На шляху да лічбавай школы

- 11:29Якасць адукацыі

У Мінску ў межах Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыя і кар’ера” прайшла VII адкрытая гарадская вочна-завочная навукова-практычная канферэнцыя “Дарожная карта лічбавай трансфармацыі адукацыі”. У ёй прынялі ўдзел больш за 150 прадстаўнікоў устаноў адукацыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Больш за 100 удзельнікаў выступілі падчас работы секцый па пытаннях выкарыстання новых лічбавых інструментаў у дзейнасці педагога, фарміравання сучаснага бяспечнага адукацыйнага асяроддзя, кіравання якасцю адукацыі ва ўмовах лічбавізацыі, падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў, арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій.

Па словах прарэктара па навукова-метадычнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Аксаны Талкачовай, канферэнцыя стала ўжо традыцыйнай для сістэмы адукацыі сталіцы. Яе мэта — развіццё патэнцыялу ўзаемадзеяння ІТ-спецыялістаў і прадстаўнікоў сістэмы адукацыі па пошуку аптымальных педагагічных і тэхналагічных рашэнняў у галіне лічбавай трансфармацыі адукацыі, абмен вопытам і вызначэнне прыярытэтных напрамкаў дзейнасці. 

Згодна з канцэпцыяй лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі нашай краіны на 2019—2025 гады, адбываецца ўдасканаленне гэтых працэсаў на аснове лічбавых тэхналогій для фарміравання інфармацыйнага грамадства і канкурэнтаздольнага чалавечага патэнцыялу. Пры гэтым лічбавізацыя адукацыйнай галіны ўключае мадэрнізацыю інфраструктуры, укараненне прарыўных тэхналогій у адукацыйны працэс, а таксама аптымізацыю і алічбоўку ўсіх працэсаў, якія праходзяць у сістэме адукацыі і рэалізоўваюцца на аснове прыняцця тэхнічных, праграмных, метадычных і нарматыўных рашэнняў з дапамогай праграмных сродкаў.

Пра асаблівасці лічбавізацыі сістэмы рэгіянальнай адукацыі расказала начальнік аддзела інфарматызацыі Цэнтра інфармацыйных тэхналогій МГІРА Алена Емяльянава. Яна падкрэсліла, што ў якасці асноўных вектараў выступаюць далейшае развіццё інфармацыйнай адукацыйнай прасторы Мінска, яе сеткавай інфраструктуры ў рэчышчы рэалізацыі канцэпту “Разумны горад” (матэрыяльна-тэхнічнай інфраструктуры, інфармацыйных рэсурсаў устаноў адукацыі рэгіёна), развіццё электронных адукацыйных паслуг і сэрвісаў у рабоце ўстаноў адукацыі сталіцы, а таксама ўдасканаленне ІТ-кампетэнтнасці педагогаў.

У цяперашні час адным са стратэгічных напрамкаў рэалізацыі лічбавізацыі сталіцы з’яўляецца фарміраванне адпаведнай лічбавай інфраструктуры ў сферы адукацыі. Усе ўдзель­нікі адукацыйнага працэсу маюць доступ да неабходных інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў. У цяперашні час у сістэме адукацыі горада эксплуатуюцца аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы: адкрытая платформа “Адукацыя” (https://asod.edu.by) і АІС “Менеджмент сістэмы адукацыі” (https://mso.by). Асноўная задача гэтых сістэм — аўтаматызацыя працэсу справаводства ў дзяржаўных органах кіравання адукацыяй і ўстановах адукацыі, якая вядзе да памяншэння папяровага дакументаабароту, атрымання якаснай і аператыўнай інфармацыі аб адукацыйным працэсе праз апрацоўку даных, атрымання як персаніфікаваных, так і статыстычных справаздач. Выкарыстанне гэтых сістэм дазваляе ажыццяўляць аператыўнае ўзаемадзеянне паміж органамі кіравання сістэмай адукацыі і ўстановамі адукацыі.

