абмежаваннямі. Яна навучала бацькоў неабходным сацыяльна-бытавым навыкам, догляду і выхаванню нованароджанага, забеспячэнню патрэб малыша на розных узроставых этапах. Па дапамогу жанчына звярнулася ў Пухавіцкі раённы СПЦ, Цэнтр “Ранняе прадухіленне сіроцтва” “SOS-Дзіцячай вёскі”, ТЦСАН, Беларускі Чырвоны Крыж, СМІ.

“Па заканадаўстве людзі з інваліднасцю маюць права ўступаць у шлюб і выхоўваць дзяцей, — гаворыць Людміла. — А на практыцы ім пагражае пазбаўленне бацькоўскіх правоў толькі на падставе інваліднасці, звязанай з парушэннямі разумовага або фізічнага развіцця. Не заўсёды звяртаецца ўвага, што з адпаведнай падтрымкай яны маглі б стаць добрымі бацькамі. Практыка паказала, што, атрымліваючы індывідуальную падтрымку, маладыя бацькі набываюць пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах, адказна падыходзяць да выхавання дзіцяці, вучацца правільна вызначаць і задавальняць яго патрэбы. У выніку дзіця застаецца з бацькамі, у сем’ях паляпшаецца эмацыянальна-псіхалагічны мікраклімат. Агульнымі намаганнямі нам удалося зрабіць многае. А самае галоўнае, што паслуга нянькі для сем’яў, у якіх бацькі з інваліднасцю маюць нованароджанае дзіця, занесена ў рэестр паслуг Закона аб сацыяльным забеспячэнні. З сакавіка 2018 года паслуга аказваецца ў рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу”.

Нацыянальным планам дзеянняў па рэалізацыі ў Беларусі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017—2025 гады прадугледжаны меры па аказанні сацыяльных паслуг бацькам-інвалідам па доглядзе дзецей ва ўзросце да 3 гадоў. Унесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў “Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг”, у адпаведнасці з якімі паслугі нянькі будуць прадастаўлены таксама сем’ям, у якіх бацькі (адзін з бацькоў) з’яўляюцца інвалідамі I або II групы.

Надзея ЦЕРАХАВА.