Як падкрэсліла дырэктар Цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый Таісія Кузьміна (гэтае рэспубліканскае прадпрыемства, дарэчы, з’яўляецца асноўным пастаўшчыком інфармацыйных тэхналогій сістэме сталічнай адукацыі), сярод пераваг АП “Адукацыя” —  яе адкрытасць (магчы­масць падключэння разнастайных сэрвісаў, распрацаваных на розных платформах праз АРІ), цэнтральнае сховішча даных (цэнтралізаваны збор інфармацыі і падтрымка актуальнасці, пры пераходзе ад аднаго пастаўшчыка паслугі да іншага няма неабходнасці ва ўводзе даных), бяспечнае захаванне даных (у атэставанай сістэме і на атэставанай хостынг-пляцоўцы, у адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны; узаемадзеянне адбываецца па абароненых каналах сувязі).

У сістэме адукацыі горада дзейнічае і сістэма кіравання інтэрнэт-сайтамі на платформах Web.Perspective  і “Вэб-майстэрня”, накіраваная на забеспячэнне і арганізацыю сумеснага працэсу стварэння, рэдагавання і кіравання кантэнтам сайтаў. Для фарміравання станоўчага іміджу ўстановы адукацыі праводзіцца работа па ўдасканаленні структуры, зместу, дызайну афіцыйнага сайта.

Папулярны сярод педагагічных работнікаў такі інфармацыйны рэсурс, як Мінскі гарадскі метадычны партал (http://mp.minsk.edu.by), на якім размешчаны матэрыялы эфектыўнага педагагічнага вопыту, метадычныя рэкамендацыі па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах, асветлена дзейнасць рэсурсных цэнтраў, якія функцыянуюць на базах устаноў адукацыі. Для навучэнцаў дзейнічае і пастаянна папаўняецца інфармацыйна-адукацыйны партал “Вучань.by”. У цяперашні час з мэтай інфармавання школьнікаў аб поўным спектры магчымасцей горада з улікам іх пазнавальных, культурных запытаў і патрэб пры ўдзеле арганізацый рознага віду ўласнасці, прадстаўнікоў ведамстваў (паліклінікі, МНС, пракуратуры, ДАІ) ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйнага адукацыйнага праекта “Стварэнне і ўкараненне інтэрнэт-партала “Вучань.by” ў адзі­ную інфармацыйную адукацыйную прастору Мінска”.

Працэс лічбавізацыі ва ўстановах адукацыі сталіцы стаў неабходнай умовай для забеспячэння высокай якасці, канкурэнтаздольнасці адукацыйных і эле­ктронных паслуг, развіцця інфраструктуры ва ўмовах лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства.

Як адзначалася, адным з асноўных трэндаў на сённяшні дзень з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне, якое спрыяе фарміраванню ІКТ-кампетэнтнасці сучаснага педагога, індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, яго настройцы пад запыты і магчымасці кожнага навучэнца за кошт прымянення адаптыўных тэхналогій да пабудовы індывідуальнай траекторыі навучання, стварэнню лічбавага кантэнту. Для павышэння якасці адукацыі ў сферы лічбавізацыі ў горадзе выкарыстоўваецца сістэма дыстанцыйнага навучання МГІРА (http://do.minsk.edu.by). У СДН структураваны анлайн-курсы, створаныя як непасрэдна метадычнай службай для арганізацыі павышэння кваліфікацыі, правядзення ІТ-конкурсаў, інтэрнэт-праектаў і інтэрнэт-квестаў, арганізацыі кваліфікацыйнага экзамену педагогаў, правядзення пасяджэнняў метадычных аб’яднанняў і каардынацыйнага савета па праблемах сеткавага метадычнага ўзаемадзеяння, так і педагагічнымі работнікамі для размяшчэння асноўных і дадатковых матэрыялаў да вучэбных ці іншых заняткаў для навучэнцаў.

Адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых з выкарыстаннем дыстанцыйнай формы навучання будуюцца на аснове кампетэнтнаснага падыходу і модульнага прынцыпу. Педагог вучыцца прымяняць новыя тэхналагічныя і лічбавыя інструменты, а таксама практычна неабмежаваныя інфармацыйныя рэсурсы. З мэтай удасканалення сістэмы дыстанцыйнага навучання МГІРА ажыццяўляецца рэалізацыя інавацыйнага адукацыйнага праекта “Гарадская сістэма дыстанцыйнага навучання як сродак інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу”.

Доступ сістэмы адукацыі да магчымасцей лічбавай эканомікі ў многім залежыць ад узроўню развіцця ІТ-інфраструктуры ў адпаведнасці з канцэпцыяй “Разумны горад”, якая прадугледжвае аб’яднанне існуючых гарадскіх інфраструктур у адзіную, грунтуючыся на тэхналогіях воблачных вылічэнняў. Такая сістэма дапаможа прымаць рашэнні, адказваць на экстранныя запыты ў рэжыме рэальнага часу і хутка і эфектыўна рэагаваць на любыя сітуацыі.

Ключавым вектарам лічбавізацыі адукацыі становіцца таксама далейшае развіццё электронных адукацыйных паслуг і сэрвісаў у практыцы работы ўстаноў адукацыі Мінска, якія забяспечаць павышэнне даступнасці адукацыі і якасці аказання адукацыйных паслуг, пабудову безбар’ернага адукацыйнага асяроддзя, аддаленае абслугоўванне спажыўцоў адукацыйных паслуг і апераджальнае задавальненне іх узрастаючых патрэб. У сувязі з гэтым у горадзе рэалізоўваюцца рэгіянальны пілотны праект “Электронная школа”, эксперыментальны праект “Электронны ІРА”, распрацаваны з мэтай падрыхтоўкі нарматыўнага забеспячэння для арганізацыі электроннага дакументаабароту ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых.

У межах рэалізацыі канцэпту “Разумная школа” асноўнымі інструментамі лічбавай трансфармацыі “электроннай школы” будуць выступаць: лічбавая інфраструктура ўстаноў адукацыі, лічбавыя інструменты арганізацыі дзейнасці, лічбавыя вучэбныя матэрыялы, лічбавыя сродкі фіксацыі паспяховасці навучэнца. На думку Алены Емяльянавай, для рэалізацыі пастаўленых задач неабходны комплексныя рашэнні па аснашчэнні ўстаноў адукацыі спецыялізаваным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем, каб у канчатковым выніку можна было весці гаворку аб фарміраванні цэласнай адукацыйнай лічбавай экасістэмы ўстановы адукацыі. Пры гэтым у працэсе пераходу да “электроннай школы” асноўная частка электронных адукацыйных рэсурсаў і паслуг будзе размешчана ў адукацыйным воблаку, для доступу да якога неабходны надзейныя ўстойлівыя каналы з добрай прапускной здольнасцю.

Доля лічбавага адукацыйнага асяроддзя будзе толькі расці, адкрываючы ўсё больш магчымасцей прафесійнай мабільнасці як для ўчарашніх школьнікаў, так і для іх бацькоў. Укараненне лічбавых адукацыйных платформ — гэта не толькі аптымізацыя вучэбнага працэсу, гэта вялізная экасістэма, якая прадугледжвае вялікі пласт работ па асваенні гэтых лічбавых платформ. І калі дзеці ўжо нараджаюцца з гаджэтамі ў руках, то іх бацькам і настаўнікам даводзіцца прыкладаць значныя намаганнні для асваення электронных сэрвісаў. Па меркаванні старшага выкладчыка кафедры кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Мікалая Гарбачова, неабходна стымуляваць прыток талентаў у сферу адукацыі, павышаць долю чалавечых рэсурсаў катэгорыі “веды” ў сістэме “ўменне — правілы — веды” (гэта адзін з ключавых паказчыкаў канкурэнтаздольнасці краін).

У параўнанні з дарослымі дзеці, падлеткі, моладзь спасцігаюць тэхналагічныя навінкі на ляту і без асаблівага напружання. Дарослыя з-за занятасці не заўсёды за імі паспяваюць.Таму дзеці часцей за дарослых глыбей пагружаюцца ў лічбавы свет і валодаюць разнастайнымі навыкамі ў анлайн-прасторы. Вырастае новае лічбавае пакаленне, якое нязмушана адчувае сябе ў глабальнай сетцы. Наколькі школа і бацькі гатовы да перамен, якія адбываюцца з дзецьмі? Аб фарміраванні лічбавай дасведчанасці ва ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу гаварылі намеснік дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк” Мінска Галіна Ветрава і настаўнік сярэдняй школы № 94 сталіцы Юрый Кісялёў. Яны прэзентавалі новыя адукацыйныя праекты, накіраваныя на выхаванне ў падрастаючага пакалення інфармацыйнай культуры, рэалізацыю сваіх здольнасцей і талентаў: сацыяльны праект “Інавацыйны адукацыйны startup сацыяльна актыўнай моладзі “SAM” як альтэрнатыва спажывецкаму бадзяжніцтву ў падлеткавым асяроддзі”, які прадугледжвае стварэнне творчых лабараторый, вынікам дзейнасці якіх стане распрацоўка новага мабільнага дадатку па арганізацыі вольнага часу падлеткаў, і вэб-дадатак “Так, я магу!”, з дапамогай якога любы падлетак зможа знайсці сабе сяброў па спартыўных інтарэсах. 

Сістэма адукацыі, асноўнай задачай якой з’яўляецца падрыхтоўка будучага грамадзяніна да жыцця ў новым лічбавым грамадстве  — “Разумным горадзе”, не можа спыняцца ў развіцці. Ужо існуючыя матэрыяльна-тэхнічная база, кадравы патэнцыял, праграмнае забеспячэнне, рэалізаваныя праекты ў галіне інфарматызацыі адукацыі становяцца кропкай адліку для развіцця лічбавай школы (“Разумнай школы”) новага ўзроўню, якая, па сутнасці, павінна стаць прататыпам “Разумнага горада”

Эфектыўнае выкары­станне лічбавых інструментаў і рэсурсаў напрамую залежыць ад гатоўнасці спецыялістаў працаваць ва ўмовах лічбавізацыі. Пра­грамы павышэння кваліфікацыі МГІРА з’яўляюцца практыка-арыентаванымі і ўключаюць трэнды лічбавізацыі ў адпаведнасці з інавацыйнымі напрамкамі і тэндэнцыямі развіцця сістэмы адукацыі. Важным момантам з’яўляецца тое, што змястоўны кампанент навучання запатрабаваны сярод педагагічных работнікаў, выклікае ў іх непадробную цікавасць, пра што сведчаць станоўчыя водгукі і вынікі анкетавання ў межах выніковай атэстацыі. Пры гэтым адбываецца пастаянная мадэрнізацыя тэматык з улікам патрэб заказчыкаў адукацыйных паслуг. Так, напрыклад, раней рэалізаваная тэматыка “Выкарыстанне тэставых асяроддзяў у адукацыйным працэсе” пашырана да “Выкарыстанне інтэрактыўных дадаткаў і тэставых асяроддзяў у адукацыйным працэсе”, “Укараненне электронных паслуг у практыку работы ўстаноў адукацыі” — да “Укараненне электронных паслуг і сэрвісаў у практыку работы ўстаноў адукацыі” і інш.

Толькі ў 2019 годзе супрацоўнікі МГІРА, у адпаведнасці з пажаданнямі педагогаў, распрацавалі 5 новых адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі па наступных тэматыках: у вочнай форме — “Інтэграцыя новых інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс”, “Выкарыстанне анлайн-інструментарыю ў адукацыйным працэсе”, “Распрацоўка электроннага адукацыйнага рэсурсу сродкамі новых інфармацыйных тэхналогій”; у завочнай (дыстанцыйнай) форме  — “Стварэнне электроннага курса з дапамогай сістэмы дыстанцыйнага навучання”, “Стварэнне віртуальнага адукацыйнага асяроддзя сродкамі вэб-інструментаў”.

У цяперашні час важным з’яўляецца развіццё сеткавага ўзаемадзеяння, стварэнне ўмоў для сістэмнага павышэння якасці, пашырэння магчымасцей бесперапыннай адукацыі. Такая тэндэнцыя рэалізавана шляхам дзейнасці ў сталіцы сеткі рэсурсных цэнтраў, створанай лічбавай адукацыйнай прасторы, даступнасці анлайн-курсаў, інфармацыйных рэсурсаў, тэматычных сайтаў педагогаў і накіравана на магчымасць арганізацыі кластарнага падыходу ў навучанні. Статус рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій маюць 11 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада. Пачынаючы з 2011 года метадычная работа ў галіне інфарматызацыі адукацыі ажыццяўляецца таксама праз сістэму метадычных аб’яднанняў па інфарматызацыі. Стварэнне рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій, метадычных аб’яднанняў  накіравана на канкрэтызацыю на ўзроўні ўстановы адукацыі задач па лічбавізацыі адукацыйнага працэсу, развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў на базе ІТ-лабараторый.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.